wd wp Пошук:

Малюскі

Малюскі, або Мяккацелыя (Mollusca; ад лац.: Molluscus «мяккі») — тып цэламічных жывёл са спіральным драбненнем.

Традыцыйна адносяць да першаснаротых жывёл. У складзе тыпу Mollusca налічваюць больш за 150000 відаў. Малюскі асвоілі практычна ўсе асяроддзя пражывання: марскія і прэснаводнай вадаёмы, сушу. У асноўным гэта вольнажывучыя арганізмы, але таксама ў іх складзе ёсць некаторая колькасць паразітычных формаў.

Апісанне

Даўжыня ад 1,1 мм (смоўж гарацыя) да 2,5 м (трыдакна). Цела двухбакова-сіметрычнае, або асіметрычныя (бруханогія), у большасці відаў укрыта ракавінай — двухстворкавай, спіральнай, суцэльнай ці з 8 пласцінак (у некаторых відаў рэдукаваныя). Ракавіна мае рогавы, прызматычны і перламутравы слаі. Галава (у некаторых відаў выяўлена слаба або адсутнічае) мае вочы, шчупальцы і ротавую адтуліну. Тулава ўтварае складку (мантыю), якая выдзяляе рэчывы ракавіны. Паміж мантыяй і тулавам у мантыйнай поласці знаходзяцца шчэлепы, органы хімічнага адчування, раўнавагі і інш. Мускулісты выраст брушной сценкі ўтварае нагу — орган перамяшчэння.

Пашырэнне

Пашыраны ўсюды, жывуць у морах, саланаватых і прэсных водах, на сушы; на Беларусі больш за 60 відаў з класаў двухстворкавых і бруханогіх малюскаў, належаць да палеарктычнай фауны. Жывуць на дне вадаёмаў і на раслінах.

Асаблівасці біялогіі

Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, большасць лёгачных малюскаў — зялёнымі часткамі раслін; ёсць драпежнікі. У глотцы ёсць тарка, добра развіта печань. Двухстворкавыя малюскі — фільтратары. Орган выдзялення — нырка.

Крывяносная сістэма незамкнутая, ёсць сэрца, якое складаецца з камер. Дыханне жабернае або лёгачнае. Нервовая сістэма раскіданавузлавога тыпу, складаецца з 3—5 пар гангліяў, якія аб’яднаны паміж сабой нервовымі слупамі.

Пераважна раздзельнаполыя, ёсць таксама гермафрадытныя жывёлы. Развіццё прамое або з лічыначнай стадыяй і ператварэннем

Промысел

Ядомыя малюскі (вустрыцы, грабеньчыкі, васьміногі, кальмары, мідыі, ахаціны, смаўжы вінаградныя і інш.) — аб’екты промыслу і аквакультуры.

Са старажытнасці ракавіны малюскаў выкарыстоўваліся ў якасці грошай, у культавых рытуалах, як упрыгожанні, у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Гл. таксама

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Малюскі
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Жывёлы паводле алфавіта
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Вікіпедыя:Істотныя артыкулы
Тыпы жывёл
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара