wd wp Пошук:

Балеарскія астравы

Балеа́рскія астравы (ісп.: Islas Baleares, ісп.: Illes Balears) — архіпелаг на захадзе Міжземнага мора. Уваходзіць у склад Іспаніі і мае статус аўтаномнай супольнасці. Агульная плошча — 4 992 км². Насельніцтва (2018 г.) — 1 128 908 чалавек.

Сталіца і найбуйнейшы горад — Пальма-дэ-Малёрка.

Геаграфія

Балеарскі архіпелаг месціцца на захадзе Міжземнага мора. Выцягнуты з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад на 290 км. Бліжэйшы да мацерыка востраў Івіса знаходзіцца за 86 км ад Пірэнейскага паўвострава. Складаецца з 2 груп астравоў: Гімнесійскай і Пітыускай. Першая ўключае буйныя астравы Мальёрка (ісп.: Mallorca, літаральна «бо́льшы») і Менорка (ісп.: Menorca, літаральна «меньшы»). У склад другой уваходзяць астравы Івіса і Фарментэра. Агульная колькасць астравоў і скал — 151[1].

Карта Балеарскіх астравоў
Асноўныя Балеарскія астравы
Назва Каардынаты Плошча, км²
Гімнесіі
Мальёрка 39°30′00″ пн. ш. 03°00′00″ у. д.HGЯO 3640,16
Кабрэра 39°08′19″ пн. ш. 02°56′25″ у. д.HGЯO 15,69
Менорка 39°58′00″ пн. ш. 04°05′00″ у. д.HGЯO 695,7
Пітыускія астравы
Івіса 38°59′00″ пн. ш. 1°25′00″ у. д.HGЯO 571,76
Фарментэра 38°42′00″ пн. ш. 1°28′00″ у. д.HGЯO 82,49

Мальёрка, Кабрэра і Пітыускія астравы з’яўляюцца вяршынямі падводнага падняцця, якое ў сваю чаргу па паходжанню звязана з горнай сістэмай Кардыльера-Бетыка на поўдні Пірэнейскага паўвострава. Яны сфарміраваны пераважна ў Мезазойскую эру. Для Меноркі характэрны палеазойскія адкладанні[2]. Вядомыя карысныя выкапні: медзь, срэбра, галіт, вапняк.

Найбуйнейшы востраў Мальёрка знакаміты разнастайнымі пейзажамі. Паўночны захад пакрыты гарамі. Самая высокая Пуч-Маёр дасягае 1436 м. Астатняя частка вострава ўяўляе даліну з невялікімі ўзвышшамі. На астатніх астравах высокіх гор няма, аднак паверхня надзвычай камяністая. З-за друзлых глеб і спякотнага лета часцяком адчуваецца недахоп пітной вады. Нават у наш час на Балеарскіх астравах няма стандартызаванага водазабеспячэння. Мясцовая вада ўтрымоўвае вялікую колькасць кальцыя і соляў. Архіпелаг знакаміты пляжамі, якія прыцягваюць вялікую колькасць турыстаў.

Для Балеарскіх астравоў характэрны міжземнаморскі клімат. У Пальма-дэ-Мальёрка ў лютым сярэдняя дзённая тэмпература трымаецца на ўзроўні +11,9°C, у жніўні — +26,2°C. Сярэнегадавая колькасць ападкаў — 449 мм.

Прырода

Флора Балеарскіх астравоў утрымоўвае 1500 відаў. 150 з іх — эндэмікі[3], у тым ліку 32 віды папарацяў і 31 від архідэй[4]. Распаўсюджаныя расліны: хвоі, дуб, ражковае дрэва, сунічнае дрэва, пальмета, дзікая спаржа, наперстаўка, фіялкі і г. д. Дзікія расліны лепей захоўваюцца ў горных раёнах, а таксама на дробных астравах.

Наземная фаўна бяднейшая за кантынентальную, аднак і тут вылучаюцца 300 відаў эндэмікаў[5] — 2 віды яшчарак, амфібіі, шматлікія казуркі і слімакі. Сысуны прадстаўлены дзікамі і вожыкамі. Вельмі разнастайны птушыны свет. Балеарскія астравы насяляюць буравеснікі, фламінга, чорны свіргуль, скапа і інш. Прыбярэжныя балоты і саланчакі сезонна вабяць пералётных птушак.

Навакольныя воды славяцца чысцінёю. Лічыцца, што прычынай таму з’яўляецца водарасць Posidonia oceanica, якая стварае шырокія падводныя лугі, ачышчае ваду і з’яўляецца кормам для марскіх чарапах і рыб. Каля астравоў сустракаюцца акулы, баракуды, вугры, сальпы[6]. Берагі наведваюць цюлені-манахі.

Кіраванне

Балеарскія астравы з’яўляюцца аўтаномным рэгіёнам Іспаніі. Аўтаномія вызначаецца статутамі аб аўтаноміі 1983 г. і 2007 г. Статут аб аўтаноміі 2007 г. вызначае балеарцаў як адну з нацый Іспаніі[7].

На мясцовым узроўні дзейнічаюць астраўныя рады Мальёркі, Меноркі, Івісы і Фарментэры, якія адначасова з’яўляюцца заканадаўчымі і выканаўчымі органамі ўлады.

На рэгіянальным узроўні заканадаўчая ўлада належыць парламенту Балеарскіх астравоў (ісп.: Parlamento de las Islas Baleares, катал.: Parlament de les Illes Balears), куды выбіраюцца 33 дэпутаты ад Мальёркі, 13 дэпутатаў ад Меноркі, 12 дэпутатаў ад Івісы, 1 дэпутат ад Фарментэры. Парламент прымае рэгіянальныя законы, прызначае ўрад і зацвярджае бюджэт Балеарскіх астравоў, звяртаецца ў Канстытуцыйны суд (Трыбунал) Іспаніі, выбірае прэзідэнта аўтаномнай супольнасці.

Выбраны парламентам Балеарскіх астравоў і прызначаны каралём Іспаніі прэзідэнт аўтаномнай супольнасці фарміруе рэгіянальны орган выканаўчай улады — урад Балеарскіх астравоў (ісп.: Gobierno de las Islas Baleares, катал.: Govern de les Illes Balears). Чальцы ўрада не павінны ўваходзіць у склад парламента Балеарскіх астравоў. Яны адказваюць за выдаткі бюджэту, развіццё эканомікі, навукі і інавацый, сацыяльны лад.

Сталіца аўтаноміі — горад Пальма-дэ-Мальёрка.

Эканоміка

Збор ураджаю

Балеарскія астравы — адзін з найбольш важных турыстычных рэгіёнаў ЕС. Так, у 2016 г. яго наведалі 15 мільёнаў іншаземных турыстаў[8]. Астравы прыцягальны дзякуючы сухому міжземнаморскаму клімату, пляжам, прыродным і гістарычным аб’ектам. Большасць турыстаў прыязджае з мая да кастрычніка.

Прамысловасць і транспарт шчыльна звязаны з развіццём турызму. На Балеарскіх астравах працуюць 3 міжнародныя аэрапорты і 7 портаў, што абслугоўваюць рэгулярныя марскія лініі.

Сельская гаспадарка арыентавана на вытворчасць засухаўстойлівых культур — садавіны, гародніны, збожжавых, цытрусавых, маслін, міндаля, ражковага дрэва. На востраве Менорка развіта жывёлагадоўля[9]. З канца XX ст. робяцца захады для павелічэння значнасці арганічнай сельскай гаспадаркі.

Хаця рыбалоўства доўгі час лічылася важным традыцыйным заняткам, у наш час яно адыгрывае пэўную эканамічную ролю толькі на востраве Мальёрка. У 20152016 г. было зарэгістравана 35 рыбалоўных суднаў ад 5 м да 12 м у даўжыню[10]. Яны выходзілі на здабычу пераважна ўзімку і ўвосень. У большасці выпадкаў рыбаловы кааперыруюцца для куплі судна і яго абслугоўвання.

Узровень эканамічнага развіцця і жыцця на Балеарскіх астравах адзін з найвышэйшых у Іспаніі. У 2017 г. гадавы валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва дасягаў 28 957 міжнародных долараў[11]. Разам з гэтым, назіраліся спад эканамічнага росту і дэфіцыт бюджэту.

Вядомыя асобы

Спасылкі

Зноскі

  1. Facts of interest
  2. Robert Bourrouilh, The Balearic Islands in the Alpine Orogeny
  3. Flora and fauna of the Balearic Islands - Via Gallica
  4. Flora and fauna of the Balearic Islands
  5. Flora and fauna of the Balearic Islands
  6. Types of species you will spot diving in the Balearic Islands
  7. Estatut d’Autonomia de les Illes Balears
  8. BALEARIC ISLANDS REGIONAL CONTEXT SURVEY
  9. The Balearic Island countryside
  10. Balearic Islands boat seine fisheries: the transparent goby fishery an example of co-management
  11. Balearic Islands
Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Правінцыі Рымскай імперыі
Катэгорыя·Астравы Іспаніі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Архіпелагі паводле алфавіта
Катэгорыя·Правінцыі Іспаніі
Катэгорыя·Аўтаномныя супольнасці Іспаніі
Катэгорыя·Балеарскія астравы