wd wp Пошук:

Ружаны

Ружа́ны[2] (трансліт.: Ružany, руск.: Ружаны) — гарадскі пасёлак у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі, на р. Ружанка. На скрыжаванні аўтамабільных дарог Пружаны — Слонім і Ваўкавыск — Косава. За 45 км ад Пружан, 130 км ад Брэста і 38 км ад чыгуначнай станцыі Івацэвічы на лініі Баранавічы — Брэст. Насельніцтва 3 023 чал. (2017)[3].

Этымалогія

Існуе некалькі версій датычна паходжання тапоніма «Ружаны». Паводле першай з іх, якой пры­трымлі­ва­ецца большасць гісторыкаў, мястэчка атрымала сваю назву ў гонар ружы — кветкі, якая асабліва шануецца хрысціянамі.

Згодна з другой версіяй назва паселішча пайшла ад словаў «рог», «раздарожжа», што сведчыла пра яго аддаленае размяшчэнне.

Таксама існуе легенда, паводле якой назву мястэчку даў яго ўладар у гонар сваіх улюбёных дачок — Ружы і Ганны[4].

У мінулыя часы паселішча называлася Ражаная, Ражана, Ружана.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Вядомыя з 1552 года як Рожаны, уладанне Тышкевічаў. З 1598 года належалі Сапегам, тут размяшчалася адна з галоўных рэзідэнцый роду. Уваходзілі ў Слонімскі павет Новагародскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Праз паселішча праходзіла так званая Вітаўтава дарога, што злучала Оршу з Люблінам. Пазней гэтая дарога завецца «гасцінцам вялікім»[5].

Паводле ўскосных звестак, ужо ў XVI стагоддзі у Ружанах была вялікая яўрэйская грамада[6].

У 1598 годзе вялікалітоўскі канцлер Леў Сапега набыў Ружаны з суседнімі фальваркамі за 30 000 коп грошаў ад Барташа Брухнальскага, каб стварыць тут адну з галоўных рэзідэнцый роду.

20 чэрвеня 1637 года кароль Уладзіслаў Ваза надаў Ружанам магдэбургскае права і герб: «у срэбным полі вянок чырвоных руж, у цэнтры — постаць Св. Казіміра з крыжам і лілеяй у руках»[7]. Новыя ўласнікі збудавалі свой замак на ўзгорку каля мястэчка. Ужо ў 1644 годзе вялікалітоўскі падканцлер Казімір Леў Сапега прымаў у ім караля Уладзіслава Вазу, у гонар чаго паставілі памятную шыльду. У 1655 годзе, у часы вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гадоў, Віленскі капітул, ратуючыся ад маскоўскіх захопнікаў, змясціў у палацы мошчы св. Казіміра — нябеснага заступніка Вялікага Княства Літоўскага.

Станам на 1687 год у Ружанах 427 будынкаў і 2 рынкі; царква, касцёл з невялікім шпіталем, базыльянскі манастыр, кляштары дамініканцаў і кармелітаў (1617, у 1850 разбураны), базыльянская школа, кафельны і цагляны заводы.

У 1698 годзе разбураныя падчас грамадзянскай вайны шляхты з Сапегамі.

У Паўночную вайну 1700—1721 мястэчка ізноў разбуранае, пацярпеў у тым ліку і палац Сапегаў. У 1706 годзе ў Ружанах спыняўся Карл XII.

За Аляксандрам Міхалам Сапегам мястэчка стала асяродкам вялікасвецкага жыцця для ўсіх вакольных земляў. Для замежных гасцей, якія праяжджалі праз Ружаны ў Пецярбург і назад, ладзіліся шыкоўныя балі, салюты, феерверкі. Архітэктар Ян Самуэль Бекер разбудаваў Ружанскі палац у познебарочным стылі. Цягам 1765—1791 гадоў тут дзейнічаў адзін з найслыннейшых тэатраў Літвы, таксама працавалі паперня, скураная і палатняная мануфактуры, карэтная фабрыка, вырабляліся дываны. 3 разы на год ладзіліся кірмашы. У 1784 канцлер Аляксандр Міхал Сапега прымаў у палацы караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Пад уладай Расійскай імперыі

У 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Ружаны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі цэнтрам воласці Слонімскага павета Слонімскай, з 1797 года Літоўскай, урэшце з 1801 — Гродзенскай губерняў.

У 1812 годзе французскія войскі разрабавалі і спустошылі мястэчка.

Пасля задушэння вызваленчага паўстання ў 1831 годзе расійскія ўлады канфіскавалі ў Сапегаў ружанскія ўладанні (у тым ліку ўнікальную бібліятэку і архіў), а ў 1834 годзе размясцілі ў палацы ткацкае прадпрыемства.

