wd wp Пошук:

Руны

Ру́ны — пісьменнасць старажытных германцаў. Ужывалася з III па XII стагоддзе на тэрыторыі сучасных Даніі, Швецыі і Нарвегіі, па XXIII стагоддзе ў Ісландыі і Грэнландыі, а ў шведскай правінцыі Даларна аж да XIX стагоддзя.

Пасля прыняцця хрысціянства ў краінах Паўночнай Еўропы руны як пісьменнасць былі выцеснены лацініцай. Сам тэрмін «руны» мае сувязь са старажытнагерманскім коранем run («тайна»). Усяго вядома каля 5000 рунічных надпісаў, большая частка была знойдзена ў Швецыі. Акрамя таго, у сярэдневяковай Еўропе існавалі рунічныя календары[2][3][4].

Футарк і тэрміны

Старажытнаскандынаўскае і англасаксонскае run, старажытнаісландскае runar і старажытнанямецкае runa звязаны з германскім коранем ru і гоцкім runa, якія азначаюць «тайна», а таксама старажытнанямецкім runen (суч. raunen), якія азначаюць «таямніча шаптаць». Такая назва, мабыць, абумоўлена тым, што старажытныя германцы прыпісвалі рунам нейкія містычныя ўласцівасці[2][4][5].

Футарк
Рунічны надпіс на камені з Рока, усходні бок
Рунічны надпіс на камені з Рока, заходні бок
Надпіс на дзідзе з Ковеля (Заходняя Украіна). Узор ранняга рунічнага надпісу (IV ст.), напісанага бустрафедонам. Надпіс Tilarids значыць «мэтанакіраваны»
Бок B рунічнага каменя з Даніі. Надпіс чытаецца як þusi : kubl : ub : biruti, што перакладаецца як «Чарадзеем будзе той чалавек, які разбурыць гэты помнік»[6]

Галоўнай адметнасцю рунічнага алфавіта з’яўляецца парадак літар, умоўна яго завуць футарк (fuþark) — па першых шасці літарах[7][8]. Такі алфавітны парадак не сустракаўся больш ні ў адной пісьменнасці[2]. Алфавіт падзяляўся на тры роды (ісл.: Ættir — этыр, нарв.: Ætt — ат), па 8 рун у кожным. У першы этыр уваходзілі руны f, u, þ, a, r, k, g, w. У другі — h, n, i, j, é (ih-wh), p, R (z), s. У трэці этыр уваходзілі руны t, b, e, m, l, ŋ, d, o[2][3][4].

Кожная руна мела сваю назву. Першапачатковыя назвы рун не захаваліся, але вось іх меркаваныя назвы, адноўленыя з назваў рун у пазнейшых алфавітах[9]:

РунаНазваПеракладТранскрыпцыя
1 этыр:
fFehu«скаціна, маёмасць»f, v
uUruz«зубр»u
th, þÞurisaz«шып, чорт»þ
aAnsuz«бог»a
rRaidu«шлях»r
kKauna«факел»k
gGebu«дарунак»g, γ
wWunju«радасць»w
2 этыр:
hHagalaz«град»h
nNaudiz«патрэба»n
iIsaz«лёд»i
jJara«год, ураджай»j
ï, eiIwaz«ціс»é (ih-wh)
pPerþuЗначэнне не яснаp
RAlgiz«лось»-R (-z)
s ці sSowilu«Сонца»s
3 этыр:
tTiwaz«Цюр»t
bBerkana«бяроза»b
eEhwaz«конь»e
mMannaz«чалавек»m
lLaguz«возера»l
ŋIŋwaz«Інгві»ŋ
dDagaz«дзень»d, ð
oOþila«спадчына»o

Кірунак пісьма — злева направа, але ў ранніх надпісах сустракаецца бустрафедон[2]. Так, на дзідзе з Ковеля надпіс чытаецца справа налева, прычым самі руны таксама павернутыя ў адваротны бок, як паўночнаэтрускія літары і грэчаскія літары ў ранніх помніках старажытнагрэчаскай пісьменнасці. Словы падзяляліся з дапамогай кропкі, двукроп’я ці крыжа[9].

Сімвалы

Сімвалы на рунічных камянях
Сімвалы на брактэатах

На рунічных камянях сустракаюцца розныя сімвалы: формы свастык, чатырохсегментныя сімвалы, трыкветры, трыскеліёны, пентаграмы, спіралі. Значна разнастайней былі сімвалы на брактэатах: на іх сустракаліся таксама арнаменты з трох і больш кропак, трохвугольнікі, кружкі, T-падобныя, S-падобныя, I-падобныя сімвалы, зігзагі[10].

Рунічныя помнікі

Рунічны надпіс у Сафійскім саборы ў Канстанцінопалі

Усяго знойдзены каля 5000 рунічных надпісаў[7], з іх 3000 — у Швецыі[11][12]. Найбольш старажытныя помнікі рунічнага пісьма выяўлены ў Даніі[2][13], усяго там былі знойдзены каля 500 рунічных надпісаў. Каля 600 рунічных надпісаў знойдзены ў Нарвегіі, каля 140 — на Брытанскіх астравах, каля 60 — у Грэнландыі, каля 70 — у Ісландыі. Некалькі надпісаў былі знойдзены ў Расіі, Латвіі, Украіне, Германіі, Аўстрыі. Таксама рунічныя надпісы былі выяўлены ва Францыі, Грэцыі, Румыніі, Турцыі, Нідэрландах[4]. Буйны збор рунічных камянёў знаходзіцца ў калекцыі ўніверсітэта Упсалы. У сучасным Стакгольме ў раёне Гамластан на рагу спуска Кэкбрынкен у цокаль жылога дома ўманціраваны старажытны камень з добра захаванай вяззю рунічных надпісаў.

Адным з найбольш ранніх рунічных надпісаў лічыцца надпіс на касцяным грэбні, захаваным у балоце на дацкім востраве Фюн. Надпіс перакладаецца як harja (імя ці эпітэт) і датуецца другой паловай II стагоддзя. Да нядаўняга часу лічылася, што рунічнае пісьмо з’явілася ў III стагоддзі, аднак апошнія знаходкі ўказваюць на тое, што руны выкарыстоўваліся яшчэ ў I стагоддзі н. э.[14]

Брактэат з рунамі і сімвалам свастыкі

Вялікая колькасць рунічных надпісаў высечана на камянях, таксама вядомыя брактэаты, якія ўяўляюць сабой круглыя залатыя пласцінкі, якія першапачаткова імітавалі рымскія медальёны[7]. Вядомыя некалькі рунічных рукапісаў — «Codex Runicus», «Fasti Danici», «Cotton Domitian», «Codex Salisburgensis, 140»[2]. Вельмі цікавыя рунічныя надпісы ў Сафійскім саборы ў Канстанцінопалі, а таксама мармуровы леў з афінскага порта Пірэй, плячо якога пакрыта рунічнымі надпісамі. У 1687 годзе скульптура была прывезена ў Венецыю ў якасці трафея[7]. У Кенсінгтоне ў штаце Мінесота (ЗША) у 1898 годзе быў знойдзены рунічны камень, аднак пытанне пра яго сапраўднасць застаецца адкрытым.

Рунічныя надпісы выразаліся ці высякаліся на метале, дрэве, камені — у старажытных германцаў мастацтва разьбы па дрэве знаходзілася на высокім узроўні. Рунічныя надпісы былі самага разнастайнага зместу: сустракаліся розныя магічныя надпісы і звароты да багоў, але з большага рунамі пісаліся мемарыяльныя надпісы[2]. Яркім прыкладам таму можа паслужыць рунічны камень з Рока, які ўсхваляе караля Т’ёрдыка, што жыў у VI стагоддзі[7], аднак першыя радкі гэтага надпісу абвяшчаюць «Пра Вемуда кажуць гэтыя руны. Варын склаў іх у гонар загінулага сына», што можа казаць пра памінальнае значэнне каменя[15].

Некралогам служыць і іншы рунічны камень з Нарвегіі. Ён абвяшчае: «Энгль узвёў гэты камень у памяць пра свайго сына Торальда, які памёр у Вітахальме, паміж Устахальмам і Гардарам».

Іншыя рунічныя помнікі ўсхвалялі доблесць вікінгаў, якія вярнуліся з падарожжаў. Вось тыповы надпіс на камені з горада Эш пад Стакгольмам: «Руны высечаны па загадзе Рагнвальда. Ён быў у Грэцыі на чале войска». Рунічныя камяні, такія як камень з Хілерсье (Швецыя), расказваюць пра выключныя правы жанчын у германцаў — права жанчыны на ўладанне ўласнасцю. Рунамі высякаліся імёны ўладальнікаў зброі, мастакоў. Але вядомыя і рунічныя надпісы бытавога характару[7]. Вялікую колькасць рунічных надпісаў уяўляюць брактэаты, таксама вядомы рунічныя календары.

Паходжанне рун

Грэка-лацінская версія

старонка з рунічнага рукапісу Codex Runicus
Залатое кольца з П'етраасы
Надпіс на наканечніку дзіды з Еўрэ Стабю

Па праблеме паходжання рун маецца вялікая колькасць гіпотэз. Форма рун, падоўжаная і калючая, наштурхнула Ісака Тэйлара на думку, што руны паходзяць ад грэчаскага алфавіта, які ўжываўся ў VI ст. да н.э. на беразе Чорнага мора. Ролю стваральнікаў Тэйлар прыпісваў готам, якія ў тую эпоху нібы засялялі ўсходнюю частку Еўропы (сучаснай Расіі), хоць на самай справе готы мігравалі ў Паўночнае Прычарнамор’е на 900 гадоў пазней. Шэраг іншых вучоных бачыць продка рунічнай пісьменнасці ў грэчаскім скорапісе апошніх стагоддзяў да нашай эры[2].

Людвіг Франц Адальберт Вімер прапанаваў тэорыю пра паходжанне рун з лацінскага пісьма канца II ст. н. э. Лацінскай тэорыі прытрымваецца і Сігурд Агрэл, мяркуючы, што дата ўзнікнення рун — I стагоддзе. Па здагадцы Ота фон Фрызена руны былі вынайдзены готамі ў IIIII стст. н. э. на аснове грэчаскага і лацінскага алфавітаў.

Брэдсдарф лічыў, што руны паходзяць ад гоцкай пісьменнасці. Гэта версія адхіляецца іншымі даследчыкамі, бо найбольш старажытныя рунічныя надпісы дакладна датуюцца не пазней чым III стагоддзем, тады як гоцкая пісьменнасць была вынайдзена толькі ў IV стагоддзі[2].

Паўночнаэтруская версія

Найбольш папулярная тэорыя пра паходжанне рунічнага пісьма ад аднаго з паўночнаэтрускіх алфавітаў[16], якую прапанаваў у 1928 годзе рунолаг Карл Марстрандэр[17][18].

Гэту версію падтрымлівае большасць вучоных. Ёсць тэорыя пра змяшанае паходжанне рун з паўночнаэтрускага і агамічнага алфавітаў (яе прапанаваў Хамерстрэм), а таксама, па здагадцы Файста, акрамя гэтых дзвюх пісьменнасцей, на руны магла аказаць уплыў лацініца.

Семіцкая версія

Лідыйскі алфавіт мае шэраг літар ідэнтычных рунам (па графіцы, але не па фанетыцы). Гэты алфавіт, відаць, узнік ад фінікійскага алфавіта паралельна з грэчаскім. Гэта пісьменнасць вымірае ў III ст. да н.э., і прыкладна ў гэты ж час руны з’яўляюцца ў Еўропе, увабраўшы і шэраг літар лацініцы. Некаторыя руны маюць дакладныя аналагі ў іншых семіцкіх алфавітах, напрыклад у паўднёвааравійскім пісьме руны: Gebo, Berkana, Ing (у скандынаўскім варыянце).

У 1930—1940-х гадах у Германіі распрацоўвалася тэорыя Urrunen, паводле якой руны паходзілі ад нейкіх прарун, ад якіх пайшлі ў тым ліку паўночнасеміцкі алфавіт, а такім чынам, і ўсе алфавітныя пісьменнасці свету. Гэта тэорыя распрацоўвалася выключна з мэтай «германізацыі» алфавіта і не заслугоўвае даверу. Дагэтуль дакладна невядома, з якой мэтай ствараліся руны: ці былі гэта знакі для варажбы, або ж руны першапачаткова задумваліся як пісьменнасць[2][3][4].

Нетрадыцыйныя версіі

Сігурд Агрэл, шведскі прафесар Лундскага ўніверсітэта, у 1932 годзе прапанаваў эзатэрычную тэорыю, паводле якой руна f была апошняй, а не першай у рунічным алфавіце. Ён лічыў, што, расставіўшы руны менавіта ў такім парадку, можна было зразумець нейкі тайны сэнс рунічнага шыфра[19]. Гэта тэорыя не была прынята ў навуковым свеце, але ў яе знайшоўся шэраг паслядоўнікаў, такіх як Томас Карлсан. Ён апублікаваў першыя манаграфіі па тэорыі ўтарка пасля прац Агрэла[20]. Іншым вядомым паслядоўнікам тэорыі ўтарка з’яўляецца акультыст Кенет Медаўз[21][22][23].

Міфалагічная версія

Паводле скандынаўскай міфалогіі руны адкрыліся Одзіну, калі ён, працяўшы сябе дзідай, дзевяць дзён і начэй правісеў на Сусветным дрэве без ежы і пітва. Пасля чаго, прагнаўшы смагу свяшчэнным (шаманскім) мёдам ад яго дзеда Бёльтарна, ён пачуў руны і напісаў першыя з іх дзідай на Дрэве ўласнай крывёй.

Развіццё пісьма

Раннія, агульнагерманскія, ці праскандынаўскія руны

Гоцкія руны
Англасаксонскія руны паводле рукапісу «Cotton Domitian»
«скрамасакс» з англасаксонскім рунічным алфавітам
«Маркаманічныя руны»

Існавала некалькі розных тыпаў рун, найбольш раннім з’яўляецца праскандынаўскі варыянт, які выкарыстоўваўся ў агульнагерманскай мове–кайнэ. Ён ужываўся ў перыяд з I па VIII стагоддзе н.э. (у гісторыі германскіх народаў гэта рымскі жалезны век і германскі жалезны век), і яго часам завуць старэйшым футаркам, ці старэйшымі рунамі[3]. Старэйшых рун усяго 24, яны сустракаюцца на зброі, упрыгожваннях і памятных камянях-стэлах. Менавіта старэйшыя руны ўжываліся пазней (да XIII ст.) у магічных і сакральных мэтах. Малодшыя руны (IX—XIII стст.) выкарыстоўваліся для стварэння мемарыяльных надпісаў і не мелі сакральнага значэння. Усяго вядома каля 150 прадметаў (дэталі ўзбраення, амулеты, надмагільныя камяні) з раннімі рунічнымі надпісамі III—VIII стагоддзяў[5]. Большасць надпісаў складаецца з адзінага слова, звычайна імя, што ў дадатак да магічнага выкарыстання рун прыводзіць да немагчымасці паўнацэнна прачытаць каля трэці надпісаў. Мова самых старажытных рунічных надпісаў больш архаічная чым гоцкая, самая ранняя з германскіх моў, зафіксаваных у іншых пісьмовых помніках[24].

Гоцкія руны

Таксама вылучаюць гоцкія руны, якія з’яўляюцца ранняй разнавіднасцю агульнагерманскіх. Яны выкарыстоўваліся ва Усходняй Еўропе ў IIV стст. н.э. Звычайна да гоцкіх рунічных надпісаў адносяць надпіс на наканечніку дзіды з Ковеля (Украіна), на залатым пярсцёнку з П’етраасы (Румынія), а таксама надпіс на наканечніку дзіды з Эўрэ Стабю (Нарвегія). Надпіс абвяшчае: raunijaz, гэта значыць «які выпрабоўвае». Яго лічаць самым раннім рунічным надпісам[17].

Англасаксонскія руны

У сувязі з перасяленнем шэрага германскіх плямёнаў на Брытанскія астравы (англаў, саксаў, ютаў) у іх мове адбыліся фанетычныя змены, быў дададзены шэраг новых галосных гукаў, у выніку чаго агульнагерманскі рунічны алфавіт стаў непрыдатны. Так узнік англасаксонскі рунічны алфавіт. Да VII стагоддзя былі дабаўлены дзве новыя руны — Ac, якая пазначала доўгае ɑ: і Æsc, якая пазначала гук æ. Пазней былі дададзены руны Yr для y, Ior для дыфтонга io, Ear для дыфтонга ea, Cweorþ для q, Calk для k, Stan для гукаспалучэння st, Gar для цяжкага g. Спісы англасаксонскага рунічнага алфавіта захаваліся ў рукапісах «Codex Salisburgensis, 140», «Cotton Domitian (Codex Cotton)», а таксама на «скрамасаксе», кароткім мячы, знойдзеным у Тэмзе. Некалькі старых рун змянілі сваё фанетычнае значэнне: a стала пазначаць гук o, z — x. Назвы старых рун былі моцна зменены, дакладней, перакладзены на англасаксонскую мову. Яны сталі наступнымі: Feoh, Ur, Þorn, Or, Rad, Cen, Gyfu, Wen, Hagl, Nyd, Is, Ger, Ih, Peorþ, Eohlx, Sigel, Tir, Beorc, Eh, Man, Lagu, Ing, Oeþel, Dæg.

Новыя руны перакладаліся наступным чынам: Ac — «дуб», Æsc — «ясень», Yr — «лук (зброя)», Ior — «змей», Ear — «зямля», Calc — «пацір», Stan — «камень», Gar — «дзіда». Значэнне руны Cweorþ невядома[2][9].

«Маркаманічныя руны»

У трактаце «De Inventione Litteraum», які захаваўся ў рукапісах VIII і IX стст., знойдзеных галоўным чынам у Каралінгскай імперыі, згадваецца цікавая сумесь агульнагерманскіх і англасаксонскіх рун, якая была названа «маркаманічныя руны», хоць да саміх маркаманаў не мае ніякага дачынення і, верагодна, была створана, каб зрабіць руны цалкам эквівалентнымі лацінскаму алфавіту[25].

Паўночныя, ці скандынаўскія руны

f u þ a r k h n
n i a s t b l m R
Дацкія руны
Шведска-нарвежскія руны
Нарвежскія руны

К пачатку IX стагоддзя ў краінах Скандынавіі агульнагерманскі рунічны алфавіт пайшоў у іншы бок развіцця. У старажытнаскандынаўскай мове таксама адбыліся некаторыя змены, узбагаціўся гукавы рад мовы, таму агульнагерманскіх рун стала таксама недастаткова, каб перадаваць гукавы склад мовы, але, у адрозненне ад англасаксонскіх рун, у скандынаўскіх рунах колькасць знакаў не павялічвалася, а памяншалася. Былі выключаны руны g, w, ih-wh, p, z ŋ, d, o. З англасаксонскага рунічнага алфавіта была дададзена руна Yr. Такім чынам, алфавіт стаў складацца з шаснаццаці рунічных знакаў. Назвы рун таксама моцна змяніліся: Fe, Ur, Þurs, Åss, Reið, Kaun, Hagall, Nauð, Iss, Ar, Sol, Tyr, Bjarkan, Maðr, Løgr. Што ж да астатніх праскандынаўскіх рун, то кожная з іх стала пазначаць некалькі падобных гукаў: руна Ur стала пазначаць гукі u, o, ø, w; þurs — þ, ð; Åss — å, ą, æ; Kaun — k, g, ŋ; Iss — i, e, ø, y; Ar — a, æ, e, ø; Tyr — t, d, nd; Bjarkan — p, b, mb. Звычайна адрозніваюць два тыпы скандынаўскіх рун — дацкія і шведска-нарвежскія[3]. Дацкія руны падвергліся найменшай змене ў знешнім выглядзе, яны выкарыстоўваліся ў IXXI стагоддзях. У шведска-нарвежскіх жа рун была тэндэнцыя да графічнай мінімалізацыі знака. Так, руны s і y скараціліся да адной рысы. Шведска-нарвежскія руны выкарыстоўваліся ў IXX стагоддзях. Пазней стаў вылучацца нарвежскі варыянт, па напісаннях ён наблізіўся да дацкага. Скандынаўскія руны, а таксама ўсе наступныя, завуць таксама Малодшымі рунамі[3].

Хельсінгскія руны

Хельсінгскія руны

Тэндэнцыя да скарачэння напісання знакаў у шведска-нарвежскіх рунах выявіла сябе ў хельсінгскіх рунах. Гэтыя руны хоць і выкарыстоўваліся ў Хельсінгландзе (Швецыя), але, верагодна, былі вынайдзены ў раёне возера Меларэн. Надпісы, зробленыя хельсінгскімі рунамі, датуюцца XI стагоддзем[2].

Мэнскія руны

Менскія руны

Тэндэнцыя да скарачэння захавалася і ў нарвежскіх рунах. Так, у XIXII стст. на востраве Мэн выкарыстоўваўся вельмі цікавы варыянт нарвежскіх рун, званы мэнскія руны. Яго адметнай асаблівасцю з’яўляецца адсутнасць 16-й руны. Надпісы, зробленыя гэтым пісьмом, падзяляюць на два тыпы: дзе чацвёртая руна пазначала гук ą і дзе яна пазначала o[2].

Пункціраваныя руны

Ранняя форма пункціраваных рун
Пазнейшая форма пункціраваных рун

Пункціраваныя руны ўзніклі ў XI стагоддзі ў Даніі і Нарвегіі. Яны былі створаны з мэтай удасканалення скандынаўскіх рун, бо тыя, з-за вялікай колькасці фанетычных значэнняў у кожнай руны, не маглі дакладна перадаваць напісанае. Таму былі дабаўлены знакі для c, d, g, o, p, v, ð, æ, ø, z. Стымулам да пашырэння алфавіта паслужыў вопыт англасаксонскіх рун. Сваёй назвай пункціраваныя руны абавязаны пунктам, якія дадаваліся да рун пры ўтварэнні ð з þ; p з b; y[2][3].

Ісландскія руны

Ісландскія руны напачатку XII стагоддзя

Ісландскія руны можна лічыць развіццём варыянта пункціраваных рун. Яны выкарыстоўваліся ў Ісландыі ў XIIXIV стст. У познюю эпоху ў ісландскіх рунах сталі рэзка змяняцца формы асобных рун. Так, руна y набыла форму , p — а q — . З’явілася тэндэнцыя да замены дробных рысачак і кропак на кружочкі ў рунах d (), e (). З’явіліся «скарочаныя формы рун» (Viktigste islandske særformer): руны (d), (e), (k), (q), (s), (x), (y), (z), (ö)[26][27][28][29].

Грэнландскія руны

Грэнландскія руны

Грэнландскія руны таксама паходзяць ад пункціраваных, яны выкарыстоўваліся прыблізна ў адзін час з ісландскімі. Усяго ў Грэнландыі было знойдзена каля 60 рунічных надпісаў, 35 з іх — ва Усходнім Паселішчы, 20 — у Заходнім Паселішчы. Найстарэйшы рунічны надпіс Грэнландыі адносіцца да XIV стагоддзя і быў знойдзены ў Нарсаку, на паўночны захад ад Юліянехаба[30][31].

Далекарлійскія, ці дальскія руны

Далекарлійскія руны

Далекарлійскія, ці дальскія руны выкарыстоўваліся ў правінцыі Даларна (Швецыя) з XV да XIX стагоддзя. Яны па сваім напісанні наблізіліся да лацініцы, з’явіліся чыста лацінскія формы літар (Ä, Ö, Å, G). Гэты варыянт выкарыстоўваўся апошнім у якасці пісьменнасці і быў канчаткова выцеснены лацініцай[8][11][32].

Уплыў на іншыя пісьменнасці

Гоцкае пісьмо

Біскуп Вульфіа стварыў гоцкую пісьменнасць на аснове грэчаскага алфавітнага рада з выкарыстаннем лацінскага і рунічнага пісьма. З рунічнага пісьма гоцкі алфавіт атрымаў у спадчыну назвы літар, хоць яны былі трохі зменены: asha, bairkan, giba, dags, aihvus, quairtha, iuja, hagl, thiuth, eis, kusma, lagus, manna, nauths, jer, urus, pairthra, raida, sauil, teiws, winja, faihu, iggwis, hwair, othal. Да рунічнай пісьменнасці можна ўзвесці гоцкія літары urus, othal.

Да рунічнай пісьменнасці таксама ўзыходзяць дадатковыя літары ў стараанглійскім і ісландскім алфавітах, заснаваных на лацініцы[3]: Þ (торн) і Ƿ (він, толькі ў стараанглійскай).

Рунічны тайнапіс

Рунічны тайнапіс на баку каменя з Рока. Надпіс чытаецца як ruv [s]akumukmini
Надпіс на камені з Цёрвікі (чырвоным вылучаны лішнія лініі, пункцірам — якія адсутнічаюць)
«Галінастыя руны»
Надпіс з Вольсты
«Шатровыя руны», абазначэнні рун у верхняй палове
«Шатровыя руны», абазначэнні рун у ніжняй палове

