У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Ваўкавыск, значэнні.
Ваўкавы́ск[2] (афіц. транс.: Vaŭkavysk) — горад раённага падпарадкавання ў Гродзенскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Ваўкавыскага раёна, на р. Рось. Вузел чыгунак на Баранавічы, Масты, Вялікую Бераставіцу, Свіслач і аўтамабільных дарог на Масты, Слонім, Ружаны, Вялікую Бераставіцу. Насельніцтва 44 004 чал. (2018)[3].
Тапонім «Ваўкавыск» утварыўся ад назвы рэчкі Ваўкавыі[4]. Таксама існуе меркаванне, што назва горада мае славянскае паходжанне і ўтварылася ад дзвюх асноваў. Значэнне першай «воўк» не выклікае сумневаў, другая з’яўляецца не зусім зразумелай: «выя» (старадаўнерускае «шыя»), «выць» або «высь» (вышыня). На думку географа В. Жучкевіча, «высь» — пераробка з «выйску». Паводле Ю. Сташэўскага, назву паселішчу надалі паводле наймення служылых людей вялікага князя, якія ў часе палявання мусілі выць па-воўчаму і такім чынам прыцягваць ваўкоў[5].
Варыянты напісання назвы горада ў гістарычных крыніцах: Волковысекъ, Вълковысек, Волковыйск[6].
Гарадзішча старажытнага Ваўкавыска складаецца з дзвюх пляцовак — Шведскай гары і Замчышча. На падставе звестак раскопак устаноўлена, што паселішча на Шведскай гары было заснавана ў сярэдзіне або другой палове X ст. Пачатак жыцця на Замчышчы адносіцца да рубяжа X—XI ст. Прыкладна ў гэты час было заселена гарадзішча Муравельнік, якое размешчана за 0,5 км на ўсход ад Шведскай гары. Тым часам першы пісьмовы ўпамін пра яго змяшчаецца ў рукапісным патэрыку «Туровской епископи заветъ блаженного Владимира» і датуецца 1005 годам. Пастанова мясцовых уладаў ад 1994 афіцыйна замацавала гэту дату як афіцыйны час заснавання горада[7].
Паселішча на Шведскай гары першапачаткова не было ўмацавана валам. Ён быў насыпаны ў канцы X ст. Шведская гара стала дзядзінцам. У пачатку XII ст. валам было ўмацавана Замчышча (гарадскі пасад) і яно ператварылася ў вакольны горад. На Замчышчы пачалося будаўніцтва цаглянага храма, якое па нейкіх прычынах было спынена на стадыі закладкі фундамента. Умацаванае паселішча на Шведскай гары першапачаткова з’яўлялася крэпасцю, якой кіраваў пастаўлены князем пасаднік. Пазней крэпасць стала замкам, дзе жылі сам князь, знаць, дружына.
Да сярэдзіны XII ст. канчаткова склалася тапаграфія старажытнага Ваўкавыска. На захад ад дзядзінца знаходзіцца ўмацаваны вакольны горад, заселены ў асноўным рамеснікамі, а вакол абедзвюх пляцовак размяшчаюцца неўмацаваныя паселішчы чорнага люду — бяднейшых рамеснікаў і прышлых людзей. Што датычыць Муравельніка, то жыццё на гэтым гарадзішчы спынілася.
Пад 1252 Ваўкавыск упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе як памежная крэпасць, сталіца удзельнага княства. Гэтую дату падаюць як першы пісьмовы ўпамін пра горада сучасныя энцыклапедычныя даведнікі[4][8]. У 1258 паселішча захапіў князь галіцкі Даніла Раманавіч.
У другой пал. XIII ст. Ваўкавыск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе знаходзіўся ў валоданні вялікіх князёў Кейстута (2-я палова ХІV ст.), потым яго сына Вітаўта[8]. У ХІV—ХVII стст. тут, імаверна, існаваў замак. У канцы ХІV ст. Ваўкавыск стаў сталіцай павета[8]. 16 сакавіка 1410 года тэўтонскія рыцары на чале з вялікім магістрам Ульрыха фон Юнгінгена авалодалі Ваўкавыскам, магчыма, яны імкнуліся захапіць Вітаўта, які ў гэты час знаходзіўся ў Слоніме. 15 ліпеня 1410 года Ваўкавыская харугва брала ўдзел у Грунвальдскай бітве. У 1430 вялікі князь Вітаўт заснаваў у горадзе касцёл Святога Мікалая.
У 1503 вялікі князь Аляксандр надаў Ваўкавыску магдэбургскае права, з гэтага часу гараджане карысталіся гербам: «у блакітным полі выява галавы ваўка»[9]. У 1507 годзе горад увайшоў у склад Новагародскага ваяводства. У 1513 г. у Ваўкавыску 9 вуліц, горад плаціў у дзяржаўную скарбніцу 20 коп грошаў, аднолькава з Новагародкам і Слонімам[8]. З 1536 г. вядома Прачысценская царква.
Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг. Ваўкавыск двойчы, у 1655 і 1662, захоплівалі і бурылі расійскія войскі. Падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гг. у сакавіку 1706 г. горад захапілі і разрабавалі шведы. У 1736 г. на сродкі Е. Ліноўскага ў Ваўкавыску размясцілася езуіцкая місія, у 1747 пры ёй адкрылася школа, у 1753 г. пачалося будаўніцтва касцёла. У другой палове XVIII ст. ў горадзе дзейнічалі піяры і марыявіткі. У 1792 г. каля 1000 дамоў, дзейнічалі касцёл і уніяцкая царква. Падчас паўстання 1794 года быў заняты паўстанцамі, моцна пацярпеў у ходзе баёў з расійскім войскам.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Ваўкавыск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе застаўся цэнтрам павета. У 1795—1861 у горадзе працавалі 4 суконныя мануфактуры.
У пачатку вайны 1812 года ў Ваўкавыску размяшчалася штаб-кватэра камандуючага 2-ім Заходнім расійскім войскам генерала Пятра Баграціёна. З чэрвеня да 3 (15) лістапада горад заняты французскім войскам, разбураны.
У 1844 годзе ў Ваўкавыску існавалі драўляныя касцёл і царква, прыходскае вучылішча, 2 бальніцы, аптэка. У 1845 горад атрымаў новы расійскі герб. Станам на 1860 год у Ваўкавыску было 492 дамы, 2 школы, касцёл Святога Вацлава, царква, 7 іўдзейскіх малітоўных дамоў, сінагога, цагельня, гарбатня, 2 млыны, бальніца, 58 крамаў. У 1885 праз горад прайшла чыгунка Баранавічы — Беласток; адкрылася чыгуначная станцыя. На 1891 у Ваўкавыску працавалі 19 прамысловых прадпрыемстваў.
У 1907 горад ператварыўся ў буйны чыгуначны вузел. У Першую сусветню вайну з 1915 да 1918 года Ваўкавыск займалі нямецкія войскі. У 1919—1920 горад займалі польскія войскі і бальшавікі.
Пасля савецка-польскай вайны, згодна з Рыжскім мірным дагаворам у 1921 годзе Ваўкавыск апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павета Беластоцкага ваяводства. На 1939 у месце працавалі чыгуналіцейны завод, 2 лесапільні, 2 цагельні, іншыя дробныя прадпрыемствы.
У 1939 годзе Ваўкавыск увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 стаў цэнтрам раёна Беластоцкай вобласці.
У Вялікую Айчынную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 14 ліпеня 1944 горада знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Акупанты знішчылі ў горадзе і раёне больш за 29 тыс. чалавек, у т.л. 20 тыс. у створаным тут лагеры ваеннапалонных.
20 верасня 1944 Ваўкавыск далучылі да Гродзенскай вобласці. На 1954 год у Ваўкавыску працаваў ліцейна-механічны завод (дырэктар — В. Ярош) і цагельны завод. 3 сакавіка 1963 Ваўкавыск атрымаў статус горада абласнога падпарадкавання. 12 красавіка 2001 адбылося афіцыйнае зацверджанне герба і сцяга горада. У 2004 годзе ў Ваўкавыску праводзіўся рэспубліканскі фестываль працаўнікоў вёскі «Дажынкі».
Працуюць машынабудаўнічай, харчовы, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці, у т.л. ААТ «Ваўкавыскі мясакамбінат», ААТ «Беллакт», ААТ «Ваўкавыскі машынабудаўнічы завод». Гасцініца «Бярозка». Ваўкавыск — цэнтр турызму нацыянальнага значэння[15].
Транспартная сістэма Ваўкавыску ўключае 2 чыгуначныя станцыі Ваўкавыск-Горад і Ваўкавыск-Цэнтральны, лакаматыўнае дэпо, вагоннае дэпо і дыстанцыю шляху «Баранавіцкага аддзялення БЧ», аўтавакзал, «Грузавы аўтапарк № 6», «Аўтобусны парк № 4», Ваўкавыскую філію ПУП «Аўтатранс № 9» Гродзенскага аблспажыўсаюза, ААТ «Ваўкавыскспецаўтатранс».
Дзейнічаюць 5 бібліятэк, дом культуры, метадычны цэнтр, ваенна-гістарычны музей імя П. І. Баграціёна, цэнтр рамёстваў, кінатэатр.
Народныя калектывы «Натхненне», «Вяселле», «Ютшэнка», «Медуніца», «Пяшчота», заслужаны тэатр драмы і камедыі «Славуціч».
У Ваўкавыску працуюць аграрны і педагагічны каледжы, 2 гімназіі, 6 сярэдніх і музычная школы.
У Ваўкавыску працуюць 2 спецыялізаваныя дзіцяча-юнацкія школы алімпійскага рэзерву, 2 дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы прафсаюзаў, фізкультурна-аздараўленчыя комплексы.
У горадзе знаходзіцца адна з найлепшых у Беларусі мотакросавая траса, дзе праводзіліся два этапы чэмпіянату Еўропы ў класе матацыклаў да 250 см³. і этап чэмпіянату свету на матацыклах з калыскамі. Рэгулярна праходзяць адкрытыя чэмпіянаты Беларусі ў розных класах матацыклаў.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
129-й Арлоўскай дывізіі вуліца | Шашэйная вуліца | |
Баграціёна вуліца | Шляхецкая вуліца | |
Дзяржынскага вуліца | Замкавая вуліца | |
Жолудзева вуліца | Вакзальная вуліца | |
Зенітчыкаў вуліца | Замасцянская вуліца | |
Карла Маркса вуліца | Слонімская вуліца Касцельная вуліца | 3 мая вуліца |
Леніна вуліца | Петрашэўская вуліца (частка) Шырокая вуліца | Свярдлова вуліца |
Леніна плошча | Рынак пляц (частка) Рыначная вуліца (частка) | Свабоды плошча |
Панковай вуліца | Гродзенская вуліца | |
Перамогі вуліца | Пякарская вуліца Віленская вуліца | |
Савецкая вуліца | Крамяніцкая вуліца Біскупская вуліца [16] | Аляксандраўская вуліца Тадэвуша Касцюшкі вуліца Леніна вуліца |
Сацыялістычная вуліца | Лазарэтная вуліца | |
Чырвонаармейская вуліца | Кашарная вуліца[17] | |
Школьная вуліца | Гімназічная вуліца |
Забудова гістарычная (XIX — пач. XX стагоддзяў; фрагменты)
Касцёл Святога Вацлава з агароджай і брамай (1846—1848), вул. К.Маркса, 25 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000085шыфр 413Г000085
Гарадзішча перыяду ранняга сярэднявечча «Шведская гара» ( (/X “X”)—XIII стагоддзі), на паўднёва- ўсходняй ускраіне горада — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413В000086шыфр 413В000086
Гарадзішча перыяду ранняга сярэднявечча (XI—XIII стагоддзі), на замчышчы — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413В000087шыфр 413В000087
Гарадзішча перыяду ранняга сярэднявечча «Муравельнік» ( (/X “X”)—XI стагоддзі), за 0,5 км на ўсход ад гарадзішча Шведская гара — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413В000088шыфр 413В000088
Дом былой сядзібы («дом Баграціёна») (1805), вул. Баграціёна, 10 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000089шыфр 412Г000089
Могілкі: старыя каталіцкія, капліца; польскія ваенныя; іўдзейскія
Мемарыяльны крыж паўстанцаў 1863-64 гг.
Брацкая магіла (1941—1944), вул. Жолудзева, у скверы — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Д000090шыфр 413Д000090
Брацкая магіла (1941—1944), вул. Мядзведзева — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Д000091шыфр 413Д000091
Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Ваўкавыска
Ваўкавыск у Вікіцытатніку | |
Ваўкавыск на Вікісховішчы |