wd wp Пошук:

Ленапэ

Ленапэ (саманазва: Lenni-Lenape), болей вядомыя як дэлавары (англ.: Delawares) — алганкінскі народ, карэнныя насельнікі ЗША. У нашы дні жывуць пераважна ў штатах Аклахома і Вісконсін. Агульная колькасць (2010 г.) — 18 264 чал.[1]

Назва

Саманазва ленапэ Lenni-Lenape значыць “сапраўдны чалавек”[2]. Назва дэлавары была дадзена ленапэ англійскімі пасяленцамі ў XVII ст., паколькі яны жылі ўздоўж ракі Дэлавер. У сваю чаргу, назва ракі была дадзена ў гонар сэра Томаса Уэста (лорда дэ ла Вэр)[3], губернатара Джэймстаўна.

Гісторыя

Землі і мовы ленапэ ў XVII ст.

У XVII ст., калі ленапэ ўсталявалі адносіны з еўрапейцамі, яны ўяўлялі сабою канфедэрацыю, якая кантралявала прыбярэжныя тэрыторыі ад сучаснага Нью-Ёрка да Вірджыніі і ішлі ўглыб кантынента, ахоплівалі значную частку Пенсільваніі. Канфедэрацыя складалася з 3 галін. На поўначы жылі мунсі (“людзі каменнай краіны”), на поўдні — унамі (“людзі ніжняй ракі”), далей на поўдзень уналактгія (“людзі каля акіяна”)[4]. Згодна паданням ленапэ, яны з’явіліся на гэтых землях адносна нядаўна, паколькі раней займалі тэрыторыі на захад, пакуль не былі выгнаны адтуль іракезамі.

Першымі еўрапейцамі, што сутыкнуліся з ленапэ, былі чальцы экспедыцыіі Джавані да Верацана ў 1524 г. У 1609 г. да іх прыбыў Генры Гудзон, які распачаў гандаль. Перш за ўсё, еўрапейскія гандляры цікавіліся футрам. Ленапэ атрымоўвалі ад іх зброю, жалеза, тканіны і іншыя тавары. Галоўным цэнтрам гандлю стаў востраў Манхэтэн, куплены Г. Гудзонам ўсяго за 60 гульдэнаў[5]. Нягледзячы на відавочныя прыбыткі, гандаль з еўрапейцамі меў для ленапэ і адваротныя бакі. Ён разбураў традыцыйнае грамадства. Акрамя таго, еўрапейцы завезлі хваробы, да якіх імунітэт тубыльцаў не быў прыстасаваны. Менавіта ў выніку эпідэмій да 1750 г. колькасць ленапэ скарацілася на 90%[6].

З прыбыццём еўрапейскіх каланістаў многія ленапэ мігрыравалі ўглыб кантынента. У 1683 г. яны продалі значныя тэрыторыі брытанскаму прадпрымальніку В. Пэну. Той заплаціў 1200 фунтаў, што лічылася значнай сумай. Дагавор паміж В. Пэнам і ленапэ лічыўся прыкладам сумленных адносін да індзейцаў. Але пасля смерці В. Пэна яго сваякі заключылі ў 1718 г. яшчэ адзін дагавор аб продажы 4860 км², пасля чаго пачалі прымусовае высяленне тубыльцаў. Ленапэ звярнуліся за падтрымкай да іракезаў, але не атрымалі яе і былі вымушаны падпарадкавацца. У 2004 - 2006 гг. Вярхоўны суд ЗША прызнаў дагавор 1718 г. махлярствам, аднак адмовіўся абвяшчасць яго несапраўдным[7]. Да сярэдзіны XVIII ст. большасць ленапэ ужо жылі ў Агаё.

Падчас Сямігадовай вайны многія ленапэ прынялі бок Францыі, а потым падтрымалі паўстанне Пантыяка. У 1778 г. ленапэ сталі першым індзейскім народам, што заключыў дагавор з урадам ЗША. Дагаворы заключаліся таксама ў 1818 г. і 1829 г. Яны прымушалі ленапэ перасяляцца на захад ад Місісіпі. За свае землі індзейцы атрымалі кампенсацыю ў памеры 4000 долараў. У 1835 - 1836 гг. ленапэ-перасяленцы ўдзельнічалі ў Тэхаскай рэвалюцыі.

У наш час 2 аўтаномныя групы дэлавараў насяляюць Аклахому, 1 аўтаномная група мунсі — Вісконсін. Усе яны прызнаюцца ўрадам ЗША.

Культура

Кераміка мунсі, знойдзеная ў Нью-Джэрсі ў 1911 г.

Традыцыйная гаспадарка ленапэ мела комплексны характар[8]. Жанчыны займаліся збіральніцтвам у лесе, а таксама ручным земляробствам, вырошчвалі такія культуры, як кукуруза, сланечнік, тытунь, бабовыя, гарбузы і інш. Мужчыны ў залежнасці ад сезона — рыбалоўствам і паляваннем. Рыбу з вясны лавілі сеткамі або білі гарпунамі і дзідамі, ладзілі на рэках дамбы і пасткі. На марскім узбярэжжы збіралі малюскаў і крабаў. Палявалі на аленяў, мядзведзяў, індыкоў і іншую дзікую жывёлу. Акрамя мяса і скур паляванне давала косць, што выкарыстоўвалася для навершаў, і сухажылле, якім сшывалі скуры. Па рэлігійным прычынам не забівалі зайцоў, катоў, некаторыя віды змей. Палявалі з дапамогай лука. Параненую жывёлу дабівалі булавой.