Вядома некалькі простых спосабаў шыфравання рунічных знакаў. Былі распаўсюджаны так званыя «вязаныя руны», у якіх сумяшчалася некалькі рун на адной рысе. Іншым відам рунічнага тайнапісу з’яўляецца прынцып, дзе замест самой руны адлюстроўваўся нумар Этыра, у які ўваходзіла руна, і парадкавы нумар руны ўнутры Этыра. Гэта сістэма выкарыстоўвалася выключна ў скандынаўскіх рунах[2][9]. Нумар Этыраў змяняўся на адваротны. Так, 1 Этыр у тайнапісы пазначаўся як 3, 3 як 1, а 2 як 2. На камені з Рока прадстаўлена вялікая колькасць разнавіднасцей тайнапісу, асаблівасць якіх складаецца ў тым, што ў 3 (у тайнапісы 1) Этыр уваходзяць руны не t, b, m, l, y, а руны t, b, l, m, k. Існавала некалькі спосабаў адлюстравання гэтага прынцыпу. У kvistrunir («галінастыя руны») ад доўгай лініі адыходзяць рысачкі: іх колькасць злева пазначала нумар Этыра, справа — руны. Tjaldrunir («шатровыя руны», ці «крыжовыя руны») адрозніваецца ад kvistrunir тым, што адзін знак пазначае два гукі: ад крыжа адыходзяць рысачкі, зверху злева — нумар Этыра, зверху справа — нумар руны; знізу справа — нумар Этыра другой руны, знізу злева — яе нумар унутры Этыра[2]. Абодва гэтыя тыпы тайнапісу прадстаўлены на камені з Рока. Іншы тып падобнага тайнапісу, прадстаўлены на камені з Рока, уяўляе сабой шыфроўку, дзе нумар Этыра пазначаўся агульнагерманскімі рунамі o, а нумар руны — шведска-нарвежскімі s. На камені напісана «oossoosss», што пазначае «ni». Таксама на гэтым камені прысутнічае від тайнапісу, дзе нумар Этыра пазначаўся агульнагерманскай рунай ih-wh, перавернутай у адваротны бок, а нумар руны — звычайнай агульнагерманскай рунай ih-wh. У некаторых іншых выпадках (надпіс з Вольсты) нумар Этыра пазначаўся шведска-нарвежскімі рунамі y, а нумар руны, як і ў «галінастых рунах», колькасцю рысачак з правага боку асноўнай лініі. Багаты ўнікальнымі відамі рунічнага тайнапісу Берген. У Бергене былі знойдзены дзве ўнікальныя драўляныя дошчачкі з разнавіднасцямі «галінастых рун»: на адной замест сярэдняй лініі была выява рыб, на іншай дошчачцы нумара Этыра і руны пазначаліся лініямі барады мужчынскай галавы. Таксама ў Бергене выкарыстоўвалася такая сістэма шыфроўкі рун, дзе руна f пазначалася як, уласна, f; u як ff; þ — fff; o пазначалася ўласна рунай o; r — oo; k — ooo і г.д., руна y не шыфравалася. У рукапісы «Codex Salisburgensis, 140» гэта сістэма замены галосных пунктамі: a адной, e дзвюма, і трыма, o чатырма, u пяццю. Таксама вядомы від тайнапісу, які складаецца ў адваротным напісанні асобных рун, даданні да рун лішніх рысачак і выдаленні патрэбных. Ён прадстаўлены надпісам на камені з Цёрвікі[9].

Рунічныя календары

Рунічны каляндар
Абазначэнні дзевятнаццаці «залатых чыслаў» у позніх рунічных календарах
Абазначэнні дзён сям'ю рунамі на ранніх рунічных календарах

Існавалі таксама рунічныя календары, разнавіднасці «вечнага календара». У Даніі іх называлі рымстакамі (ад rim — «каляндар» і stok — «палка»), у Нарвегіі іх называлі праіставамі (ад prim — «залатая колькасць»). Яны часцей за ўсё мелі выгляд палкі ці кія даўжынёй ад некалькіх цаляў да 5 футаў. Гэтыя календары выкарыстоўваліся ў Скандынавіі, і, магчыма, паходзяць з далёкай мінуўшчыны, але самыя раннія са знойдзеных датуюцца XIV стагоддзем[2]. Для навукі цікавасць уяўляе рукапіс Олі Ворма «Computus Runicus», копія рукапісу 1328 года, у якой быў цалкам запісаны рунічны каляндар. На адным боку пазначаліся даты з 14 красавіка па 13 кастрычніка (Nottleysa, «безночныя дні», лета па скандынаўскім календары), на іншым боку, адпаведна, даты з 14 кастрычніка па 13 красавіка (Skammdegi, «кароткія дні», зіма па скандынаўскім календары). Для абазначэння дзён у рунічных календарах першапачаткова выкарыстоўваўся паўтаральны парадак з сямі рун. Таксама адзначаліся дзевятнаццаць «залатых чыслаў» для знаходжання поўні[2]. Кожная з дзевятнаццаці дат адзначалася рунай, лікавае значэнне вызначалася алфавітным парадкам, а для трох дат, якія адсутнічаюць, былі створаны дадатковыя руны: Arlaug () пазначаў 17, Tvimaður () пазначаў 18, Belgþor () пазначаў 19. Святы пазначаліся спецыяльнымі знакамі. Гэтыя знакі вызначаліся, галоўным чынам, прыметамі, звязанымі з тым ці іншым святам, так, 9 чэрвеня, Дзень Св. Калумбы пазначаўся выявай ласося, бо паводле прыметы ў гэты дзень пачынаўся нераст ласося. 14 красавіка, Першы дзень каляндарнага лета, пазначаўся выявай квітнеючага куста. 11 лістапада, Дзень Св. Марціна, пазначаўся выявай гусі, бо Св. Марцін, калі яго выбралі біскупам, спалохаўся і схаваўся сярод гусей. У пазнейшую эпоху дні сталі пазначацца простымі рысачкамі, а дзевятнаццаць «залатых чыслаў» — арабскімі лічбамі або іншымі лічбавымі знакамі[9].

Мовы рунічных надпісаў

Асноўныя артыкулы: Старажытнагерманская мова, Гоцкая мова, Старажытнаанглійская мова, Старажытнаскандынаўская мова, Старажытнашведская мова, Шведская мова Найбольш старажытныя рунічныя надпісы былі напісаны на старажытнагерманскай мове, аднак яны не могуць у поўнай меры адлюстраваць агульнагерманскі моўны стан: раннія надпісы, знойдзеныя ў розных месцах, не маюць ніякіх моўных асаблівасцей і не даюць інфармацыі адносна развіцця мовы ў тым ці іншым рэгіёне. Пазнейшыя рунічныя надпісы напісаны на англасаксонскай (англасаксонскія руны), старажытнаскандынаўскай (скандынаўскія руны) мовах. Найбольш познія рунічныя надпісы, зробленыя далекарлійскімі рунамі, напісаны на шведскай мове. У цэлым, напісанае рунамі не заўсёды адпавядае вымаўленню з прычыны вялікай колькасці скарачэнняў у канцы слова і адсутнасці словападзелу ў ранніх рунічных надпісах. З-за гэтага многія рунічныя надпісы дапускаюць розную інтэрпрэтацыю[1].

Руны ў культуры

Акультнае значэнне

Яшчэ Юлій Цэзар паведамляў у сярэдзіне I ст. да н. э. пра германскі звычай варажбы на лёсавальных палачках[33]. Тацыт падрабязней распавёў пра яго:

Ссечаную з пладовага дрэва галінку яны наразаюць плашкамі і, нанесучы на іх адмысловыя знакі, высыпаюць затым, як прыйдзецца, на беласнежную тканіну. Пасля гэтага, калі варажба здзяйсняецца ў грамадскіх мэтах, жрэц племені, калі прыватным чынам, — галава сям’і, узнесучы малітвы багам і накіраваўшы позірк у неба, тройчы вымае па адной плашцы і тлумачыць прадраканне ў адпаведнасці з выскрабенымі на іх загадзя знакамі[34].

Магічныя ўласцівасці рунам прыпісвалі яшчэ старажытныя германцы, так, у «Старэйшай Эдзе» можна знайсці ўпамінанні пра нейкія містычныя ўласцівасці рун як абярэгаў ад розных небяспек, зману, як гаючых сімвалаў[35].

Так званы «арманічны футарк»

Адным з найбольш ранніх рунічных помнікаў, дзе згадваюцца магічныя значэнні рун, з’яўляецца рукапіс «Computus Runicus» дацкага вучонага і ўрача Олі Ворма, копія рукапісу 1328 года.

Сучасны варажбітны сэнс рун увёў у XIX—XX стст. нямецкі даследчык рун і акультыст Гвіда фон Ліст, які, апроч іншага, стварыў рунічны «алфавіт» спецыяльна для варажбы — «арманічны футарк». Гэты алфавіт засноўваўся на скандынаўскіх рунах, былі дададзены два «знакі», назвы рун былі зменены. Ніжэй прыведзены іх назвы ў «алфавітным парадку»: Fa, Ur, Thorr, Os, Rit, Ka, Hagal, Nauth, Is, Ar, Sol, Tyr, Bar, Laf, Man, Yr, Ef, Fyfros.

Сёння руны выкарыстоўваюцца выключна як містычныя сімвалы для варажбы, «зачаравання» прадметаў, выкарыстоўваюцца ў татуіроўках і абярэгах. Для варажбы выкарыстоўваецца набор з 24[36] або 25[37] рун. Як правіла, руны наносяць на камяні[37], аднак варажбіты часта карыстаюцца рунамі з дрэва, касці і нават салёнага цеста[36].

Кожная руна ў магічнай практыцы мае сваё значэнне. Руна Феху звязана з фінансамі, ужываецца для вырашэння праблем такога роду; руна Уруз — руна сілы, упэўненасці ў сабе; руна Турысаз — руна поспеху, пачатку новых дзеянняў; Ансуз — руна ведаў і досведу, руна Райда ўжываецца, каб засцерагчы сябе ў паездках; Кеназ выкарыстоўвалася для прыцягнення талентаў; Геба — руна кахання; Вунья — руна задавальнення, паспяховага заканчэння той ці іншай справы; Хагал — руна бяспекі; Наўд — руна прымусу, выкарыстоўвалася для вызвалення ад праблем; Іса выкарыстоўвалася для таго, каб тыя ці іншыя акалічнасці захоўваліся ў бягучым стане; Ера — руна земляробства, атрымання вынікаў ад працы; Эйваз — руна абароны; Перта — руна ўдасканалення магічнага досведу; Альгіз — таксама руна абароны ад нядобразычліўцаў; Совіла — руна перамогі; Тэйваз — руна вайны; Беркана — руна росту, развіцця; Эваз — руна змен; Маназ — руна прыцягнення дапамогі; Лагуз выкарыстоўвалася для ўзмацнення інтуіцыі, прадчуванняў; Інгуз — руна збору ўраджая; Дагаз — руна гарманічных змен; Одал — руна мудрасці мінулых пакаленняў.

У сучаснай практыцы выкарыстоўваюць таксама 25-ю руну, руну Одзіна, пустую руну (гэта значыць пустую варажбітную драўляную нарыхтоўку для руны), якая азначае «чысты лёс». Руны складваюць у спецыяльны мяшэчак, які трэба ўвесь час насіць з сабой. Даставаць руны з мяшэчка можна толькі ў момант варажбы. Існуе мноства разнастайных спосабаў варажбы з дапамогай рун: расклады на 1 руну (так/не), 3 (мінулае-сучаснасць-будучыня), 4, 5, 7, 9 (т.з. «сусветнае дрэва»), 12, 24 («раскладванне па палатне») руны. Пры трактоўцы раскладу ўлічваецца значэнне кожнай асобна ўзятай руны (улічваецца прамое, перавернутае (адсутнасць) і люстраное (адмова) размяшчэнне руны), іх узаемнае размяшчэнне, сэнсавыя спалучэнні (да прыкладу, «одаль» — дом, радзіма, клан, і «райда» — дарога прадвесцяць хуткую дарогу дахаты).

Зігфрыд Кюмер лічыў, што руны служаць як бы мостам, якія злучаюць чалавека са старажытнымі арыйскімі багамі[38]. Ён меркаваў, што кожная руна адпавядае становішчу чалавечага цела. Таксама ён лічыў неабходным спяваць розныя камбінацыі рун. Пасля пад уплывам гэтага Адольф Гітлер выкарыстоўваў руны ў нацысцкай сімволіцы[39]. Кюмер пісаў:

Рунічная магія дазваляе кіраваць рознымі энергетычнымі патокамі, якія ідуць з пяці касмічных сфер. Для гэтага неабходна стварыць адпаведныя ўмовы для свайго фізічнага цела — гэта значыць прыняць правільную рунічную паставу — і наладзіць сваю свядомасць на ўспрыманне энергетычных патокаў. Гэта робіцца пры дапамозе адмысловых рунічных гукаў, якія германцы звалі «гальд» (galdr — «загавор», «магічная песня»).

Руны ў нацысцкай сімволіцы

У сімволіцы SS не раз сустракаюцца рунічныя знакі. Так, сімвалам SS былі дзве белыя руны s на чорным фоне. Больш таго, руны не раз сустракаюцца на сімволіцы розных дывізій SS: руна o на эмблеме 7-й добраахвотніцкай горнай дывізіі «Прынц Ойген», 23-й горнай дывізіі «Кама» і 23-й добраахвотніцкай танкава-грэнадзёрскай дывізіі «Недэрланд»; руна s таксама сустракаецца на сімволіцы 12-й танкавай дывізіі «Гітлерюгенд»; руна t намалявана на эмблеме 32-й добраахвотніцкай грэнадзёрскай дывізіі «30 студзеня»; руна n на эмблеме 6-й горнай дывізіі «Норд».

Руна s была сімвалам арганізацыі Юнгфольк — падраздзялення Гітлерюгенда.

Дзве руны s і руна n намаляваны на ўзнагародным знаку SS Пярсцёнак «Мёртвая галава».

Агулам, па ўказу Гімлера ў сімволіцы СС выкарыстоўвалася 14 рун старэйшага футарка, з дапамогай якіх пазначаліся асноўныя этапы кар’ернага прасоўвання па службе і асабістыя характарыстыкі членаў арганізацыі[40][41]. У СС-аўскіх рытуалах выкарыстоўваліся розныя прадметы, упрыгожаныя рунамі, у тым ліку пярсцёнкі, ёльскія свяцільні, кінжалы і інш.

Руны ў мастацкай літаратуры

Кірт — адна з пісьменнасцей Міжзем'я
Месяцавыя руны

Дж. Р. Р. Толкін у сваіх кнігах апісваў алфавіты, створаныя ім спецыяльна для моў народаў Міжзем’я. Сярод іх ёсць дзве пісьменнасці, створаныя на аснове рунічнага пісьма. Адна з гэтых пісьменнасцей — Месяцавыя руны (Moon letters) — уяўляе сабой некалькі зменены агульнагерманскі рунічны алфавіт, якім Толкін нібы «перавёў» аўтэнтычныя тэксты Міжзем’я, іншая пісьменнасць Міжзем’я — кірт (cirth) — таксама знешне ўяўляе сабой руны агульнагерманскага рунічнага алфавіта, але з іншымі значэннямі, іх знешні выгляд спарадкаваны ў адпаведнасці з фанетычнымі характарыстыкамі гукаў [42][43][44][45][46].

Акрамя таго, руны часта згадваюцца ў мастацкіх фільмах, серыялах, а таксама ў камп’ютарных гульнях.

Руны ў Юнікодзе

Пачынаючы з версіі Unicode 3.0 рунічным знакам у Юнікодзе былі адведзены асобныя пазіцыі (16A0—16F0)[47][48]. Усяго ва Юнікод занесена 76 рунічных знакаў, уключаючы розныя формы аднаго і таго ж знака ў залежнасці ад рунічнага алфавіта, які ў той уваходзіў, таксама ў Юнікод занесены тры словараздзяляльныя рунічныя знакі: пункт (16EB), двукроп’е (16EC) і крыж (16ED) і тры дадатковыя знакі для абазначэння «залатых лікаў»: arlaug (16EE), tvimaður (16EF) і belgþor (16F0).

Руны падтрымліваюць свабодныя Юнікод-шрыфты: Junicode, Free Mono і Caslon Roman; умоўна-бясплатныя: Code2000, Everson Mono і TITUS Cyberbit Basic.

Класіфікацыя рунічных знакаў ва Юнікодзе

16A0 fehu feoh fe f 16B0 on 16C0 dotted-n 16D0 short-twig-tyr t 16E0 ear
16A1 v 16B1 raido rad reid r 16C1 isaz is iss i 16D1 d 16E1 ior
16A2 uruz ur u 16B2 kauna 16C2 e 16D2 berkanan beorc bjarkan b 16E2 cweorth
16A3 yr 16B3 cen 16C3 jeran j 16D3 short-twig-bjarkan b 16E3 calc
16A4 y 16B4 kaun k 16C4 ger 16D4 dotted-p 16E4 cealc
16A5 w 16B5 g 16C5 long-branch-ar ae 16D5 open-p 16E5 stan
16A6 thurisaz thurs thorn 16B6 eng 16C6 short-twig-ar a 16D6 ehwaz eh e 16E6 long-branch-yr
16A7 eth 16B7 gebo gyfu g 16C7 iwaz eoh 16D7 mannaz man m 16E7 short-twig-yr
16A8 ansuz a 16B8 gar 16C8 pertho peorth p 16D8 long-branch-madr m 16E8 Icelandic-yr
16A9 os o 16B9 wunjo wynn w 16C9 algiz eolhx 16D9 short-twig-madr m 16E9 q
16AA ac a 16BA haglaz h 16CA sowilo s 16DA laukaz lagu logr l 16EA x
16AB aesc 16BB haegl h 16CB sigel long-branch-sol s 16DB dotted-l 16EB single punctuation
16AC long-branch-oss o 16BC long-branch-hagall h 16CC short-twig-sol s 16DC ingwaz 16EC multiple punctuation
16AD short-twig-oss o 16BD short-twig-hagall h 16CD c 16DD ing 16ED cross punctuation
16AE o 16BE naudiz nyd naud n 16CE z 16DE dagaz daeg d 16EE arlaug symbol
16AF oe 16BF short-twig-naud n 16CF tiwaz tir tyr t 16DF othalan ethel o 16EF tvimadur symbol
16F0 belgthor symbol

Табліца рунічных сімвалаў ва Юнікодзе:

  0123456789ABCDEF
16A0 
16B0 
16C0 
16D0 
16E0 
16F0 

Выкарыстанне тэрміна «руны» для іншых пісьменнасцей

Асноўныя артыкулы: Кёк-цюркскія руны, Венгерскія руны, Балгарскія руны У сувязі са знешнім падабенствам, тэрмінам «руны» завуць таксама шэраг іншых пісьменнасцей, з рунамі ніяк не звязаных. Гэта, у першую чаргу, Кёк-цюркскія руны, пісьменнасць, якая выкарыстоўвалася ў VIVII стагоддзях у Сібіры, надпісы, зробленыя якой упершыню былі выяўлены ў XVIII стагоддзі. Яна была дэшыфравана дацкім лінгвістам Вільгельмам Томсенам у канцы XIX стагоддзя і паходзіць, відаць, з разнавіднасці пісьма пехлеві[49].

Рунамі таксама завецца старажытнавенгерскае пісьмо, якое мае падабенства з цюркскімі рунамі, аднак сувязь гэтых дзвюх пісьменнасцей не даказана[2][49].

Славянскія руны

Асноўны артыкул: Дахрысціянскае пісьмо ў славян

Меркавана рунічны надпіс са Старой Ладагі
Меркавана рунічны надпіс з Ноўгарада

У XIX—XX стст. гэтай праблемай навукоўцы займаліся сур’езна[2], а ў апошнія гады тэма стала папулярнай сярод даследчыкаў-аматараў.

На тэрыторыі Расіі, Беларусі[50], Украіны і Латвіі быў знойдзены шэраг надпісаў, выкананых добра вядомымі германскімі рунамі. Аднак у Старой Ладазе і ў Ноўгарадзе былі выяўлены два непрачытаныя надпісы, зробленыя невядомымі пісьменнасцямі, меркавана рунічнымі, прычым зусім непадобнымі адна на адну. Чарнарызец Храбр у сваім трактаце «Аб пісьмёнах» згадвае пра выкарыстанне славянамі-язычнікамі «рыс і рэзаў» для варажбы[51], што дазваляе выказаць здагадку магчымасць існавання славянскіх рун. Зрэшты, у трактаце Храбра прама сцвярджаецца пра адсутнасць пісьма ў славян. Таксама са славянскімі рунамі атаясамляецца пісьмо «Вялесавай кнігі», прызнанай навуковай супольнасцю падробкай XIX—XX стагоддзя[52]. У XVIII стагоддзі заяўлялася пра знаходку «венедскіх рун» на фігурках з храма Рэтры, але гэтыя фігуркі, як і «Вялесава кніга», былі прызнаны падробленымі.

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 Макаев, Э. А. Язык древнейших рунических надписей. — Едиториал УРСС, 2002.
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 Дирингер, Дэвид. Алфавит. — М.: Издательство Иностранной Литературы, 1963. — С. 579—599.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 Истрин, В. А. Развитие письма. — М.: Наука, 1965.
  4. 1 2 3 4 5 Кондратов Алексей. Письмена мёртвые и живые. — СПб: Азбука-Классика/Авалон, 2007. — С. 186—187. — 256 с.
  5. 1 2 Л. Н. Соловьева. Древние германцы и их языки. Введение в германскую филологию. — М., 1980. — С. 7—27.
  6. Stephens, George. Thunor the Thunderer, carved on a Scandinavian font about the year 1000. — London/Copenhagen: Williams and Norgate/H. H. J. Lynge, 1878. — С. 29.
  7. 1 2 3 4 5 6 Викинги. Набеги с Севера. — М.: Терра, 1996.
  8. 1 2 Enoksen, Lars Magnar. Runor. Historie, Tydning, Tolkning. — Historiske Media, 1999. — ISBN 91-89442-55-5.
  9. 1 2 3 4 5 6 Arild Hauge.. Сайт Арильда Хауге(нарв.) . Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2011. Праверана 13 чэрвеня 2009.
  10. Nylén, Erik — Lamm, Jan Peder. Stones, Ships and Symbols. The Picture Stones of Gotland from the Viking Age and Before. — Gidlunds Bokförlag, 1988. — ISBN 91-7844-116-1.
  11. 1 2 Jansson, Sven B. F. Runeinskrifter i Sverige. — Almqvist & Wiksell Forlag, 1976. — ISBN 91-20-04457-7.
  12. Jansson, Sven B. F. The runes of Sweden. — Norstedts Forlag, 1962.
  13. Jacobsen, Lis — Moltke, Erik. Danmarks Runeindskrifter. Lommeudgave. — Ejnar Munksgaards Forlag.
  14. Мельникова Е. А. Скандинавские рунические надписи. — Восточная литература, 2001.
  15. Otto von Friesen. Rökstenen. Runstenen vid Röks kyrka Lysings härad Östergötland. — Vitterhetsakademien, 1920.
  16. Bernard Mees. The North Etruscan thesis of the origin of the runes. Arkiv for nordisk fililogi 115. — С. 33—82.
  17. 1 2 Е. А. Гуревич. Руны, руническое письмо // Словарь средневековой культуры. — 2003. — С. 415—423.
  18. Marstrander, Carl. Norsk tidskrift for sprogvidenskap // De gotiske runeminnesmaerker. — 1929. — Т. 3.
  19. Sigurd Agrell. Die spätantike Alphabet-Mystik und die Runenreihe. — 1932.
  20. Uthark: Nightside of the runes. — ISBN 9197410217.
  21. Kenneth Meadows. Rune Power. — 1995.
  22. Björn Andersson. Runor, magi, ideologi. En idéhistorisk studie.
  23. David Almer. Från Úr till Fé (Aorta: journal för retrogardistisk kultur nr 17 (tidskrift)).
  24. Marstrander, Carl J. S. De nordiske runeinnskrifer i det eldre alfabet. Skrift og språk i folkevandringdtiden // Artikkel i Viking. — Norsk Arkeologisk Selskap, 1953.
  25. Carl Faulman. Das Buch Der Schrift Enthaltend Die Schriftzeichen Und Alphabete. — 1880.
  26. Snædal, Þórgunnur. Rúnaristur á Íslandi. — 2003.
  27. Árbók hins íslenzka fornleifafélags. — 2000—2001. — С. 5—68.
  28. Projektet Samnordisk runtextdatabas, 2004(шведск.) . Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2011. Праверана 12 чэрвеня 2009.
  29. Bæksted, Anders. Islands Runeindskrifter. — 1942.
  30. Projektet Samnordisk runtextdatabas, 2008(шведск.) . Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2011. Праверана 12 чэрвеня 2009.
  31. Thalbitzer, William. Runeindskrifter i Grønland // Det Grønlanske Selskabs Årsskrift. — Ejnar Munksgaards Forlag, 1949. — С. 85—92.
  32. Boethius, Johannes; Levander, Lars; Norren, Adolf. Dalska runiskrifter fren nyare tid.
  33. Цэзар. Запіскі пра Гальскую вайну, 1.50.
  34. Тацыт. Пра паходжанне германцаў…
  35. Речи Сигрдривы, 5—20.
  36. 1 2 Бедненко Г. Школа рун. Техника гадания и магический комментарий. — Центрполиграф, 2006.
  37. 1 2 Медоуз К. Магия рун.
  38. Kummer, Siegfried Adolf. Naturligt — övernaturligt // Ockulta vetenskaper. — Ferstling, Poul, Forum, 1997. — С. 162—164. — ISBN 91-37-09486-6.
  39. Sven Stolpe. Stefan George och andra studier // Kosmikerna. — Bonniers, 1956. — С. 61—63.
  40. Вебер, Эдмунд. Руническое искусство. — Евразия, 2002.
  41. Хайнц Хёне. Чёрный орден СС. История охранных отрядов. — М.: ОЛМА-ПРЕСС, 2003. — 542 с. — 6000 экз. — ISBN 5-224-03843-X.
  42. Толкін, Дж. Р. Р. Хобіт, або туды і назад.
  43. Толкін, Дж. Р. Р. Уладар Пярсцёнкаў. Брацтва Пярсцёнка.
  44. Толкін, Дж. Р. Р. Уладар Пярсцёнкаў. Дзве вежы.
  45. Толкін, Дж. Р. Р. Уладар Пярсцёнкаў. Вяртанне караля. Дадатак Д..
  46. Пра руны і Кірце(ням.) . Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2011. Праверана 12 чэрвеня 2009.
  47. Для карэктнага адлюстравання патрабуецца ўсталяваць спецыяльны шрыфт
  48. Unicode Code ChartPDF (68,3 KB)
  49. 1 2 Добльхофер, Эрнст. Знаки и чудеса. — Вече, 2004. — С. 368—399. — 427 с.
  50. Выяўлены ў выніку раскопак 1978 г. у гарадзішчы Маскавічы Браслаўскага раёна. Крыніца: Археологическое наследие Беларуси. НАН Беларуси: Институт истории. Мн. «Беларуская навука», 2012, страница 130.
  51. Черноризец Храбр. О писменехь Архівавана 4 сакавіка 2016. Пераклад В. Я. Дерягина
  52. Зализняк, А. А. О профессиональной и любительской лингвистике // Наука и жизнь, № 1—2. — 2009.

Літаратура

Спасылкі

✯ Руны
Феху Уруз Турысаз Ансуз Райда Кеназ Геба Вунья
Хагалаз Наўтыз Іса Ера Эйваз Перт Альгіз Совіла
Тэйваз Беркана Эваз Маназ Лагуз Інгуз Дагаз Одал
Тэмы гэтай старонкі (13):
Календары
Вікіпедыя:Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Спосабы варажбы
Руны
Вікіпедыя:Выдатныя артыкулы паводле алфавіта
Германскія мовы
Вікіпедыя:Выдатныя артыкулы па гісторыі
Вікінгі
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Пісьменнасці старажытнай Еўропы
Вікіпедыя:Выдатныя артыкулы па мовазнаўству
Алфавіты