Чачэ́рск[2] (афіц. транс.: Čačersk) — горад раённага падпарадкавання ў Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Чачэрскага раёна, прыстань на р. Сож пры ўпадзенні ў яе р. Чачора. Знаходзіцца за 65 км ад Гомеля, за 37 км ад чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (лінія Гомель — Жлобін). Аўтамабільныя дарогі злучаюць горад з Кармой, Буда-Кашалёвам і Веткай і аўтамагістраллю Гомель—Магілёў. Насельніцтва 8 312 чал. (2017)[3].
Тапонім «Чачэрск» утварыўся ад назвы рэчкі Чачора. У старажытнасці слова «чачор» пазначала «воск». Далёкія продкі цяперашніх жыхароў Чачэрску выраблялі яго ў вялікай колькасці, збіраючы ў лясах мёд дзікіх пчол, і адпраўлялі па Сажы і Дняпры для абмену на іншыя тавары. Пра гэта, у прыватнасці, сведчаць рэшткі суднаў, гружаных воскам, якія выявілі археолагі ў даўніх рэчышчах[4].
Паводле археалагічных звестак, горад узнік у кан. X ст. на месцы гарадзішча Замкавая Гара на беразе Чачоры пры ўпадзенні яе ў р. Сож. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159 як горад радзімічаў Чичерск, які кіеўскі князь Ізяслаў Давыдавіч вярнуў разам з Мазыром чарнігаўскаму князю Святаполку Алегавічу. З XIII ст. умацаваны цэнтр паселішча быў абведзены валам, найпазней з XIV ст. існаваў Чачэрскі замак (у паўночна-усходняй частцы горада).
У сяр. XIV ст. Чачэрск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стаў цэнтрам воласці. У 1387—1390 гадах ён знаходзілася ў валоданні Скіргайлы, потым горадам кіравалі намеснікі вялікага князя. У гэты час на месцы дзядзінца летапіснага горада збудавалі замак. У 1501—1518 гадах Чачэрск належаў вялікай княгіні Алене Іванаўне, потым кіраваўся дзяржаўцамі з буйных феадалаў (Чартарыйскімі, Дашковічамі, Зяновічамі, Львом Сапегай і інш.). У 1506 годзе горад вытрымаў спярша татарскую, потым маскоўскую аблогу.
У 1509 Чачэрск упамінаецца як мястэчка Віленскага ваяводства[5]. У 1510 ён стаў цэнтрам Чачэрскага староства і атрымаў Магдэбургскае права[6]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Чачэрск увайшоў у склад Рэчыцкага павета Менскага ваяводства. 22 кастрычніка 1629 года мястэчка Чачэрск і вёска Зяцькавічы па просьбе мяшчан атрымалі ад караля і вялікага князя Жыгімонта III права на правядзенне таргоў — 2 двухтыднёвыя кірмашы ў год[7].
У 1704 у Чачэрску было 542 будынкі і 7 вуліц, дзейнічалі 4 царквы і касцёл, працавалі карчма, 3 крамы, млын і мытня. У 1754 у месце пачала дзейнічаць езуіцкая місія. Пад 1765 у попісе Чачэрску ўпамінаюцца замак і гарадскія ўмацаванні.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Чачэрск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам Рагачоўскага павета Рагачоўскай правінцыі, пазней — цэнтрам воласці Рагачоўскага павета. У 1774 годзе падораны Кацярынай II генерал-губернатару графу З. Г. Чарнышову, паводле ініцыятывы якога ў горадзе пабудаваныя ратуша, 3 царквы, касцёл, тэатр, 2 шпіталя і інш. Праведзена перапланіроўка горада паводле рэгулярнага плана, пры гэтым былі разбураныя замак і гарадскія ўмацаванні, якія згадваліся яшчэ ў «Попісе» Чачэрска за 1765 год.
У 1780 годзе ў мястэчку пачала працаваць шкляная мануфактура, у 1788 — паштовая кантора, у 1796 — цагельня. У другой пал. XVIII ст. у Чачэрску існавалі царква, мураваная ратуша, парк, 2 лякарні, прыстань «Крэмень». Апроч таго, тут збудавалі 3 царквы, касцёл і палац. З 1788 дзейнічала езуіцкая школа. На 1838 у мястэчку было 273 двары.
На 1880 у Чачэрску было 266 двароў, працавалі 2 вучылішча і 76 крамаў, штогод праводзіліся 4 кірмашы. У 1885 пачала працаваць метэаралагічная станцыя. Паводле вынікаў перапісу (1897) у мястэчку было 328 двароў, дзейнічалі 4 цэрквы, касцёл і 6 іўдзейскіх малітоўных школ, працавалі бальніца, аптэка, паштова-тэлеграфнае кантора, паштовая станцыя, 80 крамаў, карчма; працавала прыстань на рацэ Сож, з якой у 1900 адправілі 21 судна і 48 плытоў з грузам 1530 тыс. пудоў[8]. На 1908 — 369 двароў, дзейнічала пазыкова-ашчадная каса. Каля Чачэрску вялася распрацоўка вапнякоў. У 1911 пры мужчынскай і жаночай вучэльнях працавалі бібліятэкі, адкрылася крэдытнае, у 1913 — спажывецкае таварыствы. З 1 сакавіка 1918 да 14 студзеня 1919 Чачэрск займалі нямецкія войскі.
25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чачэрск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР, дзе яно ўвайшло ў Гомельскую губерню. У 1926 годзе Чачэрск вярнулі ў БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёна. У 1938 паселішча атрымала афіцыйны статус гарадскога пасёлка. У Другую сусветную вайну з 14 жніўня 1941 да 27 лістапада 1943 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
У 1962—1965 Чачэрск уваходзіў у склад Буда-Кашалёўскага раёна, 3 лістапада 1971 ён атрымаў статус горада[9].
Аснову эканомікі горада складаюць прадпрыемствы харчовай прамысловасці. Цэнтр мастацкіх рамёстваў (вышыўка, ткацтва і інш.).
Дзейнічаюць 3 бібліятэкі, дом культуры, Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей.
Выдаецца раённая газета «Чачэрскі веснік».
У Чачэрску працуюць 2 сярэднія, мастацкая, спартыўная школы.
У цэнтры Чачэрску канцэнтруюцца 2—5-павярховыя будынкі. Заснаваны новы мікрараён з 3—5-павярховых жылых дамоў. Пераважае індывідуальная сядзібная забудова.
Дзейнічае Чачэрскі гістарычна-этнаграфічны музей. Спыніцца можна ў гарадскай гасцініцы[16].
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1784)
Царква Нараджэння Божай Маці (1780)
Царква Ушэсця Гасподняга (1780-я)
Краявіды Чачэрска