wd wp Пошук:

Аляксандр Сяргеевіч Далгаво-Сабураў

Аляксандр Сяргеевіч Далгаво-Сабураў (руск.: Александр Сергеевич Дологово-Сабуров; 7 ліпеня 1851—пасля 1917) — дзяржаўны і палітычны дзеяч Расійскай імперыі, навагрудскі павятовы маршалак (1888—1894), чарнігаўскі віцэ-губернатар (1894—1902), віленскі віцэ-губернатар (1902—1904), мінскі губернскі маршалак (1904—1917). Гофмейстар расійскага імператарскага двара.

Біяграфія

Паходжанне і сям’я

Паходзіў з рускіх праваслаўных спадчынных дваран і належаў да дваранства Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. Нарадзіўся 7 ліпеня 1851 г. у сям’і рускага праваслаўнага двараніна, адстаўнога паручніка Сяргея Пятровіча Далгаво-Сабурава, які меў маёнтак у Беліцкім павеце[1] Магілёўскай губерні, што ў 1846 г. налічваў 378 рэвізскіх душ, і які карыстаўся пэўным даверам сярод мясцовых дваран.

Аляксандр Сяргеевіч Далгаво-Сабураў ажаніўся з Аляксандрай Іванаўнай Каханавай, дачкой генерал-лейтэнанта Івана Сямёнавіча Каханава (1825—1909), петракоўскага губернатара (1867—1884) і віленскага генерал-губернатара (1884—1893), ад яго жонкі Сафіі Іванаўны Кабяковай. Жонка была рускай і праваслаўнай.

Службовая дзейнасць

Пасля сканчэння навучання ў імператарскім Аляксандраўскім ліцэі ў Санкт-Пецярбургу, з чынам XIV класа (зацверджаным 22 мая 1871 г.), 7 чэрвеня 1871 г. паступіў на службу ў Міністэрства юстыцыі Расійскай імперыі з чынам калежскага рэгістратара з прылічэннем да Дэпартамента гэтага міністэрства. Таго ж 22 мая 1871 г. распараджэннем кіраўніка Міністэрства юстыцыі камандзіраваны ў чарнігаўскую палату ўгалоўнага і грамадзянскага суда для заняткаў у дапамогу судоваму следчаму горада Старадуба. Загадам па міністэрству юстыцыі ад 16 чэрвеня 1873 г. Аляксандр Далгаво-Сабураў быў прызначаны выконваць абавязкі часовага судовага следчага па Чарнігаўскай губерні, а загадам ад 23 ліпеня 1873 г. пераведзены выконваць абавязкі судовага следчага 2-га ўчастка Суражскага павета Чарнігаўскай губерні. Загадам ад 10 чэрвеня 1874 г. па міністэрству юстыцыі быў прылічаны да Дэпартаменту Міністэрства юстыцыі з адкамандзіраваннем да выканання абавязкаў судовага следчага старадубскага акруговага суда 2-га ўчастка Суражскага павета.

Артыкул «Земствы на Літве» пра мінскае, віцебскае і магілёўскае губернскія земствы ў варшаўскай газеце «Świat» (№11, 1912 г.) — з фатаграфіямі мінскага губернскага маршалка Аляксандра Далгаво-Сабурава, Эдварда Вайніловіча, Рамана Скірмунта, Юзафа Свянціцкага і іншых членаў мінскага земства

Загадам па міністэрству юстыцыі ад 27 мая 1876 г. Аляксандр Далгаво-Сабураў быў прызначаны на пасаду таварыша (намесніка) пракурора Петракоўскага акруговага суда (Петракоўская губерня). Загадам Сената Расійскай імперыі па Дэпартаменту герольдыі ад 16 лістапада 1877 г. за выслугу гадоў атрымаў чын губернскага сакратара са старшынствам (з адлікам з 22 мая 1874 г.), загадам Сената ад 16 лістапада 1878 г. за выслугу гадоў атрымаў чын калежскага сакратара са старшынствам (з адлікам з 27 студзеня 1877 г.), а загадам ад 3 мая 1879 г. — чын тытулярнага саветніка са старшынствам (з адлікам з 27 студзеня 1879 г.). Выконваў абавязкі пракурора Петракоўскага акруговага суда з лютага па 29 мая 1881 г. Загадам Сената Расійскай імперыі па Дэпартаменту герольдыі ад 16 лістапада 1877 г. за выслугу гадоў атрымаў чын губернскага сакратара са старшынствам (з адлікам з 22 мая 1874 г.)

4 чэрвеня 1881 г. прапановай генерал-ад’ютанта графа Татлебена Аляксандр Далгаво-Сабураў быў прызначаны на пасаду начальніка аддзялення канцылярыі віленскага генерал-губернатара. Загадам Сената Расійскай імперыі па Дэпартаменту герольдыі ад 18 мая 1881 г. за выслугу гадоў атрымаў чын калежскага асэсара са старшынствам (з адлікам з 27 студзеня 1881 г.). Імператарскім загадам ад 23 чэрвеня 1884 г. за старанную службу атрымаў чын надворнага саветніка. Загадам віленскага генерал-губернатара (1884—1893) генерал-лейтэнанта Івана Сямёнавіча Каханава (1825—1909) на падставе змененага штата канцылярыі віленскага генерал-губернатара Аляксандр Далгаво-Сабураў быў перайменаваны ў старшага справаводцу канцылярыі з 5 студзеня 1885 г.

