wd wp Пошук:

Харэаграфія

Харэагра́фія (ад стар.-грэч.: χορεία — танец, карагод + γράφω — запісваць, пісаць) можа азначаць:

Аснову харэаграфіі складаюць арганізаваныя ў часе і прасторы вобразныя, умоўныя рухі чалавечага цела. Выразныя сродкі харэаграфіі фарміраваліся на працягу стагоддзяў шляхам адбору і абагульнення экспрэсіўнай пластыкі чалавека. Асноўныя з іх — лексіка (рухі, жэсты, позы), малюнак (размяшчэнне ў прасторы), кампазіцыя (драматургія, архітэктоніка). Харэаграфія цесна звязана з музыкай, якая вызначае яе рытміку і эмацыянальны настрой. Вялікую ролю ў харэаграфіі адыгрываюць касцюм і дэкаратыўнае афармленне.

Гісторыя

Харэаграфія ўзнікла ў першабытнаабшчынным грамадстве, дзе танец выконваў шмат функцый у жыцці людзей, выяўляў эмацыянальныя пачуцці; быў цесна звязаны з абрадамі, меў магічнае, рытуальнае значэнне, служыў сродкам зносін і перадачы вопыту. Працэсы працы, рухі жывёл і птушак, падзеі рэчаіснасці, паводзіны чалавека перадаваліся з вялікім падабенствам. Паступова пластыка набывала ўмоўны характар, станавілася спецыфічным выяўленнем эстэтычных ідэалаў людзей. У харэаграфіі знаходзілі адлюстраванне пачуцці і думкі народа, асаблівасці нацыянальнага характару, гістарычныя, геаграфічныя, эканамічныя ўмовы яго існавання. З цягам часу адбылася дыферэнцыяцыя харэаграфіі на народную, бытавую і сцэнічную, у якіх, у сваю чаргу, сфарміраваліся розныя танцавальныя формы і жанры. Найвышэйшая форма харэаграфіі — балет, які зарадзіўся ў XVI стагоддзі ў нетрах сінтэтычных музычна-тэатральных паказаў і ў XVIII стагоддзі стаў самастойным відам мастацтва.

Вытокі беларускай харэаграфіі — у старадаўніх абрадах, ігрышчах, карагодах, дзе танец быў цесна звязаны з песняй і драматычным дзеяннем. Яна займала вялікае месца ў творчасці скамарохаў, вядомых на Беларусі з XII стагоддзя. Пазней яе элементы ўваходзілі ў розныя формы тэатральнага мастацтва. Вялікую ролю адыгрывала харэаграфія ў дзейнасці прыватнаўласніцкіх тэатраў буйных магнатаў, дзе ставіліся цэлыя балетныя спектаклі.

У наш час харэаграфія — адзін з найбольш папулярных відаў мастацтва, аснова для творчай дзейнасці шматлікіх аматарскіх і прафесійных танцавальных калектываў і балетнага тэатра.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Харэаграфія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара