wd wp Пошук:

Мікола Трухан

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Трухан. Мікола Трухан (поўнае: Мікалай Мікалаевіч Трухан; 18 жніўня 1947, Плешчаніцы, Лагойскі раён, Мінская вобласць — 20 сакавіка 1999) — беларускі рэжысёр, акцёр.

Біяграфія

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1969, курс Дз. Арлова), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў тэатры на Малой Броннай у Маскве (1980, майстэрня А. Эфроса). У 1969—1971 гг. акцёр Беларускага тэатра імя Я. Коласа ў Віцебску. Пасля службы ў арміі працаваў акцёрам у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі (1973), Краснаярскім ТЮГу (1973—1974), Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача (1975—1978). Сярод лепшых работ: Пётр Бардзін («Салаўіная ноч» В. Яжова, 1971) у тэатры імя Я. Коласа; Трыгорын («Чайка» А. Чэхава, 1977) у тэатры юнага гледача.

У 1980—1984 гг. рэжысёр-пастаноўшчык у Гомельскім абласным (паставіў «Ладдзя Роспачы» паводле У. Караткевіча, 1982; «Прымакі» Я. Купалы, 1983; «Узлёт» А. Дударава, 1984), у 1985 г. ў Магілёўскім абласным і Рэспубліканскім маладзёжным, у 1986—1987 гг. у Брэсцкім абласным тэатрах [паставіў «Вечар» А. Дударава і «Патоп» («Дыхайце эканомна!..») А. Макаёнка, 1987].

У 1987 г. разам з Віталём Баркоўскім стварыў Мінскі драматычны тэатр «Дзе-Я?», у 1992—1999 гг. яго мастацкі кіраўнік. Станаўленне тэатра «Дзе-Я?» у асноўным звязана са зваротам да беларускай драматургічнай спадчыны. Рэпертуар складалі творы беларускіх пісьменнікаў, арыгінальныя п’есы, створаныя ў тэатры, а таксама лепшыя творы сусветнай літаратуры. Пытанні «Хто Я?», «Дзе Я?», звязаныя з нацыянальнай свядомасцю і філасофіяй беларускага народа, — галоўныя для мастацкага стылю тэатра М. М. Трухана.

Лепшымі спектаклямі сталі «Роспач» паводле У. Караткевіча (1989), «Рагнеда» Н. Рапа (1990), «Чорт і Баба» Ф. Аляхновіча (1992), «Гмжа» I. Кофты (1993), «Здань» паводле «Страхі жыцця» і «Цені» Аляхновіча (1995), «Круці…» паводле Аляхновіча (1996), «Распад» паводле розных п’ес У. Шэкспіра (1997), «Барановы кароль» М. М. Трухана, «Мёртвыя душы» паводле М. Гогаля (абодва (1998). У 1995 г. філасофская «Здань» у рэжысуры М. М. Трухана атрымала высокую ацэнку на прадстаўнічым міжнародным фестывалі ў Эдынбургу (Шатландыя).

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (15):
Нарадзіліся ў 1947 годзе
Памерлі ў 1999 годзе
Постаці Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага
Асобы
Артыкулы пра тэатральных дзеячаў без партрэтаў
Акцёры XX стагоддзя
Постаці Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа
Выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў
Нарадзіліся 18 жніўня
Акцёры Беларусі
Нарадзіліся ў Плешчаніцах
Вікіпедыя:Кінематаграфісты без IMDb
Памерлі 20 сакавіка
Рэжысёры Беларусі
Рэжысёры XX стагоддзя