wd wp Пошук:

Ушачы

Уша́чы[2] (афіц. транс.: Ušačy), мясцовае: Вуша́ча — гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці Беларусі, цэнтр Ушацкага раёна, на р. Ушача. За 150 км на захад ад Віцебска і 36 км ад чыгуначнай станцыі Лепель. Вузел аўтамабільных дарог на Мінск, Віцебск, Полацк, Лепель, Глыбокае, Докшыцы. На заходняй ускраіне пасёлка возера Чаравечае. Насельніцтва 5 948 чал. (2017)[3].

У 2011 годзе ў склад пасёлка ўвайшлі вёскі Гарадок і Пралетарый[4].

Гісторыя

Вядомыя з 16 ст. Належылі полацкаму стольніку Ю. Кляноўскаму, з 1672 года — Д. Радзімінскаму-Францкевічу, Шчытам, затым Плятэрам. У 1716 годзе падваявода полацкі В. Жаба заснаваў касцёл і дамініканскі кляштар з шпіталем і школай. З 1772 года галоўны горад часткі Полацкага ваяводства, якая засталася за ВКЛ пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. У 1758 атрымалі магдэбургскае права.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) Ушачы сталі цэнтрам той часткі Полацкага ваяводства, што засталася ў Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. як заштатны горад, мястэчка, цэнтр Лепельскага павета Ушачы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.

3 1805 г. яны — цэнтр воласці ў Віцебскай губерні. У 1846 г. у мястэчку 95 жыхароў, 22 двары. Тут быў вадзяны млын, стаялі 2 карчмы. У 1880 г. дзейнічалі вінакурны завод, млын, былі 2 царквы, касцёл, 18 крам, 3 яўрэйскія малітоўныя школы, з 1890 года працавала царкоўнапрыходская школа. Паводле перапісу 1897 г., у мястэчку 1268 жыхароў, 170 двароў, былі гарбарны і паташны заводы, млын, лячэбніца, аптэка, 16 крам, 8 шынкоў, заезныя дамы.

У 1919 годзе Ушачы знаходзіліся ў складзе РСФСР, у 1924 годзе ўвайшлі ў БССР і сталі цэнтрам Ушацкага раёна Полацкай, у 1935—38 гг. Лепельскай акруг. У 1938 годзе Ушачам нададзены статус гарадскога пасёлка Віцебскай вобласці. У 1941 годзе ў пасёлку было 2,7 тыс. жыхароў, 600 двароў.

У Вялікую Айчынную вайну 7 ліпеня 1941 года Ушачы акупіравалі нацысцкія захопнікі. Яны загубілі тут 735 чалавек. Ва Ушачах і раёне дзейнічала патрыятычнае падполле. У канцы верасня 1942 года партызаны разграмілі мясцовы варожы гарнізон і вызвалілі Ушацкі і суседнія з ім раёны ад гітлераўскіх захопнікаў. Была створана Полацка-Лепельская партызанская зона. У снежні 1943 г. — красавіку 1944 г. ва Ушачах дыслацыраваліся штабы Полацка-Лепельскай аператыўнай групы ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху, партызанскай брыгады імя В.Чапаева. Тут размяшчалася падпольная друкарня, дзейнічалі партызанскі тэлефонны вузел, электрастанцыя, лесазавод. 30 красавіка 1944 г. Ушачы былі захоплены гітлераўцамі. Вызвалены войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту 29 чэрвеня 1944 г.

3 1944 года Ушачы былі ў складзе Полацкай, з 1954 года — Віцебскай абласцей. У 1962—66 гг. уваходзілі ў Лепельскі раён.

У 1969 г. быў распрацаваны праект забудовы цэнтральнай часткі гарадскога пасёлка. У 1977 г. створаны генеральны план Ушачаў. З 1924 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гарадскі пасёлак. У 1962—1966 у Лепельскім раёне.

Забудова

Гістарычная забудова на вуліцы Ленінскай

Цэнтр пасёлка захаваў гістарычную планіроўку. Рака Ушача падзяляе пасёлак на 2 часткі. Левы бераг забудаваны пераважна індывідуальнымі дамамі сядзібнага тыпу. На правым беразе знаходзіцца адміністрацыйна-грамадскі цэнтр і асноўная жылая забудова. У цэнтры, які захаваў гістарычную планіроўку, пастаўлены 2—5-павярховыя дамы.

Насельніцтва

Эканоміка

Прадпрыемствы лясной і дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасці. Вытворчая зона размешчана на паўднёвы ўсход ад пасёлка. Тут працуюць камунальнае унітарнае прадпрыемства «Ушацкі камбінат прамысловых тавараў», адкрытае акцыянернае таварыства «Ушацкі льнозавод», унітарнае вытворчае прадпрыемства «Ушацкі агароднінасушыльны завод» і інш.

Адукацыя і культура

Помнік Леніну і гандлёвы цэнтр
Ушацкі музей народнай славы імя Уладзіміра Елісеевіча Лабанка
Рэстаран

Ёсць сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, Цэнтр пазашкольнай работы з дзецьмі. Дзейнічаюць Дом культуры, 2 бібліятэкі, Дом рамёстваў, дзіцячая школа мастацтваў. Працуюць 9 калектываў аматарскай мастацкай творчасці, 2 народныя: клубы «Ветэран» і народных майстроў, 1 узорны — дзіцячы хор школы мастацтваў. Створаны Ушацкі музей народнай славы ім. В. Е. Лабанка.

Славутасці

Мемарыяльны комплекс «Прарыў»

Вядомыя асобы

Магіла Рыгора Барадуліна

Ва Ушачах пахаваны Народны паэт Беларусі Рыгор Іванавіч Барадулін (1935—2014).

Гл. таксама

Зноскі

  1. Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  3. 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. «Об изменении границ городского поселка Ушачи, Сорочинского и Ушачского сельсоветов Ушачского района». Решение Витебского областного Совета депутатов от 14 апреля 2011 г. № 104 Архівавана 20 верасня 2020. (руск.)
  5. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Населеныя пункты паводле алфавіта
Населеныя пункты Беларусі без сельсавета
Ушачы
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Шчыты (род)
Населеныя пункты Ушацкага раёна