wd wp Пошук:

Дзюдо

Выкананне кідка дзюдо са стойкі

Дзюдо — японскае баявое мастацтва, філасофія і спартыўнае адзінаборства без зброі, створанае ў канцы XIX ст. на аснове дзюдзюцу японскім майстрам баявых мастацтваў Дзігора Кано, які таксама сфармуляваў асноўныя правілы і прынцыпы трэніровак і правядзення спаборніцтваў. Датай нараджэння дзюдо лічыцца дзень заснавання Кано першай школы дзюдо Кадакан (яп.: 讲道 馆, «дом вывучэння Шляху») у 1882 годзе. Паводле прынятай у Японіі класіфікацыі, дзюдо адносіцца да так званых сучасных баявых мастацтваў[1].

У адрозненні ад боксу, каратэ і іншых ударных стыляў адзінаборстваў, асновай дзюдо з’яўляюцца кідкі, болевыя прыёмы, утрымання і задушвання, як у стойцы, так і ў партэры. Удары і частка найбольш траўманебяспечных прыёмаў вывучаюцца толькі ў кірунку ката. Ад іншых відаў барацьбы, як грэка-рымская барацьба, вольная барацьба, дзюдо адрозніваецца меншым ужываннем фізічнай сілы пры выкананні прыёмаў і вялікай разнастайнасцю дазволеных тэхнічных дзеянняў.

Валодаючы значным філасофскім складнікам, дзюдо грунтуецца на двух галоўных прынцыпах: ўзаемная дапамога і разуменне для дасягнення большага прагрэсу, а таксама найлепшае выкарыстанне цела і духу. Перад дзюдаістамі традыцыйна ставяцца мэты фізічнага выхавання, падрыхтоўкі да рукапашнага бою і ўдасканалення свядомасці, што патрабуе дысцыпліны, настойлівасці, самакантролю, выканання этыкету, разумення суадносін паміж поспехам і неабходнымі для яго дасягнення намаганнямі. Акрамя гэтага, дзюдо спрыяе развіццю іншых станоўчых якасцей, як маральнасць, назіральнасць, памяць і ўяўленне[2].

У цяперашні час паралельна развіваюцца так званае традыцыйнае дзюдо і спартыўнае дзюдо, спаборніцтвы па якім праводзяцца на міжнародным узроўні і ўваходзяць у праграму Алімпійскіх гульняў. У спартыўным дзюдо, якое развіваецца пад эгідай Міжнароднай федэрацыі дзюдо (IJF), робіцца большы акцэнт на спаборніцкі складнік, у той час як у традыцыйным дзюдо дадатковая ўвага надаецца пытанням самаабароны і філасофіі, што, не ў апошнюю чаргу, паўплывала на адрозненні ў правілах спаборніцтваў і дазволеных прыёмах.

Тэхніка дзюдо была пакладзена ў аснову шматлікіх сучасных стыляў адзінаборстваў, як самба, бразільскага джыу-джыцу, Кавалісі Ру дзюдзюцу, Косэн дзюдо. Дзюдо ў юнацтве займаліся Марыхэй Уэшыба (стваральнік айкідо), Міцуі Маэда (родапачынальнік бразільскага джыу-джыцу), Васіль Ашчэпкаў (адзін са стваральнікаў самба) і Годзю Сіёда (заснавальнік стылю Ёсінкан айкідо)[2].

Зноскі

  1. Diane Skoss. «A Koryu Primer». Koryu Books
  2. 1 2 Кано Дзигоро. Общие сведения о дзюдо и его ценности в деле воспитания (рус.) // Хидэн. Боевые искусства и рукопашный бой : Научно-методический сборник под редакцией Горбылёва А. М.. — М.: ФГУП Издательство «Известия» УД П РФ, 2008. — В. 1. — С. 118—173.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Баявыя мастацтвы
Вікіпедыя:Істотныя артыкулы
Алімпійскія віды спорту
Дзюдо