wd wp Пошук:

Раман Аляксандравіч Скірмунт

Рама́н Алякса́ндравіч Скі́рмунт (польск.: Roman Skirmunt; руск.: Роман Скирмунт; 25 красавіка 1868 — 7 кастрычніка 1939) — гаспадарчы і палітычны дзеяч Расійскай імперыі, Беларусі і Польшчы. Мецэнат, значны землеўладальнік, віцэ-старшыня (1907—1917, 1918—?) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Дэпутат (1906) I Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі; дэпутат (1910—1911) Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні; (намінальна) прэм’ер-міністр БНР (1918) — не быў зацверджаны на пасадзе прэм’ер-міністра; сенатар Польшчы (1930—1935).

Паходжанне і сям’я

Гл. таксама: Скірмунты

Аляксандр Аляксандравіч Скірмунт (1830—1909) — бацька Рамана Скірмунта

Належаў да каталіцкага літоўскага шляхецкага роду Скірмунтаў гербу «Дуб». Пра сваё паходжанне Раман Скірмунт пісаў:

«Я сам ураджэнец беларускага Палесся, нашчадак літоўскай сям’і, са старажытных часоў, спакон вякоў аселай у гэтым краі, і мае продкі да XVII ст. карысталіся беларускай мовай як хатняй»[1].

Нарадзіўся ў вёсцы Парэчча Пінскага павета ў сям’і Аляксандра Аляксандравіча-Ізідоравіча Скірмунта (1830—1909), члена кіраўніцтва Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, і Тэафіліі Зянонаўны Любанскай (1836/7—1928). Быў сёмым дзіцем у сям’і, яшчэ ў Альбрэхтаве нарадзіліся Тэафіла (1857) і Аляксандр (1858), а ў Парэччы — Браніслава (1864), Юзаф (1862), Ванда (1866) і Вацлаў (1867). Пры жыцці Рамана нарадзіліся Алена (1869), Феліцыя (1873) і Зянон (1874), але ў 1872 годзе трагічна загінуў Вацлаў. 30 красавіка Раман быў aхрышчаны ў Пінскім парафіяльным касцёле ксяндзом Вікенціем Свідэрскім, хроснымі бацькамі былі памешчык Казімір Твардоўскі і ягоная сястра Марыя Скірмунт з Твардоўскіх, жонка Генрыка Скірмунта з Моладава[2], дзядзькі нованароджанага.

Яго бацька быў сынам значнага маянткоўца Пінскага павета, вядомага прадпрымальніка-фабрыканта і пінскага павятовага маршалка (1829—1835) Аляксандра Шыманавіча Скірмунта (1798—1870), а маці — дачкой Зянона Янавіча Любанскага (каля 1807—1854), вілейскага павятовага маршалка (1835—1841, 1844—1847), ад яго жонкі Марты Ляўковіч.

Адукацыя

Атрымаў толькі хатнюю і пачатковую адукацыю.

Скончыў тры класы Рыжскай гарадской гімназіі[3]. Але не атрымаў дыплому аб сярэдняй адукацыі, бо па волі бацькі Аляксандра, 15-ці гадовага Рамана забралі з гімназіі. Ён мусіў пераняць абавязкі кіравання маёнткам, каб у будучыні забяспечваць фінансава ўсю сям’ю[4]. Ніякіх універсітэтаў не скончыў[5].

Службовая і гаспадарчая дзейнасць

Быў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ), а ў 1904 г. быў выбраны ў члены Рады гэтага таварыства. Раман Скірмунт стаў верным сябрам, паплечнікам і, паводле слоў графа Іпаліта Корвін-Мілеўскага, «любімым вучнем» Эдварда Вайніловіча па гаспадарчай працы ў МТСГ і палітычнай дзейнасці[6][7].

У 19051911 гг. быў старшынёй Аддзела па справах сельскай гаспадаркі і патрэб Мінскага Палесся (Палескага таварыства сельскай гаспадаркі), што быў структурным аддзяленнем Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Быў віцэ-старшынёй (1907—1917, 1918—?) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і адным з яго лідараў.

