Да́рдскія мовы — група роднасных моў, якая звычайна класіфікуецца як група ў складзе індаіранскае галіны індаеўрапейскае сям’і моў або падгрупа ў складзе індаарыйскае групы моў індаіранскае галіны; распаўсюджаныя на тэрыторыях паўночнага Пакістана, паўночнай Індыі і паўночна-ўсходняга Афганістана[1][2].
Колькасць носьбітаў — звыш 5 млн чал. (ацэнка, 1990-я гг.).
Становішча дардскіх моў сярод індаіранскіх моў дагэтуль з’яўляецца дастаткова дыскусійным. Таксама спрэчнымі з’яўляюцца варыянты ўнутранай класіфікацыі дардскіх моў.
Па найбольш распаўсюджаных варыянтах класіфікацый дардскія мовы ўключаюць у сябе наступныя падгрупы[3]:
Адна з нядаўніх класіфікацый вызначае дардскія мовы як мовы, што дзеляцца на пяць груп[4]:
Іншыя варыянты класіфікацыі падраздзяляюць дардскія мовы на ўсходнюю і цэнтральную падгрупы. Пры гэтым падыходзе да класіфікацыі дардскіх моў першыя ўключаюць кашмірскую мову, шына, пхалура, гарві, тарвалі, маян, апошнія падзяляюцца на паўночныя (кхавар, калашская) і паўднёвыя (гавар, шумашці, катаркалаі, глангалі, тырахі, дамелі і дыялекты або мовы пашаі)[5]. Пашаі могуць уключацца ў кунарскую падгрупу, кашмірская мова можа лічыцца як адна з моў шына. Акрамя таго, паняцце кахістанскі можа абазначаць не толькі ўласна кахістанскую мову, але і рад разнастайных моў на поўначы Пакістана, а іменна маія, каламі і тарвалі. Генетычная пазіцыя мовы дамелі таксама дыскусійная: мова спалучае ў сабе не толькі дардскія (вужэй, кунарскія) рысы, так і нурыстанскія рысы. Мову думакі цяпер адносяць да індаарыйскіх, раней адносілася да шына-пхалурскае падгрупы дардскіх.
Знешняя класіфікацыя дардскіх моў таксама зазнае спрэчкі з прычыны таго, што дардскія мовы могуць лічыцца як самастойным таксонам у складзе індаіранскіх моў, так і ўключацца ў склад індаарыйскае групы гэтых моў праз існаванне шматлікіх структурных паралеляў між гэтымі мовамі[1]. Да дардскіх моў могуць таксама залічвацца нурыстанскія мовы[5], іншая група моў у складзе індаіранскае галіны, аднак у большай частцы сучаснае лінгвістычнае літаратуры нурыстанскія мовы прадстаўляюцца як асобны таксон, пры гэтым даволі аддалены ад астатніх індаіранскіх. Блізкасць нурыстанскіх да дардскіх, верагодней за ўсё, з’яўляецца выключна тыпалагічнай і ёсць сведчаннем блізкага суседства.
Адзін з першых даследчыкаў у галіне класіфікацыі індаіранскіх моў, Г. Грырсан, засноўваючыся, аднак, на адносна вузкіх звестках, размясціў нурыстанскія мовы ў склад дардскіх, надаўшы апошнім статус асобнага таксону ў складзе індаіранскіх моў. Пазнейшыя лінгвісты ў асноўным прытрымліваліся гэтае класіфікацыі, аднак пазней Г. Маргенст’ернэ вызначыў нурыстанскія мовы як асобную групу індаіранскае мовы і надаў аргументы на карысць уключэння дардскіх моў у склад індаарыйскае групы індаіранскіх моў. Падобны варыянт знешняе класіфікацыі дардскіх моў пераважае сярод сучасных лінгвістаў, асабліва ў заходняй літаратуры[6]. У супрацлегласць гэтаму, уключэнне дардскіх моў у склад індаарыйскіх часта лічыцца памылковым.
Некаторыя даследчыкі аспрэчваюць існаванне дардскіх моў як генэтычнага моўнага аб’яднання, лічачы іх арэальнай сукупнасцю моў[2]. Высоўваюцца гіпотэзы, паводле якіх дардскія мовы не з’яўляюцца генэтычным аб’яднаннем, уваходзячы ў склад цэнтральнае зоны індаарыйскіх моў (разам з такімі мовамі, як, напрыклад, хіндустані)[7]. Прапаноўваюцца іншыя варыянты класіфікацыі дардскіх моў адносна іншых індаіранскіх моў[8].
Урэшце, індаіранскі характар дардскіх моў у сучаснай лінгвістыцы не аспрэчваецца. Агульнапрынята, што дардскія мовы ўваходзяць у склад індаіранскае галіны індаеўрапейскае моўнае сям’і.
На думку фінскага індолага А. Парпала дардскія мовы паходзяць ад рыгведыйскай формы ведыйскае мовы[9].
За выключэннем кашмірскае мовы, усе дардскія мовы малалікія па колькасці носьбітаў і з’яўляюцца нацыянальнымі мовамі дробных этнасаў, якія пражываюць пераважна ў цяжкадаступных горных рэгіёнах паўночнай Індыі, паўночнага Пакістана і паўночна-ўсходняга Афганістана. Амаль усе дардскія мовы ў той ці іншай ступені маладаследаваныя.
Усе дардскія мовы, у тым ліку адносна значная гістарычна кашмірская мова, зазналі ўплыў іншых геаграфічна блізкіх моў, разам з тым аказаўшы ўласны ўплыў на суседнія мовы.
Дардскі ўплыў назіраецца ў мове панджабі (захад Індыі, усход Пакістана)[6]. Некаторыя даследчыкі адшукваюць дардскія сляды далей на ўсходзе Індастана, у прыватнасці, у мове конкані (поўдзень Індыі), сіндхі (поўдзень Пакістана) і мовах пахары, распаўсюджаных на захад ад Непала[10][11][12]. Некаторыя лінгвісты выказваюць гіпотэзы, згодна з якімі ў мінулым дардскія мовы былі пашыраныя ад вусця ракі Інд далей на поўнач і ўсход[13][14].
На аснове культуралагічных звестак і моўных запазычанняў лічыцца, што на дардскія мовы аказала прыкметны ўплыў неіндаеўрапейская ізаляваная мова бурушаскі, распаўсюджаная, між іншага, на поўначы Пакістана і геаграфічна блізкая дардскім. Тым не менш, дардскія запазычанні прасочваюцца і ва ўласна бурушаскі.
Нягледзячы на ўрыўкавыя старажытныя сведчанні дардскіх моў, даўнюю літаратурную традыцыю мае толькі кашмірская мова. У кашмірскай мове выкарыстоўваецца араба-персідская пісьменнасць і, радзей, розныя варыянты індыйскага пісьма. Дардскія мовы на поўначы Пакістана запісваюцца толькі араба-персідскім пісьмом, набытым значна пазней (кхавар, маян, шына, пашаі), астатнія мовы бяспісьменныя. На кашміры, кхавар, пашаі і шына вядзецца радыётрансляцыя[5], кашмірская мова — адна з афіцыйных моў індыйскага штата Джаму і Кашмір і адна з федэральна прызнаных моў краіны.
Дардскія мовы вылучаюцца сярод іншых індаіранскіх дзякуючы шэрагу агульных характарыстык і інавацый. З падобных рыс адзначаюцца страта прыдыхальных і разбурэнне тыпова індаіранскага парадку слоў.
Практычна ва ўсіх дардскіх мовах адбылася частковая або поўная страта прыдыхальных зычных фанем, якія існуюць, напрыклад, у індаарыйскіх мовах, але амаль адсутнічаюць у іншых індаеўрапейскіх (кховар buúm, але санскрыт: bhumi «зямля»; пашаі duum, але хіндзі dhuan, санскр. dhum «дым»; кашм. dod, але хіндзі doodh, санскр. dugdha «малако»)[15]. У мовах кховар і пашаі на месцы страчанага /h/ развіўся тон (параўн. пашаі buúm, але санскр. bhumi). У некаторых з дардскіх моў прысутнічае трохчленная карэляцыя прыдыхальных тыпу t — tʰ — d, у тарвалі, маян, каштавары — t — tʰ — d — dʰ. Карэляцыя цэрэбральнасці ахоплівае чыстыя змычныя, афрыкаты (амаль усе мовы) і шчылінныя š — ṣ̌, ž — ẓ̌ (у частцы цэнтральных і ўсходніх). У кашмірскай і шына прасочваюцца карэляцыі палаталізацыі і лабіялізацыі. У гавар, катаркалаі, дамэлі, башкарык і шына супрацьпастаўляецца тон (гл. далей)[5].
Працэсы, падобныя дардскай страце прыдыхання, уласцівыя таксама панджабі і мовам пахары (пандж. kar, але хіндзі ghar «дом»)[3].
Сучасныя дардскія мовы, а таксама нешматлікія сляды дардскіх моў у старажытную эпоху, дэманструюць устойлівую тэндэнцыю да метатэзы зычных, пры якой дакансанантнае або посткансанантнае r зрушваецца да папярэдняга склада[6][16]. Гэта пацвярджаецца памылкамі ў санскрыце ў эдыктах Ашокі, высечаных у ІІІ ст. да н.э. у Гандхары, дзе мелі і маюць дагэтуль хаджэнне дардскія мовы (напрыклад, priyadrashi замест priyadarshi або dhrama замест dharma). Падобныя рысы адлюстроўваюцца пры параўнанні дардскіх лексем з кагнатамі (словамі, якія маюць аднолькавы корань і паходжанне) індаарыйскіх моў: калашск. driga, але санскр. dirgha «доўгі»; пхалура drubalu, але санскр. durbala «слабы»; brhuj, але санскр. bhurja «бяроза»[16]. Але падобныя характарыстыкі падзяляюць мовы пахары, сіндхі і заходнепанджабскія дыялекты[6].
У дардскіх мовах таксама назіраецца з’ява эпентэзы (устаўкі) і змены зычных у пэўных пазіцыях (напрыклад, адпаведнасць індаарыйскіх k, j зычным ch, z адпаведна ў кашмірскай). Падобныя працэсы існуюць таксама ў панджабі і заходніх пахары мовах[6].
Для марфалогіі дардскіх моў характэрнае змяненне па 2-4 склонах, якое дапаўняецца паслялогамі або, радзей, прыназоўнікамі. Выражэнне ліку звязана са склонавымі маркерамі, але ёсць таксама пазасклонавыя аглюцінатыўныя фарманты множнага ліку. Род (як правіла, мужчынскі і жаночы) звычайна выражаны суаднесенасцю назоўніка з прыметнікам, займеннікам або дзеясловам адпаведнага роду. Існуюць артыклі, якія могуць выражаць катэгорыі пэўнасці—няпэўнасці, якая таксама можа выражацца адрозненнем у склонавым афармленні імені аб’екта. Асоба і адушаўлёнасць адлюстроўваюцца пры дапамозе адрозненняў у склонавай парадыгме імён і суаднесенасцю з рознымі займеннікамі[5].
Лік вігезімальны (заснаваны на лічбе дваццаць), акрамя кашмірскай, якой уласцівая дзесятковая сістэма злічэння[5]. Першая часта можа прыпісвацца ўплыву бурушаскі.
Асабовыя займеннікі найперш абазначаюць першую і другую асобу, для трэцяй ужываюцца ўказальныя займеннікі. Існуюць энклітычныя займеннікі, якія прымяняюцца постпазіцыйна пры дзеяслове для ўказання на дзейнік або дапаўненне або як паказчыкі прыналежнасці[5].
Дзеяслоў адрозніваецца ў залежнасці ад падгрупы (напрыклад, можа быць уласцівай флектыўная будова)[5].
Парадак слоў у сказе можа будавацца па схеме V2, калі становішча фінітнага дзеяслова імкнецца к канцу сказа, што адрознівае дардскія ад астатніх індаіранскіх. Акрамя гэтага, аднак, існуе парадак слоў SOV (дзейнік-дапаўненне-выказнік), характэрны для індаарыйскіх моў[17].
Лексічны фонд дардскіх моў у асноўным прадстаўлены спрадвечнай дардскай лексікай, аднак гістарычна запазычваюцца лексемы з урду, пушту і фарсі ў залежнасці ад рэгіёна, а таксама санскрыта і англійскай мовы. Лексіка арабскага паходжання засвойваецца найперш дзякуючы пісьмовым крыніцам або мовам-пасрэднікам[5]. Наяўнасць лексем таго ці іншага паходжання абумоўлена гістарычнымі фактарамі (англійскае панаванне ў Брытанскай Індыі, арабская мова як мова богаслужэння ў ісламе, культурная перавага носьбітаў суседніх моў).