4 верасня 1885 г. атрымаў цёмнабронзавы мядаль у памяць свячэннага каранавання расійскага імператара Аляксандра III па сведчанні кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў. Загадам віленскага генерал-губернатара (1884—1893) генерал-лейтэнанта Івана Сямёнавіча Каханава ад 7 студзеня 1887 г. Аляксандр Далгаво-Сабураў быў прызначаны ў лік асоб, якія знаходзяцца ў распараджэнні віленскага генерал-губернатара з 7 студзеня 1887 г. Імператарскім загадам за старанную службу атрымаў чын калежскага саветніка з 30 жніўня 1887 г.

9 лютага 1888 г. загадам Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр Далгаво-Сабураў быў прызначаны на пасаду навагрудскага павятовага маршалка (прадвадзіцеля дваранства) і старшыні навагрудскай павятовай установы па сялянскім справам. 30 жніўня 1890 г. атрымаў ордэн Святога Станіслава 3 ступені. Загадам Сената Расійскай імперыі па Дэпартаменту герольдыі ад 13 красавіка 1892 г. за выслугу гадоў атрымаў чын стацкага саветніка са старшынствам (з адлікам з 30 жніўня 1891 г.). 30 жніўня 1893 г. атрымаў ордэн Святой Ганны 3 ступені.

17 лютага 1894 г. Аляксандр Далгаво-Сабураў быў прызначаны на пасаду чарнігаўскага віцэ-губернатара. 8 красавіка 1897 г. атрымаў мядаль у памяць царавання Аляксандра III, 3 чэрвеня 1897 г. — цёмнабронзавы мядаль за працу па першым усеагульным перапісу народанасельніцтва Расійскай імперыі. 6 снежня 1897 імператар Мікалай II па дакладу міністра ўнутраных спраў надаў Аляксандру Далгаво-Сабураву за старанную службу чын сапраўднага стацкага саветніка, а 14 чэрвеня дазволіў яму прыняць і насіць, пажалаваны бухарскім эмірам ордэн Бухарскай Залатой зоркі 1 ступені. У 1898 г. атрымаў ад расійскага імператара Мікалая II знак адрознення “24 лістапада 1866 года” за пазямельнае ўладкаванне былых дзяржаўных сялян. У 1899 г. атрымаў знак адрознення за працы службітаў па папячыцельстве дзіцячых прытулкаў устаноў імператрыцы Марыі. 6 снежня 1899 г. атрымаў ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені. На працягу 1894—1902 гг. шматразова кожны год выконваў абавязкі чарнігаўскага губернатара.

7 кастрычніка 1902 г. імператарскім загадам па грамадзянскаму ведамству Аляксандр Далгаво-Сабураў быў прызначаны на пасаду віленскага віцэ-губернатара. 6 мая 1904 г. імператарскім загадам па Міністэрству імператарскага двара атрымаў званне камер-юнкера расійкага імператарскага двара. На працягу 1902—1904 гг. шматразова кожны год выконваў абавязкі віленскага губернатара.

9 кастрычніка 1904 г. імператарскім загадам паводле даклада міністра ўнутраных спраў Расійскай імперыі Аляксандр Далгаво-Сабураў быў прызначаны на пасаду мінскага губернскага маршалка (прадвадзіцеля дваранства) з налічэннем яму жалавання са скарбу па 4 000 рублёў штогадова. 7 лютага 1907 г., паводле пастановы Галоўнага кіраўніцтва Расійскага таварыства Чырвонага крыжа ад 1906 г., узнагароджаны заснаваным 19 студзеня 1906 г. знакам і медалём Чырвонага крыжа ў памяць удзелу ў таварыстве падчас руска-японскай вайны 1904—1905 гг. Атрымаў 22 красавіка 1907 г. ордэн Святога Станіслава 1 ступені, а 18 красавіка 1910 г. — ордэн Святой Ганны 1 ступені.

З увядзеннем у 1911 г. у Мінскай губерні земства (земскага самакіравання), стаў (па прычыне заняцця пасады мінскага губернскага маршалка) аўтаматычна яго членам у 1911—1917 гг.

У 1913 г. атрымаў прыдворны чын гофмайстара і медаль «У памяць 300-годдзя царствавання дома Раманавых».

Аляксандр Сяргеевіч Далгаво-Сабураў займаў пасаду да 1917 г. і быў перадапошнім прызначаным расійскай царскай уладай прадвадзіцелем дваранства Мінскай губерні.

Жалаванне і маёнтак

Калі займаў пасаду мінскага губернскага маршалка (прадвадзіцеля дваранства), атрымліваў жалаванне 4 000 рублёў штогод; за ім не налічвалася спадчыннага маёнтка, а толькі ўласны набыты маёнтак у Гомельскім павеце Магілёўскай губерні Расійскай імперыі (1 514 дзесяцін зямлі).

Зноскі

  1. Беліцкі павет перайменаваны ў 1852 г. у Гомельскі павет.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (17):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Віцэ-губернатары чарнігаўскія
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Нарадзіліся ў 1851 годзе
Выпускнікі Аляксандраўскага ліцэя
Асобы
Вікіпедыя:Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Навучэнцы Аляксандраўскага ліцэя
Віцэ-губернатары віленскія
Павятовыя маршалкі навагрудскія
Нарадзіліся 7 ліпеня
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Губернскія маршалкі мінскія
Калежскія саветнікі
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Вікіпедыя:Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Вікіпедыя:Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы