wd wp Пошук:

Беларускае тэлеграфнае агенцтва

Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА) — дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Рэспублікі Беларусь. Прапагандысцкі рэсурс[1][2][3]. Дырэктар Ірына Акуловіч (з 2018).

Гісторыя

Заснавана 23 снежня 1918 года як Беларускае Аддзяленне Расійскага Тэлеграфнага Агенцтва пры Усерасійскім ЦВК («РОСТА») у скарочаным найменні «БЕЛОТРОСТА». Аднак наладзіць работу дзяржаўнай інфармацыйнай службы ў савецкай Беларусі ўдалося толькі пасля завяршэння грамадзянскай вайны. У студзені 1921 года Прэзідыум Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускага бюро Расійскага тэлеграфнага агенцтва (БелРОСТА).

Пастановай Саўнаркама БССР 7 сакавіка 1931 года Беларускае аддзяленне Саюзнага камерцыйнага тэлеграфнага агенцтва было пераўтворана ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БЕЛТА).

У сярэдзіне 1939 года Савет Народных Камісараў БССР пастанавіў стварыць у складзе БЕЛТА рэдакцыю фотахронікі і фотагазеты. Для гэтага на баланс агенцтва былі перададзены памяшканні і вытворчыя цэхі былога Беларускага аддзялення трэста «Саюзфота». З гэтага моманту БЕЛТА пачало весці не толькі інфармацыйны, але і фатаграфічны летапіс жыцця ў БССР.

27 чэрвеня 1939 года. З пастановы СНК БССР «Аб перадачы выпуску фотагазеты з падпарадкавання Мінгарсавета ў падпарадкаванне БЕЛТА».

У мэтах канцэнтрацыі ўсёй работы па выпуску фотахронікі, клішэ і фотагазеты ў веданні адной арганізацыі, Савет Народных Камісараў пастанаўляе:

1) Перадаць Беларускаму Тэлеграфнаму Агенцтву (БЕЛТА) пры СНК БССР выпуск фотахронікі і клішэ, выпуск масавага друку /фотагазеты, партрэты, паштоўкі, фотаальбомы/, памяшканні і вытворчыя цэхі былога Беларускага аддзялення трэста "Саюзфота"...
2) Стварыць адзіную арганізацыю "рэдакцыю фотахронікі і фотагазеты БелТА"...

Фотакарэспандэнты БЕЛТА адлюстравалі важнейшыя падзеі ў даваенным жыцці краіны, у тым ліку ўз’яднанне Беларусі 1939 года, жыццё вёскі, будні Беларускай асобай ваеннай акругі, фотарэпартажы з Акадэміі навук БССР і Гомельскага чыгуначнага вучылішча нумар 5, партрэты беларускіх лаўрэатаў Сталінскай прэміі, у тым ліку Янкі Купалы, Кандрата Крапівы, народнага артыста БССР Г. П. Глебава, кампазітара А. В. Багатырова. Выпускала агенцтва і тэматычныя выпускі фотапаштовак, напрыклад, у 1941 годзе ўбачыў свет выпуск «Белавежская пушча» з 24 фатаграфій.

Паштовая марка да 100-годдзя БелТА

Доўгі час, захоўваючы юрыдычную самастойнасць, працавала ў цеснай каардынацыі з Тэлеграфным агенцтвам Савецкага Саюза (ТАСС). З 1991 года БелТА — інфармацыйнае агенцтва суверэннай Беларусі.

Беларускае тэлеграфнае агенцтва працуе ў рэжыме рэальнага часу, размяшчаючы навіны на ўласным інтэрнэт-сайце на беларускай, рускай і англійскай мовах. БелТА — адзіны ў краіне дзяржаўны інфармацыйны анлайн-рэсурс, які размяшчае інфармацыю на беларускай мове.

Штодзённа БелТА рыхтуе і распаўсюджвае 150—170 інфармацыйных паведамленняў аб важнейшых падзеях у палітычным, сацыяльна-эканамічным, культурным, спартыўным жыцці Беларусі, дзеяннях і рашэннях вышэйшага кіраўніцтва краіны і іншых структур улады, міжнародных сувязях і кантактах, аб акцыях розных грамадскіх арганізацый і палітычных рухах. На базе стужкі навін агенцтва рыхтуюцца больш як 15 штодзённых, штотыднёвых і штомесячных веснікаў рознай тэматыкі.

Будынак агенцтва БЕЛТА на вуліцы Кірава ў Мінску

Фотастужка БелТА штодзённа размяшчае 20—25 фотатэм — гэта больш як 100 фотаздымкаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

БелТА мае свае карэспандэнцкія пункты і ўласных карэспандэнтаў ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, у Маскве, Кіеве, Кішынёве, Нью-Ёрку, Варшаве, Вільнюсе і Калінінградзе. У ліку інфармпартнёраў БелТА інфармацыйныя агенцтвы Расіі, Украіны, Малдовы, Казахстана, Арменіі і іншых краін СНД, а таксама Кітая, Кубы, Ірана, Малайзіі.

Беларускае тэлеграфнае агенцтва — шматпрофільнае прадпрыемства. БелТА выдае інфармацыйна-праблемны штотыднёвік «7 дней(фін.) бел.» і часопіс «Экономика Беларуси. Economy of Belarus», які выходзіць у свет штоквартальна на рускай і англійскай мовах. Акрамя таго, БелТА выпускае кнігі, брашуры, плакаты, буклеты, выконвае паліграфічныя заказы.

Інфармагенцтва займаецца распрацоўкай, тэхнічным і інфармацыйным суправаджэннем, а таксама ўкараненнем (аптымізацыяй) інтэрнэт-сайтаў для органаў дзяржкіравання, прадпрыемстваў і арганізацый.

Санкцыі ЕС

Генеральны дырэктар БелТА Дзмітрый Жук у 2011 годзе разам з іншымі уплывовымі супрацоўнікамі і кіраўнікамі дзяржаўных СМІ Беларусі быў ўключаны ў cпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС у сувязі з хваляй рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года[4]. Паводле Еўрапейскага савета, Дзмітрый Жук: «нясе адказнасць за перадачу медыямі дзяржаўнай прапаганды, якая падтрымлівала і апраўдвала рэпрэсіі супраць дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці 19 снежня 2010 г., выкарыстоўваючы сфальсіфікаваную інфармацыю»[5][6].

Гл. таксама

Зноскі

  1. Григорська, Ніна Справа TUT.BY: головній редакторці видання загрожує до 7 років в’язниці(укр.) . НВ(укр.) бел. (31 мая 2021). — «Державний пропагандистський ресурс БелТА повідомив…»  Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2021. Праверана 2 кастрычніка 2021.
  2. Стороженко, Станислав Беларусь и Латвия обоюдно выслали всех дипломатов(руск.) . ЛІГА.net(укр.) бел. (24 мая 2021). — «… передает пропагандистское агентство БелТА.»  Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2021. Праверана 2 кастрычніка 2021.
  3. Meisner, Matthias(ням.) бел. Wie das Lukaschenko-Regime die CDU vorführte(ням.) . Der Tagesspiegel (10 красавіка 2014). — «Für die weißrussischen Propagandamedien erfüllte die Visite in Deutschland mit dem Besuchsprogramm im Bundestag einen ganz anderen Zweck. … Die Belarussische Telegraphenagentur (Belta) verbreitete eine ganze Reihe von Meldungen zum Besuch der Politiker-Delegation in Deutschland. …»  Архівавана з першакрыніцы 2 кастрычніка 2021. Праверана 2 кастрычніка 2021.
  4. Поўны спіс 208 беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЕС(бел.) . Наша Ніва (11 кастрычніка 2011). Архівавана з першакрыніцы 22 кастрычніка 2017.
  5. COUNCIL DECISION 2012/642/CFSP of 15 October 2012 concerning restrictive measures against Belarus
  6. EUR-Lex - 32012D0642 - EN - EUR-Lex(англ.) . EUR-Lex(англ.) бел.. Праверана 25 снежня 2020.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Прапаганда ў Беларусі
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з украінскай
Інфармацыйныя агенцтвы
Кампаніі паводле алфавіта
БелТА