Войшалк (ст.-рус.: Воишелкъ, літ.: Vaišelga, Vaišvilkas; 1223 — 18 або 23 красавіка 1267) — князь навагрудскі (1240-я — каля 1255 і каля 1258—1264), вялікі князь літоўскі (1264—1267). Сын Міндоўга, вялікага князя літоўскага, караля літоўскага. Пашырыў тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага за кошт уключэння усходнебалцкіх зямель Нальшчан і Дзяволтвы. Заснаваў Лаўрышаўскі манастыр.
Паводле хранікальных звестак, Войшалк быў старэйшым з сыноў Міндоўга[1]. Паведамленняў аб маці Войшалка ў крыніцах няма. У Войшалка была сястра, імя якой невядома — жонка Шварна Данілавіча, вялікага князя літоўскага ў 1267—1270 гадах. Браты Войшалка — Рукля і Рупейка — былі значна маладзейшыя за яго (абодва яны былі забітыя разам з Міндоўгам у выніку змовы). Зыходзячы з гэтай розніцы ва ўзросце, можна меркаваць, што маці Войшалка і яго сястры была не вялікая княгіня літоўская Марта (маці Руклі і Рупейкі), а ранейшая жонка Міндоўга, звесткі пра якую не захаваліся[2].
У дакуменце ад 1254 года ў Міндоўга і Марты згадваюцца сыны Герстухен і Рэплеў. Невядома, ці пад гэтымі імёнамі маюцца на ўвазе Рукля і Рупейка, ці гэта былі чатыры розныя сыны.
Расійскі гісторык XVIII ст. В. М. Тацішчаў паведамляў без спасылкі на крыніцу, што маці Войшалка была цвярской княжной[3]. Аднак цяпер звесткі Тацішчава, якія не падцвярджаюцца крыніцамі, лічацца сумнеўнымі[4][5][nb 1].
Некаторыя літоўскія даследчыкі, у прыватнасці, Д. Сінкявічутэ, звязваюць корань -вайш (-vaiš) у імёнах з літ.: vaišės, vaišinti, viesis — пачастунак, пачаставаць, госць[6]. У крыніцах князь называецца таксама як Вышелк, Вышелег, Вошелег, Войселк, Волштыник, Волстыник.
Хроснае імя Войшалка дакладна невядома[7]. В. М. Тацішчаў адзначыў без спасылкі на крыніцу, што хроснае імя Войшалка было Васіль. Версія Тацішчава сумнеўная, бо верагоднае інацкае імя князя — Лаўрыш (Лаўрын, Лаўрэнцій) пачынаецца з Л, а паводле тагачаснай традыцыі інацкае імя бралася з той жа літары, што і хроснае[8].
Год нараджэння Войшалка ў летапісах не згадваецца. 1223 год як час яго нараджэння пададзены ў храналагічнай табліцы беларускага гісторыка XIX ст. Т. Нарбута, якая складзена, па яго словах, на падставе фрагментаў рукапісу віленскага гісторыка Літвы XVI ст. А. Ротунда[9].
Асноўныя звесткі пра жыццё Войшалка змешчаны ў Галіцка-Валынскім летапісе (ГВЛ), які напісаны ў сярэдзіне і дапоўнены ў канцы XIII ст. невядомымі аўтарамі. ГВЛ захаваўся ў некалькіх спісах, у т. л. у складзе Іпацьеўскага летапісу (XV ст.). Даты ў Іпацьеўскім спісе ГВЛ былі ўнесены пазней, таму даціроўка падзей там недакладная.
Пад 1253 г. у ГВЛ згадваецца не названы па імю сын Міндоўга, якога Міндоўг паслаў ваяваць ваколіцы г. Турыйска[10] ў Галіцка-Валынскім княстве — у адказ на рабаванне галіцка-валынскімі войскамі зямель Міндоўга. Паколькі пра іншых дарослых сыноў Міндоўга звестак няма, гісторыкі мяркуюць, што гэтым сынам быў Войшалк. Гэта адбывалася падчас вайны 1249—1254 гадоў паміж Міндоўгам і яго пляменнікамі — Таўцівілам Даўспрункавічам і Эдзівідам Даўспрункавічам, якіх падтрымліваў галіцка-валынскі князь Даніла Раманавіч.
Першы раз Войшалк згаданы ў летапісу пад сваім імём у артыкуле 1255 года. Летапіс паведамляе, што ў гэтым годзе Войшалк заключыў мір з Данілам Раманавічам, выдаў сваю сястру замуж за малодшага сына Данілы Раманавіча — Шварна Данілавіча, а сам прыбыў да Данілы Раманавіча ў г. Холм[11] (сталіцу Галіцка-Валынскага княства), пакінуў свае княжэнне і прыняў манаскі чын. Сыну Данілы Раманавіча — Раману Данілавічу — Войшалк перадаў «Навагародак ад Міндоўга, а ад сябе Слонім і Ваўкавыск».
Іншы летапісец (летапіс складаўся двума рознымі аўтарамі і ў розныя гады) піша, што Войшалк прыбыў не ў Холм, а ў ранейшую сталіцу Галіцка-Валынскага княства — г. Галіч[12], маючы намер прыняць манаскі чын, і тады ж ахрысціў Юрыя Львовіча (сына князя белзскага Льва Данілавіча, унука Данілы Раманавіча і будучага князя галіцка-валынскага). А пасля пайшоў у Паланінскі манастыр да ігумена Грыгорыя і там пастрыгся ў манахі.
Гэты ж летапісец адзначыў, што Войшалк пачынаў княжыць у Навагародку, з’яўляючыся язычнікам, і рабіў чалавечыя ахвяры. Затым ён ахрысціўся ў Навагародку і пачаў жыць у хрысціянстве. Украінскі гісторык П. П. Талочка лічыць, што характарыстыка Войшалка-язычніка далёкая ад рэальнай: такога першабытнага дзікунства, асабліва ў землях Русі, не магло быць, і летапісцу гэта спатрэбілася для таго, каб больш выразна паказаць ператварэнне язычніка ў хрысціяніна. Такі прыём — супрацьпастаўленне язычніцкай цемры і хрысціянскага святла — здаўна ўжываўся ў летапісанні, і, верагодна, летапісец запазычыў яго з больш ранняга кіеўскага летапісу.
Зыходзячы з гэтых летапісных паведамленняў, можна меркаваць, што ў Навагародку Войшалк княжыў (быў намеснікам Міндоўга) з 1240-х гадоў.
Пасля трох гадоў жыцця ў Палонінскім манастыры Войшалк адправіўся ў паломніцтва да гары Афон у Візантыю, але не здолеў дайсці з-за “мяцяжу” ў землях па дарозе, вярнуўся і заснаваў манастыр у Панямонні:
«Воишелкъ же не може доити до Ст҃ѣи Горѣ . зане мѧтежь быс̑ великъ тогда в тъıхъ землѧх̑ . и приде ѡпѧть в Новъгородокъ . и оучини собѣ манастырь . на рѣцѣ на Немнѣ . межи Литвою и Новъıмъгородъкомъ . и тоу живѧше.»[13] (Ст-руск., 1420-я гг.)
«Войшалк не змог дайсці да Святой Гары, паколькі вялікі мяцеж быў тады ў тых землях, і прыйшоў зноў у Наваградак; і ўчыніў сабе манастыр на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў»[14].
— Іпацьеўскі летапіс.
Манастыр «на Нёмане паміж Літвой і Наваградкам» атаясняюць з Лаўрышаўскім, вёска, якая ўтварылася каля манастыра, называецца Лаўрышава[15] (з-за патранімічнага суфікса і канчатка, лічыцца, што назва ўтворана ад інацкага імя Войшалка — Лаўрыш, Лаўрын або Лаўрэнцій). Войшалк пражыў у гэтым манастыры каля года. У летапісе адзначана, што Міндоўг дакараў яго за манаскае жыццё.
Паводле летапісных звестак, каля 1257—1258 г. на Літоўскую зямлю і Нальшаны напалі войскі мангола-татарскага ваеначальніка Бурундая і галіцка-валынскіх князёў. Войшалк выйшаў з манастыра, і разам са стрыечным братам Таўцівілам (які да гэтага часу памірыўся з Міндоўгам) захапіў Рамана Данілавіча (галіцка-валынскага князя, які кіраваў у Навагародку). Пасля гэтага Раман у летапісу не згадваецца — магчыма, ён загінуў, а Войшалк зноў сеў на навагародскім стальцы.
У 1263 годзе у выніку змовы быў забіты Міндоўг і 2 яго малодшыя сыны, а затым і яго пляменнік Таўцівіл. Пасаду вялікага князя літоўскага заняў іншы пляменнік Міндоўга і адзін са змоўшчыкаў — Транята. Войшалк уцёк у Пінск.
Пра месца жыхарства Войшалка ў Пінскім княстве летапіс не паведамляе; традыцыйна лічыцца, што ён жыў у Ляшчынскім Свята-Успенскім манастыры, які існаваў у прадмесці Пінска — Лешчы (зараз парк у Пінску). На літаграфіі 1875 г. з выявай манастыра надрукаваны подпіс: «Стары манастыр, у якім хаваўся Войшалк, сын Міндоўга, вялікага князя літоўскага, пераследуемы стрыем Транятам» (польск.) (фр.) .
У 1264 годзе Транята быў забіты ранейшымі конюхамі Міндоўга; Войшалк з пінскім войскам вярнуўся ў Навагародак і злучыўся з дружынамі навагародскіх баяр. Затым ён пайшоў усталёўваць сваю ўладу ў Літве, і «нача княжити во всей земли Литовской» — стаў вялікім князем літоўскім. Паводле летапісу, у Літоўскай зямлі ён вынішчыў шмат сваіх ворагаў, а астатнія «разбегліся хто куды».
