wd wp Пошук:

Аляксандр Леанідавіч Варламаў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Варламаў.

Аляксандр Леанідавіч Варламаў ці часцей Саша Варламаў (руск.: Александр Леонидович Варламов или чаще Саша Варламов; англ.: Aleksandr Varlamov or Sasha Varlamov; ням.: Sascha Warlamow) (6 мая 1955, Мінск, БССР, СССР) — беларускі мастак-мадэльер, дызайнер, харэограф, рэжысёр, мастацтвазнаўца, педагог, пісьменнік, паэт. Напісаў звыш 70 навуковых артыкулаў для акадэмічнай энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» (1989). У 1985—1991 гг. быў рэжысёрам, пастаноўшчыкам і харэографам Мінскага тэатра моды. У 1992 г. заснаваў уласнае прыватнае прадпрыемства «Рэкламнае Агенцтва Сашы Варламава» (перайменаванае ў 2000 г. у «Агенцтва моды Сашы Варламава»), якое стала прадаўжальнікам традыцый Мінскага тэатра моды і праіснавала да 2013 года. З 1992 па 2001 гг. — сааўтар, рэжысёр-пастаноўшчык і харэограф тэатра моды «Modetheater Berlin» (Германія). У 1997 і 2001 г. стаў суарганізатарам і саўдзельнікам самага буйнога сусветнага форума моды «Der große Q» у Берліне (Германія) — форум 2001 годзе занесены ў «Кнігу рэкордаў Гінеса» за самы вялікі подыум у свеце даўжынёй 1 111 метраў. Аўтар калекцый адзення, а таксама аўтар і пастаноўшчык у 1992—2011 гг. шэрагу праектаў, звязаных з сінтэзам моды, харэаграфіі, музыкі, літаратуры і іншых відаў мастацтва, у тым ліку конкурсу «Супермадэль Беларусі» (1992—2000) і фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды» («Мельница моды») (з 2001) у Беларусі. Арганізатар паказаў беларускай моды ў краінах Еўропы. У 2013—2015 гг. меў свой «Віртуальны дом моды Сашы Варламава» ў Інтэрнэце і з’яўляўся практыкуючым дызайнерам. З лістапада 2013 па 2015 г. таксама з’яўляўся прадстаўніком у Рэспубліцы Беларусь міжнароднага конкурсу маладых дызайнераў адзення «Поколение NEХT» (Санкт-Пецярбург, Расія). У 2014—2015 гг. быў аўтарам і кіраваў сваім праектам Тэатр моды «Шкаф» (Мінск, Беларусь). Кавалер срэбнага медаля ганаровага грамадзяніна Рыма (2005).

Сям’я

Аляксандр Леанідавіч Варламаў нарадзіўся 6 мая 1955 г. у Мінску трэцім дзіцём у сям’і Аляксандры Палікарпаўны Варламавай (1918—1991) і яе законнага мужа Леаніда Георгіевіча Тупіцына і ў дакументах аб нараджэнні быў запісаны з прозвішчам маці, а сёстры з прозвішчам бацькі. Маці Аляксандра Палікарпаўна нарадзілася 22 верасня 1918 г. у горадзе Александрыя Кіраваградскай вобласці (УССР). Бацька маці Палікарп Міхайлавіч Варламаў быў камісарам харчразвёрсткі ў першыя гады савецкай улады ў Расіі, а яе маці Неаніла была адной з трох дзяцей (разам з сёстрамі Ганнай і Вольгай) у сям’і адэскага грэка-двараніна Мікалая (валодаў маёнткам у Варвараўцы) і сялянкі яго маёнтка — балгаркі Марыі Іларыёнаўны Кудраўцавай.

Бацька Леанід Георгіевіч Тупіцын нарадзіўся 15 чэрвеня 1915 г. у Мінску і быў старэйшым дзіцём (разам братам Мікалаем і сястрой Тамарай) у сям’і адстаўнога целаахоўніка расійскага імператара (1894—1917) Мікалая II Георгія Уладзіміравіча Тупіцына (ураджэнца Арлоўскай губерні Расійскай імперыі) і яго жонкі мінскай мяшчанкі Таццяны Кляменцеўны Краспановіч, якая валодала пляцам зямлі ў горадзе.

Бацькі Сашы Варламава з дзецьмі жылі ў Мінску ў прыватным доме № 40 на вуліцы Гражданскай (зараз раён пажарнай каланчы па вуліцы Магілёўская).

У Аляксандра Варламава ёсць дзве замужнія сястры — Ларыса Леанідаўна Мухарская (нарадзілася 3 лістапада 1941 г. у Адэсе) і Рыма Леанідаўна Шымчонак (нарадзілася 2 верасня 1948 г. у Мінску), а таксама — прыёмная дачка Святлана Фядосік.

Выхаванне, адукацыя і навуковая дзейнасць

У 19621964 гг. вучыўся ў Мінску ў сярэдняй школе № 1, у 19641968 гг. — у Беларускім дзяржаўным харэаграфічным вучылішчы ў Мінску, у 19681973 гг. — у мінскай сярэдняй школе № 90. Яшчэ ў школе пачаў працоўны стаж — у 1971 г. быў паштальёнам па дастаўцы газеты «Вечерний Минск». У 1972 г. займаўся ў народным тэатры Палаца культуры прафсаюзаў у Мінску (пад кіраўніцтвам галоўнага рэжысёра беларускага тэлебачання Юрыя Уладзіміравіча Сцяпанава)[1].

У 1973 г. пад уплывам твораў Антуана дэ Сент-Экзюперы пачаў працаваць у авіяцыі (авіяматарыстам Мінскага аб’яднанага авіяатрада). У 19731975 гг. служыў ва Узброеных сілах СССР (хімічныя войскі), дзе атрымаў званне яфрэйтара. Папярэдне скончыўшы спецыяльныя курсы ў Растове-на-Доне, у 19751980 гг. працаваў у ГДР грамадзянскім авіямеханікам на савецкім авіяцыйным заводзе і аэрадроме Шперэнберг. З афіцэрскіх жонак у Шперэнбергу сабраў танцавальны калектыў.

У 19811985 гг. быў студэнтам Мінскага інстытута культуры і адначасова там жа быў у 19811985 гг. лабарантам галіновай навукова-даследчай лабараторыі беларускай танцавальнай творчасці. У ліпені 1985 г. стаў малодшым навуковым супрацоўнікам той лабараторыі. Вучыўся на факультэце культурна-асветніцкай работы, аддзялення харэаграфіі. Па сканчэнні інстытута ў верасні 1985 г. атрымаў спецыяльнасць «культасветработа, кіраўнік харэаграфічнага калектыву», «чырвоны» дыплом і быў размеркаваны ў тую ж лабараторыю на пасаду яе загадчыка і паралельна стаў намеснікам загадчыка кафедрай харэаграфіі (да верасня 1987 г.); з ліпеня па верасень 1987 г. быў паралельна намеснікам дэкана замежных студэнтаў Мінскага інстытута культуры. З 1982 па 1987 г. рэгулярна выязджаў у этнаграфічныя экспедыцыі даследаваць традыцыйную беларускую культуру (абрады, гульні, танцы, песні і музыку) і аб’ехаў са студэнтамі інстытута ўсе рэгіёны Беларусі, хоць тэма даследавання тычылася толькі Гомельскай воласці. Прымаў удзел у стварэнні ў Мінску інстытуцкага музея беларускага прыкладнога мастацтва з прадметаў, сабраных у экспедыцыях, — афармляў экспазіцыю разам з Тамарай Рудзіцэр.

У 1985 г. таксама паступіў у аспірантуру Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва (ГИТИС) у Маскве на аддзяленне «мастацтвазнаўства, тэатральная крытыка», а тэмай выбраў танцавальную культуру Заходняга Палесся. З вялікай павагай і ўдзячнасцю ўспамінае свайго навуковага кіраўніка — доктара мастацтвазнаўства, прафесара Юлію Міхайлаўну Чурко, якая многаму навучыла Варламава ў той час, у тым ліку тэатральнай крытыцы. Яна ж была да 1985 г. загадчыцай лабараторыяй, дзе быў лабарантам Варламаў. Публікаваў вынікі сваіх даследаванняў у газеце «Голас Радзімы» і ў часопісе «Лiтаратура і мастацтва». Пісаў крытычныя артыкулы аб тэатральных пастаноўках, браў інтэрв’ю ў артыстаў. Напісаў звыш 70 навуковых артыкулаў для акадэмічнай энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» (1989), якая была выдадзена Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Акадэміі навук БССР. Частка фотаматэрыялаў, зробленых Варламавым у экспедыцыях, увайшла ў энцыклапедыю. Прымаў удзел у выданні ў 1989 г. акадэмічнага зборніка па традыцыйнай беларускай харэаграфіі (каля 30 навуковых артыкулаў). У аспірантуры правучыўся толькі два гады і не дапісаў дысертацыю, бо з восені 1987 г. вырашыў прысвяціць сябе цалкам Мінскаму тэатру моды.

Творчая дзейнасць у галіне моды

Мінскі тэатр моды (1983—1991)

Саша Варламаў у час здымак спектакля «Credo» у Мірскім замку. Мір, 1990 г.

Яшчэ студэнтам пачаў працаваць (з 1981 г.) мадэллю (ці як тады гэта афіцыйна называлася — «дэманстратарам адзення») у Доме моды ў Мінску, сукупна займаючыся гэтым каля 10 год; у тым ліку з 1982 па 1987 г. раз-пораз працаваў мадэллю ў мадэльера Вячаслава Зайцава ў Маскве. У 1983 г. заснаваў у Мінску супольна з дызайнерам адзення Галінай Мяшковай першы ў БССР тэатр моды — Мінскі тэатр моды (вул. Мельнікайтэ, 4)[2], дзе працаваў спачатку мадэллю, а з 1985 г. рэжысёрам, пастаноўшчыкам і харэографам побач з дызайнерам адзення Іннай Булгакавай. У 1987 г. перайшоў у Мінскі тэатр моды як на асноўнае месца працы. Сам тэатр у 1987 г. быў перададзены НПА «Белбыттехпроект» (Мінск), а галоўным мастаком тэатра засталася Булгакава. Паралельна з пачатку 1980-ых гг. пачаў вучыцца дызайну адзення ў тых мадэльераў, з якімі яго зводзіў лёс, і лічыў сваімі галоўнымі настаўнікамі ў гэтым дызайнераў Галіну Якаўлеўну Мяшкову (ПА «Прогресс», Мінск), Інну Барысаўну Булгакаву (кіраўнік эксперыментальнай лабараторыі Дома моды ў Мінску), Вячаслава Міхайлавіча Зайцава (Масква), Ірыну Уладзіміраўну Емяльянаву, мастака па трыкатажы НПА «Белбыттехпроект» Тамару Мендзелеўну Рудзіцэр.

У 1987 г. Мінскі тэатр моды выступаў з паказам калекцый беларускіх дызайнераў у Крамлёўскім палацы на ўрачыстым пасяджэнні ЦК КПСС на чале з Міхаілам Гарбачовым, якое было прысвечана 70-годдзю Савецкай улады. У 1987 г. на ВДНГ СССР Мінскі тэатр моды заняў 1-е месца сярод тэатраў моды ў СССР. Тэатрам у 1987—1990 гг. былі створаны спектаклі «Время, мы, мода», «Капризная, упрямая!», «Весенний репортаж». У снежні 1989 г. тэатр таксама стварыў спектакль «Credo» (Верую), які быў прысвечаны асобе і часу Францыска Скарыны і паказваўся чатыры разы ў тыдзень у рамках святкавання ў БССР 500-годдзя з дня нараджэння беларускага першадрукара. Навуковым кансультантам спектакля быў беларускі доктар гістарычных навук Анатоль Пятровіч Грыцкевіч. Летам 1990 г. Мінскі тэатр моды паказаў спектакль «Credo» у Беластоку (Польшча). Дакументальны фільм «Мінскі тэатр моды» (1990), які змяшчае фрагменты з двух спектакляў тэатра ад 1988 і 1989 г. (у тым ліку і «Credo»), зараз захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі[3].

Восенню 1988 г. Мінскі тэатр моды быў удзельнікам, а Саша Варламаў стаў рэжысёрам-пастаноўшчыкам I Усесаюзнага фестывалю маладзёжнай моды (СССР), які праходзіў у Мінску ў Палацы спорту адразу на трох подыумах (адначасова ў адной залі). У фестывалі ўдзельнічалі дызайнеры краін СССР: БССР была прадстаўлена Мінскім тэатрам моды і Беларускім домам мадэляў (Вольга Ламака прадставіла сваю калекцыю адзення «Паляванне»). У 1989 г. стаў рэжысёрам-пастаноўшчыкам праекта «Модарт», з якім пабываў у многіх гарадах Беларусі і ў рамках якога ў Брэсце адбыўся дэбют Алёны Свірыдавай як спявачкі (з песняй «Ваши пальцы пахнут ладаном»). Пасля закрыцця летам 1991 г. тэатра моды, Варламаў працаваў пад эгідай спартыўнага клуба Аляксандра Мядзведзя ў Мінску.

Рэкламнае Агенцтва Сашы Варламава (Агенцтва моды Сашы Варламава)

У 1992 г. заснаваў прыватнае прадпрыемства «Рэкламнае Агенцтва Сашы Варламава» (пазней перайменаванае ў 2000 г. у сувязі з абавязковай перарэгістрацыяй у «Агенцтва моды Сашы Варламава»), якое стала прадаўжальнікам традыцый Мінскага тэатра моды. Яно наладзіла супрацоўніцтва з агенцтвам «Ford Models» (Парыж, Францыя), арганізавала ў 1992 г. у Мінску першы конкурс «Супермадэль Свету» у Беларусі і атрымала ад «Ford Models» спецыяльны дазвол на правядзенне штогадовага конкурсу «Супермадэль Беларусі» (1992—2000), першы з якіх адбыўся ў тым жа годзе ў Мінску, дзе прысутнічалі прадстаўнікі агенцтваў «Ford Models» (прадзюсар Наомі Кэмпбел), «Models 1» (Лондан), «Еуе for I» (Мілан). Агенцтва адкрыла курсы падрыхтоўкі прафесійных мадэляў з праграмай навучання «супермадэль». Акрамя таго Рэкламнае агенцтва Сашы Варламава мела патэнт на гандлёвую марку «Тэатр моды Сашы Варламава», бо гэта добра гучала і мела прамое дачыненне да формы праводзімых паказаў і праграм[1]. Гандлёвая марка «Тэатр моды Сашы Варламава» выкарыстоўвалася і была запатэнтавана да сярэдзіны 2000-х гг., а пасля агенцтва не стала прадоўжваць гэты патэнт.

У 1992 г. па запрашэнні сената Берліна пачалося шматгадовае супрацоўніцтва (1992—2001) агенцтва з нямецкім тэатрам моды «Modetheater Berlin» (Берлін), дзе з 1992 г. кіраўніком тэатра працавала даўняя знаёмая Варламава дызайнер Тамара Рудзіцэр. Варламаў стаў сааўтарам, рэжысёрам-пастаноўшчыкам і харэографам спектакляў у «Modetheater Berlin»: у 19922001 гг. рабіў пастаноўкі шоу моды (кожны год па два новых спектаклі) у берлінскім палацы культуры «Siemensvilla» і ў берлінскім тэатры «Podevil».

У 19922000 гг. рабіў цыкл перадач «Супермадэль Беларусі» на беларускім тэлебачанні. 5 студзеня 1997 г. у Мінску ў час правядзення конкурсу «Супермадэль Мінска 1997» у кінатэатры «Кастрычнік» адбылося першае выступленне на сцэне беларускага гітарыста і кампазітара Валерыя Дзідзюлі, сцэнічны касцюм якому тады пашыў Саша Варламаў. У 1997 г. у рамках праекта «Супермадэль Беларусі» Саша Варламаў арганізаваў першую паездку ў Еўропу беларускіх дызайнераў з мэтай паказу калекцый іх адзення.

30 жніўня 1997 г. Саша Варламаў разам з іншымі агенцтвамі моды Еўропы выступіў арганізатарам і ўдзельнікам першага самага буйнога сусветнага форума моды «Der große Q»: у Берліне (Германія) на вуліцы Кюрфюрстэндам быў збудаваны самы вялікі подыум у свеце даўжынёй 1000 метраў, дзе адбываліся дэманстрацыі калекцый адзення (Тэда Лапідуса, Вів’ен Вэствуд, нядаўна забітага Джані Версачэ і інш.). 18 жніўня 2001 г. Варламаў паўторна ўдзельнічаў у праекце «Der große Q»: на подыуме даўжынёй 1111 метраў (што стала прычынай запісу подыума ў Кнігу рэкордаў Гінэса) разам з іншымі ўдзельнікамі прымалі ўдзел 100 выпускнікоў школы мадэляў агенцтва Сашы Варламава, якія дэманстравалі калекцыю адзення маладых дызайнераў з Брэста Ірыны Андрасюк і Надзеі Нікіцінай «Пачуццёвасць кветак» (намінацыя «Школы моды» фестывалю-конкурсу «Млын моды»)[4][5].

Афіша форума моды «Der große Q» у Берліне (Германія), 2001 г.

У 19992001 гг. быў аўтарам, суарганізатарам і мастацкім кіраўніком акцыі «Суперобраз ХХI века — звук, цвет, форма», якая ладзілася ў Мінску Беларускім дзяржаўным універсітэтам супольна з Агенцтвам моды Сашы Варламава. У рамках акцыі праводзіліся і конкурсы «Супермадэль Беларусі» (1999, 2000) і «Млын моды» (2001). У 2000 г. таксама арганізаваў Беларускую маладзёжную творчую майстэрню на аснове акцыі «Суперобраз ХХI века — звук, цвет, форма» для стварэння творчай студэнцкай моладдзю новых сінтэзіраваных форм мастацтва.

У снежні 1999 г. мадэлі агенцтва Сашы Варламава прынялі ўдзел у супольным культурным шоу ў аэрапорце «Мінск-1», якое сталася першым шоу, праведзеным у будынку аэрапорта: паказ калекцый адзення супермадэлямі, праекты архітэктараў Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі, ігра піяніста і трубача Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, байкерскае шоу, перформанс ад студэнтаў Беларускай акадэміі мастацтваў і Беларускага ўніверсітэта культуры, а таксама выстаўка Уладзіміра Цэслера «Дванаццаць з XX (Яйкі Цэслера)».

З 2000 па 2011 г. з’яўляўся прадстаўніком і партнёрам міжнароднага конкурсу маладых дызайнераў адзення «Русский силует» (Масква, Расія) у Рэспубліцы Беларусь.

У красавіку 2003 г. Варламаў прэзентаваў свой скульптурна-вобразны праект «Мужчина без галстука» (калекцыя каля 20 скульптур вышынёй ад 20 да 45 см), які быў прыдуманы пад уражаннем аднайменнага альбома Джані Версачэ «Mann ohne Krawatte» («Мужчына без гальштука»). Ідэйныя вобразы і кампазіцыі, якія былі прыдуманы Варламавым, вылепіў і выліў у бронзе студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Дзмітрый Аганаў. Работы экспанаваліся ў Мінску ў 2003 г. у Палацы Рэспублікі і ў 2009 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, а таксама ў 2007 г. у Дзюсельдорфе і Франкфурце-на-Майне.

У маі-жніўні 2010 г. Варламаў удзельнічаў у сумесным праекце фестывалю-конкурсу «Млын моды» і Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь — арганізацыі выстаўкі «Пачатак. Музей сучаснай беларускай моды», дзе былі прадстаўлены лепшыя мадэлі адзення фестывалю «Млын моды 2010». Саша Варламаў таксама стаў аўтарам канцэпцыі залы гісторыі сучаснай беларускай моды ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (зменныя экспазіцыі). Пасля выстаўкі ў 2010 г. шэсць камплектаў адзення аўтарства Сашы Варламава (з калекцый розных гадоў), а таксама маладых дызайнераў-удзельнікаў фестывалю «Млын моды» (12 касцюмаў на тэму «Стылізацыя нацыянальнага саслоўнага прафесійнага касцюма»), адзенне Беларускага цэнтра моды, рэчы і аксесуары ад дызайнера Івана Айплатава, былі бясплатна перададзены ў якасці экспанатаў для Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і захоўваюцца ў фондах[6].

Ствараў касцюмы і вобразы для вядучых Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі (Беларусь), дыпламатаў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, вакальнай групы «Чысты голас» (Беларусь) і іншых асоб і арганізацый. У 2010 г. Саша Варламаў быў аўтарам касцюмаў (з тканіны Мінскага камвольнага камбіната) для ўдзельнікаў фестывалю-ярмаркі «Дажынкі», які праводзіўся 24-25 верасня 2010 г. у Лідзе.

У 2011 г. беларускі мадэльер Людміла Ігараўна Лабкова прысвяціла Аляксандру Варламаву сваю калекцыю адзення «восень/зіма 2011—2012»[7].

1 сакавіка 2013 г. Агенцтва моды Сашы Варламава было зачынена.

Варламаў шмат разоў запрашаўся членам у журы розных конкурсаў, якія праходзілі ў Беларусі, Германіі (Берлін), Польшчы (Варшава), Італіі (Рым) і Аўстрыі (Вена). Праводзіў семінары, выступаў з лекцыямі аб модзе.

Фестываль «Млын моды» («Мельница моды»)

Асноўны артыкул: Млын моды

Афіша міжнароднага фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды 2005»
Карціна Вячаслава Захарынскага «Жанчына, апранутая ў колер» (1995 г.). Была афішай міжнароднага фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды 2002».

Па ініцыятыве Сашы Варламава ў 2001 г. конкурс «Супермадэль Беларусі» быў перайменаваны і пераўтвораны ў фестываль-конкурс моды і фота «Млын моды» — першы беларускі модны форум агульнарэспубліканскага значэння, які пачаў праводзіцца штогадова. Змянілася не толькі назва, але і пашырыўся фармат мерапрыемства. Варламаў стаў аўтарам, а таксама арганізатарам і мастацкім кіраўніком у 20012011 гг. гэтага фестывалю.

Першы «Млын моды 2001» адбыўся 19-21 красавіка 2001 г. Мінску ў Палацы Рэспублікі з удзелам экспертаў з Італіі, Германіі і Расіі. Для правядзення чарговага фестывалю на працягу году Варламаў надаваў увагу падрыхтоўцы ўдзельнікаў і канкурсантаў, працуючы з моладдзю Мінска і рэгіёнаў Беларусі.

З кастрычніка 2003 г. фестываль наладзіў пастаяннае супрацоўніцтва з самымі значнымі школамі моды ў Еўропе: Міжнародная школа моды «ESMOD» (Мюнхен-Берлін), студыя «Berçot» (Парыж), «Academia di Costumo e di Moda» (Рым), «Istituto Europeo di Design» (Еўрапейскі інстытут дызайна, Мілан). Акрамя таго фестываль наладзіў сталыя кантакты з самым буйным у краінах СНД міжнародным конкурсам маладых дызайнераў адзення — «Русский силует» (Масква, Расія). У 20042011 гг. Варламаў арганізоўваў міжнародныя маладзёжныя творчыя майстэрні «Млын моды» у Германіі (2004, 2005, 2007, 2008, 2009, 2010, 2011), Італіі (2005), Бельгіі (2008, 2009, 2010), Аўстрыі (2008, 2009, 2010), Чэхіі (2008, 2010), Швецыі (2007, 2008, 2009, 2010, 2011) і Літве (2010). Творчыя майстэрні былі абменам вопытам: еўрапейскія дызайнеры прыязджалі ў Беларусь, а беларускія — у краіны Еўропы[8]. У рамках фестывалю Варламаў таксама арганізоўваў паказы ў Мінску гасцявых модных калекцый з Парыжа, Рыма, Берліна, Мюнхена, Лондана, Прагі, Масквы, Стакгольма, Іванава і інш.; ладзіў прафесійныя стажыроўкі для маладых дызайнераў адзення ў сталіцах моды Еўропы. У 20012011 гг. Варламаў таксама рабіў цыкл перадач «Млын моды» на беларускім тэлебачанні.

Сродкі, сабраныя ад продажу білетаў міжнароднай маладзёжнай творчай майстэрні «Млын моды ў Берліне» (13 кастрычніка 2005 г.) і ад продажаў на аўкцыёне, былі перададзены ў Нямецкі кардыялагічны цэнтр у Берліне (Deutsches Herzzentrum Berlin)(руск.) бел. на лячэнне дзяцей з Беларусі[9]. У 2010 г. пачалося супрацоўніцтва праекта «Млын моды» з дзіцячымі дамамі Мінска.

З ініцыятывы Варламава Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў 4 лістапада 2006 г. пастанову № 1476 (аб першачарговых мерах па развіцці маладзёжнай моды ў Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку стварэнні Цэнтра маладзёжнай моды і аб запуску ў вытворчасць ў маленькіх серыях на швейных фабрыках калекцый маладых дызайнераў, якія прымалі ўдзел у фестывалі), а Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у 2006 г. прыняло Канцэпцыю развіцця маладзёжнай моды ў Рэспубліцы Беларусь. Варламаў выступаў таксама з ініцыятывай стварэння ў Мінску дзяржаўнага музея сучаснага беларускага адзення. Аднак прынятыя дакументы, а таксама іншыя ініцыятывы Варламава, не выконваліся з-за адсутнасці дзяржаўнага фінансавання.

Арганізоўваў у 2006—2011 гг. праект «Pret-a-porter от Мельницы моды», дзе ўдзельнічалі маладыя дызайнеры адзення (з калекцыямі прамысловага кірунку) — дыпламанты фестывалю «Млын моды» прошлых гадоў. 16 кастрычніка 2008 г. арганізаваў у Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі моднае дэфіле «Бельгійскія карункі і беларускі лён»: маладыя беларускія дызайнеры фестывалю «Млын моды» прадэманстравалі шэсць убораў з беларускага ільну і бельгійскіх карункаў, для стварэння якіх спецыяльна з Бруге (Бельгія) былі дастаўлены арыгінальныя бельгійскія карункі, а эскізы на конкурснай аснове зацвярджаліся прафесійнымі дызайнерамі з Бруселя (Бельгія). Восенню 2008 г. моднае дэфіле «Бельгійскія карункі і беларускі лён» было паўторана ў Бруселі, Берліне (Galeries Lafayette), Вене (летняя рэзідэнцыя імператараў Шонбрун) і Празе.

Паводле ацэнкі журналістаў, за час мастацкага кіраўніцтва Варламавым фестываль «Млын моды» прадстаўляў сабой унікальны і паспяховы культурны і адукацыйны праект, які дзякуючы арганізатарскім здольнасцям, генераванню ідэй і мастацкаму густу Сашы Варламава стаў феноменам у культурным жыцці Беларусі[10].

Віртуальны дом моды Сашы Варламава і тэатр моды «Шафа» («Шкаф»)

Аб'яўленне аб спектаклі «Абезательна нужно жить» тэатра моды «Шафа», 2015 г.

У кастрычніку 2013 г. Варламаў адкрыў свой Віртуальны дом моды Сашы Варламава ў Інтэрнэце. З лістапада 2013 г. Саша Варламаў таксама з’яўляецца прадстаўніком у Рэспубліцы Беларусь міжнароднага конкурсу маладых дызайнераў адзення «Поколение NEХT» (Санкт-Пецярбург, Расія).

18 сакавіка 2014 г. у Мінску ў Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага адкрыў тэатр моды «Шафа» (руск. «Шкаф») — у рамках тэатральнай подыум-школы «Vyaselka Stars», у рэпертуары якога значацца спектаклі-паказы «Шум в шкафу», «Каблук», «Дикая охота» і «Credo». Першыя падрыхтоўчыя заняткі ў тэатры пачаліся 22 сакавіка 2014 г. Варламаў, з’яўляючыся аўтарам праекта і яго мастацкім кіраўніком, вырашыў зрабіць тэатр моды як адукацыйны праект, дзе будуць вучыцца, развівацца і рэалізоўваць свае ідэі дзеці (узростам ад 6 да 17 гадоў) з дапамогай педагогаў. Спачатку на падрыхтоўчых курсах дзяцей вучаць харэаграфіі, вакалу, акцёрскаму майстэрству, дэфіле, дэкламацыі і маляванню. Дзеці таксама ўдзельнічаюць у стварэнні эскізаў для спектакляў, у стварэнні моднага вобразу, а пасля самі ж выступаюць акцёрамі спектакля моды ў касцюмах, зробленых па іх эскізах у майстэрнях брэнда «RadaStyle». Галоўная ўвага надаецца фарміраванню асобы праз творчую рэалізацыю — выявіць сябе ў акцёрскай гульні, спевах, маляванні[1].

27 студзеня і 2 лютага 2015 г. спектакль Тэатра моды «Шафа» з назвай «Абезательна нужно жить» адбыўся ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Іаханеса Рау (дзіцячыя эскізы адзення рэалізавалі маладыя беларускія дызайнеры адзення Таццяна Замарэнава, Сабіна Альшова, Вольга Сняжко, Надзея Кузняцова, Таццяна Малько і Галіна Санько)[11], а 9 лютага 2015 г. — у мінскім Моладзевым тэатры эстрады. Аднак пасля гэтага Саша Варламаў згарнуў свой праект гэтага дзіцячага тэатра моды па фінансавым прычынам.

Сінтэз мастацтваў

Саша Варламаў прадстаўляе свой праект — мікст «Эмоции формы» на фестывалі «Млын моды 2006», г. Мінск.
Эскіз серыі «Райский сад» праекта «Дикая охота» (2005).
Фрагмент скульптурна-вобразнага праекта «Мужчина без галстука», 2003 г.

Саша Варламаў вядомы як паспяховы экперыментатар у галіне сінтэзу мастацтваў — моды, харэаграфіі, музыкі, выяўленчага мастацтва і літаратуры. На думку Варламава, сучасная мода як від мастацтва можа спалучаць колер і рух, пластыку і малюнак, сцэнаграфію і фатаграфію[12]. Ідэя, што касцюмы — гэта сцэнічныя вобразы, прывялі да стварэння спектакля «Credo» (1989), які стаў першым праектам Варламава па сінтэзу мастацтваў — рухам у бок тэатра касцюма са сваёй драматургіяй і галоўнымі дзеючымі асобамі[13]. Пачатак такога экперымента Варламаў патлумачыў у 2006 г. так: «Адзенне — гэта адно з першых візуальна моцных выразных сродкаў. У прынцыпе, гэта ўмовы тэатра. Я зразумеў, што мода здольна выйсці на сур’ёзны ўзровень мастацтва, самастойны, з уласнымі выразнымі сродкамі, з уласнымі тэмамі, з уласнымі сучаснымі сродкамі вырашэння і ўвасаблення гэтых тэм»[13]. Яшчэ ў 1997 г. Варламаў перанакіроўваў конкурс «Супермадэль Беларусі» у бок фестывалю дызайну адзення, мастацкай фатаграфіі, харэаграфіі, сцэнаграфіі і музыкі, а фестываль-конкурс «Млын моды» увогуле з самага пачатку задумваўся Варламавым як «творчая лабараторыя» і свята саюза і сінтэзу раўнапраўных мастацтваў на подыуме і вакол яго[14].

Між тым, зыходным пунктам у руху да сінтэзу мастацтваў для Варламава стала актуальная для ўсіх часоў ідэя захавання чалавечай індывідуальнасці і самакаштоўнасці чалавечай асобы[15].

Варламаў па сутнасці з’яўляецца аўтарам новага жанру мастацтва, які ён сам і яго калегі мянуюць як «мікст» — форму сцэнічнага дзеяння, якая спалучае сімфанічную і рок-музыку, сучасную харэаграфію, моду, анімацыю і паэзію[16]. Прыкметным праектам Варламава па сінтэзу музыкі, касцюма, харэаграфіі і рэжысуры стаў мікст «Дзікае паляванне» (2005), створаны па матывам беларускай нацыянальнай аповесці Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха», а таксама «Адкрыцця Іаана Багаслова», твораў Альбрэхта Дзюрэра, Іераніма Босха, Пауля Хіндэміта і інш.[17] Мікст паказваўся двойчы — у 2005 г. у Мінску (Беларусь) і Рыме (Італія)[18].

Міксты «Волшебные превращения, или Новогодняя сказка для взрослых» (1998), «Эмоции формы» (2006), «Шум в шкафу» (2009), акцыя «Суперобраз ХХI века — звук, цвет, форма» (1999, 2000, 2001) і праекты «1+1=1» (2002), «1-1» (2003) і «Три музы — Три грации» (2010) таксама сталі маштабнымі спробамі сінтэзу мастацтваў сучаснымі сродкамі і ў сучасным кантэксце.

Праекты і паказы моды ў Беларусі

Акрамя праектаў «Супермадэль Беларусі», «Суперобраз ХХI века — звук, цвет, форма» і «Млын моды» Саша Варламаў удзельнічаў і ў іншых сваіх праектах у Беларусі:

Саша Варламаў у ходзе публічнай лекцыі «Суровы свет моды 1940—1980-х гг.» распавядае пра два цэнтры моды ў Мінску ў 1980-ыя гады — Цэнтр моды і Белбыттэхпраект — і аб асобе Элеаноры Язерскай. Мінск, музей гісторыі горада Мінска, 18 мая 2014 г.

Праекты і паказы моды за межамі Беларусі

Літаратурная творчасць

Фота, якое стала вокладкай кнігі «Модные сказки от Саши Варламова» (2004). Фатограф Міхаіл Маруга.
Тытульная старонка кнігі Сашы Варламава з казкамі аб модзе на нямецкай мове «Unkindliche Märchen» (2020)

Складае на рускай мове вершы, тэксты песень. З’яўляецца аўтарам кніг аб модзе: дапаможнік «Супермодель — профессия мечты» (1999); казкі аб модзе «Модные сказки от Саши Варламова» (2004); зборнік вершаў і аўтарскіх афарызмаў «Так или иначе» (2011); зборнік вершаў, аўтарскіх роздумаў аб эстэтыцы «Саша Варламов: из личного» (2011).

З’яўляецца аўтарам першых у свеце казак аб модзе[21]. У 2009 фестываль «Млын моды» завяршыўся інсцэніроўкай адной з казак Сашы Варламава — мікстам «Шум у шафе» (руск. «Шум в шкафу») — першай і адзінай у свеце казкі аб модзе, пастаўленай на сцэне і расказанай мовай моды і харэаграфіі[21].

Летам 2010 г. Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь заключыла з Варламавым дагавор на вытворчасць мультыплікацыйнага фільма па казцы аб модзе Сашы Варламава «Кропелька» (руск. «Капелька»). Варламаў напісаў сцэнарый, былі намаляваны галоўныя героі, але фільм не быў зроблены ў 2011 г., як планавалася.

25 мая 2019 г. у Гродне студыя моды Сяргея Нагорнага прэзентавала мадэльны праект паводле казкі Сашы Варламава «Шум у шафе»: гарадзенскія выпускнікі школы мадэляў Сяргея Нагорнага (узростам ад 4 да 20 гадоў), якія за час навучання пазнаёміліся з асновамі стылю і візажу, псіхалогіі і этыкі, прайшлі фотатрэнінгі і навучыліся ствараць сцэнічныя вобразы, для гледачоў моднага шоу прадэманстравалі аўтарскія калекцыі ад дызайнераў горада і трэндавую вопратку ад магазінаў і буцікаў[22].

У 2020 г. у Берліне была выдадзена кніга з трыма казкамі Варламава аб модзе («Шум у шафе», «Кропелька», «Нізкі ход») у перакладзе на нямецкую мову пад назвай «Unkindliche Märchen» (бел. «Недзіцячыя казкі»). Гэтыя казкі, якія былі напісаны раней, былі аўтарам пашыраны і перапрацаваны для іх новага выдання.

Судовая справа

20 мая 2011 г. у Мінску Саша Варламаў быў арыштаваны і абвінавачаны ў незаконным выкарыстанні памяшкання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце для мэт свайго агенцтва моды, нявыплаце арэнднай платы і прысваенні дзяржаўных сродкаў, што, на думку следства, нанесла шкоду звыш 1,2 млрд беларускіх рублёў (138 тыс долараў ЗША)[23][24].

4 лютага 2013 г. у Мінску распачаўся судовы працэс, дзе Варламаў абвінавачваўся ў здзяйсненні злачынстваў (махлярства ў асабліва буйным памеры, крадзеж у буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, прысваенне маёмасці, ухіленне ад выплаты падаткаў, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі). У якасці сведак па крымінальнай справе дапытана больш за 800 чалавек, пацярпелымі было прызнана 353 асобы. Сам Саша Варламаў лічыў прад’яўленныя абвінавачанні беспадстаўнымі: не займаў якую-небудь пасаду ў дзяржаўнай арганізацыі і, адпаведна, не атрымліваў за гэта заробчую плату ад дзяржаўнага бюджэту, а карыстаўся памяшканнямі БДУ на працягу 10 год на падставе дагавора арэнды з БДУ. Аднак Аляксандр Варламаў прызнаваў, што завінаваціўся дзяржаве падаткаў на суму 45 мільёнаў беларускіх рублёў (каля 5200 долараў ЗША)[25].

Напярэдадні арышту Варламаву была прызначана III група інваліднасці з-за праблем са спіной. У вязненні ён адчуваў сябе вельмі дрэнна, яму была зроблена ў ліпені 2012 г. аперацыя на пазваночніку і ў кастрычніку 2012 г. прызначана II група інваліднасці з-за праблем са спіной[26].

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 23 ліпеня 2013 г. прысудзіў Аляксандра Варламава да 5 гадоў абмежавання волі і канфіскацыі маёмасці, але прыняў рашэнне залічыць у тэрмін адбывання пакарання тэрмін знаходжання Варламава пад вартай, таму Варламаў быў вызвалены з-пад варты ў зале суда. Яго агенцтва моды было прызнана банкротам і зачынена, а сам Варламаў быў вымушаны штомесячна аддаваць каля паловы сваёй пенсіі (якая складала каля 100 долараў ЗША) для выплаты доўгу за арэнду памяшканняў БДУ. Паводле слоў Варламава, яго пляменніца прадала сваю аднапакаёвую кватэру, каб было чым плаціць адвакату і пакрываць выдаткі, а сам Варламаў апынуўся без жытла. Варламаў таксама дзякаваў сябрам, якія яго падтрымлівалі матэрыяльна[27][28].

Выказванні аб жыцці і мастацтве

Узнагароды

Саша Варламаў узнагароджваецца срэбным медалём ганаровага грамадзяніна Рыма. 2 снежня 2005 г.

1 снежня 2005 г. урад правінцыі Рым (Італія) сваім рашэннем узнагародзіў Аляксандра Леанідавіча Варламава срэбным медалём ганаровага грамадзяніна Рыма за падрыхтоўку і правядзенне міжнароднай творчай майстэрні «Млын моды ў Рыме» (з удзелам дызайнераў з Беларусі і з Рыма) і паказу мікста «Дзікае паляванне» (руск. «Дикая охота»). Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбылася 2 снежня 2005 г. у Рыме ў прысутнасці надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь у Італьянскай Рэспубліцы Аляксея Скрыпкі.

Сеціўная актыўнасць

У 2007, 2014–2015 гг. Саша Варламаў вёў свае блогі ў Інтэрнеце, дзе пісаў занатоўкі аб модзе і іншых творчых і прыватна жыццёвых падзеях – на старонках беларускіх інтэтнет-парталаў «lady.tut.by» і «sb.by».

Пераезд у Германію

Апошняя старонка кнігі Сашы Варламава з казкамі аб модзе на нямецкай мове «Unkindliche Märchen» (2020)

12 лютага 2017 г. вымушаны быў пераехаць з Мінска на сталае месца жыхарства ў Германію, дзе жыве да сённяшняга часу. Прычынамі пераезду былі цяжкае матэрыяльнае становішча, праблемы са здароўем і неабходнасць медыцынскай аперацыі, маленькая беларуская пенсія (у памеры каля 50 долараў ЗША), адсутнасць прыватнага жытла ў Мінску, а галоўнае — незапатрабавальнасць творчай актыўнасці Сашы Варламава ў Беларусі, які хацеў яшчэ быць карысным беларускай культуры[33].

У Германіі галоўным чынам прысвяціў сябе літаратурнай творчасці: напісаў на рускай мове сваю чацвёртую казку аб модзе — «Скандалістка» (ням. «Die Krakeelerin»). У 2020 г. у Берліне была выдадзена яго кніга («Unkindliche Märchen»), дзе змешчаны тры яго казкі аб модзе ў перакладзе на нямецкую мову. Варламаў таксама падаў на друк тэксты сваіх трох ранейшых казак, якія былі пашыраны і перапрацававы, і чацвёртай, якія плануюцца выдаць на нямецкай мове ў адной кнізе.

Зноскі

  1. 1 2 3 Саша Варламаў стварыў Тэатр моды «Шафа» (фота).
  2. Зараз у гэтым будынку знаходзіцца Нацыянальная школа прыгажосці (Беларусь).
  3. Эпізоды фільма здымаліся і ў Мірскім замку.
  4. Форум моды «Der große Q» праходзіў усяго тройчы (1997, 1999, 2001). У 1999 г. у Берліне на форуме «Der große Q» удзельнічалі толькі расійскія дызайнеры адзення Вячаслаў Зайцаў і Валянцін Юдашкін.
  5. Герой недели: Саша Варламов Архівавана 27 сакавіка 2013..
  6. Чувство стиля Саши Варламова.
  7. Во время Belarus Fashion Week модельер посвятила коллекцию Варламову.
  8. КРУТОЙ ПОМОЛ XIII «Мельницы Моды» (2005).
  9. Мельница моды, 2006 [Изоматериал] : XIV [Международный фестиваль моды и фото, 3-5 мая 2006: информационный иллюстрированный каталог / гл. ред. С. Варламов]. — Минск: [б. и.], 2006. — С. 5.
  10. КРУТОЙ ПОМОЛ XIII «Мельницы Моды» (2005); «Мельница моды» рвёт Европу!; «Мельница моды 2009»: солнечная сторона белорусского дизайна.
  11. 1 2 «Если дети создают свои миры, значит, в этом их что-то не устраивает» (фото)
  12. Мельница моды, 2003 : Второй междунар. рос.-белорус. фестиваль моды и фото: [Информ. ил. кат. / гл. ред. С. Варламов; Фото: М. Маруга]. — Мн. : БелКП-Пресс, 2003. — С. 27.
  13. 1 2 Мельница моды, 2006 [Изоматериал] : XIV [Международный фестиваль моды и фото, 3-5 мая 2006: информационный иллюстрированный каталог / гл. ред. С. Варламов]. — Минск: [б. и.], 2006. — С. 26.
  14. Мельница моды — 2005 [Изоматериал] : фестиваль моды и фото: Белорусский полуфинал Международного конкурса молодых дизайнеров одежды Благотворительного фонда «Русский силуэт»: [информационный иллюстрированный каталог / гл. ред. С. Варламов. — [Б. м.: б. и., 2005]. — С. 2; Мельница моды, 2003 : Второй междунар. рос.-белорус. фестиваль моды и фото: [Информ. ил. кат. / гл. ред. С. Варламов; Фото: М. Маруга]. — Мн. : БелКП-Пресс, 2003. — С. 1, 20.
  15. Мельница моды, 2003 : Второй междунар. рос.-белорус. фестиваль моды и фото: [Информ. ил. кат. / гл. ред. С. Варламов; Фото: М. Маруга]. — Мн. : БелКП-Пресс, 2003. — С. 26—27.
  16. Мельница моды — 2005 [Изоматериал] : фестиваль моды и фото: Белорусский полуфинал Международного конкурса молодых дизайнеров одежды Благотворительного фонда «Русский силуэт»: [информационный иллюстрированный каталог / гл. ред. С. Варламов. — [Б. м.: б. и., 2005]. — С. 34—35; Мельница моды, 2006 [Изоматериал] : XIV [Международный фестиваль моды и фото, 3-5 мая 2006: информационный иллюстрированный каталог / гл. ред. С. Варламов]. — Минск: [б. и.], 2006. — С. 26; Новые тенденции и модные сказки. Интервью с Сашей Варламовым. Часть 2..
  17. Мельница моды, 2006 [Изоматериал] : XIV [Международный фестиваль моды и фото, 3-5 мая 2006: информационный иллюстрированный каталог / гл. ред. С. Варламов]. — Минск: [б. и.], 2006. — С. 26; КРУТОЙ ПОМОЛ XIII «Мельницы Моды» (2005) // belgazeta.by.
  18. Мельница моды, 2006 [Изоматериал] : XIV [Международный фестиваль моды и фото, 3-5 мая 2006: информационный иллюстрированный каталог / гл. ред. С. Варламов]. — Минск: [б. и.], 2006. — С. 28.
  19. Мода, музыка и балет сплелись в единой магии искусства.
  20. В Минске представили новый спортивный бренд
  21. 1 2 Герой недели: Саша Варламов Архівавана 27 сакавіка 2013.; Новые тенденции и модные сказки. Интервью с Сашей Варламовым. Часть 2..
  22. Шум в шкафу
  23. Начался суд над модельером Сашей Варламовым (онлайн+видео)(недаступная спасылка)
  24. Репортаж: в Минске начался суд над известным модельером Сашей Варламовым
  25. В уголовном преследовании модельера усматривают политический контекст
  26. Репортаж: в Минске начался суд над известным модельером Сашей Варламовым
  27. Модельер Саша Варламов рассказал про свою эмиграцию в Германию
  28. Освобождён, но не оправдан: модельера Сашу Варламова отпустили из-под стражи прямо в зале суда
  29. Варламов, А. Л. Саша Варламов: из личного… С. 99.
  30. Варламов, А. Л. Саша Варламов: из личного… С. 89.
  31. Варламов, А. Л. Саша Варламов: из личного… С. 45.
  32. Варламов, А. Л. Саша Варламов: из личного… С. 58.
  33. Модельер Саша Варламов рассказал про свою эмиграцию в Германию

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (17):
Выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Этнографы Беларусі
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Нарадзіліся ў 1955 годзе
Нарадзіліся 6 мая
Харэографы Беларусі
Нарадзіліся ў Мінску
Мадэльеры Беларусі
Культуролагі Беларусі
Дызайнеры Беларусі
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Вікіпедыя:Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Асобы
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з рускай
Пісьменнікі Беларусі