Мікала́й Мікала́евіч Карпянко́ў (нар. 6 верасня 1968, г. Мінск) — супрацоўнік МУС Рэспублікі Беларусь, намеснік Міністра ўнутраных спраў Беларусі — камандуючы ўнутранымі войскамі Беларусі (з 2020 г.) пры ўрадзе самаабвешчанага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. У 2021 годзе атрымаў званне генерал-маёр. З чэрвеня 2021 года ўнесены ў санкцыйныя спісы ЕС, ЗША, шэрагу іншых краін.
У 1985 годзе скончыў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча (6 рота). У 1989 годзе скончыў Гвардзейскае вышэйшае танкавае каманднае вучылішча імя У. І. Леніна ў расійскім Ульянаўску. У 1989—1993 гадах праходзіў службу ў 120-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі (раён Уручча, Мінск)[1].
У 1992—1994 гадах быў камандзірам баявой групы падраздзялення «Беркут», на базе якога ў 1994 годзе быў створаны «Алмаз»[1]. З студзеня 1995 па травень 2003 года служыў на розных пасадах у службе бяспекі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі[2]. У 2001 годзе быў старшым ад’ютантам 1-га аддзела асабістай аховы Службы бяспекі прэзідэнта[3]. У 2002 годзе скончыў Акадэмію МУС Беларусі.
У 2003 годзе ўзначаліў спецпадраздзяленне па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз». На гэтай пасадзе ўдзельнічаў у пераследзе і ціску на палітычных праціўнікаў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, у прыватнасці, у часе прэзідэнцкіх выбараў 2006 года[4][5][6]. У лютым 2004 года ўказам прэзідэнта яму было датэрмінова прысвоена званне палкоўніка[7][8]. Паводле слоў паэта і тагачаснага кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, у яго збіванні пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года ўдзельнічаў асабіста Карпянкоў[9].
У 2011 годзе прызначаны начальнікам 6-га ўпраўлення (па супрацьдзеянні экстрэмізму і барацьбе з тэрарызмам) Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Беларусі[10]. З кастрычніка 2012 па 2014 год узначальваў Упраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Беларусі[1].
З верасня 2014 года[11] па 19 лістапада 2020 года кіраваў Галоўным ўпраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК).
1 сакавіка 2021 года прысвоена чарговае воінскае званне генерал-маёра[12].
Падчас масавых мірных пратэстаў у Мінску грамадзян, не згодных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, Мікалай Карпянкоў быў сярод сілавікоў, якія займаліся непасярэдным разгонам пратэстаў, збіваннем людзей і пагромам вітрын[13]. 6 верасня 2020 года ў часе «Маршу адзінства» асабіста Мікалай Карпянкоў наўмысна разбіў шкляныя дзверы кавярні «O’Petit». Паводле версіі прэс-сакратаркі МУС Беларусі Вольгі Чамаданавай, супрацоўнікі міліцыі пераследавалі актыўных удзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства, якія хацелі схавацца ў кавярні.
Паводле сведчанняў аднаго з пацярпелых, 29 верасня 2020 года ў РУУС Першамайскага раёна Мінска(бел. (тар.)) бел. Карпянкоў камандаваў групай сілавікоў, якая выбівала ілжывыя паказанні, пасля паказаныя па канале «Беларусь 1», ад групы схопленых ГУБАЗіК людзей, якіх збіццём і пагрозамі прымушалі сказаць на камеру, што ім нібыта заплацілі каардынатары[14]. Відавочца запомніў, што Карпянкоў здымаў відэа асабіста, а яму пагражаў 16 гадамі турмы, калі той не скажа, што атрымаў тысячу даляраў ад каардынатара[14].
19 лістапада 2020 года самаабвешчаным прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам быў прызначаны намеснікам Міністра ўнутраных спраў — камандуючым унутранымі войскамі[15].
15 студзеня 2021 года ў інтэрнэце быў апублікаваны аўдыёзапіс меркаванай размовы Мікалая Карпянкова як начальніка ГУБАЗіК з падначаленымі ўвосень 2020 года, у якой ён дакладваў пра выдадзеныя яму Аляксандрам Лукашэнкам паўнамоцтвы па жорсткім, сілавым задушэнні пратэстаў у Беларусі, карт-бланш на ўжыванне агнястрэльнай зброі, прыводзячы як станоўчы прыклад забойства сваімі падначаленымі Аляксандра Тарайкоўскага[13]. Таксама на аўдыёзапісе Карпянкоў паведамляе пра намер улады Лукашэнкі стварыць канцэнтрацыйны лагер для ўдзельнікаў пратэстаў. У той жа дзень Павел Латушка, член прэзідыума Каардынацыйнай рады і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, паабяцаў азнаёміць з аўдыёзапісам Савет бяспекі ААН, ЕС, АБСЕ, кіраўніцтва Расіі і ЗША з мэтай прыняцця міжнароднай грамадскасцю мер па недапушчэнні і расследаванні дзяржаўнага тэрарызму[16]. 2 лютага TUT.BY атрымаў вынікі фанаскапічнай экспертызы запісу. Экспертыза пацвердзіла, што голас на запісе належыць Мікалаю Карпянкову, і не выявіла прыкмет мантажу[17].
Карпянкоў станавіўся суб’ектам забароны на паездкі і замарожвання актываў Еўрапейскім Саюзам як частка спісу беларускіх чыноўнікаў, адказных за палітычныя рэпрэсіі, падтасоўку вынікаў галасавання і прапаганду[18]. Згодна з рашэннем Еўрапейскага савета ад 21 чэрвеня 2021 года як кіраўнік ГУБАЗіК Карпянкоў «нясе адказнасць за бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне з грамадзянамі, якія ўдзельнічалі ў мірных пратэстах»: іх адвольныя затрыманні, збіццё групай пад яго камандаваннем, пагрозы прымянення агнястрэльнай зброі, у тым ліку на прыкладзе інцыдэнту ў кавярні «O’Petit» і апублікаванага аўдыёзапісу, — сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека, звязаныя з прыгнётам грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі[19]. 6 ліпеня да чэрвеньскага пакета санкцый ЕС далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя[20].
21 чэрвеня 2021 года Карпянкоў быў уключаны і ў спіс спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША, за асабістае кіраўніцтва супрацоўнікамі ГУБАЗіК па пераследу і збіццю мірных дэманстрантаў і аўдыёзапіс з абмеркаваннем будаўніцтва лагера для затрыманых і рэкамендацыям сілавікам страляць пратэстоўцам у твар і геніталіі, які прасачыўся[21][22]. Акрамя таго, Карпянкова ў свае санкцыйныя спісы ўключылі Вялікабрытанія[23], Канада[24], Швейцарыя[25].