wd wp Пошук:

Паход Булак-Балаховіча

Тэрыторыя Беларусі ў лістападзе 1920 года, цёмна-зялёным колерам пазначана тэрыторыя «Беларускай дзяржавы», якая кантралявалася арміяй Булак-Балаховіча

Паход Булак-Балаховіча — ваенная акцыя Рускай народнай добраахвотніцкай арміі (з рускіх і беларускіх вайсковых часцей) на чале з генералам С. Н. Булак-Балаховічам y лістападзе 1920 на Палессі. Палітычны кіраўнік акцыі — старшыня Рускага палітычнага камітэта ў Польшчы Б. В. Савінкаў. Акцыя была разлічана на падтрымку сялянства, незадаволенага палітыкай «ваеннага камунізму». Меў на мэце стварэнне незалежнай Беларускай дзяржавы і саюзнай з ёй Расійскай дэмакратычнай рэспублікі. Падтрыманы начальнікам Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскім.

Сканцэнтраваўшы свае сілы ў раёне ЛунінецМікашэвічыТураў, армія Булак-Балаховіча (20 тыс. чал.) 6 лістапада 1920 года пачала наступленне ўздоўж ракі Прыпяць. Разбіўшы часці Чырвонай Арміі, яна заняла Петрыкаў, Калінкавічы, Мазыр, падышла да Рэчыцы. У Мазыры Булак-Балаховіч абвясціў сябе «начальнікам Беларускай дзяржавы», галоўнакамандуючым усімі ўзброенымі сіламі Беларусі і пракламаваў незалежнасць Беларусі; выдаў загад пра фарміраванне беларускага войска, назначыў «урад Беларусі» на чале з П. П. Алексюком і абвясціў «звергнутымі» ўрады БССР і Беларускай Народнай Рэспублікі.

16 лістапада Чырвоная Армія пачала контрнаступленне і 20 лістапада 1920 года ўзяла Мазыр. Асноўныя сілы Булак-Балаховіча прабіліся на польскі бок фронту, большасць арміі была раззброена польскімі ўладамі; інтэрніраваныя ў Белавежскай пушчы асобныя атрады ўдзельнічалі ў нападах на БССР да 1922 года.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Канфлікты 1920 года
Катэгорыя·Гісторыя Беларусі (1918—1939)
Катэгорыя·Беларускі антысавецкі супраціў
Катэгорыя·Падзеі 1920 года