wd wp Пошук:

Мядзел

Мя́дзел[2] (афіц. транс.: Miadziel) — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Мядзельскага раёна. Размешчаны паміж азёрамі Мястра і Баторына, за 160 км на паўночны захад ад Мінска, за 35 км ад чыгуначнай станцыі Княгінін на лініі МаладзечнаПолацк, на аўтадарозе Мінск—Нарач. Насельніцтва 6 949 чалавек (2017)[3].

Гісторыя

Возера Мястра

Археалагічныя даследаванні выявілі, што першапачаткова ў 10-11 ст. умацаванае драўлянае паселішча Мядзель знаходзілася на самым вялікім востраве возера Мядзел (цяпер — востраў Замак), дзе і сёння захаваліся рэшткі ўмацаванняў. Верагодна ў 11 ст. Мядзель быў пагранічным горадам Полацкай зямлі. Летапісныя назвы горада: Мядзнозол, Мядела, Мядзела, Мядзила, Мядюль, Медело, Меднол, Медюль, верагодна, паходзяць ад літоўскага слова medinis — лясны, драўляны. У кан. 14 — пач. 15 ст., з невядомых да канца прычын, паселішча было перанесена на паўночна-ўсходні бераг возера Мястра (10 км ад былога месцазнаходжання). Верагодна, прычынай гэтаму стаў мор — насельніцтва, што здолела выжыць у час эпідэміі, заснавала новае паселішча са старой назвай ужо на беразе воз. Мястра. У пісьмовых крыніцах Мядзель упершыню згадваецца ў 1324 у лацінамоўным лісце вялікага князя Гедзіміна рыжскаму архібіскупу, у якім ён скардзіцца на дзеянні братоў-рыцараў Тэўтонскага ордэна:

«Мы паведамляем Вам, … што мір… зараз без якой-небудзь віны нашай па-варожаму парушаны крыжакамі — братамі Тэўтонскага ордэна, якія ўчынілі вялікую шкоду землям, якімі мы валодалі. Таксама яны напэўна захапілі б наш замак Медзела, каб не быў ён так добра ўмацаваны, аднак мноства людзей яны забілі і многіх павялі з сабою.»

К сярэдзіне 15 ст. мястэчка Мядзель ужо падзялялася на Стары (паўночная частка) і Новы (паўднёвая частка) Мядзель. Стары Мядзел вядомы з 1457 года, а Новы Мядзел — з 1527 года. Стары Мядзель у розны час быў у валоданні шмат якіх магнатаў і памешчыкаў — Радзівілаў, Францкевічаў, Райскіх, Грабкоўскіх, Кошчыцаў, а Новы Мядзел заставаўся у ліку велікакняжацкіх (каралеўскіх) уладанняў.

У «Метрыцы Вялікага княства» захаваўся ліст старасты жамойцкага, падчашага гаспадарскага і дзяржаўцы васілішскага Яна Мікалаевіча Радзівіла пад назвай «Записан(ь)е прав подданых волости Жораньское на земли и повинности их» ад 16 мая 1542 г. У дадзеным лісце запісана:

«Тыми часы, будучы намъ у ее м(и)л(о)сти паней матъки нашое, у Мяделе, жаловали намъ подданые г(о)с(по)д(а)рьскии земли Жомоитское, волости н(а)шое Жоранъское…»

Жыхароў Новага Мядзела, велікакняжацкага (іншым разам «кароннага») мястэчка (часам званага і горадам), ужо ў сяр. 16 ст. называлі «мяшчанамі гаспадарскімі», т.б. велікакняжацкімі, дзяржаўнымі.

Захаваўся падатковы ліст ад 21 верасня 1561 г. пад назвай «До кухни короля его милости кури и гуси мають быти посланы з дворов ег(о) королевское милости на певъные часы», дзе запісана:

«В Маркове, в Мяделе и въ Куренъцы волокъ 510.

Гусей 510 о[т]тол не слати.

Куръ 1020 слати».

Неаднаразова жыхары Новага Мядзела атрымлівалі прывілеі ад валадароў Рэчы Паспалітай на правядзенне кірмашоў. Таксама мястэчка было надзелена разнастайнымі падатковымі льготамі. Новы Мядзель быў абведзены валам, на паўвостраве возера Мястра ў 16 ст. быў каменны велікакняжацкі («каралеўскі») Мядзельскі замак (захаваліся руіны). Па некаторых звестках, жыхары Новага Мядзела атрымалі ад Жыгімонта Старога па просьбе яго жонкі Боны Сфорца магдэбургскае права[4], але цяпер няма дакументальных пацвярджэнняў гэтаму. Новым Мядзелам, як дзяржаўным уладаннем, кіравалі старасты, спецыяльна прызначаныя вялікім князем. Сярод мядзельскіх старостаў з 1590 года быў і канцлер літоўскі Л. І. Сапега, які меў на Мядзельшчыне вялікія ўладанні.

Стары Мядзель у 1736 атрымаў статус мястэчка, а ў 1762 магдэбургскае права з правам на 4 кірмашы на год.

З 1793 пасля 2-га падзела Рэчы Паспалітай Стары і Новы Мядзел у складзе Расійскай імперыі, Мядзел — мястэчка ў складзе Вілейскага павета Мінскай губерні, з 1842 — Віленскай губерні.

1 чэрвеня 1920 года мястэчка Мядзел атакаваў 6 полк стральцоў Войска Польскага (6 Pułk Strzelców Podhalańskich).

З 1921 Мядзел у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, 15.1.1940 утвораны Мядзельскі раён. З 1959 гарадскі пасёлак, з 1998 — горад.

У горадзе тры аўтобусныя маршруты, лінія маршрутнага таксі.

Насельніцтва

Эканоміка

Горад інтэнсіўна развіваецца як цэнтр курортнай зоны вакол возера Нарач. Прадпрыемствы харчовай прамысловасці. 2 гасцініцы. Філіял дзіцячай турбазы.

Культура

У горадзе размешчаны Мядзельскі музей народнай славы.

У 2005 і 2008 гадах горад быў месцам правядзення фестывалю «Адна зямля»[11][12].

Адукацыя

Дзейнічаюць дзве сярэднія школы і гімназія, два дзіцячыя садкі. Дзіцячы інтэрнат.

Рэлігійнае жыццё

У 1930-я ў Старым і Новым Мядзелі было два касцёлы, царква, сінагога і мячэць. На сённяшні дзень захаваўся адзін касцёл (1754), касцёл св. Станіслава быў спалены ў 1942 годзе. У 2006 у Мядзелі пабудавана Троіцкая царква.

Славутасці

Вядомыя асобы

Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Мядзела‎

Гл. таксама

Зноскі

  1. Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  3. 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. А. Сапуноў ??
  5. Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 3. — Мінск, 2012. С. 484.
  6. 1 2 3 Князева В. Мядзел // ЭГБ. Т. 5. — Мінск, 1999. С. 245.
  7. Krzywicki J. Miadzioł // Słownik geograficzny… T. VI. — Warszawa, 1885. S. 283
  8. Беларусь, 1995
  9. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
  10. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  11. «Адна зямля» ў Мядзеле // «Рэгіянальная газета», 22 ліпеня 2005 г., № 29 (531)
  12. І навальніца нават не спыніла / /«Рэгіянальная газета», 18 ліпеня 2008 г., № 29 (687)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Населеныя пункты паводле алфавіта
Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Мядзел
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Населеныя пункты Мядзельскага раёна
Населеныя пункты Беларусі без сельсавета
Мястэчкі Віленскага ваяводства