У часы нацыянальна-вызваленчага паўстання ў 1863 годзе каля Ружанаў адбыўся бой з расійскімі карнікамі. У 1875 годзе ў мястэчку адбыўся пажар, які доўжыўся пяць гадзін і знішчыў у тым ліку яўрэйскую сінагогу XVI ст.[6].

У XIX ст. у мястэчку працавалі 2 гарбарныя заводы, палатняная і 3 суконныя фабрыкі, 2 вадзяныя млыны; 2 праваслаўныя царквы, школа, касцёл. Станам на 1897 год было 769 дамоў, 5 дробных прадпрыемстваў, народнае вучылішча.

Станам на 1910 год у Ружанах дзейнічала Талмуд Тора, у 1914 годзе было 26 прадпрыемстваў. У Першую сусветную вайну ў жніўні 1914 года пажар знішчыў галоўны корпус палаца.

Пад уладай Польшчы

У студзені 1919 мястэчка на некалькі дзён занялі бальшавікі. 29 студзеня 1919 Ружаны з рук бальшавікоў адбіў Віленскі аддзел Польскага войска пад камандаю ротмістра Уладзіслава Дамброўскага[8]. 7 чэрвеня 1919 мястэчка ўвайшло ў склад Брэсцкай акругі Грамадзянскай Управы Усходніх Зямель — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[9]. У 1920—1921 дзейнічаў лагер для інтэрнаваных № 18, дзе знаходзіліся салдаты 3 Данскога казацкага палка і грамадзянскія асобы (850—900 чалавек). Пасля пераводу інтэрнаваных у Остраў-Камарова лагер быў зачынены[10].

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Ружаны апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Косаўскага павета Палескага ваяводства.

Беларусь

У 1939 Ружаны ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 атрымалі статус пасёлка гарадскога тыпу і сталі цэнтрам раёна. У 1940 годзе 678 дамоў, працавалі электрастанцыя, 2 прадзільныя фабрыкі, 2 гарбарныя кустарныя прадпрыемствы, 6 лесазаводаў, 4 млыны, 4 цагельныя, 2 бетонныя, 2 шкіпінарныя заводы, 2 фабрыкі калёснай мазі, кустарная вытворчасць глінянага і драўлянага посуду. 2 школы, клуб, амбулаторыя, аптэка, кінатэатр, лазня, пошта, тэлеграф.

У Другую сусветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 13 ліпеня 1944 года мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Тут было створана гета, насельнікі якога пасля былі знішчаны ў лагеры смерці Трэблінка. У 1944 пажар знішчыў будынкі тэатра і манежа палацавага комплекса.

З 1962 у Пружанскім раёне.

Эканоміка

Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай і паліўнай прамысловасці. Гасцініца «Ружанская». Цэнтр ганчарнага рамяства, так званай ружанскай керамікі. Цэнтр турызму нацыянальнага значэння. Праз мястэчка праходзяць турыстычна-экскурсійныя маршруты «На радзіму Тадэвуша Касцюшкі», «Архіпелаг Сапегаў», «Сядзібы, палацы, замкі», «Старонкі каменнага летапісу» і інш.[11] Спыніцца можна ў атэлі «Ружанскі» (вул. Леніна, 1).

Насельніцтва

Інфраструктура

Адукацыя

У Ружанах працуюць сярэдняя, музычная і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, 2 дашкольныя ўстановы.

Медыцына

Медыцынскія паслугі надае местачковая бальніца.

Культура

Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі.

Славутасці

Панарама палаца СапегаўПанарама палаца Сапегаў

Страчаная спадчына

Вядомыя асобы

Гл. таксама

Зноскі

  1. Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  3. 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. Руслан Ананьеў. Ружаны: скарбы старыя і новыя(недаступная спасылка) // «Народная газета» № 139—140 (4263—4264), 23 чэрвеня 2006.
  5. Первые владельцы местечка «Рожаная»(руск.) . Всё о Ружанах (29 лютага 2012).
  6. 1 2 Sokolovsky M. History of the City of Ruzhany // / Edited by: Meir Sokolowsky. — Tel Aviv, 1957. — С. 7.
  7. Ружаны // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
  8. Lech Wyszczelski. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. ISBN 978-83-11-11934-5. — S. 52—53.
  9. Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 5, poz. 41.
  10. История Ружан (XX в.). 1900—1938 гг.(руск.) . Всё о Ружанах (29 лютага 2012).
  11. Ружаны // к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
  12. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 414.
  13. Różana // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888. S. 852.
  14. Міхась Клімец. Ружаны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. С. 129.
  15. Перепись населения — 2009. Брестская область Архівавана 18 верасня 2010.. (руск.)  Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  16. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
  17. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Населеныя пункты Пружанскага раёна
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Артыкулы з праблемамі ў параметрах шаблонаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з разыходжаннем каардынат з Вікідадзенымі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Ружаны
Катэгорыя·Мястэчкі Новагародскага ваяводства
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Ружанскі сельсавет