wd wp Пошук:

Лынтупы

Лынту́пы[2] — гарадскі пасёлак у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, на р. Лынтупка, за 42 км ад г. Паставы, каля мяжы з Літвой. Тупіковая чыгуначная станцыя на лініі Крулеўшчына — Лынтупы, аўтамабільнымі дарогамі звязаны з Паставамі, г. п. Свір і горадам Швянчоніс, Літоўская Рэспубліка. Насельніцтва — 1 478 чалавек (2017)[3].

Этымалогія назвы

Тапонім «Лынтупы» ўтварыўся ад назвы рэчкі Лынтупкі, якая ў балтаў і фінаў перакладаецца літаральна як «птушыная рака». Паводле Іосіфа Быхаўца, такую назву паселішча магло атрымаць толькі ў часы знаходжання на тэрыторыі Беларусі балтаў (IVIX стст.)[4].

Гісторыя

Першы пісьмовы ўспамін пра Лынтупы датуецца 1385 годам[5]. У 1459 годзе А. Даўгірдавіч пабудаваў тут драўляны касцёл Св. Андрэя. Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Лынтупы ўвайшлі ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. У розныя часы мястэчка знаходзілася ва ўладанні Бучынскіх, Астроўскіх, Гільзенаў.

Паводле інвентара, станам на 1591 год у Лынтупах існавала плошча і 2 вуліцы — «Да млына» і «Да сяла Судоўскага», мелася 28 дымоў. Сядзіба ўладара маёнтку складалася з старога дома з 6 памяшканнямі і гаспадарчых пабудоваў.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Лынтупы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, з 9 верасня 1801 года ў Завілейскім павеце Віленскай губерні.

Падчас вызваленчага паўстання 5 мая 1831 года ў мястэчка ўвайшлі атрады паўстанцаў, адкуль яны накіраваліся ў Ашмянскі павет. У 1843 годзе Лынтупы зрабіліся цэнтрам воласці Свянцянскага павета. Цягам 1854—1939 гадоў мястэчка належала Бішэўскім.

Палац Бішэўскіх, 1917 г.

Станам на 1885 год у Лынтупах было 13 двароў, валасная ўправа, касцёл, яўрэйскі малітоўны дом, школа (адкрылася ў 1866 годзе), багадзельня, 3 крамы, карчма, праводзіліся кірмашы. У 1897 годзе праз мястэчка прайшла чыгунка, якая злучыла Полацк з Вільняй.

У канцы XIX стагоддзя маёнтак Лынтупы складаўся з мястэчка Лынтупы, вёсак Шудаўцы, Казнадзеюшкі, Пожлікі, Пешкаўцы і засценкаў Стукаўшчызна, Яўнелішкі, Жакі, Балдук, Сенькішкі, або Балдучок, Трабуцішкі, Ігнацішкі (усе яны належалі да Лынтупскай сельскай суполкі). Праз мястэчка праходзіла вузкакалейка Новасвянцяны — Глыбокае. У пачатку XX стагоддзя Бішэўскія збудавалі ў Лынтупах двухпавярховы мураваны палац (захаваўся), раней тут заклалі парк з рэдкімі пародамі дрэваў, выкапалі ўручную 3 ставы, якія злучаліся ручаямі. У 1904 годзе ў мястэчку пачаў працаваць вінакурны завод. У 1908 годзе на месцы ранейшага драўлянага збудавалі мураваны касцёл. У 1909 годзе ў Лынтупах адкрылася народнае вучылішча. У Першую сусветную вайну ў 1915 годзе праз мястэчка праходзіла лінія фронта.

Лынтупы, фат. І. Сербаў, 1916

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Лынтупы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіліся цэнтрам гміны Свянцянскага павета. Мясцовае вучылішча рэарганізавалі ў прагімназію. Станам на 1937 год у мястэчку было 194 двары.

У 1939 годзе Лынтупы ўвайшлі ў склад БССР, вёска ў Пастаўскім раёне. У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 года да 8 ліпеня 1944 года знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй.

22 жніўня 1967 года Лынтупы атрымалі статус гарадскога пасёлка[6]. 8 красавіка 2004 года Лынтупскі пассавет быў рэарганізаваны ў Лынтупскі сельсавет з цэнтрам у Лынтупах. 28 лютага 2011 года адбылося афіцыйнае зацвярджэнне герба і сцяга пасёлка[7].

Насельніцтва

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай прамысловасці. Метэастанцыя. Пункты мытнага афармлення Лынтупы-1 і Лынтупы-2.

Інфраструктура

У Лынтупах працуюць аптэка, бальніца, ветэрынарны ўчастак, 2 дзіцячыя сады, спіртзавод, дом быту, лясніцтва, міліцэйскае аддзяленне, 5 крам, лазня, метэастанцыя, АТС, філіял ашчаднага банка, філіял ПМК-21, пажарная каманда, пошта, нафтабаза, электрастанцыя, цэх дрэваапрацоўкі, сталоўка, хлебанарыхтоўчае прадпрыемства, сярэдняя школа, бібліятэка.

Транспарт

Праз пасёлак праходзяць аўтадарогі Р95 (Лынтупы — Смаргонь — Гальшаны) і Р110 (Глыбокае — мяжа Літвы). У наш час пасажырскае чыгуначнае паведамленне ў кірунку Літвы не ажыццяўляецца.

Клімат

На другім месцы па сярэднім узроўні ападкаў у краіне. Тут сярэдні паказчык аб’ёму ападкаў складае 738 мм.[13]

Памежная зона

Лынтупы знаходзяцца ў пагранічнай зоне Рэспублікі Беларусь, уезд у якую ажыццяўляецца на заснаванні апавяшчэння пагранічнікаў пра намер наведаць тое ці іншае месца ў памежнай зоне і выплаце дзяржаўнай пошліны[14].

Славутасці

Вежа ў старым парку

У Лынтупскай школе дзейнічае музей «Беларуская хатка» (адкрыўся ў 1992 годзе намаганнямі М. Нячаевай).

На паўночным захадзе ад Лынтупаў знаходзіцца курганны могільнік балтаў X—XI стст.

Зноскі

  1. Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  3. 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. Быхавец, І. Лынтупы // Роднае слова. — 1994. — № 11. — С. 74—77.
  5. Іосіф Зямчонак. Уладзімір Мальцаў. Лынтупы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 407.
  6. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Аб аднясенні вёскі Лынтупы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці да катэгорыі гарадскіх пасёлкаў ад 22 жніўня 1967 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1967, № 24 (1182).
  7. Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных единиц Витебской области. Указ Президента Республики Беларусь от 28.02.2011 г. № 86 (руск.)
  8. Łyntupy // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 851.
  9. Беларусь, 1995
  10. Лынтупы // к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
  11. Перепись населения — 2009. Витебская область (руск.)  Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  12. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  13. https://www.belnovosti.by/obshchestvo/samye-dozhdlivye-goroda-belarusi
  14. http://gpk.gov.by/press_center/news/serv/1659/(недаступная+спасылка) Сайт ДПК

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Мястэчкі Віленскага ваяводства
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Лынтупы
Катэгорыя·Лынтупскі сельсавет
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Артыкулы з праблемамі ў параметрах шаблонаў
Катэгорыя·Населеныя пункты Пастаўскага раёна
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі