Бе́лькаўскі сельсавет — былая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці Беларусі. Цэнтр — вёска Белькі. Плошча сельсавета складала 11066,5 га[1].
Утвораны 16 ліпеня 1954 года ў складзе Дунілавіцкага раёна Маладзечанскай вобласці шляхам аб’яднання скасаваных Тузбіцкага і Галбейскага сельсаветаў[2]. З 20 студзеня 1960 года ў складзе Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. 20 мая 1960 года ў склад сельсавета з Казлоўшчынскага сельсавета перададзены 5 населеных пунктаў (Буда, Масты, Навінкі, Піскуны і Якімаўцы)[3]. 28 мая 1962 года да сельсавета далучана частка скасаванага Жукоўшчынскага сельсавета былога Шаркаўшчынскага раёна (8 населеных пунктаў: Агальніца Малая, Алашкаўшчына, Асіннікі, Вінаграды, Крашнева, Навасёлкі, Полава, Пятровічы)[4]. З 25 снежня 1962 года сельсавет у складзе Пастаўскага раёна. У 1963 годзе ў склад сельсавета з Пяліцкага сельсавета Мёрскага раёна перададзены 11 населеных пунктаў (Абалонь, Агальніца Вялікая, Алашкі Вялікія, Алашкі Малыя, Грыблы, Жукоўшчына, Зямцы, Мельніца, Слабада, Сямёнавічы і Халопаўшчына)[5]. 10 красавіка 1965 года ў склад Казлоўшчынскага сельсавета вернута вёска Навінкі[6]. 7 чэрвеня 1966 года ў склад Пяліцкага сельсавета Мёрскага раёна вернуты 11 населеных пунктаў (Абалонь, Агальніца Вялікая, Алашкі Вялікія, Алашкі Малыя, Грыблы, Жукоўшчына, Зямцы, Мельніца, Слабада, Сямёнавічы і Халопаўшчына)[7]. 7 жніўня 1979 года ў склад Казлоўшчынскага сельсавета перададзены 6 населеных пунктаў (вёскі Буда, Залессе, Куніцкія, Масты, Піскуны і Якімаўцы)[8]. 18 снежня 2009 года сельсавет скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Варапаеўскага пассавета (16 населеных пунктаў: Аліхверы, Альшнева, Барэйкі, Белькі, Вайцяхі, Галбея, Кеўлічы, Косаўшчына, Невядомшчына, Паўлюгі, Полава, Пятровічы, Рагоўскія, Рымкі, Стахоўскія, Трумпічы) і Курапольскага сельсавета (10 населеных пунктаў: Алашкаўшчына, Асіннікі, Балаі, Дубрава, Казімерцы, Крашнева, Мацейкі, Навасёлкі, Тузбіца, Шымукоўшчына)[1].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года складала 679 чалавек[9], з іх 94,4 % — беларусы, 4,0 % — рускія, 1,2 % — палякі[10].
На момант скасавання ў склад сельсавета ўваходзілі 26 населеных пунктаў.