Ленапэ будавалі вёскі пераважна на прытоках буйных рэк. Цэнтр вёскі займаў так званы доўгі дом, што мог умяшчаць некалькі дзесяткаў чалавек. Вакол яго месціліся малыя сямейныя хаціны. Апошнія нагадвалі буданы і вігвамы. Іх пакрывалі кукурузнай саломай, карою, скуранымі матамі. Дэлаварскія вёскі ніколі не ўмацоўваліся. Згодна успамінам еўрапейцаў, ленапэ праводзілі большасць часу па-за хацінай. Улетку вяскоўцы падзяляліся на малыя групы і разыходзіліся для здабычы па лясах.

Вопратку рабілі са скур жывёл, пер’я, раслінных валокнаў. Улетку мужчыны апраналі пояс, насцегнавую повязь і макасіны. Узімку — прыталеныя скураныя нагавіцы і плашчы, шчэпленыя на плячы. Жаночая вопратка ўключала доўгую скураную спадніцу, нагавіцы, накідку на грудзі з футра або пер’я. Мужчыны і жанчыны любілі ўпрыгожванні з камянёў, ракавін малюскаў, пер’я, звярыных зубоў і кіпцюроў, размалёўвалі твар і іншыя часткі цела, рабілі татуіроўку. Ленапэ былі вядомы дзівоснымі прычоскамі. Яны збіралі валасы на верхавіне галавы ў доўгі хвост, які мазалі тлушчам, астатнія валасы вырывалі.

Асновай грамадства з’яўлялася малая нуклеарная сям’я. Абавязкамі жанчыны ў сям’і былі сельская гаспадарка, збіральніцтва, апрацоўка скур, перанос грузаў, прыгатаванне ежы і выраб керамікі. Паколькі большасць маёмасці належыла жанчыне, і яна апрацоўвала зямлю, то спадчына звычайна перадавалася ад маці да дачок. Адлік сваяцтва таксама вёўся па жаночай лініі. Мужчыны разглядаліся як ахоўвальнікі сям’і і рода, паляўнічыя і рыбаловы. Сем’і аб’ядноўваліся ў роды, якіх налічвалася болей за 30[9], аднак дробныя роды далучаліся да буйных, так что дамінавалі толькі 3 роды Індыка, Чарапахі і Ваўка.

Хаця запісы фальклору пачаліся яшчэ ў 1650 г.[10], народныя творы да кантактаў з еўрапейцамі захаваліся вельмі фрагментавана — міфы аб стварэнні свету і паходжанні пэўных родаў і геаграфічных аб’ектаў, казкі пра прыгоды трыкстэраў, звяроў, расліны. Ужо пасля прыходу еўрапейцаў узніклі кплівыя казкі пра прыгоды дурняў, Труса і Ліса і г. д. У мінулым былі папулярны дзіцячыя спаборніцтвы, у тым ліку бег с эстафетай, а таксама гульня ў мяч. Народныя музычныя інструменты: барабаны, бразготкі, касцяныя і драўляныя жалейкі[11].

Мова

У мінулым ленапэ размаўлялі на алганкінскіх дыялектах. Да сярэдзіны XIX ст. многія страцілі родную мову. Мова паўднёвай групы нантыкок фактычна вымерла. Аднак у другой палове XX ст. пачалося паступовае адраджэнне мовы ўнамі. Мунсі Вісконсіна размаўляюць на асобнай мове.

У XIX ст. Канстанцін Рафінескэ прадставіў некалькі ўзораў быццам бы старажытнага дэлаварскага піктаграфічнага пісьма Walam Olum (літаральна “чырвоныя запісы”)[12], аднак пазней было выяўлена, што яны з’яўляюцца падробкай. У нашы дні карыстаюцца лацінкай[13][14].

Рэлігія

Ленапэ верылі ў існаванне шматлікіх духаў. Галоўную ролю ў іх вераваннях адыгрываў бясформавы Вялікі Дух Ketanëtuwit, якога называлі творцам. Яму супрацьстаяў дух смерці manëtu[15]. Лічылася, што хваробы і смерць выкліканы злымі духамі. Памінанне памерлых працягвалася год пасля смерці. Ва ўяўленнях вернікаў душы паляўнічых павінны былі трапіць на захад, дзе меліся багатыя ўгоддзі[16]. Многія цырымоніі былі звязаны з паляваннем.

У XVIII ст. сярод ленапэ, асабліва мунсі, вялі актыўную дзейнасць пратэстанцкія місіянеры. Большасць сучасных вернікаў — хрысціяне. Некаторыя прытрымліваюцца пеётызму.

Зноскі

  1. The American Indian and Alaska Native Population: 2010
  2. Lenape - Online Etymology Dictionary
  3. Origin of “Delaware”
  4. Introduction to the Lenni Lenape, or Delaware Indians
  5. History of Manhattan Borough, New York
  6. Welcome to Lenape Lifeways Page 4 Архівавана 14 лістапада 2016.
  7. Reply of petitioner The Delaware Nation
  8. Anne Dalton, The Lenape of Pennsylvania, New Jersey, New York, Delaware, Wisconsin, Oklahoma, and Ontario
  9. Family, Women, and Children and Gender Roles in the Lenape Tribe
  10. John Bierhorst, Mythology of the Lenape: Guide and Texts, p. 5
  11. Welcome to Lenape Lifeways Page 2 Архівавана 24 кастрычніка 2016.
  12. Walam Olum Hokum
  13. Delaware (Lenape/Unami) Архівавана 5 лістапада 2010.
  14. Native Languages of the Americas: Munsee Delaware (Minsi, Muncey, Minisink)
  15. Important Lenape Mythological Figures
  16. Delaware - Religion and Expressive Culture

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Народы ЗША
Катэгорыя·Алганкіны