wd wp Пошук:

Пеётызм

Эмблема Царквы карэнных амерыканцаў

Пеётызм (англ.: Peyotism) — рэлігія на аснове хрысціянскіх і традыцыйных вераванняў паўночнаамерыканскіх індзейцаў. Назва паходзіць ад наймення кактуса пеётль (Lophophora williamsii), з якога вырабляюць галюцынаген.

Гісторыя

Пеётызм узнік на аснове хіліялістычных рухаў, якія ахапілі абшчыны паўночнаамерыканскіх індзейцаў у апошняй трэці XIX ст. Меркавана, што найбольшы ўплыў на фарміраванне новай рэлігіі аказаў рух Скокі Духаў, які першапачаткова ўзнік у Невадзе каля 1870 г., а потым адрадзіўся ў Аклахоме ў 1888 - 1889 гг.[1] Частка прыхільнікаў гэтага руху ўжывала падчас рэлігійных цырымоній сушоны кактус пеётль (Lophophora williamsii), што параўноўвалася з хрысціянскай святой камуніяй. Пеётль утрымоўвае мескалін, які выклікае галюцынацыі. Практыка выкарыстання пётля мексіканскімі індзейцамі ў рэлігійных мэтах вядома з 1560 г.[2]. Але на тэрыторыі ЗША арэал вырастання гэтай расліны абмежаваны Тэхасам, і да канца XIX ст. выпадкі яе актыўнага ўжывання былі не вядомы.

Першапачаткова прыхільнікі пеётызму дзейнічалі ў межах традыцыйных рэлігійных культаў або як чальцы хрысціянскіх кангрэгацый. 10 кастрычніка 1918 г. міжплемянная група пеётыстаў зарэгістравала Царкву карэнных амерыканцаў Аклахомы[3]. У міжваенны перыяд патаемныя і адкрытыя сустрэчы пеётыстаў адбываліся і на тэрыторыі іншых штатаў ЗША. Гэтаму садзейнічала актыўная місіянерская дзейнасць прадстаўнікоў плямён каманчы, ліпан, каёва, сіў і інш. Паколькі федэральныя ўлады разглядалі пеётль як наркотык, прадпрымаліся меры для забароны як яго ўжывання, так і саміх рэлігійных цырымоній. Так, у 1932 г. у Невадзе быў арыштаваны і прысуджаны да турэмнага пакарання місіянер Сэм Самотны Мядзведзь[4].

Да 1960 г. прыхільнікі пеётызму здолелі зарэгістраваць цэрквы карэнных амерыканцаў у 11 штатах. У міжваенны перыяд групы вернікаў таксама ўзніклі на поўначы Мексікі. У 1960-ыя гг. пеётызм распаўсюдзіўся ў Канадзе, першапачаткова сярод сіў[5]. На баку пеётыстаў выступалі амерыканскія антраполагі. У 1994 - 1996 гг. іх сумесныя намаганні прывялі да прыняцця Сенатам і Кангрэсам ЗША паправак да Акта аб рэлігійнай свабодзе амерыканскіх індзейцаў[6]. Яны дазваляюць прадстаўнікам карэнных народаў ужыванне пеётля падчас рэлігійных цырымоній.

Арганізацыя

Аб’яднанне вернікаў адбываецца пераважна ў межах Царквы карэнных амерыканцаў (англ.: Native American Church). Яна не мае адзінства і ўяўляе сабою збор розных кангрэгацый і напрамкаў, у тым ліку групу Крыжовага Агню (англ.: Cross Fire), якая выкарыстоўвае падчас цырымоній Біблію і малітвы, і адасобленую ад яе групу Паловы Месяца (англ.: Half Moon), што вызнае блізкую да хрысціянскай маральнасць[7]. У Арызоне дзейнічае незалежная пеётысцкая Царква Бога (англ.: The Peyote Way Church of God)[8].

Веравучэнне

Для пеётызму характэрны сінкрэтызм — спалучэнне традыцый народных вераванняў індзейцаў з хрысціянствам. Пеётысты вераць у адзінага Вялікага Духа, стваральніка сусвету, які звязаны з чалаввецтвам праз іншых духаў, у тым ліку прадстаўнікоў прыроды. Ісус Хрыстос выступае або як заступнік і адзін з пасрэднікаў, або як рэінкарнацыя культурнага героя таго ці іншага племені. Ужыванне пеётлю падчас рэлігійных цырымоній тлумачыцца імкненнем да кантактаў з духамі, яднаннем чалавека з навакольным асяродзем[9].

Вернікі гуртуюцца вакол рэлігійнай абшчыны-ківа (ад назвы рэлігійнага збудавання ківа). Рытуалы часцяком арганізуюцца ў традыцыйным жытле, накшталт тыпі, у гонар традыцыйных індзейскіх, хрысціянскіх і цывільных грамадскіх святаў. Іх узначальвае рытуальны правадыр.

Знакамітыя асобы

Зноскі

  1. GHOST DANCE
  2. Omer C. Stewart, Peyotism in California
  3. NATIVE AMERICAN CHURCH The Encyclopedia of Oklahoma History]
  4. Omer C. Stewart, The History of Peyotism in Nevada
  5. James Mark Shields, Christ and the Cactus: A Study of Peyotism among the Canadian Sioux Архівавана 20 чэрвеня 2014.
  6. AMERICAN INDIAN RELIGIOUS FREEDOM ACT AMENDMENTS OF 1994
  7. Native American Church North American religion
  8. The Peyote Way Church of God
  9. WE ARE ALL CHILDREN OF THE CREATOR

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Рэлігія ў Канадзе
Катэгорыя·Рэлігія ў Мексіцы
Катэгорыя·Нацыянальныя і этнічныя рэлігіі
Катэгорыя·Рэлігія ў ЗША