Прапаганда ў Беларусі — адзін са сродкаў рэпрэсіўнага ажыццяўлення ўлады рэжымам Лукашэнкі. У прыватнасці, для прапаганды выкарыстоўваюцца дзяржаўныя СМІ, такія як «Беларусь 1», якія належаць Белтэлерадыёкампаніі, але таксама выкарыстоўваюцца і навучальныя ўстановы.
Нягледзячы на ўстанаўленне свабоды слова ў артыкуле 33 Канстытуцыі Беларусі 1996 года, рэжым Лукашэнкі абмяжоўвае яе іншымі законамі і рэпрэсіямі(укр.) бел..[1] Урад падтрымлівае дзяржаўныя СМІ, такія як тэлеканал «Беларусь 1» (раней пад назвай «БТ»), якія здаўна выкарыстоўваюцца для прапаганды[2], і, дзякуючы іх шырокай прысутнасці ў інфармацыйнай прасторы, ажыццяўляе непасрэдны кантроль над медыя-ландшафтам і распаўсюджваннем інфармацыі адпаведна[3]. Гэта робіць людзей у Беларусі ўразлівымі для дзяржаўнай прапаганды, бо ў іх мала доступу да альтэрнатыўных і незалежных СМІ[4][3]. Асноўная мэта прапаганды — захаванне ўлады, распаўсюджванне ідэалогіі і папулярызацыя Аляксандра Лукашэнкі.[1][5] У прыватнасці, прапаганда намагаецца стварыць адчуванне, што дзяржава, урад і Лукашэнка — гэта адно цэлае.[1][6] Фокус на персоне Лукашэнкі мацнейшы, чым быў на кіраўніках дзяржавы пры СССР.[5]
З 2020 года значна пагоршыўся доступ да незалежных СМІ ў Беларусі: масава блакуецца доступ да сайтаў (Reform.by, TUT.BY, Zerkalo.io, Еўрапейскае радыё для Беларусі, Хартыя'97, Media-Polesye ды шмат інш.), нешматлікія незалежныя газеты былі вымушаны спыніць друк («Народная Воля», «Новы Час», «Брестская газета», «Intex-Press», «Рэгіянальная газета» ды інш.), у 2021 годзе тэлеканалы «Euronews» і «RTVI(укр.) бел.» былі выключаны з тэлевізійнай сеткі.
Характар прапагандысцкай сістэмы бярэ пачатак з савецкіх часоў. Лукашэнка паказваецца як незаменны бацька нацыі і гарант стабільнасці. Спорт гуляе важную ролю ў асвятленні падзеяў як крыніца патрыятызму.[1]
У школах, каледжах і ўніверсітэтах працягвае адбывацца значная індактрынацыя(укр.) бел.: навучэнцы атрымліваюць аднабаковыя паведамленні пра гісторыю і бягучую палітычную сітуацыю[7][8]. З-за боязі Лукашэнкі, што прафесары распаўсюджваюць крамольныя ідэі пра плюралізм, дэмакратыю і лібералізм, у 2003 годзе ў ВНУ быў уведзены прарасійскі і прасавецкі абавязковы курс «Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы»[9]. У прапагандзе, у прыватнасці, заходнія дзяржавы і іх аб’яднанні, такія як ЗША, НАТА, але таксама Польшча і ўвесь Еўрапейскі Саюз, разглядаюцца як варожы бок.[1] Каб мець магчымасць працаваць у дзяржаўным апараце, трэба прайсці ідэалагічныя выпрабаванні.[10]
Падчас пандэміі COVID-19 на Беларусі Лукашэнка прынізіў небяспечнасць сітуацыі[11], а паведамляць пра эпідэмію першапачаткова не дазвалялася.[12]
Дзяржаўныя СМІ на фоне пратэстаў з 2020 года не толькі ў аўтарскіх перадачах, але ўжо і ў навінах сталі актыўна звяртацца да містыфікацый(укр.) бел., выкарыстоўваць стылістычна зніжаную лексіку(руск.) бел. і наважваць цэтлікі — вынік інтаксікацыі(укр.) бел. іх супрацоўнікаў уласнай прапагандай, на думку журналіста Паўлюка Быкоўскага[13]. Аператыўная рабочая група па стратэгічных камунікацыях зазначыла як прыклад перадачы Рыгора Азаронка на канале «СТБ», у якіх дэзынфармацыя суправаджаецца моваю нянавісці(укр.) бел..[14] У прадстаўленні беларускай прапаганды масавыя акцыі пратэсту ў 2020 годзе — гэта акцыі, кантраляваныя Захадам. Сам Лукашэнка заявіў у жніўні 2020 года, што Захад ставіў мэтай анексію Гродзенскай вобласці. Паводле яго слоў, у рэгіёне ўжо развявалі польскія сцягі.[15] Прапаганда ў Беларусі фальсіфікуе гвалт міліцыі ў дачыненні да дэманстрантаў[16] і, між іншым, спрабуе аслабіць пратэсны рух пры дапамозе дэзінфармацыі; акрамя таго, мэтанакіравана выкарыстоўваюцца і іншыя метады, такія як арышты прадстаўнікоў апазіцыі, напрыклад, членаў Каардынацыйнай рады.
Неўзабаве пасля затрымання 15 верасня 2020 года Сцяпана Латыпава па «Беларусь 1» паказалі сюжэт, у якім са спасылкай на МУС сцвярджалася, што жыхар «Плошчы Перамен» збіраўся выкарыстаць супраць сілавікоў атруту, аднак у канчатковым паведамленні Следчага камітэта аб завяршэнні расследавання гэтая версія адсутнічала.[17] У канцы верасня 2020 года ў эфіры канала «Беларусь 1» былі паказаны прызнальныя паказанні ад групы людзей, якім нібыта заплацілі каардынатары за ўдзел у пратэстах[18]. Паводле сведчанняў аднаго з пацярпелых, 29 верасня 2020 года ў РУУС Першамайскага раёна Мінска(бел. (тар.)) бел. Мікалай Карпянкоў здымаў відэаролікі, пасля і паказаныя па «Беларусь 1», асабіста і камандаваў групай сілавікоў, якая выбівала ілжывыя паказанні ад групы людзей, схопленых ГУБАЗіКам, якіх збіццём і пагрозамі прымушалі сказаць на камеру, што ім заплацілі каардынатары[18]. 3 чэрвеня 2021 года на «АНТ» выйшла перадача з удзелам Рамана Пратасевіча і Марата Маркава, кіраўніка тэлеканала, абазначаная як інтэрв’ю Пратасевіча.[19] Перадача выклікала шматлікую крытыку і была расцэненая многімі як элемент катавання палітвязня.[20][21][22][23]
Падчас мірных масавых акцый пратэстаў у 2020 годзе супраць, як мяркуецца, сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў журналістаў беларускіх дзяржаўных СМІ, якія адмовіліся падтрымаць афіцыйныя паведамленні пра перамогу Лукашэнкі і аперацыі супраць дэманстрантаў, замянілі супрацоўнікі з Расіі, у тым ліку з «RT».[14][24][25] Дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што апазіцыя пагражала, што школьныя ўрокі ў хуткім часе будуць праводзіцца толькі на беларускай мове, хаця жыхары Беларусі, паколькі большасць з іх двухмоўныя, не бачылі ў гэтым пагрозы, сведчыла Ксенія Луцкіна, былая карэспандэнтка Белтэлерадыёкампаніі. Паводле нямецкай журналісткі Керстын Хольм(ням.) бел., маніпуляцыі, прадэманстраваныя ў СМІ, маюць почырк расійскіх экспертаў. Дзяржаўны вяшчальнік «Беларусь 1» прадэманстраваў здымкі выступу лідара апазіцыі Марыі Калеснікавай, які быў акампанаваны хорам галасоў, які крычаў руск.: Уходи! (бел.: Сыходзь!). Аднак гэтыя заклікі пратэснага руху былі накіраваны супраць Лукашэнкі. Таксама на «Беларусь 1» з’явіўся рэпартаж пра сям’ю, якая знаходзілася ў машыне падчас акцый пратэсту супраць Лукашэнкі ў Гродне і падверглася нападу АМАПу, падчас якога дзіця было сур’ёзна паранена. Аднак у паведамленні гаварылася, што сям’я выпадкова трапіла ў аварыю.
Беларускую дзяржаўную прапаганду падтрымаў расійскі прапагандысткі канал «RT». «RT» паказаў відэазаяву супрацоўніка АМАП, які сцвярджаў, што малады чалавек, збіты сіламі АМАП да непрытомнасці, нібыта быў п’яны і ў стане наркатычнага ап’янення; гэтаму супярэчыў незалежны партал «TUT.BY», які апублікаваў заключэнне лекара з супрацьлеглай інфармацыяй.[16] Лукашэнка падзякаваў «RT» за дапамогу ў асвятленні пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў.[26]
З моманту першай хвалі пратэстаў у 2020 годзе беларускія дзяржаўныя тэлеканалы пры дапамозе спецыялістаў у сферы СМІ з Расіі не толькі ўзгаднілі свае дэзынфармацыйныя наратывы з пракрамлёўскімі СМІ, але таксама прынялі тую ж тактыку, напрыклад, пераследуючы замежных дыпламатаў.[14]
Пачынаючы з 2006 года кіраўнікі і вядучыя прапагандысты дзяржаўных СМІ (Белтэлерадыёкампанія, Агульнанацыянальнае тэлебачанне («АНТ»), «СТБ», «СБ. Беларусь сегодня», БелТА) неаднаразова ўносіліся ў Чорны спіс Еўрасаюза[27][28][29][30], траплялі ў спіс спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША[28], санкцыйныя спісы Вялікабрытаніі[31], Швейцарыі[32][33].
З-за дзяржаўнай прапаганды шматлікія журналісты вырашылі летам і восенню 2020 года пакінуць працу ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі Беларусі.[12] Да прыкладу, у гэты перыяд з «АНТ» звольнілася каля чвэрці супрацоўнікаў: не менш за 80 з 300, нават нягледзячы на пагрозы кіраўніцтва тэлеканала ў выглядзе распачатку крымінальных спраў і гвалтоўных знікненняў(руск.) бел..[25] У жніўні большая частка калектыву пакінула радыё «Сталіца»[34][35]. Зыход прадоўжыўся і ў 2021 годзе: у студзені налічвалася больш за 100 адкрытых вакансій у Белтэлерадыёкампаніі, а па стане на чэрвень ад Белтэлерадыёкампаніі былі размешчаны ўжо 160 вакансій, ад выдавецкага дому «Беларусь сёння» (газета «СБ. Беларусь сегодня» ды інш.) — 20.[36]
22 снежня 2020 года Instagram выдаліў акаўнт Агульнанацыянальнага тэлебачання з-за шматлікіх скаргаў карыстальнікаў на агрэсіўную прапаганду, недакладную інфармацыю і змесціва(балг.) бел., якое распальвае варожасць.[37] 10 чэрвеня 2021 года Украіна забараніла рэтрансляцыю тэлеканала «Беларусь 24», які распальваў нацыянальную варожасць(укр.) бел. і распаўсюджваў дэзінфармацыю.[38]
30 чэрвеня 2021 года Белтэлерадыёкампанію выключылі з Еўрапейскага вяшчальнага саюзу[39].