wd wp Пошук:

Гай Юлій Цэзар

Гай Юлій Цэзар (лац.: Gaius Iulius Caesar[15]; 12 ці 13 ліпеня 100 да н.э. — 15 сакавіка 44 да н.э.) — старажытнарымскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, палкаводзец, пісьменнік. Консул 59, 48, 46, 45 і 44 гадоў да н.э., дыктатар 49, 48—47 і 46—44 гадоў да н.э., вялікі пантыфік з 63 года да н.э.

Цэзар паходзіў са старажытнай патрыцыянскай сям’і, паслядоўна займаў усе ардынарныя рымскія пасады (cursus honorum) і зрабіў сабе імя на барацьбе з кансерватыўнымі сенатарамі (аптыматамі). У 60 годзе да н.э. арганізаваў першы трыумвірат разам з двума ўплывовымі палітыкамі — Гнеем Пампеем Вялікім і Маркам Ліцыніем Красам. З 58 года да н.э. больш за ваосем гадоў правёў на тэрыторыі сучасных Францыі, Бельгіі, Германіі і Вялікабрытаніі ў Гальскай вайне, далучыўшы да Рымскай рэспубліцы велізарную тэрыторыю ад Атлантычнага акіяна да Рэйна і набыўшы славу таленавітага палкаводца. У пачатку 49 года да н.э. пачаў грамадзянскую вайну з-за непрымірымых рознагалоссяў з сенатарамі па пытаннях дэталяў свайго вяртання ў Рым і пра гарантыі судовай недатыкальнасці за службовыя злачынствы (подкупы на выбарах, хабары службовым асобам, парушэнне дагавораў, гвалтоўныя дзеянні і іншыя парушэнні). На працягу чатырох гадоў прыхільнікі сената, якія згрупаваліся вакол Пампея, былі разбіты Цэзарам у Італіі, Іспаніі (двойчы), Грэцыі і Афрыцы, таксама ім былі разбіты войскі кіраўнікоў Егіпта і Понта. Прытрымліваўся палітыкі міласэрнасці, але ў той жа час пакараў смерцю шэраг сваіх ключавых апанентаў. Дамогшыся поўнай перамогі над праціўнікамі, сканцэнтраваў у сваіх руках уладу консула і надзвычайныя паўнамоцтвы дыктатара (урэшце — у якасці пажыццёвай пасады), правёў шэраг рэформаў ва ўсіх сферах жыцця грамадства. Пры жыцці Цэзара пачалося яго абагаўленне, ганаровы тытул палкаводца-пераможца «імператар» стаў часткай яго імя, аднак ён адмаўляўся ад улады старажытных рымскіх цароў. Пасля забойства Цэзара групай сенатараў на чале з Маркам Юніем Брутам пляменнік Цэзара Гай Актавій прыняў яго імя і атрымаў большую частку спадчыны паводле завяшчання, стаўшы пасля першым імператарам.

Да Цэзара па-рознаму адносіліся пры жыцці, і гэта традыцыя захавалася ў Рымскай імперыі: яго імя ўсяляк абялялася прыхільнікамі кіраўнікоў, а апазіцыя ўсхваляла яго ахвяр і змоўшчыкаў. Вельмі папулярнай была асоба Цэзара ў Сярэднявеччы і Новы час. Апроч палітычнай і ваеннай дзейнасці, Цэзар вядомы і як літаратар. Дзякуючы прастаце і выразнасці стылю, яго сачыненні лічацца класікай старажытнарымскай літаратуры і выкарыстоўваюцца пры навучанні лацінскай мове. Да імя Юлія Цэзара ўзыходзяць тытулы кайзер і цар, а таксама назва сёмага месяца ў шматлікіх мовах свету.

Пачатак кар’еры

Нарадзіўся ў вельмі знатнай, але беднай патрыцыянскай сям’і Юліяў, якія ўзводзілі сваё паходжанне да багіні Венеры і цара Анка Марцыя. Дакладная дата яго нараджэння невядома, бо пачаткі адпаведных біяграфічных твораў Плутарха і Светонія не захаваліся. У час панавання ў Рыме дыктатара Сулы у 82 — 79 да н.э. быў вымушаны збегчы з Рыма і хавацца ў Азіі, бо Цэзар быў сваяком Марыя і Цыны, ворагаў Сулы. Акрамя таго, Сула спрабаваў развесці Цэзара з яго жонкай Карнеліяй[16], выкарыстоўваючы свае дыктатарскія паўнамоцтвы. У час свайго выгнання Цэзар служыў у віфінскага цара[16] і аднойчы трапіў у палон да піратаў[17]. У выгнанні Цэзар працягваў атрымліваць адукацыю (у прыватнасці, на востраве Родас[18]), што потым дапамагло яму ў палітычнай кар’еры. Цэзар быў майстрам лацінскай пісьмовай мовы, а таксама быў выдатным прамоўцам.

Хутка пасля адыходу Сулы ад улады Цэзар быў абраны на малодшую грамадзянскую пасаду квестара. Смерць Сулы ў 78 да н.э. дазволіла вярнуцца да былых дэмакратычных традыцый. Адбываліся вольныя выбары магістратаў, суды зноў сталі роўнымі, і рашэнні выносіліся не па жаданню дыктатара, а так, як прагаласуюць суддзі. Цэзар быў ужо даволі значнай палітычнай фігурай, бо неаднаразова прыцягваў да суда магістратаў, якімі быў незадаволены народ (напрыклад, Далабелу і Публія Антонія[19]). Таксама Цэзар зрабіў выдатную прамову падчас пахавання сваёй жонкі[20], пасля чаго ён стаў лічыцца добрым прамоўцам. У гэтай прамове ён таксама закрануў тэму паходжання свайго роду ад багіні Венеры. Таксама Цэзар таемна аднавіў бюсты свайго сваяка Гая Марыя, якія ў свой час знішчыў Сула[21].

Праз некалькі год на выбарах прэтара Цэзар перамог з вялікай перавагай, дзякуючы сваім здольнасцям прамоўцы і велізарнай папулярнасці сярод плебеяў, якія складалі большасць выбаршчыкаў. Аднак на падтрымку сваёй папулярнасці, у тым ліку на арганізацыю гульняў для народа, Цэзар патраціў безліч грошай, у выніку чаго яго фінансавае становішча вельмі пагоршылася[19]. Менавіта ў гэты час Цэзар зблізіўся з Красам, адным з найбагацейшых рымлян таго часу. Крас бачыў у Цэзары прыладу для барацьбы супраць свайго ворага Пампея і таму шчодра азалаціў Цэзара[22].

У 63 да н.э., пасля смерці вялікага пантыфіка Квінта Цэцылія Метэла Пія, Цэзар быў абраны на гэтую вельмі ганаровую пасаду і стаў захавальнікам рымскіх рэлігійных традыцый, хаця на пасаду прэтэндавалі таксама два вельмі вядомых чалавека — Ісаўрык і Катул[23]. Аднак у часы Цэзара старыя рымскія рэлігійныя традыцыі амаль не паважаліся, а ў Рыме з’яўляліся новыя культы, прынесеныя з Грэцыі, Малай Азіі, Егіпта і Блізкага Усходу, таму роля вялікага пантыфіка была значна меншая, чым раней.

У тым жа 63 да н.э. Рым перажыў найбуйнейшую спробу незадаволеных існуючым ладам кіравання здзейсніць дзяржаўны пераварот — змову Катыліны. Лічылася, што Цэзар меў дачыненне да змовы, а раней, у 65 да н.э. ён нібыта быў адным з галоўных асоб першай спробы змовы. Аднак доказаў удзелу Цэзара ў змове не было, таму супраць яго не былі высунуты прамыя абвінавачванні. Аднак Катон Малодшы ў сваёй прамове ў сенаце паспрабаваў абвінаваціць Цэзара ў дачыненні да змовы[23], але Цыцэрон, які кіраваў раскрыццём змовы і пакараннем вінаватых, не стаў прымаць меры супраць Цэзара, улічваючы папулярнасць Цэзара сярод плебеяў.

Кампанія Цэзара ў Далёкай Іспаніі. Сіняй пункцірнай лініяй пазначаны прыкладныя межы рымскіх правінцый. У дужках паказаны сучасныя назвы старажытных гарадоў, курсівам у дужках — лацінскія назвы правінцый.

Пасля прэтарства ў Рыме Цэзар выехаў у падначаленую яму на нейкі тэрмін правінцыю Дальняя Іспанія[22]. У Іспаніі Цэзар правёў некалькі невялікіх вайсковых кампаній і атрымаў навыкі ваяра і военачальніка[24], якія потым спатрэбіліся яму ў Галіі. Плутарх распавядае, што калі Цэзар ехаў у падначаленую яму Іспанію і калі ён праязджаў праз невялікае селішча, Цэзар у адказ на нейкі жарт сваіх сяброў сказаў: «Што да мяне, я б хацеў быць першым тут, чым другім у Рыме»[22].

Трыумвірат і консульства

Цэзар стаў буйной і вядомай самастойнай палітычнай фігурай, абапіраючыся на рымскіх плебеяў, нягледзячы на сваё патрыцыянскае паходжанне. У Цэзара з’явілілся і першыя ворагі — перш за ўсё, гэта былі сенатары са старых і паважаных сямействаў, якія вельмі крытычна адносіліся да так званых «папуляраў», да ліку якіх належаў і Цэзар.

Падзел правінцый паміж трыумвірамі пасля нарады ў Луцы ў 56 годзе да н.э. (заваяванні Цэзара не паказаны):      Цэзар: Цызальпійская Галія, Нарбонская Галія, Ілірык.      Пампей: Блізкая Іспанія, Далёкая Іспанія.      Крас: Сірыя.      Іншыя правінцыі Рымскай рэспублікі.

Калі Цэзар вярнуўся з Іспаніі, ён спрабаваў адначасова дамагчыся трыумфа і змагацца на выбарах консулаў. У той жа час, удзельнічаць у выбарах было магчыма толькі асабіста, а ў гэтым выпадку Цэзар бы страціў магчымасць правесці трыумф[25]. Спачатку большасць сенатараў пагаджалася даць Цэзару магчымасць прымаць удзел у выбарах праз давераных асоб. Аднак калі наступіў дзень галасавання па пытанню, Катон Малодшы пачаў абструкцыю — прамову, якая доўжылася ўвесь дзень, і таму Цэзар быў вымушаны ахвяраваць трыумфам дзеля консульства[25]. У тым жа 60 да н.э. незадаволены сенатам Цэзар стварыў «першы трыумвірат» з удзелам Пампея і Краса — буйных палітыкаў старэйшага пакалення і былых суланцаў, якія таксама былі незадаволены апошнімі дзеяннямі сенатараў. Пампей і Крас раней варожа ставіліся адзін да аднаго, яднак Цэзар здолеў памірыць іх і зацікавіць у стварэнні агульнай кааліцыі супраць сенатараў. З падтрымкай гэтых буйных палітыкаў Цэзар пачаў дамагацца вышэйшай дзяржаўнай пасады — консульства. Больш таго, ён увайшоў у саюз з нейкім Луцыем Лукцэем, даволі багатым чалавекам — планавалася, што народ абярэ консуламі Цэзара і Лукцэя. Сенатары на чале з Катонам Малодшым супрацьпаставілі ім на выбарах Марка Кальпурнія Бібула, якога яны шчодра забяспечвалі золатам і сваёй падтрымкай. З яго дапамогай яны планавалі мінімізаваць уплыў Цэзара на дзяржаўныя справы, бо консульства было калегіяльнай пасадай, і ўсе важныя рашэнні павінны былі прымацца толькі са згоды абодвух консулаў. На выбарах былі абраны Цэзар і Бібул[26].

Цэзар даволі жорстка расправіўся з Бібулам — прыхільнікі першага прымусілі яго хавацца, не даючы займацца прамымі абавязкамі[26][27]. Прыхільнікі Катона, якія складалі большасць у сенаце, актыўна выступалі супраць усіх законаў Цэзара, якія былі накіраваны на паляпшэнне жыцця плебеяў. У адказ Цэзар арыштаваў Катона і запалохаў Цыцэрона — двух лідараў сенатарскай партыі.

Цэзар у Галіі. Грамадзянская вайна

Гальская вайна (анімаваная карта)
     — Рымская рэспубліка да пачатку вайны — дзеянні Цэзара
 — дзеянні галаў і іх саюзнікаў
X — бітвы; спачатку паказваецца старажытны тапонім, у дужках — сучасны (калі ёсць)
Шэрым колерам пазначаны гарады, праз якія праходзіў шлях Цэзара; сучасная назва горада даецца ў дужках
Шэрым курсівам пазначаны нейтральныя і саюзныя Рыму плямёны
Сінім колерам пазначаны варожыя плямёны, палкаводцы і гарады

Пасля заканчэння свайго консульства Цэзар накіраваўся ў Галію. Гальская вайна доўжылася амаль 10 гадоў амаль без перапынкаў. За гэты час Цэзар са сваімі легіёнамі паступова падпарадкаваў Рыму ўсю тэрыторыю сучаснай Францыі, а таксама частку Бельгіі. У час гальскай кампаніі Цэзар набыў вялікую папулярнасць сярод легіянераў. Пазней менавіта безумоўная падтрымка з боку легіёнаў дазволіла Цэзару пачаць грамадзянскую вайну і разбіць сваіх ворагаў па чарзе.

У час знаходжання ў Галіі Цэзар уважліва сачыў за справамі ў Рыме і перапісваўся з Пампеем і Красам. Аднак калі Крас памёр у Сірыі, а папулярнасць Цэзара, выкліканая перамогамі ў Галіі і пашырэннем Рымскай дзяржавы, засланіла папулярнасць Пампея, апошні заключыў саюз з варожа настроеным да Цэзара сенатам. Сенат са згоды Пампея пачаў патрабаваць вяртання Цэзара ў Рым з той прычыны, што вайна ўжо скончана. Больш таго, сенатары патрабавалі распусціць легіёны і даць сенату поўную справаздачу аб сваіх дзеяннях, у той час як Пампей хутка збіраў войска (афіцыйна — для кампаніі супраць Парфіі). Цэзар адмовіўся гэта зрабіць, і хутка пасля гэтага пачалася грамадзянская вайна 49 — 45 да н.э.

Грамадзянская вайна паміж Цэзарам і Пампеям

Асноўны артыкул: Грамадзянская вайна 49 – 45 да н.э. У час гэтай вайны Цэзар правёў кампаніі ў Італіі, Іспаніі, Грэцыі і Егіпце.

10 студзеня 49 да н.э. Цэзар перайшоў праз пагранічную раку Рубікон і хутка захапіў Рым, з якога паспеў збегчы ўвесь сенат на чале з Пампеем. Апошні вырашыў арганізаваць супраціўленне Цэзару ў Грэцыі і адплыў з Італіі. Цэзар спачатку правёў кампанію супраць пампеянцаў у Іспаніі і толькі потым высадзіўся ў Грэцыі. Першыя некалькі бітваў былі беспаспяховымі для Цэзара, аднак ён здолеў перавесці ваенныя дзеянні з горыстага Эпіру (сучасная Албанія і заходняя Грэцыя) на ўзбярэжжа Эгейскага мора. Там адбылася галоўная бітва грамадзянскай вайны — бітва пад Фарсалам у 48 да н.э., у якой Цэзар цалкам перамог армію Пампея. Пампей збег у Егіпет, але там яго схапілі і забілі па загаду егіпецкага цара. Пасля таго, як Цэзар прыплыў у Егіпет, ён умяшаўся ва ўнутрыегіпецкія інтрыгі на баку кандыдаткі на царскі трон Клеапатры. Пасля перамогі Цэзар пачаў афрыканскую кампанію на тэрыторыі сучаснага Туніса, дзе Цэзару процістаяў яго стары вораг Катон Малодшы. Катон скончыў жыццё самагубствам падчас аблогі крэпасці Утыка Цэзарам. Нарэшце, Цэзар правёў апошнюю кампанію — зноў у Іспаніі, дзе ён перамог апошніх пампеянцаў.

Ваенныя дзеянні грамадзянскай вайны 49—45 гадоў да н.э. Тонкай чорнай лініяй паказаны межы Рымскай рэспублікі, пункцірам — межы правінцый
 — дзеянні Цэзара;
 — дзеянні паплечнікаў Цэзара;
 — дзеянні Пампея;
     Перамогі Цэзара і ўзятыя ім гарады     Перамогі Пампея     Буйныя гарады

Пасля грамадзянскай вайны. Забойства Цэзара

Карл Тэадор фон Пілоці — Забойства Цэзара ў сенаце

Яшчэ ў час грамадзянскай вайны рымляне надалі Цэзару амаль усе магчымыя тытулы, а ў лютым 44 да н.э. Цэзар быў са згоды ўсяго рымскага народа абвешчаны пажыццёвым дыктатарам. У той жа час некаторыя з яго прыхільнікаў актыўна прасоўвалі ідэю аб прысваенні Цэзару яшчэ і царскага тытула, што выклікала вельмі стрыманую рэакцыю сярод рымлян і вельмі негатыўную — сярод некаторых патрыцыяў. Хаця Цэзар адмовіўся ад прыняцця царскага тытула, менавіта імкненне да адкрытай царскай улады лічыцца галоўнай прычынай замаху на яго жыццё[28].

З прычыны таго, што Цэзар збіраўся ісці на вайну супраць Парфіі, нездаволеныя патрыцыі дамовіліся забіць Цэзара ў самым хуткім часе. Цэзар быў забіты 15 сакавіка 44 да н.э. у час пасяджэння сената. Змоўшчыкі, сярод былі вельмі блізкія за Цэзара людзі, нанеслі яму 23 удары кінжаламі[29].

Асоба Цэзара

Знойдзены на дне Роны бюст, які атаясамляецца з Цэзарам.

Цэзар з’яўляецца, мабыць, самым вядомым рымлянінам. Яшчэ сучаснікі падкрэслівалі яго станоўчыя звычкі і здольнасці, а адмоўныя замоўчвалі. Яго асоба заўсёды была ў цэнтры грамадскай увагі, таму да нас дайшло шмат апісанняў яго асобы. Напрыклад, вядома, што ў Цэзара была лысіна, і таму ён карыстаўся магчымасцю безабмежавана насіць лаўровы вянок[30]. Яго абвінавачвалі ў вядзенні распуснага ладу жыцця — некаторыя называлі яго «муж усіх жонак і жонка ўсіх мужоў»[31]. У той жа час усе адзначалі, што Цэзар не піў віно ў вялікіх аб’ёмах, з-за чаго Катон Малодшы заўважыў, што «Цэзар адзіны з усіх узяўся за дзяржаўны пераварот цвярозым»[32].

З-за свайго ладу жыцця і асабліва з-за неабходнасці падтрымкі сваёй папулярнасці Цэзар рабаваў падначаленыя яму правінцыі як у часы вайны, а ў Галіі рабаваў нават буйнейшыя капішчы галаў. Акрамя таго, у год свайго консульства Цэзар, карыстаючыся сваімі паўнамоцтвамі, падмяніў у дзяржаўнай скарбніцы 3000 рымскіх фунтаў золата меддзю[33].

Цэзар выдатна валодаў зброяй і кіраваў канём[34], а таксама выдатна праводзіў усе бітвы, у якіх удзельнічаў. Са сваімі салдатамі ён быў у вельмі добрых адносінах, і яны амаль ніколі не выступалі супраць яго, нават калі ён вёў іх на грамадзянскую вайну супраць іншых рымскіх грамадзян.

Сучаснікамі адзначаецца таксама яго мяккасць. Пры магчымасці Цэзар імкнуўся замірыцца з усімі сваімі ворагамі[35], нават з Пампеям і Катонам. Цэзар з радасцю прыняў Цыцэрона, які быў адным з лідараў кансерватыўнай большасці сенатараў. Пасля перамогі ў грамадзянскай вайне Цэзар дазволіў усім пампеянцам вярнуцца ў Рым, і ніхто з іх не быў пакараны. Змоўшчыкаў, пра якіх яму было вядома, ён не пакараў смерцю, а толькі казаў, што яму вядомы ўсе іх планы[36].

Ацэнка дзейнасці Цэзара

Помнік Юлію Цэзару на Віа дэі Форы Імперыялі ў Рыме (копія з арыгінала, які захоўваецца ў Ватыканскіх музеях).

Праўленне Цэзара лічаць аднім з галоўных момантаў у працэсе пераходу ад Рэспублікі да Імперыі, бо менавіта ён пачаў ламаць рэспубліканскія дзяржаўныя звычаі і ўсталёўваць новыя. Выдатны гісторык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Тэадор Момзен у сваёй фундаментальнай «Рымскай гісторыі» усімі сродкамі ўзвышаў Цэзара, паралельна прыніжаючы ўсіх сучасных яму палітыкаў, і перш за ўсё Пампея. Аднак лічыцца, што пазіцыя Момзена знаходзілася пад уплывам палітычных падзей у Германіі канца XIX стагоддзя. Шмат хто з гісторыкаў пачатку XX стагоддзя палемізаваў з Момзенам адносна яго поглядаў, і ў тым ліку адносна яго відавочна цэзарыянскай пазіцыі. У больш позніх, у тым ліку сучасных працах дзейнасць Цэзара ацэньваецца нейтральна і на фоне сучаснай яму вельмі складанай эпохі.

Ад кагномена Цэзара паходзяць германская назва манарха kaiser і славянская цар. У гонар Цэзара таксама названы месяц яго нараджэння (былы квінцілій), назва якога перайшла ў многія еўрапейскія мовы.

Літаратурная дзейнасць

C. Iulii Caesaris quae extant, 1678

Нягледзячы на бесперапынны актыўны ўдзел у палітычным і ваеннага жыцця, Цэзар напісаў некалькі твораў пераважна гістарычнага жанру, якія апісваюць аўтабіяграфічны вопыт. Сем кніг «Запісак пра Гальскую вайну» (лац.: Commentarii de Bello Gallico) падрабязна апавядаюць пра падзеі аднайменнай вайны. Час складання гэтай працы невядомы: існуе як версія аб складанні кніг у канцы кожнага года кампаніі, так і здагадка аб напісанні за ўсё сачыненні ў 52-51 гадах да н.э.[37]. У далейшым Цэзар апісаў і падзеі пачатку грамадзянскай вайны 49-45 гадоў да н.э. «Запіскі аб Грамадзянскай вайне» (лац.: Commentarii de Bello Civili) былі складзеныя каля 47 года да н.э., але так і не скончаны: Цэзар давёў выкладанне толькі да канца 48 года да н.э.[38][39]. Восьмую кнігу «Запісак пра Гальскую вайну» напісаў не сам Цэзар, а яго легат Аўл Гірцый. Акрамя таго, людзьмі з атачэння дыктатара былі напісаныя «Запiскi» аб Александрыйскай, Афрыканскай і Іспанскай войнах, якія працягваюць апавяданне аб грамадзянскай вайне. Усе гэтыя аўтары з рознай ступенню поспеху спрабавалі прайграць стыль Цэзара. Акрамя таго, антычныя аўтары ведалі і іншыя сачыненні, напісаныя асабіста Цэзарам: выкананую ў юнацтве паэму пра Геракла і трагедыю «Эдып», напісаны падчас зацішша ў Гальскай вайне філалагічны трактат «Пра аналогіі», створаную падчас паходу ў Іспанію ў 46-45 гадах да н.э. паэму «Шлях», палітычны памфлет эпохі грамадзянскай вайны «Антыкатон» (адказ на панегірык «Катон» Цыцэрона) і астранамічнае апавяданне ў суаўтарстве з распрацоўшчыкам новага календара Сазігенам. Існавалі таксама зборнікі выслоўяў, прамоваў і лістоў Цэзара. Усе апошнія працы не дайшлі да нашых дзён — да знікнення некаторых твораў прыклаў руку Актавіян Аўгуст. Толькі сярод перапіскі Цыцэрона захавалася пяць кароткіх лістоў, напісаных Цэзарам (Att., IX, 6a; Att., IX, 7c; Att., IX, 13а; Att., IX, 14; Att., X, 8b)[40].

Значны адбітак на сачыненні, якія захаваліся, наклала іх стварэнне ў складаныя для палітычнай кар’еры Цэзара гады. З-за гэтага «Запіскі аб Гальскай вайне» не толькі апавядаюць пра перамогі палкаводца і здымаюць з яго віну за паразы, але таксама і апраўдваюць саму вайну. Апаненты Гая сцвярджалі, што ён незаконна пачаў вайну, а немалыя ахвяры рымскай арміі прывялі да паслаблення ваеннай моцы рэспублікі, і таму ў «Запісках» палкаводзец даказваў справядлівасць пачатку вайны, а ўсе свае далейшыя дзеянні, уключаючы германскія і брытанскія экспедыцыі, ён матываваў абаронай доўгатэрміновых інтарэсаў Рыма і забеспячэннем бяспекі паўночных межаў. У «Запісках пра Грамадзянскую вайну» Цэзар апраўдваецца яшчэ больш рашуча, паколькі яму патрабавалася абгрунтаваць сумніўны пачатак грамадзянскай вайны. Ён пераносіць адказнасць за пачатак вайны на сенатараў і Пампея, паказвае на парушэнне імі юрыдычных фармальнасцяў пры аб’яўленні Цэзара па-за законам, а таксама апелюе да парушэння святых правоў народных трыбунаў. Акрамя таго, Цэзар падкрэслівае сваю гатоўнасць да заключэння свету, але пры гэтым дэманструе прадузятасць сенатараў і Пампея. Для стварэння драматычнага эфекту Цэзар актыўна выкарыстоўвае характэрныя для ўсёй антычнай гістарыяграфіі прамовы дзеючых асоб. Як правіла, яны перадаюцца ва ўскосным выглядзе, але ў найбольш драматычных момантах апавядання ўжываецца і прамая гаворка. У «Запіскі аб Грамадзянскай вайне» Цэзар уключыў прамовы сваіх супернікаў у гэтым канфлікце — Пампея і Лабіена. Пры гэтым Гай імкнецца ўздзейнічаць на чытачоў, укладваючы ў вусны апанентаў словы, якія дэманструюць іх сляпы фанатызм. Падкрэсліваючы сваё палкаводчыя майстэрства, Цэзар запісвае свае разважанні ў складаных сітуацыях. Ваенныя няўдачы часцяком прыпісваюцца зменлівай Фартуне або памылкам падначаленых, аднак усе перамогі ўяўляюцца выключна як заслугі ваеннага таленту Цэзара[41][42].

У лацінскай літаратуры да Цэзара тэрмінам Commentarii, як правіла, пазначалі папярэднія накіды, якія не падвергнуліся літаратурнай апрацоўцы, з расповедам дзяржаўнага дзеяча аб сваіх дасягненнях. Па ўсёй бачнасці, вельмі сціплы выбар тэрміна Commentarii ў якасці назвы не выпадковы і быў закліканы падкрэсліць немагчымасць давядзення працы да завяршэння з-за недахопу часу[43]. У цэлым, сачыненні Цэзара знаходзяцца пад моцным грэчаскім уплывам. Перш за ўсё, выяўляецца шэраг агульных рысаў з творамі які пісаў па-грэчаску Ксенафонт: іх радніць адсутнасць прадмовы, нетыповае для Commentarii выкарыстанне ў аўтабіяграфіі трэцяй асобы, а таксама простпя, але адначасова старанна прадуманая мова. Складанні Цэзара адрознівае падвышаная цікавасць да геаграфічных і этнаграфічных падрабязнасцей, характэрны для эліністычнай гістарыяграфіі, але яшчэ не распаўсюдзіўся ў лацінскай літаратуры. Адпаведныя экскурсы Гая знаходзяцца пад уплывам грэчаскіх спецыяльных твораў — перш за ўсё, работ Пасідонія. Выяўляюцца і іншыя сляды ўплыву грэчаскай літаратуры на Цэзара. У прыватнасці, знакамітыя першыя радкі «Запісак пра Гальскую вайне» з’яўляюцца амаль даслоўна цытатай з «Гісторыі» Фукідзіда[44][45].

Усе творы Цэзара характарызуюцца знарочыстай прастатой стылю. Ён пазбягае метафар і іншых сцежак, выкарыстоўваючы словы толькі ў асноўным значэнні. Зрэшты, для выразнасці Цэзар выкарыстоўвае наўмысныя адхіленні ад сінтаксічных нормаў лацінскай мовы — гіпербатон, адсутнасць злучнікаў і іншыя[46]. Цэзар старанна ставіўся да падбору слоў для сваіх твораў. Як правіла, ён пазбягае моднай у сярэдзіне I стагоддзя да н.э. штучнай архаізацыі мовы і прымянення тэрмінаў, якія выйшлі з ужывання, як гэта рабіў, напрыклад, Салюстый. Заўважана, што калі ў лацінскай мове існуе некалькі сінонімаў для выражэння аднаго прадмета або з’явы, Цэзар часцяком выкарыстоўвае толькі адзін з іх: у прыватнасці, flumen (рака), але не fluvius і amnis[47]. Іншы характэрнай асаблівасцю з’яўляецца аповяд пра свае дзеянні ў трэцяй асобе («Цэзар загадаў…», «Цэзар даведаўся…») па ўзоры Ксенафонта, хоць і выкарыстоўвае займеннік «нашы» (nostri)[48]. Як падкрэслівае М. фон Альбрэхт, Цэзар — адзіны буйны лацінскі пісьменнік, які нарадзіўся і вырас у Рыме і, такім чынам, меў асаблівую сувязь з гарадской латынню[49].

Сучаснікі па-рознаму ацэньвалі годнасці твораў Цэзара: напрыклад, Цыцэрон захапляўся яго стылем, а Гай Азіна Паліон лічыў «Запiскi» недакладнымі і прадузятымі. Пазней яго сачыненні чытаюць значна менш, і ўжо Павел Арозій меркаваў, што «Запіскі аб Гальскай вайне» напісаныя Светоніем. У Сярэднія стагоддзі рукапісы яго прац былі распаўсюджаны ў многіх кляштарах, аднак толькі ў эпоху Адраджэння і ў ранні Новы час яго сачыненні становяцца папулярнымі ў чытаючай публікі. У XVI стагоддзі стараннямі Эразма Ратэрдамскага і, пазней, ордэна езуітаў «Запіскі аб Гальскай вайне» становяцца асноўным аповядам, па якім пачынаюць вывучаць лацінскую мову[50].

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118518275 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 10 снежня 2014.
  2. Parenti M. The Assassination of Julius Caesar: A People’s History of Ancient RomeThe New Press, 2003. — С. 167. — ISBN 978-1-4587-8435-3
  3. Goldsworthy A. Caesar, Life of a Colossus — 2006. — С. 505.
  4. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118518275 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.
  5. http://www.nytimes.com/1989/10/08/travel/there-s-a-small-hotel-rome-charm-and-efficiency.html
  6. http://www.funtrivia.com/en/subtopics/Cleopatra-Last-Queen-Of-The-Nile-123331.html
  7. 1 2 3 4 5 6 7 http://www.strachan.dk/family/iulius_patrician.htm
  8. 1 2 3 4 5 C. Iulius (131) C. f. C. n. Fab. Caesar // Digital Prosopography of the Roman Republic Праверана 10 чэрвеня 2021.
  9. 1 2 3 4 5 Digital Prosopography of the Roman Republic Праверана 10 чэрвеня 2021.
  10. Любкер Ф. Pompeii // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 1079–1085.
  11. Н. О. Юлия // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1904. — Т. XLI. — С. 370.
  12. Цезарион // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1903. — Т. XXXVIIа. — С. 891.
  13. https://www.studymode.com/essays/Gaius-Julius-Caesar-The-Populares-And-112698.html
  14. https://www.unrv.com/fall-republic/caesar-politics.php
  15. Магчыма, яго прозвішча ў той час чыталася як Кайсар
  16. 1 2 Плутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 1
  17. Плутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 1—2
  18. Плутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 3
  19. 1 2 Плутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 4
  20. Плутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 5
  21. Плутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 6
  22. 1 2 3 Плутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 11
  23. 1 2 Плутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 7
  24. Плутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 12
  25. 1 2 Плутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 13
  26. 1 2 Плутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 14
  27. Гай Светоній Транквіл. Жыццё дванаццаці цэзараў. Боскі Цэзар, 20, 1
  28. Плутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Цэзар, 60; Гай Светоній Транквіл. Жыццё дванаццаці цэзараў. Боскі Цэзар, 79, 3
  29. Гай Светоній Транквіл. Жыццё дванаццаці цэзараў. Боскі Цэзар, 82, 2
  30. Гай Светоній Транквіл. Жыццё дванаццаці цэзараў. Боскі Цэзар, 45
  31. Гай Светоній Транквіл. Жыццё дванаццаці цэзараў. Боскі Цэзар, 52
  32. Гай Светоній Транквіл. Жыццё дванаццаці цэзараў. Боскі Цэзар, 53
  33. Гай Светоній Транквіл. Жыццё дванаццаці цэзараў. Боскі Цэзар, 54
  34. Гай Светоній Транквіл. Жыццё дванаццаці цэзараў. Боскі Цэзар, 57
  35. Гай Светоній Транквіл. Жыццё дванаццаці цэзараў. Боскі Цэзар, 73
  36. Гай Светоній Транквіл. Жыццё дванаццаці цэзараў. Боскі Цэзар, 75
  37. Альбрехт М. История римской литературы. Т. 1. — М.: Греко-латинский кабинет Ю. А. Шичалина, 2003. — С. 455—456.
  38. Альбрехт М. История римской литературы. Т. 1. — М.: Греко-латинский кабинет Ю. А. Шичалина, 2003. — С. 458—459.
  39. Kraus C. Bellum Gallicum // A Companion to Julius Caesar (ed. by M. Griffin). — Malden; Oxford: Wiley-Blackwell, 2009. — P. 160.
  40. Грабарь-Пассек М. Е. Юлий Цезарь и его продолжатели / История римской литературы. — Под ред. С. И. Соболевского, М. Е. Грабарь-Пассек, Ф. А. Петровского. — Т. 1. — М.: Изд-во АН СССР, 1959. — С. 257—258.
  41. Альбрехт М. История римской литературы. Т. 1. — М.: Греко-латинский кабинет Ю. А. Шичалина, 2003. — С. 460—461.
  42. Грабарь-Пассек М. Е. Юлий Цезарь и его продолжатели / История римской литературы. — Под ред. С. И. Соболевского, М. Е. Грабарь-Пассек, Ф. А. Петровского. — Т. 1. — М.: Изд-во АН СССР, 1959. — С. 264—266.
  43. Дуров В. С. Художественная историография Древнего Рима. — СПб.: СПбГУ, 1993. — С. 44.
  44. Kraus C. Bellum Gallicum // A Companion to Julius Caesar (ed. by M. Griffin). — Malden; Oxford: Wiley-Blackwell, 2009. — P. 164.
  45. Фукидид, III, 92, 2.
  46. Дуров В. С. Юлий Цезарь: человек и писатель. — Л.: Издательство ЛГУ, 1991. — С. 142—144.
  47. Альбрехт М. История римской литературы. Т. 1. — М.: Греко-латинский кабинет Ю. А. Шичалина, 2003. — С. 463.
  48. Грабарь-Пассек М. Е. Юлий Цезарь и его продолжатели / История римской литературы. — Под ред. С. И. Соболевского, М. Е. Грабарь-Пассек, Ф. А. Петровского. — Т. 1. — М.: Изд-во АН СССР, 1959. — С. 259—261.
  49. Альбрехт М. История римской литературы. Т. 1. — М.: Греко-латинский кабинет Ю. А. Шичалина, 2003. — С. 451—452.
  50. Альбрехт М. История римской литературы. Т. 1. — М.: Греко-латинский кабинет Ю. А. Шичалина, 2003. — С. 472—474.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (29):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Памерлі ў 44 годзе да н.э.
Аратары Старажытнага Рыма
Лацінскія гісторыкі
Памерлі ў Рыме
Нарадзіліся ў 100 годзе да н.э.
Нарадзіліся 13 ліпеня
Лацінскія аратары
Мемуарысты
Рымскія дыктатары
Вікіпедыя:Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Вялікія пантыфікі
Памерлі 15 сакавіка
Вікіпедыя:Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай
Пахаваныя ў Рыме
Юлій Цэзар
Ахвяры палітычных забойстваў
Вікіпедыя:Істотныя артыкулы
Рымскія консулы
Юліі-Клаўдзіі
Военачальнікі Старажытнага Рыма
Асобы на манетах
Пісьменнікі Старажытнага Рыма
Абагаўлёныя манархі
Персанажы «Боскай камедыі»
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Нарадзіліся ў Рыме
Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Асобы