wd wp Пошук:

Раман Данілавіч

Раман Данілавіч (каля 1230(?) — 1258[2] або 1260[3]) — князь луцкі (да 1254), князь новагародскі (12541258). Чацвёрты сын галіцка-валынскага караля Данілы Раманавіча.

Біяграфія

У 1252 годзе па дагаворы з венгерскім каралём Белам IV Даніла ажаніў свайго сына, луцкага князя Рамана, з пляменніцай аўстрыйскага герцага Фрыдрыха Бабенберга, дачкой яго брата Генрыха, Гертрудай (пам. 1299). Гертруда была спадчынніцай аўстрыйскага прастола, што дало права Раману выказаць прэтэнзіі на Аўстрыю і Штырыю.

Чэшскі каралевіч Отакар, які яшчэ ў канцы 1251 года ўступіў з войскам у Аўстрыю, прымусіў аўстрыйскіх баронаў абраць яго герцагам. Отакар лічыў, што мае некаторыя дынастычныя правы на аўстрыйскі прастол, паколькі Гертруда была першы раз у шлюбе з яго братам Уладзіславам, які памер у 1247 годзе. У лютым 1252 года Отакар афіцыйна замацаваў сваё становішча ў Аўстрыі, ажаніўшыся з пажылой ужо Маргарытай Бабенберг, старэйшай сярод сясцёр памерлага герцага, якая была да таго ж яшчэ і ўдавой германскага караля Генрыха VII Гогенштаўфена.

Неўзабаве Раман быў абложаны большымі сіламі чэшскага караля Отакара ў размешчаным непадалёк ад Вены замку Гімберг. Пераканаўшыся, што справа Рамана прайграна, венгерскі кароль Бела IV сам пачаў прэтэндаваць на тыя аўстрыйскія землі, што яшчэ заставаліся пад уладай Гертруды. У канцы 1253 года Раману прыйшлося спешна бегчы з Аўстрыі.

У 1254 годзе Раман атрымаў ад літоўскіх князёў Міндоўга і Войшалка Новагародак, а таксама Слонім і іншыя гарады ў Панямонні.

Пасля яцвяжскага паходу (12541255) і сутыкнення пад Луцкам у 1255 годзе, напярэдадні сумеснага татарска-галіцкага паходу на Літву (1258), Войшалк і Таўцівіл здзейснілі змову і захапілі ў закладнікі Рамана Данілавіча, а затым забілі.

Зноскі

  1. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  2. Михайло Грушевський. ХРОНОЛОГІЯ ПОДІЙ ГАЛИЦЬКО-ВОЛИНСЬКОГО ЛІТОПИСУ
  3. Все монархи мира. Россия. 600 кратких жизнеописаний. Константин Рыжов. Москва, 1999 г.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 1261 годзе
Катэгорыя·Князі новагародскія
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Рурыкавічы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1230 годзе
Катэгорыя·Князі луцкія
Катэгорыя·Князі слонімскія