Прызнаў уладу Васількі Раманавіча, княжыў разам са Шварнам Данілавічам. З дапамогаю Васількі і Шварна заваяваў Нальшчаны і Дзяволтву.
Паводле летапісу, у 1267 годзе Войшалк вырашыў поўнасцю перадаць вялікае княжэнне літоўскае Шварну Данілавічу. Шварн адгаворваў яго ад такога рашэння. Аднак Войшалк адказаў, што заставацца князем яму не дазваляюць грахі, і што зямлю ён пакідае ўпарадкаванай. Войшалк пайшоў у манастыр у г. Уграўск на Валыні, Шварн застаўся княжыць у Вялікім княстве Літоўскім.
У красавіку 1267 года Леў Данілавіч, ужо князь галіцкі, запрасіў на сустрэчу князя валынскага Васільку Раманавіча і праз яго — свайго кума Войшалка. Войшалк не давяраў Льву і не хацеў ехаць, але паехаў на заруку Васілька. Прыехаўшы ў г. Уладзімір-Валынскі, Войшалк спыніўся ў манастыры св. Міхаіла Вялікага. 18 (ці 23) красавіка Васільку, Льва і Войшалка паклікаў на абед немец Маркольт. Затым Васілька паехаў дадому спаць, а Войшалк вернуўся ў манастыр. Аднак Леў прыехаў за нім і ўгаварыў яго працягнуць пір, падчас якога забіў Войшалка. Летапісец адзначае, што Леў зрабіў гэта па д’ябальскаму падбухторванню, з-за зайздрасці ад таго, што Войшалк перадаў княжэнне ў літоўскай дзяржаве не яму, а яго брату Шварну.
Войшалк быў пахаваны ў царкве св. Міхаіла Вялікага.
Найбольш раннія і шырокія звесткі пра Войшалка захаваліся ў складзе Галіцка-Валынскага летапісу (ГВЛ), менавіта яны былі крыніцай шматлікіх перапрацовак — ужо ў XIV ст. іх агіяграфічныя версіі сталі распаўсюджвацца ў Вялікім Ноўгарадзе і Пскова, а ў XVI ст. сюжэт увайшоў у склад легендарнай часткі беларуска-літоўскіх летапісаў. Пратографам усіх паўночнарускіх і маскоўскіх аповедаў XV—XVI ст. пра Войшалка быў Наўгародскі першы летапіс (НПЛ)[16]. Стрыйкоўскі быў знаёмы са звесткамі ГВЛ праз беларуска-літоўскі летапіс блізкі да Хронікі Быхаўца. Такім чынам, вывучэнне сведчанняў менавіта ГВЛ мае найважнейшае значэнне.
«Аповесць пра Варлама і Іасафа»(руск.) бел. перакладзена з грэчаскай на рускую не пазней сярэдзіны XII ст. і была вельмі папулярнай на Русі. Аповесць расказвае пра індыйскага царэвіча Іасафа, які прымае хрышчэнне ад свайго настаўніка, пустэльніка Варлама, а бацька — цар Авенір, разгневаны і спрабуе рознымі спосабамі адхіліць сына ад хрысціянства, аднак, хутка змірыўся з гэтым і даў сыну палову царства, а затым і сам ахрысціўся. Цар Авенір памірае неўзабаве па хрышчэнні, пасля смерці бацькі царэвіч Іасаф, нягледзячы на ўгаворы, перадае ўладу вяльможы-хрысціяніну Варахіі, а сам ідзе ў пустыню да свайго настаўніка Варлама, дзе і застаецца да смерці. Сувязь Аповесці і апавяданняў крыніц пра Войшалка ўпершыню паказала М. Смаронг-Ружыцкая(польск.) бел. ў сваім даследаванні мініяцюр Лаўрышаўскага Евангелля. Пры параўнанні сюжэтных ліній крыніц і Аповесці заўважна іх значнае падабенства, Войшалк паўтарае ролю Іасафа, Міндоўг — Авеніра, Рыгор Палонінскі — Варлама, а Шварн — Варахіі.
Такім чынам, рэдакцыя B апавядання пра Войшалка ў ГВЛ мае агіяграфічны характар, а сюжэт яе складаўся пад уплывам Аповесці пра Варлама і Іасафа. Незалежна ад рэдакцыі B, ужо ў XIV ст. у Паўночнай Русі з’явіліся і распаўсюдзіліся агіяграфічныя версіі рэдакцыі A апавядання пра Войшалка ў ГВЛ. Сама рэдакцыя A таксама мае пэўныя сляды рэдактуры, бо паводле яе Войшалк заключыў мір з Даніілам і выдаў замуж за яго сына сваю сястру, аднак з ранейшых артыкулаў ГВЛ вядома, што ініцыятыва гэтых падзей належала Міндоўгу, такім чынам, верагодна, ужо ў рэдакцыі A адлюстравалася спроба летапісца вывесці Войшалка на пярэдні план.
Папярэднік: Транята |
вялікі князь літоўскі 1264–1267 |
Пераемнік: Шварн Данілавіч |