У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кеневіч.
Фелікс Кеневіч (польск.: Feliks Kieniewicz; 1802 — 1863) — буйны землеўласнік Расійскай імперыі, удзельнік Лістападаўскага паўстання 1830—1831 гадоў.
Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Кеневічаў герба «Равіч». Нарадзіўся на Палессі, сын Антона Нестара Кеневіча і Кацярыны Адынец[2].
Вучыўся ў Віленскім універсітэце[2].
Памешчык з Мазырскага павета Мінскай губерні. Валодаў сумесна з маці і братамі маёнткамі Дарашэвічы, Снядзіна, Лобча[2]. Каля 1825 года заклаў у Дарашэвічах класіцыстычны палац над Прыпяццю, які не паспеў скончыць[3].
З пачаткам паўстання ў маі 1831 года арганізаваў у Мазырскім павеце паўстанцкі атрад, які разбіў у в. Каралін, Кузьмічы, Міхалкі паштовыя станцыі. 11 чэрвеня 1831 года спрабаваў захапіць горад Мазыр. 25 мая 1831 года атрад разбіты ў Мухаедаўскіх лясах, сам Кеневіч накіраваўся ў Варшаву. 10 жніўня 1831 года выбраны паслом на варшаўскі сейм ад Мазырскага павета. Пасля паражэння паўстання перабраўся ў Галіцыю[2].
Па рашэнні Мінскай губернскай следчай камісіі ад 3 снежня 1831 года быў аднесены да 2-га разраду злачынцаў. Рашэннем Мінскай казённай палаты ад 18 мая 1832 года сродкі, атрыманыя ад продажы рухомай маёмасці Фелікса Кеневіча, пераведзены ў казну. 2 ліпеня 1832 года прасіў літасці[2].
У 1833 годзе прыбыў у Францыю. Меў стасункі з Іаахімам Лялевелем. У 1835—1836 гадах удзельнічаў у спробах аднавіць паўстанне[2].
Набыў у Францыі маёмасць на грошы, прысланыя сваякамі з Палесся. У 1857 годзе па расійскай царскай амністыі разам з сынам Геранімам вярнуўся ў Мазыр. Пабудаваў дом ва ўрочышчы Багданка, пахаваны ў Паўлінаве[2] (цяпер Петрыкаўскі раён).
Ажаніўся ў Францыі з Фяліцыяй Скрашэўскай[4], родам з аўстра-венгерскай Галіцыі, ад якой меў сына Гераніма (у маі 1864 г. расстраляны ў Казані за ўдзел у Студзеньскім паўстанні 1863—1864 гадоў) і дачку Феліцыю[2].