wd wp Пошук:

Гісторыя Нароўлі

Наро́ўля (трансліт.: Naroŭlia) — горад раённага падпарадкавання ў Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны, эканамічны і культурны цэнтр Нараўлянскага раёна, прыстань на правым беразе ракі Прыпяць. Упершыню Нароўля ўпамінаецца ў 1682 г. як мясцовасць у складзе Вялікага Княства Літоўскага. З 1793 г. мястэчка Нароўля увайшло ў склад Расійскай імперыі. У 1826 г. становіцца цэнтрам латыфундыі мясцовага двараніна-каталіка Даніэля Ігнатавіча Горвата (1810—1868) і яго нашчадкаў да 1917 года. Даніэль Горват пабудаваў палац (1850) і альтанку, а яго ўнук Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) — кандытарскую фабрыку (1912), якія дагэтуль з’яўляюцца галоўнымі сімваламі горада. Шляхецкі герб «Побуг», якім карысталіся Горваты, стаў асновай для сучаснага герба (2001) горада Нароўля. З 1922 г. у складзее СССР. 27 верасня 1938 г. мястэчка Нароўля атрымала статус пасёлка гарадскога тыпу, а 3 лістапада 1971 г. статус горада. Моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), у 1986—1995 гг. была выселена значная частка жыхароў і праведзена дэзактывацыя тэрыторыі. З 1991 г. у складзе Рэспублікі Беларусь.

У часы Вялікага Княства Літоўскага

Пры дарозе на паўночнай мяжы сучаснага горада Нароўлі ўстаноўлены бятонны ўказальнік з надпісам «Наровля 1682». Дата «1682 год» паходзіць ад падзеі, якая зафіксавана ў гродскай кнізе мазырскага гродскага суда: запіс ад 10 лістапада 1682 года аб падзеле зямель паміж рэчыцкім старостам, полацкім ваяводам (1686—1713) Дамінікам Міхаілам Слушкам (каля 1655—1713), уладальнікам маёнткаў Антонава, Смольгавічы і Нароўля, і кіеўскім езуіцкім калегіумам, уладальнікам маёнткаў Вярбковічы і Канатоп[1]. У запісу няма прамога згадвання аб існаванні пасялення людзей у «маёнтку Нароўля». Тут яно толькі маецца на ўвазе. На думку нараўлянскага краязнаўцы Васіля Васілевіча Чайкі, людское паселішча Нароўля да гэтага часу, несумненна, ужо было, і яно дало назву «маёнтку Нароўля», якое і запісана ў гэтым дакуменце[2].

У XVIII ст. Нароўля ўпершыню ўпамінаецца як фальварак у Мазырскім павеце Вялікага Княства Літоўскага і было часткай каралеўшчыны (каралеўскага ўладання).

У першай палове XVIII ст. у Мазырскім павеце адным з уплывовых шляхецкіх родаў былі паны Аскеркі, якія адносіліся да мясцовай рэгіянальнай эліты і менавіта якія доўгі час на ленных правах трымалі каралеўшчыну, у склад якой уваходзіла Нароўля[3]. Так, у 1738—1741 гг. Нароўля ўпамінаецца як фальварак, які разам з фальваркамі Мухаеды, Прудок і Вуглы трымаў мазырскі маршалак (1720—1722), новагародскі кашталян (1726—1734) Антоній Міхалавіч Аскерка (каля 1670 — пасля 1734)[4]. Антонію Аскерку належалі і іншыя зямельныя валоданні.

Сучасныя даследчыкі мяркуюць, што ў XVIII ст. пры Аскерках пачаўся новы этап у развіцці нараўлянскага пасялення, якое складалася з трох частак: двара з панскім домам, які, хутчэй за ўсё, знаходзіўся недалёка ад вусця ракі Нараўлянкі; вёскі Нароўлі, размешчанай побач з панскім дваром з захаду; і нараўлянскага астрога, дзе паны Аскеркі трымалі гарнізон узброеных людзей. Дзе быў нараўлянскі астрог, можна толькі меркаваць, абапіраючыся на выпадковыя знаходкі, зробленыя мясцовымі жыхарамі[5][6]. Астрог быў пабудаваны для кантролю каля Прыпяці і паблізу паўднёвай мяжы Вялікага Княства Літоўскага з украінскімі ваяводствамі Польскага каралеўства.

У 1750 г. на Мазырскі павет з Кіеўскага ваяводства пачаліся наезды атрадаў гайдамакаў. Заклікі гайдамакаў да мясцовых жыхароў падштурхнулі да паўстання на Нараўляншчыне (1750—1751), удзельнікамі якога сталі сяляне вёсак Вербавічы, Завайць, Смалегаў і мястэчка Нароўля[7]. Адбываліся рабаўніцтвы і гвалты. (Выбухі сялянскага паўстання тут адбываліся і ў 1760—1770-ыя гг.).

10 мая 1751 г. Францішак Мікалаевіч Ракіцкі, ашмянскі ротмістар, афіцыйна прасіў рускага кіеўскага губернатара (1741—1752) Міхаіла Іванавіча Лявонцева (1672—1752) аказаць дапамогу супраць гайдамацкіх атрадаў, якія неаднаразова нападалі на шляхецкія ўладанні каля Нароўлі і Чарнобыля, дзе гайдамакаў актыўна падтрымлівалі мясцовыя сяляне[8]. Атрад гайдамакаў быў разбіты, а яго рэшткі схаваліся на рацэ Славечна каля вёскі Антонава, дзе адно з урочышчаў дагэтуль мае назву Гайдамацкі Алёс. Каля вёсак Канатоп і Тульгавічы маецца ўрочышча Гайдамацкая Града, дзе, паводле народнай памяці, адбывалася злучэнне гайдамацкіх атрадаў (загонаў) і мясцовых сялян, якія рабілі напады на Нараўляншчыне[9].

Каля 1760 г. сын Антонія Міхалавіча Аскеркі (каля 1670 — пасля 1734) багрымавіцкі староста Рафал Алаіз Аскерка (1708—1767), які трымаў у тыя часы ленным правам каралеўшчыну (з мястэчкам Нароўля), пабудаваў у мястэчку Нароўля царкву Іаана Багаслова для мясцовага насельніцтва.

Ян Мікалай Аскерка (1735—1796), польны стражнік Вялікага Княства Літоўскага

У 1764 г. канвакацыйны сойм Рэчы Паспалітай прыняў пастанову, якая абавязвала кіраўніцтва ВКЛ забяспечыць у Мазырскім павеце спакой і парадак, якія перапыніліся з-за наездаў гайдамакаў і ўзрушэнняў узброеных сялян каля Нароўлі і Мазыра. Той жа канвакацыйны сойм у 1764 г. прызнаў каралеўшчыну (каралеўскае ўладанне) Нароўля (мястэчка Нароўля разам з фальваркамі Антонава, Мухаеды, Вуглы, Галоўчыцы і Карпавічы), якую доўга паводле леннага права трымалі Аскеркі, вотчынай мазырскага маршалка Рафала Алаіза Аскеркі (1708—1767) і яго нашчадкаў[10]. Такім чынам каралеўскае ўладанне Нароўля стала спадчыннай прыватнай уласнасцю паноў Аскеркаў да 1793 г., што значна абагаціла і без таго заможны і ўплывовы ў Мазырскім павеце шляхецкі род, які адносіўся да павятовай эліты і прэтэндаваў на магнацкі статус. Акрамя Барбарова (у склад якога ўваходзіла мястэчка Нароўля) Рафал Алаіз Аскерка валодаў у Мазырскім павеце маёнткамі Гарбавічы і Скрыгалаў, у Рэчыцкім — маёнткам Бабічы, а таксама маёнткамі ў Оўруцкім павеце Кіеўскага ваяводства. У мястэчку пражывала як хрысціянскае, так і іўдзейскае насельніцтва[11]. У 1765 г. у нараўлянскім кагале і яго парафіях 316 плацельшчыкаў падушнага падатку[12].

Пасля смерці Рафала Алаіза Аскеркі Нароўляй у 1767 г. стаў валодаць па спадчыне яго сын Ян Мікалай Аскерка (1735—1796), мазырскі каптуровы суддзя, а пазней польны стражнік Вялікага Княства Літоўскага. Цэнтрам аскеркаўскіх маёнткаў на тэрыторыі сучаснай Нараўляншчыны быў Барбароў, да якога належала мястэчка Нароўля[13]. Ян Мікалай Аскерка (1735—1796) акрамя Барбарова (з Нароўляй) валодаў у Мазырскім павеце маёнткам Канатоп, у Рэчыцкім — маёнткам Бабічы, а таксама маёнткамі ў Оўруцкім павеце Кіеўскага ваяводства[14].

19 красавіка (ст.ст.) 1776 г. атрад гайдамакаў запаліў дамы і панскі двор у Нароўлі, два дамы поўнасцю абрабаваў, захапіў каштоўнасці Яна Мікалая Аскеркі (1735—1796), забіў некалькі яго служак і аканома. Адзенне, мастацкі срэбны посуд, грошы, іншыя каштоўнасці былі пакладзены на 4 дубы, на якіх гайдамакі паплылі Прыпяццю на поўдзень да Дняпра на Украіну[15].

У 1779 г. Ян Мікалай Аскерка падаў скаргу ў каралеўскі трыбунал на ўніяцкага мітрапаліта Льва Шаптыцкага, бо маёнтак Нароўля і навакольныя вёскі падвяргаліся ўзброенаму нападу базыльян, якія адбіралі палі і лугі сялян[16].

У 1780-ыя гг. у мястэчку жыло ўжо шмат ярэяў (Бярковічы, Іцкавічы, Лейзяровічы, Ляйбовічы, Моўшавічы і інш.)[17].

У 1790 г., паводле мемуараў Яна Вейсенгофа (1774—1848), які са сваім пяхотным палком войск ВКЛ у той час з Мінска праз Нароўлю маршыраваў на Украіну да Чарнобыля, у Нароўлі меўся мураваны панскі дом, дзе афіцэраў палка раскошна прымаў Ян Мікалай Аскерка (1735—1796), сам увабраны ў генеральскі мундзір войск ВКЛ[18].

У складзе Расійскай імперыі

У 1793 г. у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка Нароўля апынулася ў складзе Расійскай імперыі і ўключана ў склад Мазырскага павета Мінскай губерні.

У 1793 г. уласнік Барбарова (і Нароўлі) Ян Мікалай Аскерка (1735—1796) стаў адным з арганізатараў падрыхтоўкі шляхты Мазырскага павета да паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі супраць расійскай улады і падзелу Рэчы Паспалітай, для чаго ўдзельнічаў у нарадным з’ездзе паўстанцаў у Хойніках.

Рэвізская сказка мястэчка Нароўля Мазырскага павета, уласніка Якава Сіверса (1731—1808). Напісана камісарам Станіславам Левановічам у 1795 г.

19 кастрычніка 1793 г. маёнткі Яна Мікалая Аскеркі (1735—1796) Барбароў (Барбароў, Нароўля, Галоўчыцы, Антонаў, Вуглы, Карпавічы і Мухаеды), Канатоп і Гарбавічы былі канфіскаваны ў дзяржаўны скраб Расійскай імперыі[19]. Верагодна, гэта адбылося па прычыне таго, што Аскерка не пажадаў зрабіць прысягу на вернасць Расійскай імперыі[20]. Адразу пасля канфіскацыі маёнткаў Аскеркі расійская імператрыца (1762—1796) Кацярына II падарыла буйны маёнтак Барбароў (да якога ў тым ліку належала мястэчка Нароўля) правадзейнаму тайнаму саветніку Якаву Яфімавічу Сіверсу (1731—1808) у спадчыннае валоданне[21]. Сам Сіверс у Барбарове (ці Нароўлі) не пражываў, а кіраваў маёнткам яго адміністратар-камісар Станіслаў Левановіч.

У 1795 г. Ян Мікалай Аскерка быў арыштаваны расійскімі ўладамі і сасланы ў Сібір, дзе ён памёр у Табольску.

У 1795 г. мястэчка мела 37 двароў прыгоннага насельніцтва[3], не лічачы жыхароў-яўрэяў. 12 снежня 1796 г. мястэчка і акруга пераведзены ў склад тэрыторыі Рэчыцкага павета, а сам Рэчыцкі павет — у склад Маларасійскай губерні, а 29 жніўня 1797 г. Рэчыцкі павет (з Нароўляй) перададзены ў склад Мінскай губерні.

У 1800 г. каля мястэчка пачалі працаваць гута (майстэрні па вырабе шкла) і вінакурны завод.

У 1808 г. у нашчадкаў Сіверса маёнтак Барбароў (у склад якога ўваходзіла мястэчка Нароўля) быў куплены рускім дваранінам Андрэем Мацвеевічам фон Гольстам, які быў адным з самых давераных асоб мінскага губернатара (1810—1812) Германа Іванавіча фон Радзінга (1753—1827)[22].

У 1810 г. была пабудавана праваслаўная Царква Святога апостала і евангеліста Іаана Багаслова, на беразе ракі Прыпяць. У 1840 г. (з-за разліва і падмыва ракі) царква была пераведзена ў новы будынак на ўскрайку мястэчка (цяпер цэнтр сучаснага горада).

У 1826 г. нашчадкі Андрэя фон Гольста прадалі буйны маёнтак Барбароў (у склад якога ўваходзіла мястэчка Нароўля) за суму ў 242 650 рублёў серабром (напярэдадні самай яго смерці) Ігнату Тадэвушавічу Горвату (1764—к.1826)[23], уласніку маёнтка Карані і Ліпаў і старшыні рэчыцкага павятовага гранічнага (межавага) суда (1814—1817).

У 1826 г., пры падзеле зямельнай спадчыны Ігната Тадэвушавіча Горвата (1764—к.1826) сярод яго чатырох сыноў (Аляксандра, Станіслава, Атона і Даніэля), яго малодшы 16-гадовы сын Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868) атрымаў ва ўласнасць вялізны нараўлянскі маёнтак (мястэчка Нароўля і належныя вёскі). Так Нароўля стала цэнтрам асобнага дваранскага маёнтка, які належаў нашчадкам Даніэля Горвата да 1917 г.

У часы Лістападаўскага паўстання (1830—1831) Фелікс Антонавіч Кеневіч (1802—1863) стаў кіраўніком паўстання ў Мазырскім павеце і са сваім паўстанцкім атрадам прыйшоў у Рэчыцкі павет, дзе рэкрутаваў прыгонных сялян у атрад у маёнтках Нароўля і Барбароў, якія належалі адпаведна Даніэлю і Аляксандру Ігнатавічам Горватам[24]. Іх сястра Кацярына Ігнатаўна Горват была жонкай двараніна-маянткоўца Гераніма Антонавіча Кеневіча (1796—1884), брата Фелікса Кеневіча. Аднак Рэчыцкі павет знаходзіўся вельмі далёка ад галоўных цэнтраў паўстання, таму там яно разгарнулася слаба. Пасля падаўлення паўстання браты Аляксандр, Даніэль і Станіслаў Горваты зрабілі добраахвотную яўку да расійскіх улад з павіннай і каяннем, таму ім удалося пазбегнуць пакарання і захаваць маёнткі[25].

Палац Горватаў (1850) у Нароўлі. Фота каля 1914 г.

У 1850 г. у Нароўлі Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868) пабудаваў сабе новы мураваны і велічны палац у стылі позняга класіцызму, які стаў самай шыкоўнай і вялікай па памерам рэзідэнцыяй роду Горватаў. Перад палацам быў створаны фантан, што было рэдкасцю ў беларускіх дваранскіх сядзібах, а сам палац абкружаны прыгожым паркам. Рэзідэнцыя стала адной з самых шыкоўных і значных ва ўсёй Мінскай губерні.

У 1855 г. даў першую прадукцыю (спірт і гарэлку) вінакурны завод Даніэля Горвата, які пачаў будаваць сваё прадрыемства з 1850 г. У 1861 г. пабудаваны другі такі завод, а ў 1887 г. — трэці[26].

У 1864 г. было адкрыта народнае вучылішча (школа)[27].

У 1868 г. пасля смерці Даніэля Горвата (1810—1868) палац і маёнтак Нароўля (панскі двор Нароўля і прыналежныя панскія землі) па спадчыне перайшлі да яго сына Артура Даніэлевіча Горвата (1831—1903).

У канцы 1880-х гг. больш за 70% насельніцтва Нароўлі складалі яўрэі, якія трымалі ў горадзе свае лаўкі, невялікія прадпрыемствы, майстэрні і складалі асноўную частку класу рабочых, гандляроў і возчыкаў[28]. Хрысціянскае насельніцтва займалася рыбалоўствам, рабіла драўляны посуд, рагожы. Мелася праваслаўная царква, сінагога, школа, вінакурны завод[29].

У 1897 г. паводле вынікаў першага Усеагульнага перапісу насельніцтва ў Расійскай імперыі ў Нароўлі пражывала 1145 жыхароў (з якіх 92,5% яўрэі — 1060 чал.[30]) без уліку сялян вёскі Нароўля, была царква, каталіцкая капліца роду Горватаў і народная школа, 7 яўрэйскіх малітоўных школ[31]. Меліся могілкі: старыя габрэйскія (сучасная вул. Горкага, за старым будынкам Дома дзіцячай творчасці), праваслаўныя (сучасная вул. Камсамольская) і новыя габрэйскія (сучасная вул. Маладзёжная).

У 1898 г. у Нароўлі і Белай Сароцы адкрыты народныя чытальні[32].

Меліяратыўныя работы на Палессі пад кіраўніцтвам генерала-лейтэнанта Іосіфа Жылінскага прывялі да асушэння многіх балот, што зрабіла мажлівым будаваць чыгунку ў рэгіёне і, адпаведна, па ёй вывозіць лесаматэрыялы. У 1890-ыя гг. пачынаецца бум лесанарыхтоўкі і лесаапрацоўкі ў павеце.

У 1901 г. прадстаўнікі Паўднёвага рускага лесапільнага таварыства атрымалі дазвол ад мінскага губернатара на адкрыццё Нараўлянскай калегіяльнай кампаніі па распрацоўцы лесу, якую ўзначаліў яўрэй Ілля Кушалевіч Пайкін. Па замове кампаніі, ад вёскі Красноўка да мястэчка Нароўлі фірма “Альшэрн і Керн” праз вялікія лясныя масівы ў 1902 г. праклала вузкакалейную чыгунку, па якой лесаматэрыялы перавозілі да Прыпяці, куды таксама гналі драўніну па рэчках Жалонь і Славечна. На беразе ракі непадалёку ад мястэчка Нароўлі ў 1901 г. былі пабудаваны механічныя майстэрні і жыллё для рабочых Нараўлянскай калегіяльнай кампаніі, якія атрымалі назву пасялення (вёскі) Калегава[33]. Драўніну вязалі ў плыты і пасля гналі па Прыпяці на Украіну. Горваты атрымалі дазвол і адкрылі свой лесапільны завод у Красноўцы[34].

У 1902 г. у маёнтку Артура Горвата быў устаноўлены тэлефон[35].

У 1903 г. пасля смерці Артура Горвата (1831—1903) нараўлянскі палац і маёнтак (панскі двор Нароўля і прыналежныя землі) па спадчыне перайшлі да яго сына Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935).

У 1904 г. у мястэчку існаваў невялікі сацыял-дэмакратычны гурток, у які ўваходзілі рабочыя-лесанарыхтоўшчыкі і яўрэйская моладзь[36]. У 1905 г. з прыстані ўсіх грузаў, у тым ліку плытоў, уверх па Прыпяці адпраўлялася звыш 150 тыс. пудоў, а ўніз — звыш 250 тыс.[37].

Палац Эдварда Горвата ў Нароўлі быў месцам, куды неўзабаве пасля расійскай рэвалюцыі (1905) неафіцыйна з’ехаліся каля 60 самых уплывовых дваран-землеўласнікаў, каб (паводле здагадкі мемуарыста Андрэя Раствароўскага (1899—1980)) абмеркаваць і дамовіцца, як дзейнічаць на выбарах у парламент Расійскай імперыі[38].

Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка (1830—1911), выдавец беларускамоўнага буквара-катэхізіса «Элементаж для добрых дзетак-каталікоў» (1862), адзін з лідараў Студзеньскага паўстання (1863—1864), паўстанцкі начальнік Вільні (1863). Фота каля 1905 г.

У пачатку XX ст. у нараўлянскім палацы працягла пражываў[39] выдавец беларускамоўнага буквара-катэхізіса «Элементаж для добрых дзетак-каталікоў» (1862), адзін з лідараў Студзеньскага паўстання (1863—1864), паўстанцкі начальнік Вільні (1863), сібірскі катаржанін, а таму вельмі аўтарытэтная сярод каталіцкага маянтковага дваранства беларуска-літоўскіх губерняў асоба — Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка (1830—1911), дачка якога Ядвіга была жонкай Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935), уласніка нараўлянскага маёнтка. Хоць Аляксандр Аскерка быў пахаваны ў 1911 г. у Вільні на могілках Росі, Эдвардам Горватам у горватаўскай фамільнай каталіцкай капліцы, якая знаходзілася ў сядзібным парку вакол нараўлянскага палаца, быў створаны кенатаф з надпісам «Grobowiec Aleksandra Oskierki» як напамін аб асобе[40].

Другая дачка Аляксандра Аскеркі (1830—1911) Сафія (1873—1953) была жонкай дызайнера, мастака і аднаго з вядучых архітэктараў беларуска-літоўскіх зямель канца XIX — пачатку XX ст. Тадэвуша Раствароўскага (1860—1928), таму Тадэвуш Раствароўскі ў пачатку XX ст. пэўны час працаваў у нараўлянскім палацы Горватаў, дзе па замове ўладальнікаў зрабіў праект аздаблення плафонаў залаў палаца сцэнамі з антычнымі міфалагічнымі сюжэтамі, а таксама праект уяздной брамы перад сядзібным паркам. А сын архітэктара Андрэй Раствароўскі (1899—1980) у юнацкія гады стала пражываў у нараўлянскім палацы Горватаў і ў 1914 г. перад пачаткам Першай сусветнай вайны зрабіў шэраг фотаздымкаў палаца і сядзібы Горватаў, чым зафіксаваў іх для гісторыі. Тыя фотаздымкі пазней былі выкарыстаны ў многіх кніжных выданнях па гісторыі архітэктуры, у тым ліку Рамана Афтаназы (1914—2004). Пазней у сваіх мемуарах, успамінаючы гады свайго шчаслівага дзяцінства, Андрэй Раствароўскі нават напіша: «Нароўля! Ва ўспамінанні ўяўляецца найпрыгажэйшым і найлюбімейшым месцам на зямным шары»[41].

У 1909 г. у мястэчку было 162 двары, 1528 жыхароў (яўрэяў); а ў вёсцы Нароўля 110 двароў, 486 жыхароў (не яўрэяў); параходная прыстань (1 двор, 3 жыхары)[42]. У маёнтку Эдварда Горвата меліся Міхнаўскі сенапрасавальны завод, конезавод, завод па вырабу паташу, дзёгцю, цэглы, шклозавод, малатарня, млынарня, валоўня, прадпрыемства па вырабу сокаў і варэння[43].

У 1912 г. Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) пабудаваў драўляны жылы дом з дрэва для адмінстратара свайго маёнтка — двараніна-каталіка Юзафа Андрэевіча Ліневіча (Ляневіча), які быў сынам Андрэя Ліневіча (Ляневіча) (1814—1876), ранейшага адміністратара нараўлянскага маёнтка Горватаў[44][45]. У савецкія часы драўляны жылы дом Юзафа Андрэевіча Ліневіча (Ляневіча) атрымаў статус помніка архітэктуры і гістарычнай каштоўнасці, у якім з 1982 г. знаходзіўся мясцовы краязначы музей (а з 1992 г. нараўлянскі гісторыка-этнаграфічны музей).

У 1912 г. у Нароўлі працавала яўрэйскае пазыкова-ашчаднае таварыства; у 1913 г. яўрэям належалі адзіная ў мястэчку аптэка, адзіны склад аптэчных тавараў, 12 крам (у тым ліку ўсе 5 бакалейных, усе 4 мануфактурныя, адзіная галантарэйная)[46]. З 1916 г. рабінам у Нароўлі быў Іхл-Міхл Трэйбух[47].

Гістарычныя будынкі кандытарскай фабрыкі Эдварда Горвата (з чырвонай цэглы). Фота 2017 г.