Палітычная дзейнасць

Раман Скірмунт

Раман Скірмунт выступаў як адзін з ідэолагаў краёўцаў. У 1904 г. выдаў невялічкую брашурку «Голас мінуўшчыны і патрэба моманту. Становішча шляхты на Літве і Русі», дзе адзначаў кроўныя сувязі і адзінства паходжання шляхты ВКЛ і мясцовага сялянства[8].

Лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі на чале з Эдвардам Вайніловічам даручылі Раману Скірмунту стварыць «краёвую партыю». У лістападзе 1905 г. Раман надрукаваў у газеце «Kurier Litewski» зварот «Краёвай партыі Літвы і Русі» — фактычна праграму партыі, якая патрабавала ўвядзення ўсіх дэмакратычных свабодаў і найперш свабоды нацыянальнага жыцця і роўнасці нацыянальнасцей Заходняга края, краёвага самакіравання, падкрэслівала прынцып недатыкальнасці прыватнай уласнасці. Аднак працэс стварэння «краёвай партыі» зацягнуўся.

Раман Скірмунт у кнізе біяграфій дэпутатаў Першай Дзяржаўнай Думы Расійскай Імперыі, 1906 г.[9]

У 1906 г. Раман Скірмунт па пратэкцыі Эдварда Вайніловіча быў абраны дэпутатам (ад Мінскай губерні) у I Дзяржаўную Думы Расійскай Імперыі. У афіцыйных думскіх анкетных дадзеных Раман Скірмунт запісаў сябе як «паляк»[10]. У дзяржаўнай Думе Скірмунт увайшоў у склад дэпутатацкай групоўкі «Краёвае кола Літвы і Русі» (ці «Дэпутацкае кола Літвы і Русі», «Група заходніх ускраін»), якая аб’ядналася з дэпутатамі ад польскіх губерняў (г.зв. «Польскім колам з Каралеўства Польскага») і склалі ядро парламенцкай групы «Саюза аўтанамістаў». Газета «Nowy Kurier Litewski» (№ 104, 1917 г.)[11] надрукавала, што ў 1906 г. у адной з кулуарных размоў у Думе Раман Скірмунт назваў сябе адзін раз «беларусам»[11].

У I Дзяржаўнай Думе (1906) Раман Скірмунт, як і іншыя члены «Краёвага кола Літвы і Русі», выступаў у абарону права прыватнай уласнасці на зямлю і супраць адчужэння часткі прыватнаўласніцкіх зямель: ён выказаўся, што стварэнне (па прапанове расійскіх кадэтаў) дзяржаўнага фонду зямель не вырашыць справу павелічэння (ці ўмацавання) сялянскага землеўладання, бо фонд будзе толькі прапаноўваць сялянам карыстанне зямлёй, а не валоданне, і ў Заходнім краі, дзе пануе падворнае сялянскае землеўладанне, выкліча толькі непаразуменне і жах; выступіў за продаж фонду дзяржаўных зямель сялянам[12].

У 1906 г. Скірмунт паўтарыў зварот аб стварэнні «краёвай партыі», змяніўшы толькі назву партыі — «Краёвая партыя Белай Русі і Літвы». Ён спланаваў праект «краёвай партыі» як міжнацыянальны блок польскай, беларускай і літоўскай палітычных арганізацый.

З 25 сакавіка 1907 г. Раман Скірмунт уваходзіў у склад Нагляднай рады Польскага таварыства «Асвета» ў Мінску[13].

Артыкул «Земствы на Літве» пра мінскае, віцебскае і магілёўскае губернскія земствы ў варшаўскай газеце «Świat» (№ 11, 1912 г.) — з фатаграфіямі Эдварда Вайніловіча, Рамана Скірмунта, Юзафа Свянціцкага, Станіслава Хржанстоўскага, мінскага губернскага маршалка Аляксандра Далгаво-Сабурава і іншых членаў мінскага земства

17 чэрвеня 1907 г. у Вільні адбыўся з’езд землеўладальнікаў шасці беларуска-літоўскіх губерняў, які нарэшце прыняў рашэнне пра стварэнне даўно аб’яўленай у прэсе «Краёвай партыі Літвы і Беларусі». Аднак сам Скірмунт не ўвайшоў у партыю, яго не задавальняла тое, што «краёвая партыя» ўзнікала як выключна «польская», а Скірмунт імкнуўся стварыць партыю, якая мела б тры фракцыі — польскую, літоўскую і беларускую. У выніку Краёвую партыю Літвы і Беларусі ўзначаліў сам галоўны лідар краёўцаў-кансерватараў Эдвард Вайніловіч.

З кастрычніка 1910 да студзеня 1911 г. быў сенатарам — дэпутатам Дзяржаўнага Савета Расійскай Імперыі, куды Скірмунт быў выбраны тэрмінам на тры гады ад Мінскай губерні па пратэкцыі Эдварда Вайніловіча. У афіцыйных анкетных дадзеных Раман Скірмунт запісаў сябе як «паляк» і пазначыў, што скончыў гімназію ў Рызе[14]. Аднак пры праверцы Раман Скірмунт не змог дакументальна пацвердзіць сваю заяву, што атрымаў гімназічную адукацыю[15]. А для заняцця пасады дэпутата Дзяржаўнага Савета Расійскай Імперыі трэба было паводле заканадаўства адпавядаць маёмаснаму і адукацыйнаму цэнзу — мінімум мець гімназічную адукацыю. У выніку ў студзені 1911 г. Скірмунт быў вымушаны пакінуць пасаду дэпутата Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні, а замест Рамана Скірмунта ў 1911 г. у Санкт-Пецярбург даслужыць у 1911—1912 гг. трохгадовую кадэнцыю (1910—1912) паехаў Караль Незабытоўскі, які ў 1910 г. на выбарах дэпутатаў ад Мінскай губерні атрымаў другое месца пасля Рамана Скірмунта[16][17].

Уваходзіў у склад праўлення Віленскага зямельнага банка. З 1911 г. быў гласным Мінскага губернскага земства. З 1914 г. быў членам Мінскага губернскага камітэта Усерасійскага земскага саюза, у 1917 г. — загадчыкам Мінскага губернскага харчовага камітэта.

У студзені 1917 г. узначаліў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.

З 27 сакавіка па 10 ліпеня 1917 г. — старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску. У красавіку 1917 г. узначаліў беларускую дэлегацыю да Часовага ўрада Расіі (які кантраляваў цэнтральную і ўсходнюю тэрыторыі Беларусі разам з Мінскам) з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі.

Калі ў сувязі з выбарамі ва Устаноўчы сход Расіі быў створаны ў Мінску 8 кастрычніка 1917 г. Галоўны польскі выбарчы камітэт Мінскай акругі, Раман Скірмунт увайшоў у склад гэтага камітэта[13]. Удзельнічаў у Мінску ў выбарах дэпутатаў (ад Мінскай губерні) ва Устаноўчы сход Расіі як першы кандыдат ад спіса «Блок землеўласнікаў» Мінскай губерні (спіс № 3 — куды ўваходзілі разам землеўласнікі-беларусы, палякі і рускія) на мандат дэпутата, але мандата не атрымаў[13].

У другой палове кастрычніка 1917 г. Раман Скірмунт прыняў удзел у шэрагу нарад па справе каардынацыі дзеянняў і кансалідацыі розных беларускіх палітычных арганізацый і груп[18]. Вынікам нарад было стварэнне Вялікай беларускай рады, куды Раман Скірмунт увайшоў як член кіраўніцтва рады[18]. У лістападзе 1917 г. як член Вялікай Беларускай рады прыняў удзел у Беларускім з’ездзе павятовых рад Мінскай губерні[18].

Аўтограф Рамана Скірмунта, 1914 г.

