wd wp Пошук:

Заходні край

Заходні край, або заходнія губерні (руск.: Западный край, або западные губернии; польск.: Kraj Zachodni) — размоўная, публіцыстычная і афіцыйна-бюракратычная назва васьмі-дзесяці губерняў Расійскай імперыі (Віленская, Ковенская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская, Віцебская, Кіеўская, Валынская, Падольская і Холмская губерні), якая пачала стала ўжывацца пасля падаўлення Лістападаўскага паўстання (1830—1831) аж да падзення расійскага самадзяржаўя ў лютым 1917 г. — для абазначэння зямель, атрыманых Расійскай імперыяй у ходзе падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795).

Гісторыя

Першапачаткова тэрмін быў уведзены расійскім урадам як жаданне паказаць дынастычна «рускі», а не «польскі» характар гэтых зямель былой федэрацыйнай польска-літоўскай Рэчы Паспалітай (якая размоўна менавалася проста як «Польшча»).

Як асобная адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура Заходні край ніколі не існаваў, а вызначаўся спецыфікай кіравання і рэжымам законаў — галоўным чынам дыскрымінацыйнага характару ў адносінах да многіх катэгорый мясцовага насельніцтва (у параўнанні з іншымі часткамі Расійскай імперыі).

Першапачаткова тэрмінам «Заходні край» сукупна называлі восем губерняў (Літоўска-Віленская, Літоўска-Гродзенская, Мінская, Беларуска-Віцебская, Беларуска-Магілёўская, Кіеўская, Валынская і Падольская губерні), якія (па стану на сярэдзіну 1830-х гг.) уваходзілі ў склад трох генерал-губернатарстваў — Віленскага ваеннага генерал-губернатарства, Кіеўскага ваеннага генерал-губернатарства і Віцебскага генерал-губернатарства. У 1842 г. шляхам вылучэння са складу Віленскай губерні некаторых яе паветаў была створана дзявятая губерня Заходняга края — Ковенская губерня. У 1912 г. шляхам вылучэння са складу Люблінскай губерні асобных паветаў з пераважна ўкраінскамоўным сялянскім насельніцтвам была створана Холмская губерня, якая была вылучана з-пад улады варшаўскага генерал-губернатара і перайшла пад прамое кіраўніцтва міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі, а з 1915 г. — пад фармальную ўладу кіеўскага генерал-губернатара. Холмская губерня таксама пачала адносіцца да Заходняга края.

З пачатку 1840-х гг. пасля скасавання ў Расійскай імперыі ўніяцтва (1839), што ўспрымалася афіцыйнымі расійскімі ўладамі як духоўнае і этнічнае «вяртанне» Расійскай імперыяй насельніцтва «спрадвечна рускіх зямель»[1], заходнія губерні («Заходні край») у афіцыйнай ідэалогіі былі аб’яўлены «Заходняй Руссю» («Заходняй Расіяй», «Заходне-рускім краем»), «вернутымі ад Польшчы старажытнымі вобласцямі», бо гэтай назвай хацелася падкрэсліць яшчэ і этнаканфесійна «рускі» характар гэтых зямель. Па гэтай прычыне Віленскае ваеннае генерал-губернатарства атрымала паралельную назву Паўночна-Заходні край (і ідэалагічнае значэнне «Паўночна-Заходняя Русь, «Паўночна-Заходняя Расія»), а Кіеўскае ваеннае генерал-губернатарстваПаўднёва-Заходні край (і ідэалагічнае значэнне «Паўднёва-Заходняя Русь», «Паўднёва-Заходняя Расіія»)[2]. Віцебскае генерал-губернатарства працягвала паралельна менавацца як «беларускія губерні», «Беларускі край» ці «Беларусія».

Пасля пераводу ў 1863 г. (з-за пачатку паўстання 1863—1864 гадоў) Віцебскай і Магілёўскай губерняў пад уладу віленскага ваеннага генерал-губернатара тэрмін «паўночна-заходнія губерні» пачаў распаўсюджвацца і на гэтыя («беларускія») губерні. Пасля выхаду з-пад улады віленскага генерал-губернатара ў 1869 г. Магілёўскай і Віцебскай губерняў, а ў 1870 г. — і Мінскай губерні, шэсць літоўска-беларускіх губерняў (Ковенская, Віленская, Гродзенская, Мінская, Віцебская і Магілёўская губерні) працягвалі размоўна і публіцыстычна адносіцца да «паўночна-заходніх» (і адпаведна — да «заходніх губерняў»), а ўсе шэсць губерняў па ідэалагічных матывах захавалі сукупную назву «Паўночна-Заходні край» аж да падзення расійскага самадзяржаўя ў лютым 1917 г..

З пачатку 1840-х гг. часта «Паўночна-Заходні край» (г.зн. Віленскае ваеннае генерал-губернатарства) называўся як «Заходні край» («заходнія губерні»), хоць тэрмін «Заходні край» («заходнія губерні») ужываўся паралельна для абазначэння ўсіх дзевяці «заходніх губерняў» (Валынскай, Падольскай, Кіеўскай, Ковенскай, Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў).

Мясцовае каталіцкае і польскамоўнае дваранства Заходняга края, якое было генетычна нашчадкамі шляхты Рэчы Паспалітай і пераемнікамі яе культуры і традыцый, называла ў сваім асяроддзі гэтыя «заходнія губерні» як «Літва і Русь», карыстаючыся геаграфічнай і тапанімічнай тэрміналогіяй часоў Рэчы Паспалітай. У асяроддзі мясцовай шляхты таксама ўзнік і тэрмін «ziemie zabrane» («захопленыя землі»)[3], які меў сентыментальную і высокаэмацыянальную афарбоўку незадаволенасці існуючым становішчам, бо расійская ўлада цвёрда лічыла «заходнія губерні» «заходне-рускімі» і не жадала ні ў якім разе ўключаць («аддаваць») у склад супольнай аўтаноміі з польскімі землямі (Царствам Польскім), што нейкім чынам нагадвала б вобраз былой Рэчы Паспалітай. Да «захопленых зямель» адносілася таксама і КурляндыяКурляндская губерня Расійскай імперыі.

Зноскі

  1. У тыя часы ў Расійскай імперыі галоўнай этнавызначальнай прыкметай лічылася веравызнанне.
  2. Западные окраины Российской империи / Л.А. Бережная [и др.]; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — С. 103.
  3. Тэрмін «ziemie zabrane» у 1834 г. упершыню ў публіцыстыку ўвёў Маўрыцый Махнацкі (1803—1834), відны ўдзельнік паўстання 1830—1831 гадоў.

Гл. таксама

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Заходнерусізм
Гісторыя Літвы
Гісторыя Беларусі
Гісторыя Расіі
Адміністрацыйны падзел Расійскай імперыі
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Гісторыя Украіны