У 1913 г. Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) пабудаваў ў родавым маёнтку кандытарскую фабрыку — прадпрыемства па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, якая дала ў гэтым жа годзе прадукцыю — мармелад, павідла, пасцілу і цукеркі. На фабрыцы таксама выгатаўлялі каўбасы, сыр, вяндліну, а побач у Горвата ў маёнтку меўся таксама і невялікі вінакурны завод.

У 1913 г. у Нароўлі адкрыта земская бальніца на 10 ложкаў, а пасля на 15 агульнага профілю і 5 ложкаў заразнага барака. Да 1913 г. ахова здароўя на Нараўляншчыне было прадстаўлена прыватнай медыцынай[48].

У 1914 г., пасля пачатку Першай сусветнай вайны, улады Расійскай імперыі пачалі прымусовае высяленне сваіх грамадзян нямецкай нацыянальнасці з прыфрантавых тэрыторый, таму ў Нароўлю і навакольныя вёскі прыбыла невялікая група немцаў-сялян з Валынскай губерні, якая стварыла тут свае пасяленні Антонаўка, Дуброўка, Бярозаўка, Хаткі і інш.[49]

(злева - направа) Аляксандра Эдвардаўна Горват (1895—1943), Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935), Станіслаў Станіслававіч Ваньковіч (1885—1943) на балконе палаца ў Нароўлі падчас вяселля ў 1916 г.

У 1916 г. у горватаўскім палацы ў Нароўлі адбылося гучнае ва ўсім беларуска-літоўскім краі вяселле Станіслава Станіслававіча Ваньковіча (1885—1943) і Аляксандры Эдвардаўны Горват (1895—1943), дачкі Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935), на якое з’ехаліся многія вядомыя дваранскія сем’і[50]. У якасці пасагу ад Аляксандры Горват горватаўскі палац і значны маёнтак Нароўля прызначаўся яе мужу Станіславу Ваньковічу, але яны так і не былі перададзены Ваньковічам да 1917 г. Бацька Аляксандры Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) валодаў маёнткам да 1917 г. і палацам да 1918 г., калі палац і маёнтак былі нацыяналізаваны савецкімі ўладамі.

У лютым 1917 г., пасля ліквідацыі расійскай манархіі ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі (1917), у мястэчку рабочыя суднаверфі горача віталі гэтую падзею[51].

Дэманстрацыя ў Нароўлі. Фота 1917 г.

У першай палове сакавіка 1917 г. у мястэчку адбыўся мітынг, на якім выступаў начальнік суднабудаўнічых майстэрань Верхнедняпроўскага басейна генерал Халюцін, які заклікаў рабочых суднаверфі і жыхароў Нароўлі быць вернымі Часоваму ўраду Расіі пад кіраўніцтвам князя Львова і верыць у перамогу Расіі над Германіяй у ходзе Першай сусветнай вайны[52]. Мітынг завершыўся дэманстрацыяй у парку палаца Горватаў. Заклікі генерала Халюціна не падзейнічалі на рабочых і вайскоўцаў, якія працавалі на нараўлянскай суднаверфі, таму там пачалося дэзерцірства. Па просьбе падпалкоўніка Гармаша, начальніка суднаверфі, у Нароўлю прыбыла вайсковая каманда, каб несці каравульную службу і ахоўваць склады і майстэрні. У памяшканні казармы вайсковай каманды суднаверфі быў створаны т.зв. “дэмакратычны клуб”, у якім праходзілі дыскусіі аб вайне, будучых формах улады і формах уласнасці ў краіне. Актыўнымі ўдзельнікамі клубных мерапрыемстваў сталі як салдаты вайсковай каманды, так і працаўнікі нараўлянскай суднаверфі, работнікі маёнтка Эдварда Горвата, дробныя саматужнікі, моладзь мястэчка і навакольных ад Нароўлі вёсак. Аднак у пачатку восені 1917 г. вайсковая каманда і падпалкоўнік Гармаш пакінулі Нароўлю[53].

Восенню 1917 г. яўрэйская моладзь стварыла сіянісцкую арганізацыю[54].

У савецкія часы

З лістапада 1917 г. аб’яўлена ў складзе тэрыторыі Украінскай Народнай Рэспублікі. У канцы лістапада 1917 г. у мястэчку створана бальшавісцкая ячэйка (на чале з Ул. Румянцавым, Ліпам Заланам і Ш. Фрыдманам), у якую ўвайшлі рабочыя суднаверфі і салдаты, якія вярнуліся з фронту[55].

У студзені 1918 г. у Нароўлі пачаў сваю работу Нараўлянскі валасны Савет рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў (Ілля Мелех, Віктар Цімашэнка, Мікалай Цімошчанка), які ўзначаліў бальшавік Аляксандр Васілевіч Кавалёў. Савет адразу ўзяўся за ўлік нацыяналізаванай бальшавікамі памешчыцкай і царкоўнай зямлі[56][57].

Палац Горватаў (1850) у Нароўлі. Фота 26 сакавіка 1918 г.

25 сакавіка 1918 г. згодна з Трэцяй Устаўной граматай Нароўля абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Нараўляншчына занята нямецкімі войскамі і атрадамі войск УНР: на чале воласці пастаўлены галава валасной рады Уладзімір Півавар[58].

1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі мястэчка аб’яўлена ў складзе тэрыторыі Беларускай ССР і занята атрадамі Чырвонай арміі[59]. Вясной 1919 г. полк Стракапытава заняў мястэчка і патрабаваў ад жыхароў кантрыбуцыю[60]. Пасля падаўлення паўстання Стракапытава, у Нароўлю зайшлі чырвонаармейцы, устанавілася савецкая ўлада: кіраваць мястэчкам пачаў нараўлянскі валасны рэўком (Ілля Пятровіч Мелех, Уладзімір Мікалаевіч Падбярэзны, Мікалай Маркавіч Цімошчанка, Міхаіл Іванавіч Яфімаў) на чале з Аляксандрам Кавалёвым; валасную міліцыю ўзначаліў Андрэй Якаўлевіч Півавар[61]. Адбылося аб’яднанне мястэчка Нароўля, вёскі Калегава (Калегаў) і тэрыторыі панскага двара, дзе знаходзіліся палац, парк і кандытарская фабрыка Горватаў, у адно адміністрацыйнае ўтварэнне. Уся гэта тэрыторыя паслужыла асновай гарадскога пасёлка (горада) Нароўля[62].

16 студзеня 1919 г. рашэннем Масквы мястэчка ўключана ў склад РСФСР. У красавіку 1919 г. мястэчка Нароўля ўвайшло ў склад Гомельскай губерні РСФСР.

У 1920 г. у праваслаўнай царкве здарыўся пажар, у час якога згарэў святар[63]. Ахвяраваннямі вернікаў царква была адбудавана.

Цёмна-зялёным колерам пазначана тэрыторыя «Беларускай дзяржавы», якая кантралявалася арміяй Станіслава Булак-Балаховіча ў лістападзе 1920 г.

У сакавіку 1920 г. польскае войска ўвайшло ў Нароўлю, куды вярнуліся і многія памешчыкі (у тым ліку Горваты), якім была вернута іх былая зямельная маёмасць, адабраная раней распараджэннямі рэвалюцыйных улад[64]. Польскімі вайскоўцамі былі забіты бацька і жонка члена нараўлянскага рэўкома Карпмана, павешаны Мартын і Мікалай Жолудзі, Іван Кухнавец, падвергнуты публічнай экзекуцыі Яфім Фёдаравіч Носка і бібліятэкар Беньямін Рабіновіч[65]. 27 чэрвеня 1920 г. па рацэ з поўдня да мястэчка падышоў бальшавісцкі бронепараход «Геройскі» Дняпроўскай ваеннай флатыліі, які сваімі стрэламі выгнаў польскае войска. Нараўлянскія Горваты пасля нацыяналізацыі нараўлянскай маёмасці выехалі ў Польшчу, дзе Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) да сваёй смерці кіраваў маёнткам Горжычкі (Gorzyczki) у Пазнаньскім ваяводстве і жыў у неарэнесансавым палацы ў Горжычках, якія ён атрымаў па спадчыне ад сваёй маці графіні Караліны Патвароўскай (1839—1921)[66].

У ліпені 1920 г. Ціхан Данілавіч Губараў узначаліў валасную партыйную арганізацыю і рэўком (Ілля Мелех і інш.)[67]. 12 лістапада 1920 г. у мястэчка ўвайшлі падраздзяленні арміі Булак-Балаховіча, якія прабылі тут да 20 лістапада[68]. З таго часу усталявалася савецкая ўлада.

У пачатку 1921 г. створаны Нараўлянскі валасны выканкам (старшыня Міхаіл Васілевіч Носка, ураджэнец вёскі Вербавічы), адбыліся выбары ў сельскія саветы[69]. Пачалася харчразвёрстка, размеркаванне зямлі, стварэнне новых школ, да 40 ложкаў была пашырана бальніца. У 1921—1936 гг. галоўурачом нараўлянскай бальніцы быў Казімір Францавіч Градзіцкі (1891—1959), унук Андрэя Ліневіча (Ляневіча) (1814—1876), адміністратара горватаўскага маёнтка. Пазней Градзіцкі стаў партызанам-медыкам, прымаў удзел у баях, стаў заслужаным ўрачом БССР (1956)[70][71].

17 ліпеня 1924 г. створаны Нараўлянскі раён, які аб’яднаў тры воласці (Нараўлянскую, Мухаедаўскую і Дзёрнавіцкую) і разам з мястэчкам Нароўля ўвайшоў у склад БССР. У мястэчку і раёне пачаўся шырокі працэс ліквідацыі непісьменнасці: дзейнічалі школы, пункты навучання, раённая бібліятэка, таварыствы «Далоў непісьменнасць!», краязнаўчае таварыства, а таксама паштовае аддзяленне, царква.

У маі 1925 г. каля Нароўлі была арганізавана габрэйская земляробчая арцель «Пасёлак»[72]. У канцы 1920-х гг. пры матэрыяльнай падтрымцы Ёсефа Іцхока Шнеерсона (1880—1950) была пабудавана міква[73].

З 1917 да 1925 г. горватаўская кандытарская фабрыка прастойвала. 1 жніўня 1925 г. (пасля рамонта) фабрыка аднавіла сваю дзейнасць па выпуску кандытарскай прадукцыі: шакаладныя цукеркі, ірыскі, павідла, пасціла, джэм, зефір, мармелад. Фабрыка атрымала назву «Чырвоны Мазыранін» у гонар таварыскай дапамогі мазырскіх рабочых, якія дапамаглі аднаўленню фабрыкі. На прадпрыемстве тады працавала 23 чалавекі[74]. У 1949 г. на фабрыцы правала 179 чалавек[75].

Сельскагаспадарчая выстаўка ў Нароўлі. Фота 1931 г.

У 1927 г. у рамках праграмы калектывізацыі ў СССР у мястэчку быў створаны калгас «Чырвоны маяк»[76]. У 1930 г. пачала выдавацца раённая газета «За коллетивизацию» (рэдактар Рыгор Іванавіч Шаркоў)[77].

У 1931 г. арганізавана суднабудаўнічая арцель і пабудаваны дамы для яе; адноўлена суднабудаўнічая верф, куды прывезена новае абсталяванне і якая вырабляла драўляныя баржы і дэбаркадары; пабудаваны лесазавод[78][79].

У студзені 1932 г. пачала выдавацца мясцовая газета «Прыпяцкая праўда», якая дагэтуль з’яўляецца галоўнай афіцыйнай газетай Нараўлянскага раёна (органам Нараўлянскага раённага Савета дэпутатаў). У 1930-я гг. савецкія ўлады ўзарвалі каталіцкую капліцу роду Горватаў, помнік архітэктуры XIX ст.[80]

У 1934 г. створана машынна-трактарная станцыя. У 1935 г. у Нароўлі мелася швейная арцель яўрэяў-саматужнікаў[81]. У 1930-х гг. працавала габрэйская бібліятэка, частка кніг якой была на ідышы[82].

27 верасня 1938 г. мястэчка Нароўля атрымала статус пасёлка гарадскога тыпу[83].

Напярэдадні 1941 г. у пасёлку самымі буйнымі прадпрыемствамі былі кандытарская фабрыка «Чырвоны Мазыранін», суднаверф, прамкамбінат, завод па апрацоўцы лесу і фабрыка па сушцы гародніны[84], у цэнтры горада быў устаноўлены помнік Уладзіміру Леніну[85].

24 чэрвеня 1941 г., на другі дзень пасля пачатку фашысцкай агрэсіі супраць СССР, у горадзе пачалася мабілізацыя мужчын прызыўнога ўзросту і фарміраванне ў кожным сельсавеце вынішчальных батальёнаў. Большасць яўрэяў Нароўлі эвакуіравалася або было мабілізавана. 27 жніўня 1941 г. немцы захапілі горад. У палацы Горватаў месцілася нямецкая камендатура. У будынку царквы — жандармерыя, паліцыя[86]. У пачатку жніўня 1941 г. створаны нараўлянскі партызанскі атрад. У пачатку верасня 1941 г. уся Нараўляншчына была захоплена нямецка-фашысцкімі войскамі. У горадзе гітлераўцы цалкам спалілі вуліцы Ленінскую і Камуністычную, большую частку Інтэрнацыянальнай, падарвалі двухпавярховы будынак сярэдняй школы, перарабілі на вязніцу, давялі да нягоднага стану будынак няпоўнай сярэдняй школы, разрабавалі краязнаўчы музей (адзін з найцікавейшых у Палессі)[87]. Імі былі спалены ці падарваны будынкі раённага Палаца культуры і бібліятэкі, райкама партыі, гарсавета, раённага ваенкамата, лясгаса, усе склады раённага патрэбсаюза і інш.[88] Немцы прымусілі мясцовых жыхароў разбурыць у цэнтры горада помнік Уладзіміру Леніну і кавалкі помніка скінуць у раку Прыпяць, а пасля тых людзей расстаралялі[89] 23 лістапада 1941 г. на яўрэйскіх могілках у Нароўлі было расстраляна больш 100 яўрэяў[90][91].

У жніўні 1942 г. савецкія партызаны знішчыні мясцовы фашысцкі гарнізон. У верасні пачаў разгортвацца савецкі партызанскі рух на Нараўляншчыне. 20 кастычніка 1943 г. у выніку аб’яднання асобных атрадаў створана 27-я Нараўлянская партызанская брыгада імя С. М. Кірава.

29-30 лістапада 1943 гг. прайшлі баі 415-й стралковай дывізіі 1-га Украінскага фронту і 27-й Нараўлянскай партызанскай брыгады імя С.М. Кірава (камандзір П.В. Яромаў) супраць немцаў за вызваленне Нароўлі, якія ўвайшлі ў гісторыю вайны пад назвай «Нараўлянская аперацыя». 30 лістапада 1943 г. савецкія войскі вызвалілі пасёлак Нароўля ад фашыстаў[92].

Палац Горватаў (1850) у Нароўлі. Фота 25 сакавіка 1946 г.

За час акупацыі фашыстамі (27 месяцаў) знішчана ў пасёлку і Нараўлянскім раёне паводле падлікаў 596 чалавек; на прымусовыя работы ў Германію было вывезена 724 чалавекі, з якіх 53 чалавекі не вярнуліся; было знішчана 19 вёсак цалкам, а 14 — часткова[93]. Устаноўлена, што ў час вайны загінула ці знікла без звестак 3456 воінаў з Нароўлі і раёна, загінула 630 партызан і падпольшчыкаў[94]. Помнік Леніну быў адноўлены адразу пасля вайны[95]. Пасля вайны быў пашкоджаны знешні дэкор і перакрыцці будынка былога палацу Горватаў. Многія жыхары горада жылі ў зямлянках з-за адсутнасці дамоў у горадзе.

У канцы снежня 1943 г. у Нароўлі адкрыты раённы дом культуры. У студзені 1944 г. адноўлены лясгас і леспрамгас, у чэрвені 1945 г. першую пасля ваенную прадукцыю выпусціла фабрыка «Чырвоны Мазыранін». З 1947 г. на фабрыцы «Чырвоны Мазыранін» пачала выгатаўляцца адна з самых брэндавых цукерак СССР «Кароўка»[96].

У канцы 1944 г. раённая бібліятэка атрымала 6500 кніг (па культурнай, эканамічнай і палітычнай тэматыцы)[97]. Пасля заканчэння вайны частка яўрэяў вярнулася ў Нароўлю.

У 1945 г. на месцы базіравання 27-й Нараўлянскай партызанскай брыгады імя С.М. Кірава і падпольнага райкома КПБ устаноўлены памятны знак[98].

4 кастрычніка 1946 г. на базе суднаверфі была адчынена школа фабрычна-завадской адукацыі (рыхтавала суднацесляроў), пераўтвораная ў 1951 г у. вучылішча (сельскай гаспадаркі), дзе з 1974 г. рыхтавалі спецыялістаў для Нараўлянскага, Ельскага, Мазырскага, Калінкавіцкага, Лельчыцкага і Петрыкаўскага раёнаў[99].

У 1948 г. арганізаваны збор падарункаў для дзяцей-сірот, бацькі якіх загінулі ў час вайны: сабрана 1700 рублёў[100].

У 1949 г. завяршылася перасяленне жыхароў раёна з зямлянак у новыя дамы[101]. На фабрыцы «Чырвоны Мазыранін» працавала 179 чалавек[102].

У 1951 г. прамысловасць Нараўлянскага раёна дасягнула даваеннага ўзроўню[103][104].

У 1950—1960-х гг. на галоўнай плошчы Леніна былі пабудаваны цагляныя адміністрацыйныя будынкі райкама партыі і райвыканкама, раённы дом культуры і іншыя будынкі, якія сфармавалі сучасны цэнтр горада, меўся помнік Уладзіміру Леніну, а таксама з’явіліся двухпавярховыя цагляныя жылыя дамы на вуліцы Леніна, мелася некалькіх горадаўтваральных прадпрыемстваў (у тым ліку, гузікавы завод, торфзавод “Максімава” і г.д.).

У 1960 г. адкрылася сярэдняя 11-гадовая політэхнічная школа (на 510 месцаў) — будавалася з 1957 г.; у 1972 г. яна была ператворана ў сярэднюю школу №1 з рускай мовай навучання, а 1 верасня 2008 г. — у гімназію. У 1961 г. у Нароўлі дзейнічаў неафіцыйны міньян яўрэяў[105].

25 снежня 1962 г. Нароўля страціла статус райцэнтра, бо Нараўлянскі раён скасаваны, а яго тэрыторыя ўключана ў склад Ельскага раёна. 6 студзеня 1965 г. зноў створаны Нараўлянскі раён — яго тэрыторыя вылучаецца са складу Ельскага раёна і Нароўля зноў атрымала статус райцэнтра.

У 1966—1967 гг. нараўлянская суднаверф пераўтворана ў завод «Буддэталі», праведзена рэканструкцыя фабрыкі «Чырвоны Мазыранін», цагельных заводаў, прамкамбіната і інш. У 1967 г. распрацаваны генеральны план забудовы Нароўлі[106].

У 1966 г. у нараўлянскай газеце «Прыпяцкая праўда» працавала літаратурным супрацоўнікам Святлана Аляксандраўна Алексіевіч (нар. 1948 г.), будучая лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2015)[107].

Няхай сталiчным гарадам няроўня —
Сваё я сэрца прысвячаю ёй.
Мой любы гарадок — мая Нароўля,
Над прыгажунняй Прыпяццю-ракой.

Мікалай Мікалаевіч Ждановіч (нар. 1957), журналіст газеты «Прыпяцкая праўда»[108]

3 лістапада 1971 г. пасёлак Нароўля атрымаў статус горада[109][110]. У ім пражывала каля 6 600 чалавек[111].

У 1976 г. у цэнтры горада каля гарадскога парку пабудавана гасцініца «Нараўлянка» (існуе дагэтуль), чатырохпавярховы будынак з сеткавай каналізацыяй і цэнтральным водазабеспячэннем.

У 1977 г. выпусціў першую прадукцыю нараўлянскі філіял Гомельскага завода гідраапаратуры[112]. Парасоны, якія выпускаліся на прадпрыемстве, атрымалі дзяржаўны Знак якасці.

У 1981 г. створаны праэкт дэталёвай планіроўкі цэнтра горада. Асноўныя вуліцы горада забудаваны 2-5-павярховымі дамамі. Створана некалькі мікрараёнаў. Рака Нараўлянка дзеліла яго на 2 жылых масіва — заходні і ўсходні.

У 1981—1982 гг. Нараўлянскі раён стаў пераможцам сацыялістычнага спраборніцтва ў БССР[113].

У лістападзе 1982 г. адкрыты музей краязнаўства, які працуе дагэтуль. У 1992 г. ён быў рэарганізаваны ў цэнтр-музей этнаграфіі і народных промыслаў.

У 1983 г. у цэнтры горада на плошчы Леніна замест старога быў устаноўлены новы помнік Уладзіміру Леніну з медзі (адзін з самых вялікіх помнікаў Леніну ў БССР), аўтарам якога стаў вядомы беларускі скульптар Анатоль Анікейчык (1932—1989)[114].

Цеплаход «Ракета-234»

У 1980-ыя гг. сталіца Нараўлянскага раёна перажывала сапраўдны і да таго не бывалы свой росквіт. У горадзе было звыш 10 тыс. жыхароў, меліся буйная кандытарская фабрыка «Чырвоны Мазыранін», завод гідраапаратуры (славіўся вырабам механічных парасонаў), маслазавод, хлебзавод, дрэваапрацоўны камбінат, лясгас, тры сярэднія школы, вучылішча сельскай гаспадаркі, раённая паліклініка і бальніца, ветлячэбніца, гасцініца «Нараўлянка», лазня, новы стадыён (па вуліцы Макаранкі), гарадскі і дзіцячыя паркі, два кінатэатры, тры бібліятэкі, рэстаран, некалькі кафэ, гарадскі пляж у цэнтры горада ўздоўж Прыпяці, байдарачная секцыя, шмат магазінаў, гарадскі рынак, годныя асфальтавыя дарогі і г.д.[115] Меліся рачны вакзал і прыстань, дзе швартаваліся лодкі, караблікі і адкуль па рацэ хадзілі транспартныя цеплаходы-ракеты, у тым ліку, да Кіева. Па рацэ хадзілі буксіры з баржамі. Праводзіліся спратыўныя спраборніцтвы і фестывалі мясцовага значэння. У маляўнічы прыродай горад любілі прыязджаць на выхадныя і святочныя дні адпачыць нават жыхары Кіева.

28 снежня 1985 г. прыняў першых гледачоў кінатэатр «Юность».

25 красавіка 1986 г. нараўлянскаму вучылішчу №7 прысвоена званне «вучылішча высокай культуры».

26 красавіка 1986 г. Нароўля пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Многія жыхары прама ці ўскосна прынялі ўдзел у ліквідацыі аварыі і яе наступстваў, дэзактывацыі тэрыторыі Нараўлянскага раёна ў 1986—1987 гг.[116]. Частка насельніцтва, якая жадала пакінуць раён, была пераселена ў іншыя рэгіёны Беларусі і ёй дзяржаўныя ўлады бясплатна прадаставілі жыллё. Асноўная хваля выезду перасяленцаў з горада доўжылася з да сярэдзіны 1990-х гг., а пасля колькасць жыхароў Нароўлі стабілізавалася на ўзроўні каля 8 тыс., у параўнанні з ранейшымі 11,5 тыс. у пачатку 1986 г. За перыяд з 1991 па 2007 г. уключна пераселены ў іншыя месцы 10 336 жыхароў Нараўлянскага раёна і горада[117]. Шмат мясцовых яўрэяў пераехалі ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гг. у Ізраіль, ЗША ці Германію.

8 верасня 1986 г. адкрыта трэцяя ў горадзе сярэдняя школа — №3. Нараўлянская сярэдняя школа №2 насіла імя героя Савецкага саюза Марата Казея.

25 чэрвеня 1990 г. Нароўлю наведала група народных дэпутатаў БССР (В.У. Паўлаў, Павел Ігнатавіч Холад, Вольга Мікалаеўна Галубовіч, М.І. Якубоўскі, Іван Пятровіч Данілаў, Ю.А. Лебедзеў, Лявонцій Ульянавіч Зданевіч, А.М. Шэйкін, Алесь Шут), якія прынялі ўдзел у нарадзе ў нараўлянскім райвыканкаме, а пасля разам з прадстаўнікамі райвыканкама зрабілі аўтобусам паездку па тэрыторыі раёна, цікавіліся гамафонам, размаўлялі з мясцовымі жыхарамі[118].

У складзе Рэспублікі Беларусь

У 1991 г. адкрыта Дзіцячая школа мастацтваў.