Пасля Кастрычніцкага перавароту (1917) у Петраградзе, Раман Скірмунт быў сярод ініцыятараў рэзалюцыі Вялікай беларускай рады ў справе заключэння міру Расіі з Германіяй і злучэння разам усіх беларускіх зямель пад уладай Расіі[18]. Удзельнічаў у Першым Усебеларускім з’ездзе, які праходзіў 7—18 снежня (ст.ст.) 1917 г. у Мінску і быў выбраны ў склад рады з’езда, а таксама на з’ездзе быў своеасаблівым неафіцыйным прадстаўніком інтарэсаў мясцовых польскіх, беларускіх і рускіх палітычных арганізацый, прадстаўленых галоўным чынам землеўласнікамі і інтэлігенцыяй[18]. Вядома, што Скірмунт не ўвайшоў у склад выканаўчага камітэта рады Першага Усебеларускага з’езда[18].

У часе германскай акупацыі Менска ў лютым 1918 г., узначальваў «Менскае беларускае прадстаўніцтва», ад якога ў красавіку 1918 г. увайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, у маі 1918 г. яму даручана фарміраванне новага складу Народнага сакратарыяту Беларусі, з 9 ліпеня 1918 г. — прэм’ер ураду БНР і сакратар міжнародных спраў. Выказваўся за набыццё дзяржаўнымі органамі БНР рэальнай улады, збіранне вакол яе ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў, памяркоўную аграрную рэформу. 21 ліпеня 1918 г. пайшоў у адстаўку з пасады старшыні ўрада.

Працаваў у міжнароднай камісіі Рады БНР, у лістападзе 1918 г. у складзе надзвычайнай беларускай дэлегацыі быў у Германіі і Швейцарыі з мэтай прызнання незалежнасці Беларусі. У польска-савецкую вайну 1920 г. імкнуўся не дапусціць падзелу Беларусі паміж процілеглымі бакамі.

Адзін з заснавальнікаў Польска-беларускага таварыства ў Варшаве (1919). Выказваўся, як і Эдвард Вайніловіч, за стварэнне польска-беларускай федэрацыі.

У міжваеннай Польшчы (1921—1939)

Пасля няўдачы ўмацаваць дзяржаўнасць БНР ці стварыць польска-беларускую федэрацыю, прыняў польскае грамадзянства, адышоў, як і Эдвард Вайніловіч, ад палітыкі, займаўся гаспадаркай ва ўласным маёнтку ПарэччаПалескім ваяводстве). Прысвяціў сябе літаратуразнаўству і займаў у 19231928 гг. выбарную пасаду суддзі Пінскага акруговага суда. У 19231927 гг. таксама быў старшынёй Палескага акруговага таварыства сельскай гаспадаркі (Пінск). Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім і культурным жыцці Палескага ваяводства. Займаўся краязнаўствам Палесся, прымаў удзел у стварэнні Палескага музея ў Пінску. Усяляк (у тым ліку ў друку) падтрымліваў ідэю міжнацыянальнай і міжканфесійнай талерантнасці ў краі.

Толькі пасля «майскага пераварота» (1926) у яго вярнулася цікавасць да палітыкі на агульнадзяржаўным узроўні: у 1929 г. Раман Скірмунт увайшоў у склад Рады Кансерватыўнай арганізацыі дзяржаўнай працы — грамадскага аб’яднання палітычнай групоўкі «віленскіх кансерватараў», а ў 1930 г. быў выбраны сенатарам (1930—1935) ад Палескага ваяводства, далучыўшыся да Беспартыйнага блока супрацоўнiцтва з урадам, які падтрымліваў палітыку Юзафа Пілсудскага. Скірмунт выступаў супраць паланізацыі беларускага насельніцтва.

Віленскія кансерватары (князь Яўстах Сапега і Станіслаў Мацкевіч (1896—1966)) таксама прынялі актыўны ўдзел у распрацоўцы новай канстытуцыі Другой Рэчы Паспалітай (прынятай 23 красавіка 1935 г.). 28 жніўня 1933 г. у Вільні ў будынку Віленскага зямельнага банка адбыўся сход, скліканы Кансерватыўнай арганізацыяй дзяржаўнай працы, на якім князь Яўстах Сапега (1881—1963), які яшчэ ў 1930 г. напісаў трактат «Канстытуцыя дзяржаўных інтарэсаў» («Konstytucja racji stanu»), зачытаў даклад аб юрыдычных рашэннях, прапануемых у новую канстытуцыю. Узначальваў і кіраваў сходам сенатар Раман Скірмунт.

У верасні 1939 года[19] мясцовае насельніцтва Піншчыны, якое падтрымлівала бальшавікоў, зрабіла фатальную памылку: выбегла сустракаць з чырвонымі транспарантамі цягнік, поўны польскіх жаўнераў. Раман Скірмунт упаў перад апошнімі на калені, каб тыя не каралі мужыкоў[20].

Маёнткі і маёмасць

У 1876 г. бацька Рамана Скірмунта Аляксандр Скірмунт валодаў маёнткам Парэчча ў Пінскім павеце Мінскай губерні, дзе мелася 5193 дзесяціны зямлі, цукровая фабрыка, суконная фабрыка і дзве карчмы. Пасля смерці Аляксандра Скірмунта маёнтак Парэчча (з фабрыкамі і вінакурнямі) перайшоў у валоданне яго сына Рамана і ў 1911 г. налічваў 6030 дзесяцін зямлі[21]. Раман Скірмунт валодаў таксама нерухомасцю ў Мінску і Маскве.

У ходзе Першай сусветнай вайны палац у Парэччы і яго зборы ацалелі, але будынкі фабрык і фальваркі, абрабаваныя немцамі, былі зруйнаваны ваеннымі дзеяннямі. У міжваеннай Польшчы матэрыяльнае становішча Рамана Скірмунта (разам з якім у палацы жылі яго сястра Гелена і яе муж Баляслаў Скірмунт) было цяжкім, таму Скірмунту не ўдалося аднавіць былую эканамічную магутнасць маёнтка і аднавіць многія пабудовы. Некаторыя ацалелыя будынкі былі ім перароблены для гаспадарчых мэт. Аднак пры гэтым Раман Скірмунт рэгулярна дапамагаў парэцкім сялянам, у тым ліку перадачай ім кавалкаў зямлі ў падарунак. Паводле апытання гісторыка Аляксандра Смалянчука, успаміны сялян малююць станоўчы вобраз маянткоўца, які добра ставіўся да сялян: «З сваёй абслугай і сялянамі Раман гутарыў толькі па-беларуску. Сяляне казалі: „Ён наш пан, ён навет па-нашаму гаворыць“. … Апрача ўсяго ён быў людзяным. Ён быў добрым для сваёй абслугі й не адной пажылай сялянскай асобе памог тым, што сваёй абслугай прывёз, парэзаў і парубаў дровы зімою, або вясной падсыпаў зярна ў іхнюю засеку. Не толькі абслуга маёнтку, але й навакольныя сяляне спаміналі Рамана Скірмунта адно добрым словам»[22].

Сям’я

За сваё жыццё ніколі не жаніўся і не меў афіцыйных дзяцей.

Паводле апытання мясцовых жыхароў, зробленага гісторыкам Аляксандрам Смалянчуком, Раман Скірмунт (яшчэ да 1912 г.) меў каханку з ліку сельскіх работніц свайго маёнтка, якую звалі Кацярына Цярэшка (Цярэшчанка). Кацярына, якая была ўдавой, з пачатку 1920-х гг. пастаянна пражывала ў палацы ў маёнтку Парэчча. Паводле сведчанняў вяскоўцаў, Раман Скірмунт меў ад Кацярыны чатырох пазашлюбных дзяцей: Аляксандр (Олесь), Раман, Уладзіслаў і Пётр (Петрусь). Усе дзеці атрымалі адукацыю, жылі і працавалі ў маёнтку Рамана Скірмунта. Вядома, што Олесь памёр яшчэ ў 1930-ыя, Раман быў арыштаваны НКВД і загінуў у Сібіры, Петрусь з’ехаў у Польшчу, а лёс Уладзіслава невядомы[23].

Смерць і пахаванне

Атрымаўшы звесткі пра напад СССР, Раман Скірмунт з сястрой Аленай і яе мужам Баляславам Скірмунтам выехалі з Парэчча ў Пінск. Вечарам 20 верасня 1939 г. у горад увайшлі часткі Чырвонай арміі. У наступныя дні адбыліся масавыя арышты «класава чужога элементу». Былі арыштаваныя таксама Скірмунты. Але ў турме яны прабылі толькі суткі. Пасля допыту і запісу асабістых дадзеных іх, як і большасць іншых арыштантаў, выпусцілі на свабоду. Пад канец верасня Раман і Баляслаў Скірмунты вырашылі вярнуцца ў Парэчча.

Як згадвае айцец Мікалай (Мацукевіч), у вераснёўскую суматоху пасля заняцця Заходняй Беларусі савецкімі войскамі ў 1939 годзе Раман Скірмунт хаваўся ў свайго сябра, селяніна Рамана Баранчука ў вёсцы Парэчча. Але камуністы знайшлі яго й вывелі за Ясельду ў Коранскі лес[24].

Месца пахавання Рамана Скірмунта, парк «Парэчча» ў былым маёнтку Скірмунтаў у Парэччы. Фота 2013 г.
Мемарыяльны камень Раману Скірмунту ў Парэччы. Фота 2013 г.

Раніцай 6 кастрычніка Скірмунтаў арыштавалі ўзброеныя «камітэтчыкі» і памясцілі ў карцар былой управы гміны, якая стала сядзібай камітэта. Раніцай наступнага дня арыштаваных пасадзілі на воз і заявілі, што павязуць у Пінск на допыт. Але спачатку агульны сход вяскоўцаў павінен быў стаць «народным судом» над памешчыкам. Марыя Нікалайчык (1920 г. нар.) распавяла, што людзі плакалі, а Скірмунт сказаў: «Я з вамы прошчаюса назаўжды. Спадзяюся, што нікому не зрабіў кепскага»[25].

Раман Скірмунт быў забіты мясцовымі жыхарамі[26] на загад савецкага камісара Холадава[27]. Старшыня сельсавета загадаў адвесці яго і ягонага швагра Баляслава Скірмунта ў Пінск. Не даходзячы да горада, у лесе, іх спынілі, далі ў рукі рыдлёўкі ды загадалі капаць сабе магілы. Раман Скірмунт, якому на той момант споўніўся 71 год, абапёрся аб дрэва і сказаў: «Я не заслужыў, каб сабе самому капаць магілу». Абодвух, расстраляўшы, скінулі ў яму, нават добра не прысыпаўшы[20]. Прыгадвалі, што перад смерцю Раману Скірмунту загадалі адвярнуцца ад забойцаў. Ён адмовіўся: «Я ад людзей ніколі не адварочваўся».

Каб супакоіць народ некалькі чалавек, што бралі ўдзел у забойстве Рамана Скірмунта, энкавэдысты арыштавалі і вывезлі ў Сібір. Вясной 1940 года пастухі, якія пасвілі кароў у Коранскім лесе, знайшлі цела Рамана Скірмунта ды паведамілі ўладам пра знаходку. Раман Баранчук збіў з дошак труну свайму былому прыяцелю. Калі цела Рамана Скірмунта везлі праз вёску Парэчча, сяляне высыпалі на вуліцу, каб аддаць апошнюю пашану свайму пану. Энкавэдысты, вярхом на конях, праводзілі цела і тайна пахавалі Рамана Скірмунта ў ягоным родным маёнтку Парэчча[24].

Памяць

«Палітыцы ён быў адданы целам і душой, не шкадаваў для яе ні фізічных, ні маральных прац. Чалавек, бясспрэчна, з вялікай духовай культурай, шырокім светапоглядам, Скірмунт належаў у тыя часы да групы тых рэдкіх абшарнікаў Беларусі, для каторых беларускі селянін быў бліжэй за селяніна… Выступы Скірмунта на беларускіх зборах вылучаліся і ўтрыманнем і формай. Яны былі заўсёды высокапатрыятычныя, зыходзячы з беларускага пункту гледжання і нават проста рэвалюцыйныя, што выклікала ў прысутных буру захапленняў», — пісаў рэлігійны дзеяч Беларусі Вінцэнт Гадлеўскі. (руск.) .

У 1990-я гады ў парэцкім парку быў пастаўлены помнік Скірмунтам — жалезны крыж з надпісам па-польску. Ужо ў ХХІ стагоддзі паблізу першага крыжа на меркаванай магіле Скірмунтаў з’явіўся драўляны крыж з надпісам па-беларуску[25]

У 2009 годзе ў Івацэвічах у грэка-каталіцкай парафіі іконы Маці Божай Жыровіцкай усталявалі мэмарыяльную дошку ў гонар Рамана Скірмунта.[28]

Творы

Зноскі

  1. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта… С. 14.
  2. Смалянчук, А. Раман Скірмунт (1868–1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю / Смалянчук Аляксандр Фёдаравіч. — Мінск: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — 700 с. — ISBN 978-985-23-0016-2.
  3. Алесь Смалянчук. Раман Скірмунт. Жыццяпіс грамадзяніна Краю. Мн., 2018. С. 111. Архівавана 26 сакавіка 2019.
  4. Раман Скірмунт, які спыняў агонь, меў сакрэтнае каханне і баяўся публікі (нявызн.). Belsat TV. Праверана 10.11.2019.
  5. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С. 481, 489.
  6. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 47.
  7. Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt… С. 241.
  8. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 127.
  9. Інфармацыя пра тое, што Раман Скірмунт скончыў Рыжскую гімназію, з’яўляецца несапраўднай. Гл.: Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С. 481.
  10. Бородин, А. П. Скирмунт Роман Александрович Архівавана 4 сакавіка 2016.; Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С. 466, 480, 481.
  11. 1 2 Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 287.
  12. Бусько, В. Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX в… С. 104.
  13. 1 2 3 Brzoza, Cz. Skirmunt Roman / Cz. Brzoza, K. Stepan // Polski Słownik Biograficzny. — Warszawa, 1998. — С. 185.
  14. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С. 466, 480, 481.
  15. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С. 481.
  16. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С. 480, 481.
  17. Piber, A. Niezabytowski Karol Stanisław… S. 105.
  18. 1 2 3 4 5 6 Brzoza, Cz. Skirmunt Roman / Cz. Brzoza, K. Stepan // Polski Słownik Biograficzny. — Warszawa, 1998. — С. 186.
  19. Палескія Скірмунты: трагедыя восені 1939 года Архівавана 4 ліпеня 2018.
  20. 1 2 Як беларускага прэм’ера прымушалі самому сабе магілу капаць // Наша ніва
  21. Список землевладельцев Минской губернии за 1876 год… С. 148; Списки лиц, владеющих в Минской губернии… Пинский уезд.
  22. Смалянчук, А. Парэчча Скірмунтаў: лёс сядзібы і ўладальнікаў.
  23. «Добры быў пан…» Раман Скірмунт у вусных успамінах жыхароў в. Парэчча Пінскага раёну
  24. 1 2 nashaniva.by
  25. 1 2 nashaniva.by
  26. Жыццё і смерць Рамана Скірмунта (паводле вусных успамінаў жыхароў Піншчыны) Архівавана 5 сакавіка 2016.
  27. Глеб Лабадзенка. Страляйце так, я ад людзей ніколі не адварочваўся : Газэта. — 7 кастрычніка 2009. — № 189 (26547). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  28. Івацэвічы: ушанавана памяць Рамана Скірмунта

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (26):
Прадпрымальнікі Расійскай імперыі
Скірмунты
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Нарадзіліся ў 1868 годзе
Памерлі ў Беларусі
Члены Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі
Прэм’ер-міністры БНР
Расстраляныя
Члены Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі ад Мінскай губерні
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Члены Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Прадпрымальнікі Беларусі
Віленскія кансерватары
Пахаваныя ў Пінскім раёне
Нарадзіліся ў Пінскім павеце (Расійская імперыя)
Памерлі ў 1939 годзе
Асобы
Краёўцы
Палітыкі Беларусі
Памерлі 7 кастрычніка
Члены Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі I склікання
Скірмунты
Нарадзіліся 25 красавіка
Члены Беларускага нацыянальнага камітэта (Мінск)
Члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі