wd wp Пошук:

Смалявіцкі раён

Смаляві́цкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Мінскай вобласці Беларусі. Цэнтр — горад Смалявічы.

Геаграфічнае становішча

Працягласць з поўначы на поўдзень — 43 км, з захада на ўсход — 42 км. Мяжуе з Мінскім, Лагойскім, Барысаўскім і Чэрвеньскім раёнамі Мінскай вобласці. Падзелены на 9 сельсаветаў.

Прырода

Значная частка раёна размешчана ў межах Мінскага ўзвышша, на паўднёвым усходзе — Цэнтральнабярэзінская раўніна. Пераважаюць вышыні 170—200 м, максімальная 266 м (каля вёскі Карпілаўка).

Галоўныя рэкі — Гайна з прытокам Усяжа; Пліса, Вуша, ВолмаГлебкаўкай). Азёры Судабле, Вялікае, Малое. Створаны Пятровіцкае, Смалявіцкае, Жодзінскае, Дубраўскае вадасховішчы.

На тэрыторыі Смалявіцкага раёна выяўлены 7 радовішчаў торфу, 4 — пяскова-жвіровага матэрыялу, 3 — будаўнічых пяскоў. Залягае шмат сыравіны для вытворчасці цэглы.

Возера Судобле мае найвялікшую з беларускіх азёр магутнасць адкладаў сапрапелю (доннага глею) — 30 метраў.

Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,9 °C, ліпеня 17,9 °C. Ападкаў 685 мм. Вегетацыйны перыяд — 186 дзён.

Лясы (33 % тэрыторыі раёна) пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя. Біялагічныя заказнікі дзяржаўнага значэння — Пекалінскі і Валмянскі.

Гісторыя

Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Менскай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Смалявічы. 20 жніўня 1924 года падзелены на 11 сельсаветаў: Верхменскі, Воратаўскі, Емяльянаўскі, Жажэлкаўскі, Жодзінскі, Забалоцкі, Кленнікоўскі (Клініцкі), Пліскі (Вялікапліскі), Слабадскі, Смалявіцкі, Юр’еўскі. 24 верасня 1926 года Смалявіцкі сельсавет скасаваны. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 18 студзеня 1931 года да раёна далучаны Прылепскі сельсавет скасаванага Астрашыцка-Гарадоцкага раёна; 8 ліпеня 1931 года — Драчкаўскі і Пятровіцкі сельсаветы скасаванага Смілавіцкага раёна. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Мінскай вобласці. 27 верасня 1938 года Смалявічы атрымалі статус гарадскога пасёлка. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Жажэлкаўскі сельсавет. 12 лістапада 1957 года скасаваны Воратаўскі сельсавет, Кленнікоўскі сельсавет перайменаваны ў Курганскі. 21 студзеня 1958 года ўтвораны рабочы пасёлак Зялёны Бор, вёска Жодзіна атрымала статус гарадскога пасёлка. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, гарадскі пасёлак Жодзіна, рабочы пасёлак Зялёны Бор, Жодзінскі сельсавет перададзены Барысаўскаму раёну, Прылепскі і Юр’еўскі сельсаветы — Лагойскаму раёну, гарадскі пасёлак Смалявічы, Верхменскі, Драчкаўскі, Емяльянаўскі, Забалоцкі, Курганскі, Пліскі, Пятровіцкі і Слабадскі сельсаветы — Мінскаму раёну.

6 студзеня 1965 года Смалявіцкі раён утвораны зноў, уключаў гарадскі пасёлак Смалявічы, Азярыцка-Слабадскі, Верхменскі, Драчкаўскі, Емяльянаўскі, Забалоцкі, Курганскі, Пліскі, Пятровіцкі сельсаветы Мінскага раёна, Прылепскі і Юр’еўскі сельсаветы Лагойскага раёна, горад Жодзіна, рабочы пасёлак Зялёны Бор, Жодзінскі сельсавет Барысаўскага раёна. 7 сакавіка 1968 года Смалявічы атрымалі статус горада. 10 лютага 1977 года Верхменскі сельсавет перайменаваны ў Пекалінскі, Емяльянаўскі сельсавет — ва Усяжскі. 20 кастрычніка 1995 года горад Смалявічы і Смалявіцкі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 30 кастрычніка 2009 года Зеленаборскі пассавет рэарганізаваны ў Зеленаборскі сельсавет, скасаваны Юр’еўскі сельсавет[6]. 16 снежня 2009 года скасаваны Прылепскі і Пятровіцкі сельсаветы[7].

Насельніцтва

На тэрыторыі раёна знаходзіцца каля 190 населеных пунктаў.

Колькасць насельніцтва:[8]

2000 — 46 тыс. 2001 — 45,5 тыс. 2008 — 43,2 тыс. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

Раён падзелены на 9 сельсаветаў.

Гаспадарчая дзейнасць

Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі і агародніцтве. Развіта свінагадоўля і авечкагадоўля. Вырошчваюцца зерневыя і кармавыя культуры, а таксама бульба.

Прадпрыемствы машынабудаўнічай, металаапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў, паліўнай, харчовай прамысловасці. У Жодзіна працуе РУПП «Беларускі аўтамабільны завод».

Дзейнічае Смалявіцкая ГРЭС. Каля вёскі Емяльянава знаходзіцца станцыя спадарожнікавай сувязі «Тэлепорт».

Транспарт

Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгунка і аўтамабільная дарога Мінск — Масква, аўтадарогі на Чэрвень, Лагойск, Мар’іну Горку, Рудзенск.

На поўдні раёна размясціўся Нацыянальны аэрапорт «Мінск».

Культура, адукацыя, друк

Мясцовая прэса прадстаўлена газетай «Край смалявiцкi». Наклад — каля 5 тыс. асобнікаў (2009), гл. Край Смалявіцкі.

Славутасці

Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Смалявіцкага раёна

Захаваліся помнікі архітэктуры і садова-паркавага мастацтва:

Выбітныя асобы

Зноскі

  1. http://www.smolevichi.minsk-region.by/ru/rukovodstvo/rajonnyj-ispolnitelnyj-komitet/predsedatel.html
  2. https://www.mlyn.by/2020/03/u-minskogo-i-smolevichskogo-rajonov-novye-rukovoditeli/
  3. 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
  4. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  5. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  6. Решение Минского областного Совета депутатов от 30 октября 2009 г. № 219 Об изменении административно-территориального устройства Минской области Архівавана 28 чэрвеня 2021.
  7. Решение Минского областного Совета депутатов от 16 декабря 2009 г. № 231 Об изменении административно-территориального устройства Минской области Архівавана 10 кастрычніка 2021.
  8. без Жодзіна
  9. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — С. 22. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15), ISBN 985-11-0035-8.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Смалявіцкі раён
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Раёны, утвораныя ў 1924 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Раёны, скасаваныя ў 1962 годзе
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Раёны, утвораныя ў 1965 годзе
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара