wd wp Пошук:

Войшалк

Войшалк (ст.-рус.: Воишелкъ, літ.: Vaišelga, Vaišvilkas; 1223 — 18 або 23 красавіка 1267) — князь навагрудскі (1240-я — каля 1255 і каля 1258—1264), вялікі князь літоўскі (1264—1267). Сын Міндоўга, вялікага князя літоўскага, караля літоўскага. Пашырыў тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага за кошт уключэння усходнебалцкіх зямель Нальшчан і Дзяволтвы. Заснаваў Лаўрышаўскі манастыр.

Паходжанне і сям’я

Паводле хранікальных звестак, Войшалк быў старэйшым з сыноў Міндоўга[1]. Паведамленняў аб маці Войшалка ў крыніцах няма. У Войшалка была сястра, імя якой невядома — жонка Шварна Данілавіча, вялікага князя літоўскага ў 1267—1270 гадах. Браты Войшалка — Рукля і Рупейка — былі значна маладзейшыя за яго (абодва яны былі забітыя разам з Міндоўгам у выніку змовы). Зыходзячы з гэтай розніцы ва ўзросце, можна меркаваць, што маці Войшалка і яго сястры была не вялікая княгіня літоўская Марта (маці Руклі і Рупейкі), а ранейшая жонка Міндоўга, звесткі пра якую не захаваліся[2].

У дакуменце ад 1254 года ў Міндоўга і Марты згадваюцца сыны Герстухен і Рэплеў. Невядома, ці пад гэтымі імёнамі маюцца на ўвазе Рукля і Рупейка, ці гэта былі чатыры розныя сыны.

Расійскі гісторык XVIII ст. В. М. Тацішчаў паведамляў без спасылкі на крыніцу, што маці Войшалка была цвярской княжной[3]. Аднак цяпер звесткі Тацішчава, якія не падцвярджаюцца крыніцамі, лічацца сумнеўнымі[4][5][nb 1].

Імя

Некаторыя літоўскія даследчыкі, у прыватнасці, Д. Сінкявічутэ, звязваюць корань -вайш (-vaiš) у імёнах з літ.: vaišės, vaišinti, viesis — пачастунак, пачаставаць, госць[6]. У крыніцах князь называецца таксама як Вышелк, Вышелег, Вошелег, Войселк, Волштыник, Волстыник.

Хроснае імя Войшалка дакладна невядома[7]. В. М. Тацішчаў адзначыў без спасылкі на крыніцу, што хроснае імя Войшалка было Васіль. Версія Тацішчава сумнеўная, бо верагоднае інацкае імя князя — Лаўрыш (Лаўрын, Лаўрэнцій) пачынаецца з Л, а паводле тагачаснай традыцыі інацкае імя бралася з той жа літары, што і хроснае[8].

Біяграфія

Першыя звесткі

Год нараджэння Войшалка ў летапісах не згадваецца. 1223 год як час яго нараджэння пададзены ў храналагічнай табліцы беларускага гісторыка XIX ст. Т. Нарбута, якая складзена, па яго словах, на падставе фрагментаў рукапісу віленскага гісторыка Літвы XVI ст. А. Ротунда[9].

Асноўныя звесткі пра жыццё Войшалка змешчаны ў Галіцка-Валынскім летапісе (ГВЛ), які напісаны ў сярэдзіне і дапоўнены ў канцы XIII ст. невядомымі аўтарамі. ГВЛ захаваўся ў некалькіх спісах, у т. л. у складзе Іпацьеўскага летапісу (XV ст.). Даты ў Іпацьеўскім спісе ГВЛ былі ўнесены пазней, таму даціроўка падзей там недакладная.

Пад 1253 г. у ГВЛ згадваецца не названы па імю сын Міндоўга, якога Міндоўг паслаў ваяваць ваколіцы г. Турыйска[10] ў Галіцка-Валынскім княстве — у адказ на рабаванне галіцка-валынскімі войскамі зямель Міндоўга. Паколькі пра іншых дарослых сыноў Міндоўга звестак няма, гісторыкі мяркуюць, што гэтым сынам быў Войшалк. Гэта адбывалася падчас вайны 12491254 гадоў паміж Міндоўгам і яго пляменнікамі — Таўцівілам Даўспрункавічам і Эдзівідам Даўспрункавічам, якіх падтрымліваў галіцка-валынскі князь Даніла Раманавіч.

Пачатак княжэння. Прыняцце манаскага чыну

Першы раз Войшалк згаданы ў летапісу пад сваім імём у артыкуле 1255 года. Летапіс паведамляе, што ў гэтым годзе Войшалк заключыў мір з Данілам Раманавічам, выдаў сваю сястру замуж за малодшага сына Данілы Раманавіча — Шварна Данілавіча, а сам прыбыў да Данілы Раманавіча ў г. Холм[11] (сталіцу Галіцка-Валынскага княства), пакінуў свае княжэнне і прыняў манаскі чын. Сыну Данілы Раманавіча — Раману Данілавічу — Войшалк перадаў «Навагародак ад Міндоўга, а ад сябе Слонім і Ваўкавыск».

Іншы летапісец (летапіс складаўся двума рознымі аўтарамі і ў розныя гады) піша, што Войшалк прыбыў не ў Холм, а ў ранейшую сталіцу Галіцка-Валынскага княства — г. Галіч[12], маючы намер прыняць манаскі чын, і тады ж ахрысціў Юрыя Львовіча (сына князя белзскага Льва Данілавіча, унука Данілы Раманавіча і будучага князя галіцка-валынскага). А пасля пайшоў у Паланінскі манастыр да ігумена Грыгорыя і там пастрыгся ў манахі.

Гарадзішча сярэдневяковага Навагародка. Навагрудак, Гродзенская вобласць.

Гэты ж летапісец адзначыў, што Войшалк пачынаў княжыць у Навагародку, з’яўляючыся язычнікам, і рабіў чалавечыя ахвяры. Затым ён ахрысціўся ў Навагародку і пачаў жыць у хрысціянстве. Украінскі гісторык П. П. Талочка лічыць, што характарыстыка Войшалка-язычніка далёкая ад рэальнай: такога першабытнага дзікунства, асабліва ў землях Русі, не магло быць, і летапісцу гэта спатрэбілася для таго, каб больш выразна паказаць ператварэнне язычніка ў хрысціяніна. Такі прыём — супрацьпастаўленне язычніцкай цемры і хрысціянскага святла — здаўна ўжываўся ў летапісанні, і, верагодна, летапісец запазычыў яго з больш ранняга кіеўскага летапісу.

Зыходзячы з гэтых летапісных паведамленняў, можна меркаваць, што ў Навагародку Войшалк княжыў (быў намеснікам Міндоўга) з 1240-х гадоў.

У манастве

Пасля трох гадоў жыцця ў Палонінскім манастыры Войшалк адправіўся ў паломніцтва да гары Афон у Візантыю, але не здолеў дайсці з-за “мяцяжу” ў землях па дарозе, вярнуўся і заснаваў манастыр у Панямонні:

«Воишелкъ же не може доити до Ст҃ѣи Горѣ . зане мѧтежь быс̑ великъ тогда в тъıхъ землѧх̑ . и приде ѡпѧть в Новъгородокъ . и оучини собѣ манастырь . на рѣцѣ на Немнѣ . межи Литвою и Новъıмъгородъкомъ . и тоу живѧше.»[13] (Ст-руск., 1420-я гг.)

«Войшалк не змог дайсці да Святой Гары, паколькі вялікі мяцеж быў тады ў тых землях, і прыйшоў зноў у Наваградак; і ўчыніў сабе манастыр на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў»[14].

Іпацьеўскі летапіс.

Урочышча у в. Лаўрышава, дзе першапачаткова размяшчаўся манастыр. Свята-Успенская царква XVIII ст.

Манастыр «на Нёмане паміж Літвой і Наваградкам» атаясняюць з Лаўрышаўскім, вёска, якая ўтварылася каля манастыра, называецца Лаўрышава[15] (з-за патранімічнага суфікса і канчатка, лічыцца, што назва ўтворана ад інацкага імя Войшалка — Лаўрыш, Лаўрын або Лаўрэнцій). Войшалк пражыў у гэтым манастыры каля года. У летапісе адзначана, што Міндоўг дакараў яго за манаскае жыццё.

Вяртанне да княжацкага жыцця

Паводле летапісных звестак, каля 12571258 г. на Літоўскую зямлю і Нальшаны напалі войскі мангола-татарскага ваеначальніка Бурундая і галіцка-валынскіх князёў. Войшалк выйшаў з манастыра, і разам са стрыечным братам Таўцівілам (які да гэтага часу памірыўся з Міндоўгам) захапіў Рамана Данілавіча (галіцка-валынскага князя, які кіраваў у Навагародку). Пасля гэтага Раман у летапісу не згадваецца — магчыма, ён загінуў, а Войшалк зноў сеў на навагародскім стальцы.

Пінскі Ляшчынскі манастыр. Літаграфія 1875 г. па малюнку з натуры Н. Орды 1868 г. Успенская царква 1746 г.

У 1263 годзе у выніку змовы быў забіты Міндоўг і 2 яго малодшыя сыны, а затым і яго пляменнік Таўцівіл. Пасаду вялікага князя літоўскага заняў іншы пляменнік Міндоўга і адзін са змоўшчыкаў — Транята. Войшалк уцёк у Пінск.

Пра месца жыхарства Войшалка ў Пінскім княстве летапіс не паведамляе; традыцыйна лічыцца, што ён жыў у Ляшчынскім Свята-Успенскім манастыры, які існаваў у прадмесці Пінска — Лешчы (зараз парк у Пінску). На літаграфіі 1875 г. з выявай манастыра надрукаваны подпіс: «Стары манастыр, у якім хаваўся Войшалк, сын Міндоўга, вялікага князя літоўскага, пераследуемы стрыем Транятам» (польск.)  (фр.) .

На пасадзе вялікага князя

У 1264 годзе Транята быў забіты ранейшымі конюхамі Міндоўга; Войшалк з пінскім войскам вярнуўся ў Навагародак і злучыўся з дружынамі навагародскіх баяр. Затым ён пайшоў усталёўваць сваю ўладу ў Літве, і «нача княжити во всей земли Литовской» — стаў вялікім князем літоўскім. Паводле летапісу, у Літоўскай зямлі ён вынішчыў шмат сваіх ворагаў, а астатнія «разбегліся хто куды».

Прызнаў уладу Васількі Раманавіча, княжыў разам са Шварнам Данілавічам. З дапамогаю Васількі і Шварна заваяваў Нальшчаны і Дзяволтву.

Вяртанне ў манаства і гібель

Паводле летапісу, у 1267 годзе Войшалк вырашыў поўнасцю перадаць вялікае княжэнне літоўскае Шварну Данілавічу. Шварн адгаворваў яго ад такога рашэння. Аднак Войшалк адказаў, што заставацца князем яму не дазваляюць грахі, і што зямлю ён пакідае ўпарадкаванай. Войшалк пайшоў у манастыр у г. Уграўск на Валыні, Шварн застаўся княжыць у Вялікім княстве Літоўскім.

У красавіку 1267 года Леў Данілавіч, ужо князь галіцкі, запрасіў на сустрэчу князя валынскага Васільку Раманавіча і праз яго — свайго кума Войшалка. Войшалк не давяраў Льву і не хацеў ехаць, але паехаў на заруку Васілька. Прыехаўшы ў г. Уладзімір-Валынскі, Войшалк спыніўся ў манастыры св. Міхаіла Вялікага. 18 (ці 23) красавіка Васільку, Льва і Войшалка паклікаў на абед немец Маркольт. Затым Васілька паехаў дадому спаць, а Войшалк вернуўся ў манастыр. Аднак Леў прыехаў за нім і ўгаварыў яго працягнуць пір, падчас якога забіў Войшалка. Летапісец адзначае, што Леў зрабіў гэта па д’ябальскаму падбухторванню, з-за зайздрасці ад таго, што Войшалк перадаў княжэнне ў літоўскай дзяржаве не яму, а яго брату Шварну.

Войшалк быў пахаваны ў царкве св. Міхаіла Вялікага.

Крыніцы

Галіцка-Валынскі летапіс

Найбольш раннія і шырокія звесткі пра Войшалка захаваліся ў складзе Галіцка-Валынскага летапісу (ГВЛ), менавіта яны былі крыніцай шматлікіх перапрацовак — ужо ў XIV ст. іх агіяграфічныя версіі сталі распаўсюджвацца ў Вялікім Ноўгарадзе і Пскова, а ў XVI ст. сюжэт увайшоў у склад легендарнай часткі беларуска-літоўскіх летапісаў. Пратографам усіх паўночнарускіх і маскоўскіх аповедаў XV—XVI ст. пра Войшалка быў Наўгародскі першы летапіс (НПЛ)[16]. Стрыйкоўскі быў знаёмы са звесткамі ГВЛ праз беларуска-літоўскі летапіс блізкі да Хронікі Быхаўца. Такім чынам, вывучэнне сведчанняў менавіта ГВЛ мае найважнейшае значэнне.

Войшалк і «Аповесць пра Варлама і Іасафа»

«Аповесць пра Варлама і Іасафа»(руск.) бел. перакладзена з грэчаскай на рускую не пазней сярэдзіны XII ст. і была вельмі папулярнай на Русі. Аповесць расказвае пра індыйскага царэвіча Іасафа, які прымае хрышчэнне ад свайго настаўніка, пустэльніка Варлама, а бацька — цар Авенір, разгневаны і спрабуе рознымі спосабамі адхіліць сына ад хрысціянства, аднак, хутка змірыўся з гэтым і даў сыну палову царства, а затым і сам ахрысціўся. Цар Авенір памірае неўзабаве па хрышчэнні, пасля смерці бацькі царэвіч Іасаф, нягледзячы на ўгаворы, перадае ўладу вяльможы-хрысціяніну Варахіі, а сам ідзе ў пустыню да свайго настаўніка Варлама, дзе і застаецца да смерці. Сувязь Аповесці і апавяданняў крыніц пра Войшалка ўпершыню паказала М. Смаронг-Ружыцкая(польск.) бел. ў сваім даследаванні мініяцюр Лаўрышаўскага Евангелля. Пры параўнанні сюжэтных ліній крыніц і Аповесці заўважна іх значнае падабенства, Войшалк паўтарае ролю Іасафа, Міндоўг — Авеніра, Рыгор Палонінскі — Варлама, а Шварн — Варахіі.

Такім чынам, рэдакцыя B апавядання пра Войшалка ў ГВЛ мае агіяграфічны характар, а сюжэт яе складаўся пад уплывам Аповесці пра Варлама і Іасафа. Незалежна ад рэдакцыі B, ужо ў XIV ст. у Паўночнай Русі з’явіліся і распаўсюдзіліся агіяграфічныя версіі рэдакцыі A апавядання пра Войшалка ў ГВЛ. Сама рэдакцыя A таксама мае пэўныя сляды рэдактуры, бо паводле яе Войшалк заключыў мір з Даніілам і выдаў замуж за яго сына сваю сястру, аднак з ранейшых артыкулаў ГВЛ вядома, што ініцыятыва гэтых падзей належала Міндоўгу, такім чынам, верагодна, ужо ў рэдакцыі A адлюстравалася спроба летапісца вывесці Войшалка на пярэдні план.

У літаратуры і мастацтве

У выяўленчым мастацтве

Лаўрышаўскае евангелле. Вокладка XVIXVII ст. Бібліятэка Чартарыйскіх, Кракаў, Польшча.

У драматургіі і кінематографе

Ушанаванне

Заўвагі

  1. Скепсіс наконт верагоднасці ўнікальных звестак Тацішчава выказвалі і раней, як то М. С. Грушэўскі, А. Я. Прэснякоў, С. Л. Пешціч, Я. С. Лур’е і інш., але былі і прыхільнікі верагоднасці, асабліва сярод іх вылучаецца Б. А. Рыбакоў, таксама сярод іх А. А. Шахматаў, М. М. Ціхаміраў. Сярод сучасных прыхільнікаў верагоднасць вылучаецца бадай А. В. Маёраў.

Зноскі

  1. ПСРЛ. — Т. 32. — С. 26, 209.
  2. Narbutt, Т. Dsieje staroźytne narodu Litewskiego. — T. 4. — Wilno, 1838. — S. 181.
  3. Татищев, В. Н. История Российская. — Т. V. — Ленинград, 1965. — С. 45.
  4. Толочко А. «История Российская»…
  5. Горовенко А. В. Меч Романа Галицкого… С. 261—332.
  6. Sinkevičiūtė D. Lietuvių dvikamienių vardų su pirmuoju dėmeniu vaiš- raidos bruožai(недаступная спасылка) /D. Sinkevičiūtė // Baltistica. T. 43. Nr. 2. — 2008. — P. 263—274. ISSN 0132-6503.
  7. Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego. Т.4. — Wilno: Nakładem i drukiem A. Marcinowskiego, 1838. — S. 181.
  8. Лещинский, А. И. Что в имени тебе моем?… С. 74—75.
  9. Narbutt, Т. Dsieje staroźytne narodu Litewskiego. — T. 3. — Wilno, 1838. — S. 609.
  10. Зараз пасёлак гарадскога тыпу Валынскай вобласці, Украіна.
  11. Зараз г. Хелм, Люблінскае ваяводства, Польшча.
  12. Зараз у Івана-Франкоўскай вобласці, Украіна.
  13. ПСРЛ. — Т. 2. Ипатьевская летопись. — СПб., 1908. — Стлб. 859. (руск.)
  14. Пераклад паводле артыкула: Краўцэвіч, А. К. Войшалк (1264—1267 г.). Інтэлігент на троне // pawet.net. — 2008. — 27 чэрвеня.
  15. Цяпер у Шчорсаўскім сельсавеце Навагрудскага раёна, Гродзенскай вобласці.
  16. Охотникова В. И. Повесть о Довмонте. — Л., 1985. — С. 109—116.
  17. Ластоўскі, В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі / В. Ластоўскі. — Коўна, 1926.

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Папярэднік:
Транята
вялікі князь літоўскі
12641267
Пераемнік:
Шварн Данілавіч
Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1223 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з польскай
Катэгорыя·Памерлі ў 1267 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вялікія князі літоўскія
Катэгорыя·Лаўрышава
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Кіраўнікі Еўропы XIII стагоддзя