У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Дрыса (значэнні). Верхнядзві́нск[2] (трансліт.: Vierchniadzvinsk, руск.: Верхнедвинск; да 25 снежня 1962 года — Дры́са) — горад на паўночным захадзе Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Верхнядзвінскага раёна, на р. Дрыса пры ўпадзенні яе ў Заходнюю Дзвіну. Чыгуначная станцыя на лініі Полацк—Даўгаўпілс (Латвія), на аўтамабільнай дарозе Полацк—Даўгаўпілс. Адлегласць ад Мінска — 255 км, ад Віцебска — 165 км. Насельніцтва — 7 320 чал. (2017)[3].
Сваю гістарычную назву «Дрыса» горад атрымаў ад ракі Дрыса, якая, у сваю чаргу, запазычыла назву ад возера Дрысы ў Расонскім раёне. Слова «Дрыса» складаецца з дзвюх асноў: ДР(Ы) + СЫ. Першая аснова вядома ў басейне Заходняй Дзвіны ў назвах азёр Дрывяты, Дрысвяты, Невядро, Нешчарда. ДР(Ы) мае старажытнае фіна-угорскае паходжанне і абазначае «возера». Блізкае значэнне «вада» маюць падобныя асновы старажытнаеўрапейскага паходжання.
Другая аснова СЫ паходзіць ад вядомага паўночнаеўрапейскага тэрміна ТО/ТЫ ў значэнні «возера». Такім чынам, назва ракі «Дрыса» перакладаецца як «возера» або «азёрная вада». Назва горада «Дрыса» абазначае «паселішча на рацэ, якая выцякае з возера».
Паводле археалагічных даследаванняў, горад узнік значна раней як умацаванне Полацкага княства. Тут быў пабудаваны Дрысенскі замак. Упершыню згадваецца ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М. Стрыйкоўскага пад 1386 г., калі замак быў спалены полацкім князем Андрэем Альгердавічам, які выступаў супраць Крэўскай уніі. Аднак на думку сучасных даследчыкаў гэтая інфармацыя не выклікае даверу[4][5].
Першыя надзейныя звесткі пра Дрысу змяшчаюцца ў нататках С. Герберштэйна і датуюцца 1517 г.[4]. Яшчэ раней пад 1503 г. у пагадненні паміж вялікім князем Аляксандрам і маскоўскім гаспадаром Іванам III упамінаецца воласць Дрыса, падпарадкаваная Полацку. У 1546 г. упершыню дакументальна ўпамінаецца Дрысенскі замак, узвядзенне якога было моцным штуршком да развіцця паселішча не толькі як фартыфікацыі, але і як важнага эканамічнага цэнтра Полацкага ваяводства. Замак знаходзіўся ў беспасярэднім кіраванні ваяводы полацкага Давойны, які прызначаў сюды сваіх намеснікаў.
У 1-й пал. XVI ст. Дрыса была гандлёвым цэнтрам на Дзвіне, уладаннем вялікіх князёў. Мясцовае насельніцтва займалася пераважна купляй-продажам лесу. У 1547 г. тут заснавалі лясную камору, праз якую ішоў гандаль з усходнімі суседзямі. У часы Лівонскую вайну 1558—1583 гадоў Жыгімонтам Аўгустам тут у 1563 г. адноўлены замак, у гэтым жа годзе мястэчка захоплена і разбурана маскоўскія захопнікі, станам на 1586 г. ад яго засталося толькі 5 будынкаў[6]. Вызвалены С. Баторыем у 1583 г. У 1641 г. соймавая канстытуцыя скасавала ў месце спагнанне прыватных мытных збораў.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Дрыса апынулася ў складзе Расійскай імперыі, спярша ў Пскоўскай, з 1776 у Беларускай, а з 1802 — у Віцебскай губерні. У 1776 годзе стала цэнтрам Дрысенскага павета, а ў 1777 годзе атрымала статус горада (дагэтуль не знойдзена звестак, что Дрыса мела Магдэбургскае права). У 1778 г. адбылося зацверджанне рэгулярнага плана Дрысы. 27 верасня 1781 г. паселішча атрымала герб: «у залатым полі Пагоня з чырвоным шчытом, на якім срэбны падвойны крыж»[7]. Наяўнасць у горада герба сведчыла пра атрыманне права на самакіраванне.
У вайну 1812 года каля горада, у лукавіне Заходняй Дзвіны знаходзіліся ўмацаваныя пазіцыі расійскіх войскаўна чале з М. Барклаем дэ Толі («Дрысенскі лагер»).
У 1863—1864 гг. у Дрысе працавала прыходскае вучылішча. У час нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў у ваколіцах Дрысы адбыліся актыўныя ваенныя дзеянні. На 1864 г. у горадзе было 28 кварталаў, 2 плошчы; дзейнічалі 4 дробныя прадпрыемствы з 28 працаўнікамі. У 1866 г. непадалёку ад Дрысы прайшла чыгунка Полацк — Дзвінск. Аднайменная чыгуначная станцыя стала адным з галоўных пунктаў вывазу лёну за мяжу. Вялікія страты Дрысе наносілі паводкі: як сведчыць «Памятная кніжка Віцебскай губерні на 1864», у 1865 г. вялікая паводка затапіла ўсё горада, апрача 7 будынкаў. Чарговая буйная паводка адбылася ў 1878 г.. На 1905 г. існавалі 525 драўляных і 25 мураваных будынкаў, 14 саматужных прадпрыемстваў, гарадская і прыходская вучылішча, ніжэйшая рамесная школа, бальніца, аптэка.
У 1908 г. у горадзе была адчынена Дрысенская ніжэйшая рамесная школа, якой загадваў І. А. Чыхар. Школа размяшчалася на вул. Новамаскоўскай (цяпер — Савецкая). Па звестках на 1910 г., у школе навучалася 50 вучняў, яна мела два аддзяленні: слясарна-кавальскае і сталярнае.
У гады Грамадзянскай вайны ў Расіі маёмасць Дрысенскай ніжэйшай рамеснай школы была эвакуіравана ў горад Ялец, потым зноў вернута ў Дрысу.
25 сакавіка 1918 г. згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дрыса абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала горад разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР.
У 1924 г. Дрысу вярнулі БССР, дзе яна стала цэнтрам раёна (з 1944 г. — у Полацкай, з 1954 г. — у Віцебскай вобласці). У 1925 г. статус паселішча панізілі да мястэчка, аднак 27 верасня 1938 г. Дрыса зноў атрымала статус горада. У лістападзе 1931 г. у горадзе была заснавана дрысенская раённая газета — «Звязда на рубяжы». У сувязі з пераносам паўночна-заходняй мяжы СССР, у 1940 г. газета атрымала новую назву — «Патриот Родины» (выходзіла па серадах, пятніцах і нядзелях), якая ў паваенны час змяніла назву на «Дзвінская праўда». За савецкім часам Дрысенская ніжэйшая рамесная школа была ператворана ў адзіную працоўную школу 1-ай і 2-ой ступеняў.
З 3 ліпеня 1941 г. мясцовасць знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Горад быў вызвалены Чырвонай арміяй ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 12 ліпеня 1944 г. У верасні 1944 г. Дрыса была ўключана ў Полацкую вобласць, а ў студзені 1954 г. — у Віцебскую вобласць.
Паступова быў адноўлены жыллёвы фонд, пабудаваны новыя прадпрыемствы. У 1970 г. быў распрацаваны генеральны план забудовы горада, паводле якога будаўніцтва вялося ўздоўж рэк Заходняя Дзвіна і Дрыса ў гістарычнай частцы горада. У паўднёвай частцы быў збудаваны мікрараён з 5-павярховымі дамамі. Паводле генеральнага плана 1981 г. пры ўездзе ў горад з паўночнага ўсходу за ракой Дрысай узнік яшчэ адзін новы мікрараён Гейжанава са шматпавярховай забудовай. На канец 1990-х гг. — першае дзесяцігоддзе 2000-х прыйшоўся перыяд катэджнага будаўніцтва на ўскрайку горада па беразе р. Дрыса.
25 снежня 1962 г. савецкія ўлады змянілі гістарычную назву горада на Верхнядзвінск. 26 ліпеня 2002 г. адбылося зацвярджэнне гістарычнага герба Верхнядзвінска (Дрысы) з Пагоняй, а 28 лютага 2011 г. — новага гарадскога сцяга[8].
Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў, харчовай прамысловасці. Цэнтр традыцыйнага мастацкага ткацтва.
Дзейнічаюць дом культуры, бібліятэка, краязнаўчы музей, дом рамёстваў, школа мастацтваў.
У Дрысе працуюць гімназія, агульнаадукацыйная школа, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў.
Страчаная спадчына
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Верхнядзвінск
Геаграфічныя звесткі па тэме Верхнядзвінск на OpenStreetMap
Верхнядзвінск Архівавана 2 чэрвеня 2014. — westki.info
Верхнядзвінск на сайце Глобус Беларусі (руск.)