wd wp Пошук:

Андрэй Альгердавіч

Андрэ́й Альге́рдавіч (Андрэй Полацкі; каля 1320 — 12 жніўня 1399) — князь пскоўскі, князь полацкі (13481387), некаторы час тытулаваўся вялікім князем полацкім і вялікім князем рускім.

Старэйшы сын Альгерда і яго першай жонкі віцебскай князёўны Марыі[3]. Нарадзіўся каля 1320 (у 1325[4]) года. У 1342 годзе прыняты пскавічамі на княжанне, але неўзабаве пакінуў Пскоў, напэўна, каб заняць полацкі сталец замест свайго дзядзькі Нарымонта-Глеба, а ў Пскове пакінуў намесніка Юрыя Вітаўтавіча, магчыма, свайго стрыечнага брата. Пасля гібелі Юрыя Вітаўтавіча ў баі з лівонскімі рыцарамі пскавічы, незадаволеныя адсутнасцю Андрэя, абралі іншага князя.

Рускае войска сустракае літоўскіх саюзнікаў — князёў Андрэя Альгердавіча Полацкага і Дзмітрыя Альгердавіча Бранскага

Удзельнічаў у паходзе вялікага князя цвярскога Міхаіла на Маскву ў 1372 годзе. Вёў актыўную барацьбу з крыжакамі, у 1373 і 1375 гадах здзейсніў паспяховыя паходы на Дынабург[3].

Пасля смерці Альгерда (1377), паводле запавету, вялікім князем літоўскім стаў Ягайла. Андрэй спачатку быў у саюзе з Кейстутам супраць Ягайлы, пасля смерці Кейстута абвясціў сябе вялікім князем полацкім, а пасля вялікім князем рускім са сталіцай ў Полацку. Аднак пад націскам Ягайлы вымушаны быў з’ехаць з Полацка ў Пскоў, а адтуль неўзабаве ў Маскву.

Уступіў у саюз з вялікім князем маскоўскім Дзмітрыем Іванавічам[3], удзельнічаў у 1378 годзе ў разгроме татараў у бітве на Вожы, адваяваў у Вялікага Княства Літоўскага для Масквы северскія гарады Трубчэўск і Старадуб, у 1380 годзе ўдзельнічаў у Кулікоўскай бітве, дзе ўзначальваў правы фланг маскоўскага войска[3].

Пасля ўступіў у саюз з Лівонскім ордэнам, назваў лівонскага магістра бацькам і дарагім сябрам, прызнаў сябе яго васалам, вярнуўся ў Полацк, выступіў супраць Ягайлы (1386). У 1386 годзе спаліў Дрысенскі замак[5].

Неўзабаве захоплены Ягайлам і зняволены ў адным з замкаў у Польшчы. Адтуль быў вызвалены на просьбу Вітаўта ў 1390 годзе. Стаў на бок Вітаўта ў яго барацьбе са Скіргайлам[3]. Зноў княжыў у Пскове.

Загінуў у 1399 годзе ў бітве на Ворскле разам з братам Дзмітрыем і іншымі князямі.

Імя

Помнік Андрэю Альгердавічу у Полацку

Хроніка Быхаўца называе Андрэя сынам Кейстута — Андрэем Гарбатым[3], а таксама чацвёртым сынам Альгерда і князем трубчэўскім Вінгальтам[3] («Y było synow u welikaho kniazia Olgierda dwanadcat, … czetwerty Wingolt Andrey, udeł ieho Trubczesk»), таму ў гістарыяграфіі XIX ст. гэтае імя прыпісвалі Андрэю як свецкае літоўскае, але з іншых крыніц яно не вядома[6].

Зноскі

  1. К. Б. Андрей // Энциклопедический лексикон — СПб.: 1835. — Т. 2. — С. 288.
  2. 1 2 Андрей Ольгердович // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. Андреевский — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1890. — Т. Iа. — С. 764.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 Андрей Полоцкий // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 19. — 737 с.
  4. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1), ISBN 985-11-0035-8.
  5. Мацей Стрыйкоўскі. Хроніка Польская, Літоўская, Жамойцкая і ўсёй Русі (1582).
  6. Stadnicki K. Bracia Władysława-Jagiełły… — S. 18, прим. 4.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Вільнюсе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1325 годзе
Катэгорыя·Памерлі 12 жніўня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Гедзімінавічы
Катэгорыя·Памерлі ў 1399 годзе
Катэгорыя·Князі пскоўскія
Катэгорыя·Князі полацкія
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Гедзімінавічы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара