wd wp Пошук:

Арыйскія мовы

Інда-іранскія мовы на карце Еўразіі (хакі)

Індаеўрапейцы

Індаеўрапейскія мовы
Албанская  · Армянская
Балтыйскія  · Кельцкія
Германскія  · Грэчаская
Арыйскія  · Італійскія
Славянскія  

мёртвыя: Анаталійскія · Палеабалканскія
(Дакская, Фрыгійская, Фракійская) · Тахарскія

Індаеўрапейцы
Албанцы · Армяне
Балты · Кельты · Германцы
Грэкі · Індаарыйцы
Іранцы · Раманцы · Славяне

гістарычныя: Хеты · Кельты  · Германцы  · Скіфы
Ілірыйцы · Італікі  · Фракійцы  · Тахары 

Протаіндаеўрапейцы
Мова · Грамадства · Рэлігія
 
Прарадзіма індаеўрапейцаў
Курганная гіпотэза
Анаталійская гіпотэза
Армянская гіпотэза
Індыйская гіпотэза
Тэорыя палеалетычнай бесперапыннасці
 
Індаеўрапеістыка

І́ндаіра́нскія мовы (таксама вядомыя як ары́йскія[1]) — адна з галін моў у складзе індаеўрапейскае моўнае сям’і, самыя ўсходнія з сучасных індаеўрапейскіх моў. Узыходзяць да праіндаіранскае мовы і звязаныя з міграцыямі старажытных арыяў.

З’яўляецца найбольшай галіной індаеўрапейскіх моў па колькасці носьбітаў, налічваючы больш за 1 млрд чал., тэрыторыя пражывання якіх распасціраецца ад Усходняй Еўропы (цыганская мова) і Каўказа (асецінская мова) да захаду Кітая (сарыкольская мова[ru]) і ўсходу Гімалаяў (асамская мова). Цыганскія мовы і іншыя блізкія ёй дыялекты пашыраныя па ўсім свеце, на Фіджы, Маўрыкіі і ў Сурынаме існуюць значныя хіндзімоўныя супольнасці.

Класіфікацыя

З пачаткам параўнальна-гістарычнага даследавання індаеўрапейскіх моў інда-іранская галіна традыцыйна падзялялася на індаарыйскую і іранскую групы, адкуль і паходзіць тэрмін індаіранскія мовы. Тым не менш, даследаванні малых народаў і моў Гіндукуша і Гімалаяў у другой палавіне ХХ ст. прымусілі навукоўцаў перагледзець дыхатамічную класіфікацыю і прызнаць, што схема распаду праарыйскае мовы была значна складаней чым падзел арыяў на індаарыяў ды іранцаў.

Паводле гэтых даследаванняў стала вядомым, што нурыстанскія мовы, знойдзеныя ў ХІХ ст. на поўдзень ад Гіндукуша, з’яўляюцца не галіной індаарыйскіх, а самастойнай галіной у складзе арыйскіх, якая вылучылася з праарыйскага стану яшчэ да распаду астатніх арыяў на індаарыйцаў ды іранцаў[2].

Інда-іранская галіна моў традыцыйна падзяляецца на тры моўныя групы: індаарыйскую, нурыстанскую ды іранскую.

Сур’ёзна перагледжана цяпер і становішча дардскіх моў, якія звычайна разглядаюцца ў якасці гіндукушска-гімалайскага адгалінавання індаарыйскіх. На цяперашні момант таксама існуюць аргументы, якія дазваляюць лічыць дардскія мовы асобным таксонам унутры ўласна індаіранскіх без нурыстанскіх. Паводле часу вылучэння яны суадносяцца з індаарыйскай ды іранскай галінамі. Некаторыя рысы дардскіх моў дазваляюць іх лічыць прамежкавым звяном між індаарыйскімі і іранскімі мовамі[3]. З вышэйзгаданых прычын у навуковы абарот усё часцей уваходзіць тэрмін арыйскія мовы, якім апісваюцца нурыстанскія і ўласна індаіранскія мовы. Такі погляд дае наступную ўнутраную класіфікацыю:

Сучасны стан

Індаіранскія мовы з’яўляюцца найбуйнейшай галіной сярод індаеўрапейскай сям’і па колькасці носьбітаў, маючы ў цэлым 1 млрд носьбітаў.

У сваю чаргу, найбуйнейшай сярод інда-іранскіх моў па колькасці носьбітаў з’яўляецца мова хіндустані (хіндзі і ўрду — часам лічацца адзінай мовай; колькасць носьбітаў каля 240 млн чал.), наступнымі ідуць бенгальская (~205 млн), панджабі (~100 млн), маратхі (~75 млн), фарсі (~60 млн), пушту (~50 млн), гуджараці (~50 млн), бхаджпуры (~40 млн), авадхі (~40 млн), майтхілі (~35 млн), орыя (~35 млн), марвары (~30 млн), белуджская (~30 млн), сіндхі (~25 млн), курдская (~20 млн), раджастхані (~20 млн), чхатысгархі (~18 млн), сінгальская (~16 млн), асамская (~15 млн) і мова рангпуры (~15 млн). Большасць носьбітаў, звыш за 75%, прыпадае на мовы індаарыйскае падгаліны. Каля 150 млн чал. размаўляе на іранскіх мовах, далей ідуць дардскія (5—6 млн чал. носьбітаў), найменшыя па колькасці носьбітаў — нурыстанскія мовы (каля 120 тыс чал.).

Сучасныя індаарыйскія мовы налічваюць больш за 300 розных ідыёмаў, у тым ліку буйныя мовы міжнацыянальных зносін.

Праарыйская мова

Паходжанне індаіранскіх (арыйскіх) моў звязваецца з рэканструяванай праарыйскай мовай, якая вылучылася з індаеўрапейскае супольнасці і праіснавала да свайго распаду ІІІ тыс. да н. э. Па марфалагічных, лексічных і некаторых фанетычных прыкметах праарыйская мова праяўляе блізкасць з продкамі грэчаскай і армянскай моў[4], што, у прыватнасці, дае падставу некаторым лінгвістам прапаноўваць тэорыю пра існаванне праарыйска-грэка-армянскага адзінства перад вылучэннем праарыйскае мовы з праіндаеўрапейскай.

Асноўнымі рысамі праарыйскай мовы, якія вылучылі яе сярод астатніх індаеўрапейскіх моў, з’яўляюцца:

*a, *e, *o, а таксама *m̥ ды *n̥ > *a; *ā, *ē, *ō, m̥̅, *n̥̅> *ā.

У выніку гэтага сістэма галосных абмяжоўваецца сямю фанемамі: кароткімі *a, *i, *u, доўгімі *ā, *ī, *ū (з чатырма адпаведнымі дыфтонгамі — *ai̭, *aṷ, *āi̭, *āṷ) і складовы санант *r̥ (яго падоўжаны варыянт *r̥̅ быў рэдкі). Акрамя таго, пасля супадзення галосных і іх пераходу праз гэта ў *a, гэтая галосная стала магчымай пасля другога рада афрыкат (*če, *ǰe, *ǰhe > *ča, *ǰa, *ǰha), што зрабіла гэты рад афрыкат паўнацэннымі фанемамі.

Праарыйскі рад звонкіх прыдыхальных змычных працягвае індаеўрапейскія прыдыхальныя: *bʰ, *dʰ, *gʰ > *bh, *dh, *gh/ǰh, які ў далейшым лепш за ўсё захаваўся ў індаарыйскіх. У праарыйскай таксама развіўся адпаведны рад прыдыхальных глухіх змычных, які першапачаткова адсутнічаў у праіндаеўрапейскай. Асноўнай іх крыніцай былі спалучэнні з ларынгалам: *pH, *tH, *kH > *p(h), *t(h), *k(h). Хутчэй за ўсё, фанемізацыя гэтага рада адбылася толькі пасля аддзялення нурыстанскіх.

Старажытныя мовы

Самымі старажытнымі індаіранскімі мовамі, пісьмовыя фіксацыі якіх захаваліся да цяперашняга часу, з’яўляюцца:

З сярэдзіны I тыс. да н. э. узнікаюць помнікі на мовах, што дэманструюць адыход ад старажытнаарыйскай формы і ўсё большае разыходжанне між сабою:

У ранейшыя часы інда-іранскія мовы мелі значна большы арэал распаўсюджвання. Серад іх носьбітаў — скіфы, якія жылі на поўнач ад Чорнага мора паводле старажытнагрэчаскіх і рымскіх апісанняў. У прыватнасці, меркавана інда-іранскую этымалогію маюць гідронімы Дон, Дняпро, Дунай. Тым не менш, інда-іранскія мовы зніклі з тэрыторыі Усходняй Еўропы пасля Вялікага перасялення народаў, адным з асколкаў гэтых моў з’яўляецца асецінская мова, распаўсюджаная на Каўказе.

З VII ст. па ўсёй Паўднёва-Ўсходняй Азіі распаўсюджанне набыў санскрыт.

Крыніцы

  1. Jadranka Gvozdanović. Numeral Types and Changes Worldwide / Walter de Gruyter. — 1999. — 281 с.
  2. Эдельман Д. И. Нуристанские языки / Дардские и нуристанские языки. — Языки мира. — М., 1999. — С. 99.
  3. Коган, А. И. Дардские языки: Генетическая характеристика. — М.: Восточная литература РАН, 2005.
  4. Т. В. Гамкрелидзе, Вяч. Всев. Иванов. Индоевропейский язык и индоевропейцы. — Тбилиси, 1984. — С. 415.
  5. Paul Thieme. The “Aryan” gods of the Mitanni treaties. — Tubingen. — (Seminar fur Indologie).

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Арыйскія мовы