У 1922 г. нараўлянскі музей краязнаўства рэарганізаваны ў цэнтр-музей этнаграфіі і народных промыслаў.

У 1996 г. завершана газіфікацыя Нароўлі і асноўных населеных пунктаў Нараўлянскага раёна.

У 1998 г. выдадзена гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі «Памяць. Нараўлянскі раён». З канца 1990-х гг. у горадзе дзейнічала аддзяленне яўрэйскай арганізацыі «Хесэда»[119].

20 верасня 1998 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне каталіцкага касцёла Узвіжання Святога Крыжа[120]. 15 красавіка 1999 г. адкрыты Нараўлянскі раённы цэнтр рамёстваў.

4 красавіка 2001 г. рашэннем Нараўлянскага раённага выканаўчага камiтэта і 19 красавіка 2001 г. рашэннем Нараўлянскага раённага Савета дэпутатаў быў зацверджаны герб Нароўлі: у сінім полі «іспанскага» шчыта срэбная падкова з залатым крыжом над ёй. Герб нагадвае шляхецкі герб «Побуг», якім карысталіся прадстаўнікі шляхецкага роду Горватаў — ранейшыя ўласнікі нараўлянскіх зямель. Ён быў унесены 24 кастрычніка 2001 г. у Гербавы матрыкул Рэспублікі Беларусь.

У 2003 г. створаны тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

5 мая 2007 г. пастановай Савета Міністраў Беларусі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь уключана 12 аб’ектаў матэрыяльнай спадчыны, размешчаных на тэрыторыі Нараўлянскага раёна.

1 верасня 2008 г. сярэдняя школа №1 атрымала статус «гімназія г. Нароўлі».

6 лістапада 2010 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага месца «Алея Славы нараўлянцаў».

У студзені 2011 г. створаны Нараўлянскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб.

Па стану на 1 красавіка 2011 г. у Нараўлянскім раёне было зарэгістравана 138 суб’ектаў малога прадпрымальніцтва, у тым ліку 48 юрыдычных асоб і 90 індывідуальных прадпрымальнікаў[121].

26 красавіка 2011 г., у чарговую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка з афіцыйным візітам прыехаў у вёску Дзёрнавічы і Нароўлю, дзе наведаў завод гідраапаратуры[122].

30 верасня 2011 г. афіцыйнае адкрыццё новага будынка Дома дзіцячай творчасці, перайменаваны 4 красавіка 2012 г. у Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

16 ліпеня 2013 г. вучылішча № 177 (сельскай гаспадаркі) было пераўтворана ў «Нараўлянскі дзяржаўны прафесійны ліцэй»[123].

У 2013—2015 гг. ажыццявіўся капітальны рамонт і цалкам абноўлены будынак сярэдняй школы №2 (самай вялікай па колькасці вучняў у Нараўлянскім раён — ад 500). 1 верасня 2015 г. разам з урачыстым адкрыццём школы быў адкрыты школьны музей «Дзяцінства», які быў створаны школьным настаўнікам і краязнаўцам Васілём Чайкам і яго паплечнікамі-краязнаўцамі[124].

16 снежня 2013 г. быў афіцыйна закрыты дзяржаўны завод «Буддэталі»[125].

У 2014 г. пабудаваны мікрараён «Новы» і супермаркет «Евроопт», вуліца Сонечная, завершана рэканструкцыя цэнтральнай раённай бальніцы і раённай паліклінікі[126].

У 2015 г. выдадзена навукова-папулярнае выданне «Нараўляншчына самабытная і сучасная».

У ліпені 2015 г. нараўлянскі спецлясгас з Інстытутам лесу НАН Беларусі распрацаваў для наведвальнікаў экалагічны турыстычны маршрут «Легенды Нараўлянскага краю».

У студзені 2016 г. уведзены ў эксплуатацыю аб’ект Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, зацверджанай ад 26 лютага 2015 г.: жылы дом для сямей, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — дзіцячы Дом сямейнага тыпу.

Дзіцячая гульнявая пляцоўка ў цэнтры горада каля ракі. Фота 2017 г.

У 2017 г. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі праспансіравала будаўніцтва новай дзіцячай гульнявой пляцоўкі, якую размесцілі ў цэнтры горада каля ракі[127].

На 1 кастрычніка 2018 г. у раёне зарэгістравана 129 суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у тым ліку 58 мікраарганізацый і малых прадпрыемстваў, 4 суб’екты сярэдняга прадпрымальніцтва і 67 індывідуальных прадпрымальнікаў.

26 красавіка 2020 г., у чарговую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка з афіцыйным візітам прыехаў у Нароўлю. Тут прэзідэнту падарылі карціну з выявай знакамітага нараўлянскага палаца Горватаў, а Аляксандр Лукашэнка з удзячнасцю адзначыў: «Карціну павесім дома». Старшыня Нараўлянскага райвыканкама Сяргей Віктаравіч Дылюк (нар. 1970) у даважку ўручыў прэзідэнту кошык з прадукцыяй кандытарскай фабрыкі «Чырвоны Мазыранін»[128].

Руіны былога палаца Горватаў (1850). Фота 2017 г.

12 лістапада 2020 г. пісьменнік і журналіст Андрэй Іванавіч Горват, бізнесмены Пётр Кузняцоў (Гомель) і Аляксандр Баранаў (Мазыр) разам набылі за 53 357 беларускіх рублёў 63 капейкі[129] (прыблізна 21 тысяча долараў ЗША) ва ўласнасць на аўкцыёне будынак былога палацу Горватаў у Нароўлі, пад вельмі абмежавальныя ўмовы на 5 гадоў — кансервацыі, рэстаўрацыі і пераводу ў камерцыйнае выкарыстанне[130]. Андрэй Горват узяў кіраванне па частковай кансервацыі і антыаварыйным работам з дапамогай валанцёраў і краўдфандзінгу. Сам Горват выказваўся, што хацеў бы зрабіць з палаца Горватаў у Нароўлі музейны комплекс з функцыямі гатэля і рэстарана[131][132][133].

26 красавіка 2021 г. сярэдняй школе №2 было прысвоена імя Івана Міхайлавіча Шаўрэя (1956—2020)[134], непасрэднага ўдзельніка ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ганаровага грамадзяніна Нараўлянскага раёна. На ўрачысты мітынг сабраліся кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, духавенства, педагогі, навучэнцы, блізкія і сваякі героя-пажарнага Івана Шаўрэя. У той жа дзень у школе была адкрыта мемарыяльная дошка памяці Івана Шаўрэя. Таксама госці азнаёміліся з экспазіцыямі школьных музеяў[135].

Галоўны корпус ААТ «Чырвоны Мазыранін» (кандытарская фабрыка)

У 2022 г. ураджэнец Нароўлі, доктар гістарычных навук Уладзімір Васільевіч Тугай (нар. 1951) апублікаваў сваю навуковую кнігу «Чырвоны Мазыранін»[136], якая стала першым усеахопным даследаваннем гісторыі стварэння і развіцця аднаго з галоўных і нават сімвалічных прадпрыемстваў горада — кандытарскай фабрыкі, заснаванай яшчэ ў 1912 г. мясцовым дваранінам Эдвардам Горватам. У кнізе былі апублікаваны ў тым ліку рэдкія фатаграфіі.

Зноскі

  1. Васіль Чайка. 338 лет со дня первого упоминания о Наровле
  2. Васіль Чайка. 338 лет со дня первого упоминания о Наровле
  3. 1 2 Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 348. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  4. Анішчанка, Я.К. Збор твораў : у 6 т. — Т. 6. Ураднікі беларускіх земляў ВКЛ у першай палове XVIII ст. — Мінск, 2010. — С. 255.
  5. Васіль Чайка 338 лет со дня первого упоминания о Наровле
  6. ИСТОРИЯ ВОЗНИКНОВЕНИЯ ГОРОДА НА ЮГЕ БЕЛАРУСИ
  7. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 47.
  8. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 47.
  9. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 47.
  10. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 48.
  11. ИСТОРИЯ ВОЗНИКНОВЕНИЯ ГОРОДА НА ЮГЕ БЕЛАРУСИ
  12. Еврейская энциклопедия. — Т. 11. — Санкт-Петебург : Брокгауз-Ефрон, 1911. — С. 523.
  13. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 48.
  14. Анішчанка, Я.К. Збор твораў : у 6 т. — Т. 4: Ураднікі беларускіх земляў ВКЛ пры Станіславе Панятоўскім: спісы на рус. мове. — Мінск, 2008. — 532 с.
  15. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 48.
  16. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 421.
  17. Анищенко, Е.К. Шляхта Мозырского повета: список XVIII ст. — Минск, 2014. — С. 138, 159, 170, 177.
  18. Раюк, А. Р. «Народ лесу»: абагульнены этнастэрэатып аб беларусах і Беларусі канца XVIII — пачатку XX ст.… С. 298.
  19. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 49.
  20. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 49.
  21. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 49.
  22. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 49.
  23. Адамович, С. Дворец в Наровле: история и реалии / С. Адамовіч // Архитектура и строительство. — 2010. — №2.
  24. Раюк, А. Р. Атон Ігнатавіч Горват (1809—1894): адміністратар і гаспадар… С. 25.
  25. Раюк, А. Р. Атон Ігнатавіч Горват (1809—1894): адміністратар і гаспадар… С. 25.
  26. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 52.
  27. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 422.
  28. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 53.
  29. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 422.
  30. Еврейская энциклопедия. — Т. 11. — Санкт-Петебург : Брокгауз-Ефрон, 1911. — С. 523.
  31. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 53, 422.
  32. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 53.
  33. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 53.
  34. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 53.
  35. Тугай, У. В. «Чырвоны Мазыранін»: ля вытокаў прадпрыемства
  36. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 54.
  37. Верхнее Поднепровье и Белоруссия / сост. В.П. Семенов. — 1905. — С. 568.
  38. Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. — Warszawa, 2001. — S. 26.
  39. Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. — Warszawa, 2001. — S. 67.
  40. Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. — Warszawa, 2001. — S. 20.
  41. Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. — Warszawa, 2001. — S. 8.
  42. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 422.
  43. Тугай, У. В. «Чырвоны Мазыранін»: ля вытокаў прадпрыемства
  44. Што пакінем пасля сябе? // Прыпяцкая праўда. — 1994. — №28 (19 красавіка). — С. 1.
  45. Парк — это гордость наровлян
  46. Евреи в Наровле
  47. Евреи в Наровле
  48. Казимир Францевич Гродзицкий (1891—1959)
  49. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 55.
  50. Ваньковичи / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь [и др.]. — Минск : БелЭн, 2012. — С. 144.
  51. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 55.
  52. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 56.
  53. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 56.
  54. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 71.
  55. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 69.
  56. Наровлянщина самобытная и современная. — Гомель, 2015. — С. 19.
  57. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 69.
  58. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 70.
  59. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 422.
  60. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 71, 422.
  61. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 71.
  62. Маліноўскі, В.Т. Нароўля. — Мінск, 1994. — С. 6—7.
  63. Храм в честь святого апостола Иоанна Богослова
  64. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 72.
  65. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 72.
  66. Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. — Warszawa, 2001. — S. 30.
  67. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 73.
  68. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 74.
  69. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 82.
  70. Парк — это гордость наровлян
  71. Гродзицкий Казимир Францевич
  72. Евреи в Наровле
  73. Евреи в Наровле
  74. Наровлянщина самобытная и современная. — Гомель, 2015. — С. 21.
  75. Наровлянский район: рекламное издание на русском и английском языках / автор текста В. Минков. — Гомель : редакция газеты “Гомельская правда”, [б. д.]. — С. 9.
  76. Наровлянщина самобытная и современная. — Гомель, 2015. — С. 21.
  77. Наровлянщина самобытная и современная. — Гомель, 2015. — С. 21.
  78. Наровлянщина самобытная и современная. — Гомель, 2015. — С. 21.
  79. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 422.
  80. к // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. С. 442.
  81. Евреи в Наровле
  82. Евреи в Наровле
  83. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 422.
  84. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 89.
  85. Сколько было в Наровле памятников Ленину?
  86. Храм в честь святого апостола Иоанна Богослова
  87. Наровлянский район: рекламное издание на русском и английском языках / автор текста В. Минков. — Гомель : редакция газеты “Гомельская правда”, [б. д.]. — С. 8.
  88. Наровлянский район: рекламное издание на русском и английском языках / автор текста В. Минков. — Гомель : редакция газеты “Гомельская правда”, [б. д.]. — С. 8.
  89. Сколько было в Наровле памятников Ленину?
  90. Евреи в Наровле
  91. Решение еврейского вопроса в Наровлянском районе в 1941-1943 годах
  92. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 422.
  93. Наровлянский район: рекламное издание на русском и английском языках / автор текста В. Минков. — Гомель : редакция газеты “Гомельская правда”, [б. д.]. — С. 8.
  94. Наровлянский район: рекламное издание на русском и английском языках / автор текста В. Минков. — Гомель : редакция газеты “Гомельская правда”, [б. д.]. — С. 8.
  95. Сколько было в Наровле памятников Ленину?
  96. Васіль Чайка Десять уникальных фактов о Наровлянском районе
  97. Наровлянщина самобытная и современная. — Гомель, 2015. — С. 28.
  98. Наровлянщина самобытная и современная. — Гомель, 2015. — С. 28.
  99. Наровлянский государственный профессиональный лицей
  100. Наровлянщина самобытная и современная. — Гомель, 2015. — С. 28.
  101. Наровлянщина самобытная и современная. — Гомель, 2015. — С. 28.
  102. Наровлянщина самобытная и современная. — Гомель, 2015. — С. 28.
  103. Наровлянщина самобытная и современная. — Гомель, 2015. — С. 28.
  104. Наровлянский район: рекламное издание на русском и английском языках / автор текста В. Минков. — Гомель : редакция газеты “Гомельская правда”, [б. д.]. — С. 9.
  105. Евреи в Наровле
  106. Наровлянщина самобытная и современная. — Гомель, 2015. — С. 31.
  107. НАРОВЛЯНСКИЙ РАЙОН‎
  108. Ждановіч Мікалай Мікалаевіч
  109. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 3 лістапада 1971 г. Аб пераўтварэнні гарадскіх пасёлкаў Нароўля Нараўлянскага раёна і Чачэрск Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці ў гарады раённага падпарадкавання // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1971, № 31 (1333).
  110. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 422.
  111. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 422.
  112. Наровлянский район: рекламное издание на русском и английском языках / автор текста В. Минков. — Гомель : редакция газеты “Гомельская правда”, [б. д.]. — С. 9.
  113. Наровлянщина самобытная и современная. — Гомель, 2015. — С. 31.
  114. Наровля. Памятник Ленину
  115. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 423.
  116. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 377.
  117. Наровлянщина самобытная и современная. — Гомель, 2015. — С. 32.
  118. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 385.
  119. Евреи в Наровле
  120. Нароўля — парафія Узвышэння Святога Крыжа, Catholic.by
  121. Наровлянский район: рекламное издание на русском и английском языках / автор текста В. Минков. — Гомель : редакция газеты “Гомельская правда”, [б. д.]. — С. 14.
  122. Лукашенко в день 25-летия аварии на ЧАЭС посетил наиболее пострадавший Наровлянский район
  123. Наровлянский государственный профессиональный лицей
  124. Дело жизни Василия Чайки
  125. НАРОВЛЯНСКИЙ ЗАВОД СТРОЙДЕТАЛЕЙ
  126. Наровлянщина самобытная и современная. — Гомель, 2015. — С. 51—52.
  127. Федерация профсоюзов Беларуси сделала подарок юным жителям Наровли — детскую площадку
  128. Лукашенко подарили картину с изображением знаменитой усадьбы Горваттов в Наровле
  129. Наровлянский дворец Горваттов продан на электронных торгах
  130. Стало известно, кто купил наровлянский дворец Горватов. Это писатель Андрей Горват
  131. Спыніць час. Нароўля, палац Горватаў
  132. Нароўля. Знаёмства з Гомельшчынай
  133. Как Андрей Горват с волонтерами восстанавливает дворец в Наровле
  134. Умер Иван Михайлович ШАВРЕЙ
  135. В честь последнего чернобыльского пожарного Ивана Шаврея названа школа в Наровле
  136. Тугай, У.В. Чырвоны Мазыранін / У.В. Тугай. — Мінск: Бел. навука, 2022. — 187 с.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без аўтара
Катэгорыя·Гісторыя Нароўлі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі