Докшыцкі раён — адміністрацыйная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці. Докшыцкі раён быў утвораны 15 студзеня 1940 г. Мяжуе з Пастаўскім, Глыбоцкім, Ушацкім, Лепельскім раёнамі Віцебскай вобласці, Мядзельскім, Лагойскім і Барысаўскім раёнамі Мінскай вобласці.
Цэнтр раёна — горад Докшыцы, які размешчаны каля вытокаў Бярэзіны, за 195 кіламетраў ад Віцебска і за 132 кіламетры ад Мінска.
Большая частка тэрыторыі раёна размешчана ў межах Верхнебярэзінскай і Нарачана-Вілейскай нізін. На поўначы — адгор’і Свянцянскіх град, у цэнтры — Докшыцкае ўзвышша, на поўдні — адгор’і Плешчаніцкага ўзвышша. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Плоскія забалочаныя ўчасткі чаргуюцца з кароткімі градамі, камавымі ўзгоркамі, озамі. Найвышэйшы пункт Докшыцкага раёна знаходзіцца каля вёскі Лусцічы (264,4 метры над узроўнем мора).
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту паазерскага, сожскага, дняпроўскага і бярэзінскага зледзяненняў магутнасцю ад 80 да 160 м. Сярод карысных выкапняў у раёне знаходзяцца торф, пясчана-жвіровы матэрыял, легкаплаўкія гліны.
Докшыцкі раён размешчаны на водападзеле басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў. Тут бяруць свае пачаткі рэкі Вілія і Бярэзіна. Вілія і Сэрвач нясуць свае воды ў Нёман, а Бярэзіна (з прытокам Поня і інш.) — у Дняпро. У водную сетку раёна ўваходзіць шмат малых рэчак: Астраўлянка, Варлынка, Галядза, Гулянка, Дзяражына, Зуйка, Лонва, Прабойніца, Студзенка, Чарніца, Чорная.
На тэрыторыі раёна знаходзяцца азёры Сэрвач, Плаўна, Вольшыца, Медзазол, Межужол, Манец, Дамашкаўскае, Станіслаўскае, Чорнае, Маскавіца, Камайскае.
Пашыраны дзярновыя і дзярнова-карбанатныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя і тарфяна-балотныя глебы. Паводле механічнага складу сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя і тарфяныя глебы.
Тут знаходзіцца паўночная частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка плошчай каля 200 квадратных кіламетраў і тры гідралагічныя заказнікі рэспубліканскага значэння: Верхневілейскі, Галубіцкая пушча, Сэрвач, створаныя для захавання воднай экасістэмы. Галубіцкая пушча і Сэрвач з’яўляюцца заказнікамі міжнароднага значэння.
У 1996 годзе на тэрыторыі дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Бягомльскі лясгас» былі створаныя 7 заказнікаў мясцовага значэння. З іх 6 гідралагічных заказнікаў, якія створаны з мэтай захавання ў некранутай прыродзе месцаў росту журавін на балотных масівах:
Біялагічны заказнік «Зуйка» мясцовага значэння створаны ў 2016 годзе рашэннем Докшыцкага раённага выканаўчага камітэта № 60 з мэтай захавання ў некранутай прыродзе вялікай папуляцыі (каля 1 га) лунніка ажываючага, уключанага ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Заказнік знаходзіцца паміж вёскамі Балтрамееўцы і Калягі ў Параф’янаўскім лясніцтве. Плошча яго складае 23,96 га.
Докшыцкі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай вобласці БССР. Цэнтр — горад Докшыцы. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 14 сельсаветаў: Бярозаўскі, Валодзькаўскі, Гняздзілаўскі, Грабучоўскі, Докшыцкі, Крулеўшчынскі, Несцераўшчынскі, Параф’янаўскі, Порплішчанскі, Старасельскі, Таргунскі, Тумілавіцкі, Юркаўшчынскі, Янкоўскі. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Полацкай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — у складзе Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Гняздзілаўскі, Несцераўшчынскі, Таргунскі сельсаветы, Бярозаўскі сельсавет перайменаваны ў Крыпульскі, Старасельскі сельсавет — у Сітцаўскі, Юркаўшчынскі сельсавет — у Вознаўшчынскі. 24 студзеня 1958 года скасаваны Грабучоўскі і Порплішчанскі сельсаветы, 24 красавіка 1959 года — Валодзькаўскі і Вознаўшчынскі сельсаветы. З 20 студзеня 1960 года раён у складзе Віцебскай вобласці, адначасова да раёна далучаны гарадскі пасёлак Бягомль з падпарадкаванымі пассавету населенымі пунктамі, Асаўскі, Бярозкаўскі, Бярэзінскі, Вітуніцкі, Глінскі сельсаветы і вёскі Бедзіна, Слабада, Федаркі Домжарыцкага сельсавета скасаванага Бягомльскага раёна[4]. 20 мая 1960 года скасаваны Асаўскі і Глінскі сельсаветы, Вітуніцкі сельсавет перайменаваны ў Юхнаўскі. 29 снежня 1961 года ўтвораны Порплішчанскі сельсавет, скасаваны Янкоўскі сельсавет. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Глыбоцкага раёна.
6 студзеня 1965 года Докшыцкі раён утвораны зноў, уключаў горад Докшыцы, гарадскі пасёлак Бягомль і 10 сельсаветаў: Бярозкаўскі, Бярэзінскі, Докшыцкі, Крулеўшчынскі, Крыпульскі, Параф’янаўскі, Порплішчанскі, Сітцаўскі, Тумілавіцкі сельсаветы Глыбоцкага раёна і Валкалацкі сельсавет Пастаўскага раёна. 20 кастрычніка 1995 года Докшыцкі раён і горад Докшыцы аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 20 чэрвеня 2013 года Бягомльскі пассавет рэарганізаваны ў Бягомльскі сельсавет[5].
У раёне налічваецца 274 населеных пункты, у тым ліку горад Докшыцы і гарадскі пасёлак Бягомль. Гарадское насельніцтва (Докшыцы, Бягомль) складае 9,3 тыс. чал. (2010).
Колькасць насельніцтва раёна мае тэндэнцыю скарачацца:
Раён падзелены на 11 сельсаветаў: Бягомльскі, Бярозкаўскі, Бярэзінскі, Валкалацкі, Докшыцкі, Крулеўшчынскі, Крыпульскі, Параф’янаўскі, Порплішчанскі, Сітцаўскі і Тумілавіцкі.
Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгункі:
Асноўны артыкул: Адукацыя ў Докшыцкім раёне У сістэму адукацыі раёна ўваходзяць 37 устаноў рознага тыпу: сярэднія агульнаадукацыйныя школы — 8, базавыя — 2, сацыяльна-педагагічныя комплексы «школа-сад» — 3, дашкольныя ўстановы — 20, а таксама ўстановы спецыяльнай адукацыі і пазашкольнага навучання і выхавання: Бягомльская дапаможная школа-інтэрнат, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, раённы Цэнтр дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны цэнтр.
Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ў раёне ажыццяўляе ўстанова аховы здароўя «Докшыцкая раённая цэнтральная бальніца».