wd wp Пошук:

Таўцівіл Даўспрункавіч

Таўцівіл Даўспрункавіч (? — 1264) — князь літоўскі, князь полацкі (~1250-я — 1264).

Біяграфія

Старэйшы сын Даўспрунка, пляменнік Міндоўга і жамойцкіх князёў Эрдзівіла і Вікінта, стрыечны брат Траняты. У кан. 1248 г. Міндоўг забраў уладанні Таўцівіла і яго малодшага брата Едзівіда, паслаў супраць Смаленскай зямлі — прапануючы там здабыць новыя ўладанні, пры гэтым паслаў за імі забойцаў. Акалічнасці гэтага паходу розняцца ў даследчыкаў, але ў выніку выгнаннікі ўцяклі ў Галіцка-Валынскае княства шукаць падтрымкі, бо іх сястра была замужам за Данілам Галіцкім. Даніла паслаў Таўцівіла ў Яцвезь, Жамойць і Рыгу, каб стварыць ваенны саюз супраць Міндоўга. У Рызе Таўцівіл быў ахрышчаны ў каталіцтва (паводле М. Стрыйкоўскага пад імем Готліб).

Даніла Галіцкі, Лівонскі ордэн, рыжскі архібіскуп і вікінтава палова Жамойці падтрымалі Таўцівіла, але нанесці паразу Міндоўгу не здолелі, бо пасля хрышчэння Міндоўга ў каталіцтва (1253) Лівонскі ордэн перайшоў на яго бок. Пэўны час Таўцівіл жыў у Галіцка-Валынскім княстве і ў 1253 разам з братам Едзівідам удзельнічаў у паходзе Данілы Галіцкага ў Чэхію. Але пасля пасварыўся з ім, бо той памірыўся з Міндаўгам.

Пасля гэтага Таўцівіл перабраўся ў Полацк, бо быў жанаты з дачкой полацкага князя Брачыслава. Невядома, калі адбыўся гэты шлюб — да 1245 ці пасля 1253 года. Першае больш верагодна, але прамых сведчанняў няма. Пасля смерці свайго цесця Таўцівіл сеў на полацкі сталец, магчыма абыходзячы прамых нашчадкаў Брачыслава. Таўцівіл хоць і быў выгнаны Міндоўгам з Літвы, але захаваў там уплыў. Магчыма, што ў 1258 г. ужо як полацкі князь удзельнічаў з атрадам літоўцаў у паходзе палачанаў на Смаленскую зямлю і Таржок, але яго імя ў сувязі з гэтай выправай не згадваецца. Зімой 1258—1259 г. у час татарскай выправы на Літву Таўцівіл аб’яднаўшыся са сваім стрыечным братам Войшалкам дзейнічаў супраць Рамана Данілавіча, быў датычны да яго забойства. Толькі ў 1262 г. Таўцівіл прама згадваецца як полацкі князь. Паводле сведчання наўгародскага летапісца Таўцівіл быў «добры князь Полацкі».

Пасля забойства Міндоўга (1263), як адзін з нашчадкаў быў запрошаны Транятам для падзелу спадчыны. Задумаў забіць Траняту і цалкам завалодаць спадчынай Міндоўга, але з-за здрады полацкага баярына Пракопа сам быў забіты, а астатнія полацкія баяры з яго атачэння трапілі ў палон да Траняты. Пасля забойства Таўцівіла Транята, відаць, пагражаючы забойствам палонных полацкіх баяраў патрабаваў выдачы таўцівілава сына Георгія. Палачане не выдалі Георгія дапамогшы збегчы ў Ноўгарад, дзе ён пасля пастрыгся ў манастыр пад імем Іаан. Аднак, Полацку давялося ўзяць князем вылучэнца Траняты — Канстанціна, магчыма сына Брачыслава, але ён быў на стальцы не вялікі час.

Продкі

Література

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Князі літоўскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Князі Полацкай зямлі
Катэгорыя·Памерлі ў 1264 годзе
Катэгорыя·Князі полацкія
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Памерлі ў 1263 годзе