wd wp Пошук:

Санскрыт

Фрагмент Рыгведы на санскрыце.

Санскры́т (дэванагары: संस्कृता वाक्, «ачышчаная, аздобленая мова») — старажытная літаратурная мова Індыі са складанай сінтэтычнай граматыкай. Узрост ранніх помнікаў даходзіць да трох с паловай тысяч гадоў. Санскрыт трэба разглядаць не як мову якога-небудзь народа, а як мову пэўнай культуры, распаўсюджанай выключна ў асяроддзі сацыяльнай эліты. Гэта культура прадстаўлена, галоўным чынам, індуісцкімі рэлігійнымі тэкстамі; і таксама як лацінская і грэчаская мовы на Захадзе — санскрыт на Усходзе стаў мовай міжкультурных зносін, вучоных і рэлігійных дзеячаў. У цяперашні час, гэтая мова лічыцца адной з 22 афіцыйных моў Індыі. Граматыка — надзвычай складаная і багатая; лічыцца, што санскрыт з’яўляецца адной з самых флектыўных моў свету. Лексіка багатая і стылістычна разнастайная.

Санскрыт паўплываў на развіццё моў Індыі (галоўным чынам у лексіцы) і на некаторыя іншыя мовы, якія апынуліся ў сферы санскрыцкай ці будыйскай культуры. У Індыі санскрыт выкарыстоўваецца як мова гуманітарных навук і рэлігійнага культа; у вузкім коле — як размоўная мова. Санскрыт запісваўся рознымі відамі пісьменнасці, што ўзыходзяць да брахмі: кхароштхі, кушанскае пісьмо, гупта, нагары, дэванагары і іншыя (у цяперашні час для санскрыта выкарыстоўваецца толькі дэванагары). На санскрыце напісаны творы мастацкай, рэлігійнай, філасофскай, юрыдычнай і навуковай літаратуры, якія аказалі ўплыў на культуры Паўднёвай, Паўднёва-Усходняй і Цэнтральнай Азіі і Заходняй Еўропы.

Вывучэнне санскрыту ў Еўропе пачалося з канца XVIII ст.: у 1786 годзе яго адкрыў для Еўропы брытанскі філолаг Уільям Джонс (да гэтага санскрыт быў апісаны французскім езуітам Кёрду ў 1767 годзе і нямецкім місіянерам Ханкследэнам, але іх працы былі апублікаваны ўжо пасля прац Джонса). Знаёмства з санскрытам сыграла ў пачатку XIX ст. вырашальную ролю ў стварэнні параўнальна-гістарычнага мовазнаўства.

Колькасць носьбітаў: для 50 тысяч — родная мова, для 195 тысяч — другая мова.

Гісторыя

Санскрыт узнік, як мяркуецца, каля 1200 г. да н.э. Тагачасная ведыйская мова, аднак, адрозніваецца ад класічнага санскрыту. Мова санскрыт сфарміравалася як спроба новае стандартызацыі старажытных індыйскіх гаворак, падчас якой было праведзена новае ўнармаванне састарэлай на той час ведыйскай. Стандартызацыя новае мовы, якая стала вядомая пад назвай санскрыт, была ажыццёўлена выдатным мовазнаўцам таго часу Паніні beru (нарадзіўся ў 4 ст. да н.э. на паўночным усходзе сучаснага Пакістана), які, між іншага, склаў грунтоўныя апісанні граматыкі таго часу.

Асноўным адрозненнем санскрыту ад ведыйскае мовы можна лічыць рэгіён яго складання, а таксама структурныя паказчыкі. Так, ведыйская мова развілася ў эпоху знаходжання старажытнай індаарыйскай цывілізацыі ў Пенджабе (паўночны захад Індыі, усход Пакістана) і, адпаведна, склалася на гаворках гэтага рэгіёна, у той час як санскрыт узнік у эпоху перамяшчэння індаарыйскае цывілізацыі далей на ўсход, на даліну Ганга, што паўплывала на стандарт гэтае мовы ў гэтай мясцовасці. Марфалагічна санскрыт у цэлым можна апісаць як мову, якая зведала пэўнае спрашчэнне ў параўнанні з ведыйскай (знікненне або перапрацоўка некаторых форм часу beru, ладу beru дзеясловаў). Як ведыйская мова, так і санскрыт у літаратуры могуць абагульняцца ў шырэйшае паняцце — старажытнаіндыйская мова.

Першапачаткова санскрыт не меў пісьменнасці, творы на мове перадаваліся вусна. Для запісу ўжываліся пісьмо брахмі (яшчэ да н.э.), пазней — сістэмы пісьма, распрацаваныя на яе аснове (дэванагары, кхароштхі beru). У цяперашнія часы існуе сістэма, вядомая пад тэрмінам міжнародная сістэма транслітарацыі санскрыту beru (або пад англійскім скарачэннем IAST), створаная ў мэтах запісу мовы лацініцай (зрэшты, гэтая сістэма выкарыстоўваецца і для сучасных моў Індыі, часам нават для неіндаарыйскіх).

Гісторыя выхаду санскрыту з ужывання нечым нагадвае падобную гісторыю ведыйскае мовы — састарэнне літаратурнае нормы ў параўнанні з народнымі гаворкамі, якія праз уласнае развіццё пачыналі прыкметна аддаляцца ад пісьмовае мовы. Ужо да нашай эры фарміруюцца новыя літаратурныя мовы — пракрыты, але яны не выцясняюць санскрыт, таму іх існаванне адносна адна адной варта характарызаваць не як строга храналагічнае, а паралельнае.

Генетычна мова адносілася да індаарыйскае групы (а па часе — да стадыі, вядомай як старажытнаіндыйская мова) індаіранскае галіны індаеўрапейскае сям’і моў. Акрамя ўласна індаеўрапейскіх характарыстык адлюстроўвае на сабе ўплывы кантактаў з мовамі насельніцтва, якое пражывала на Індастане да прыходу арыяў (што таксама назіраецца ў ведыйскай мове, гл. даведыйскі субстрат). Як і іншыя індаіранскія мовы, санскрыт — тыповая «сатэмная» мова (тры рады праіндаеўрапейскіх велярных у санскрыце адлюстраваныя як свісцячыя; для параўнання, да сатэмных індаеўрапейскіх належаць таксама славянскія і балтыйскія мовы). Сатэмізацыю ў санскрыце можна паказаць на найбольш вядомым слове для гэтай ізаглосы — «сто», прыведзеным ніжэй у табліцы (як бачна з табліцы, у лацінскай і англійскай наадварот, адбылося захаванне велярнага, бо яны не адносяцца да сатэмных).

Узоры слоў:
Беларуская Санскрыт Англійская Лацінская
сто śata hundred centum
маці mātṛ mother mater
брат bhrātṛ brother frater
быць / ёсць bhū / asti be / is fuisse / est
два dvi two duo
тры tri three tres

Сучаснасць

Санскрыт напрамую паўплываў на мову хіндзі: многія персізмы ў ёй былі заменены на санскрыцкія словы. Ужо некалькі стагоддзяў санскрыт запісваецца пераважна пісьменнасцю дэванагары, але часам і мясцовымі пісьменнасцямі.

Сёння санскрыт у асноўным «мёртвая» мова, падобна лаціне, але ён застаецца па-ранейшаму свяшчэннай мовай індуістаў, бо ўсе іх святыя пісанні (ад Ведаў з Упанішадамі да Бхагавад-Гіты beru) былі напісаныя на санскрыце і часта так і выкарыстоўваюцца. Санскрыт таксама ўжываецца ў рэлігійных рытуалах (напрыклад, у богаслужэннях, вяселлях і памінанні мёртвых). Пры распаўсюджванні індыйскіх рэлігійных вераванняў ва Усходняй Азіі — санскрытызмы пранікалі ў іншыя мовы рэгіёна, у тым ліку не індаеўрапейскія. У сучаснай лінгвістыцы — санскрыт адыгрывае важную ролю ў параўнальна-гістарычным мовазнаўстве як крыніца лексем, што прыводзяцца для параўнання з іншымі індаеўрапейскімі мовамі (з прычыны пэўнага архаізму).

Гл. таксама

Зноскі

  1. Канстытуцыя Індыі (англ.) , ст. 330, Восьмы дадатак да артыкулаў 344 (1) і 351. Мовы.

Літаратура

Спасылкі

Вікіпедыя

Вікіпедыя мае раздзел, напісаны

на санскрыце

Тэмы гэтай старонкі (7):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Мовы і дыялекты паводле алфавіта
Індаарыйскія мовы
Вікіпедыя:Істотныя артыкулы
Мовы Індыі
Мовы Пакістана
Мёртвыя мовы