wd wp Пошук:

Траецкае прадмесце

Траецкае прадмесце — гістарычны раён Мінска на мысе левага берага Свіслачы насупраць Верхняга Горада, вусця Нямігі і колішняга замка, цяпер квартал абмежаваны Траецкай набярэжнай — вул. Старавіленскай — вул. Старажоўскай — вул. Максіма Багдановіча. Першапачаткова быў гандлёва-адміністрацыйным цэнтрам старадаўняга Менска[1][2].

На захадзе ад Траецкай гары месціцца Замчышча, на паўночным захадзе — Татарскія Агароды і Старосцінская Слабада, на поўначы — Старажоўка, на ўсходзе — Залатая Горка, на поўдні — цэнтральныя раёны Высокі і Нізкі Рынак.[3][4]

На тэрыторыі прадмесця быў размешчаны першы каталіцкі храм Менска. Тут таксама знаходзіліся не захаваныя да нашых дзён Свята-Узнясенскі манастыр з аднайменнай царквой, Свята-Барысаглебская царква, жаночы базыльянскі манастыр Святой Тройцы (захаваўся часткова) і касцёл і манастыр каталіцкага манаскага ордэна марыявітак. Цяпер прадмесце з’яўляецца адным з самых любімых месцаў адпачынку ў горадзе[5].

Этымалогія назвы

Існуе некалькі гіпотэз адносна паходжання тапоніма «Траецкая гара». Паводле найбольш верагоднай, тапонім паходзіць ад назвы найстаражытнейшага каталіцкага касцёла Мінска, заснаванага вялікім князем літоўскім і каралём польскім Ягайлам [6]. Па іншай версіі, тапонім узнік ад назвы абарончага рэдута Святой Тройцы, які знаходзіўся каля Барысаўскай заставы[7]. Таксама існуе меркаванне, што назва пайшла ад царквы Святой Тройцы[8] ці Свята-Траецкага жаночага манастыра[9].

Гісторыя

Левабярэжжа Свіслачы здаўна мела вялікае гандлёвае значэнне, тут злучаліся дарогі з Вільні (у ХII-XIII стагоддзях з Заслаўі), Лагойска і Полацка, Барысава і Смаленска, Друцка, Магілёва (у ХII-XIII стагоддзях, магчыма, са СвіслачыРагачова)[10]. Археалагічныя раскопкі, праведзеныя ў 1976 годзе Георгіем Штыхавым і Валянцінам Собалем, пацвердзілі існаванне культурнага пласта ў гэтым месцы ўжо ў канцы XII стагоддзя[11].

Даволі шырокае ўжыванне паняцця «Старое месца» у дачыненні да раёна Траецкай гары ў пісьмовых крыніцах мяжы XVI—XVII стагоддзяў сведчыць пра наяўнасць тут агульнагарадскога цэнтра ў XIV—XV стагоддзях[12]. Аднак пасля атрымання Мінскам Магдэбургскага права ў 1499 годзе і будаўніцтва ратушы ў Высокім горадзе Траецкае прадмесце паступова пазбавілася статусу цэнтра.

У XVII—XVIII стагоддзях раён Траецкай гары меў перыферыйнае значэнне ў будаўнічай і сацыяльнай структуры горада. Асновай планавай структуры раёна быў працяг галоўнай вуліцы правабярэжжа Свіслачы — Нямігі (у XVI стагоддзі «Немезской»), якая пачыналася ад пераправы праз раку і звалася Вялікая Барысаўская (па Р. Баравому, Траецкая ці вуліца Траецкай гары[13]). Яна ўзнікла на старым Барысаўскім гасцінцы (адрэзак ад Свіслачы да 2-й клінічнай бальніцы). Працягам Вялікай Барысаўскай была вуліца Траецкая (у XIX стагоддзі пераназваная ў Аляксандраўскую, цяпер вуліца Максіма Багдановіча)[11]. Гэтыя вуліцы пачыналіся на стрэлцы мыса і праходзілі амаль па цэнтральнай восі шырокага ўзгорка, акружанага з трох бакоў лукавінай Свіслачы. У гэтых умовах натуральным, выключна стыхійным планавальным рашэннем было рассяленне жыхароў як уздоўж гэтай дарогі-вуліцы, так і перпендыкулярна да яе, на паўднёвым і паўночным схілах гары, у кірунку да берага ракі. Так узнік шэраг амаль паралельных вулачак, якія адыходзяць ад галоўнай. На паўночным схіле гары такіх вулачак было не менш 8-9, на паўднёвым, дзе паміж цэнтральнай вуліцай і берагам ракі размяшчалася шырокая багністая пойма, — 5. На планаванне паўднёвай часткі Траецкай гары, магчыма, паўплывала і тая акалічнасць, што менавіта ў гэтым раёне вельмі рана ўзнік шэраг манастыроў і цэркваў, якія займалі значныя ўчасткі зямлі, што магло таксама перашкаджаць утварэнню мноства маленькіх вулачак. Як відаць, «Віленскай» звалася самая ўсходняя з вышэйзгаданых васьмі ці дзевяці вулачак на паўночным схіле гары, бо менавіта яна служыла пачаткам дарогі на Зацень-Сёмкаў Гарадок і далей на Вільну[13].

Від Высокага Горада з Траецкай гары, малюнак Язэпа Драздовіча, 1930-я

Вуліца Магілёўская, верагодна, адпавядала сучаснай вуліцы Куйбышава — яе працяг злучаў Траецкую гару з Камароўкай (раён сучаснай вуліцы Янкі Купалы). Камароўка яшчэ ў першай палове XIX стагоддзя ўяўляла сабою вёску, якая знаходзіцца па-за межамі горада. Ад яе пачыналіся Лагойскі і Барысаўскі гасцінцы. Магілёўская дарога 1557 года пачыналася, мабыць, з гэтай жа вуліцы непасрэдна за мяжой горада, стромка зварочваючы ўздоўж берагоў Свіслачы ў раёне цяперашняй плошчы Перамогі, выходзячы далей на прадмесце Доўгі Брод і Сляпянку, дзе ад гэтай дарогі аддзялялася «дарога Друцкая»[13].

З іншых вуліц на Траецкай гары ў дакументах XVI—XVIII стагоддзяў згадваюцца: Плябанская вуліца і «вуліца да Плябанских млыноў» (магчыма, адна і тая ж вуліца) — у раёне сквера каля Опернага тэатра; вуліца Старосцінская Слабада — пачатковы адрэзак ліквідаванай у 1980-я гады Стараслабодскай вуліцы. Там жа, паміж Старосцінскай Слабадой і Замкавым мостам, па паўночным схіле Траецкай гары, уздоўж берага Свіслачы праходзіла адна з самых старых вуліц гэтага раёна — сучасная Старавіленская (у дакументах XVII—XVIII стагоддзяў звалася «вуліца каля ракі да Слабады»)[13].

Старадаўнія будынкі ў прадмесце, некаторыя з іх маюць падмуркі XVII стагоддзя

Прадмесце было звязана з раёнам замка мостам і плацінай, з другой паловы XVI стагоддзя — двума мастамі[7]. У XV—XVII стагоддзях па перыметры Мінска (у тым ліку і ў Траецкім прадмесці) былі пабудаваны ўмацаванні з землянымі валамі і равамі[14]. З канца XVI стагоддзя фіксуюцца першыя згадванні пра Траецкі рынак — найбуйнейшую гандлёвую пляцоўку горада[7].

Старажытная планіроўка прадмесця захоўвалася без змен да пачатку XIX стагоддзя, калі падчас вялікага пажару 1809 года выгарэла практычна ўся забудова Траецкай гары, асабліва ў яе цэнтральнай і паўночнай частках[13]. У наступныя гады быў распрацаваны план аднаўлення забудовы Траецкага прадмесця[15][16]. Да гэтага часу адносіцца прынцыпова новае праектнае рашэнне планавання ўсёй левабярэжнай часткі Мінска, якое ў агульных рысах захавалася да нашых дзён. У яго аснову былі пакладзены пяць доўгіх вуліц, які веерам разыходзіліся ад стрэлкі мыса (гэта значыць ад моста), і пяць папярочных вуліц, якія перасякаюць іх. Гэта сетка з дзесяці вуліц утварала каля 20 прамавугольных і трапецападобных кварталаў з вялікай прамавугольнай плошчай у цэнтры. З пажарам і наступнымі горадабудаўнічымі працамі звязана першае і найбольшае зрыванне мысавай часткі Траецкай гары. Да пачатку XIX стагоддзя сам мыс быў значна вышэй, а яго схілы, звернутыя да Свіслачы, — куды больш стромкімі, чым у наш час[13].

Паводле беларускага падарожніка і краязнаўца Паўла Шпілеўскага ў сярэдзіне XIX стагоддзя мінчукі адносілі Траецкае прадмесце разам з Нізкім рынкам, Ракаўскім прадмесцем і Пятніцкім (Татарскім) канцом да мінскага «Старога месца»[17]. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў Траецкая гара ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку горада. Раён вылучаўся неаднастайным саслоўным складам насельніцтва (сяляне, працоўныя, гандляры, чыноўнікі ніжэйшых рангаў, дробныя памешчыкі) і даволі кантрасным вонкавым відам[18].

Асноўнай вуліцай прадмесця была Аляксандраўская (цяпер Максіма Багдановіча), названая ў гонар расійскага імператара Аляксандра I. Паралельна ёй ішла захаваная і дагэтуль Старавіленская вуліца. Гэтыя вуліцы злучаліся некалькімі завулкамі. Першы з іх — Аляксандраўская набярэжная (цяпер вуліца Траецкая набярэжная). Тут знаходзіліся знакамітыя мінскія лазні, якія стаялі на самым беразе Свіслачы. Другі — Траецка-Паліцэйскі завулак (пачатак сучаснай вуліцы Старажоўскай каля Траецкага прадмесця). Трэці — Першы семінарскі завулак (Камунальны), а чацвёрты — Другі семінарскі, ці Мітрапалічы, завулак, які праходзіў за мужчынскай духоўнай семінарыяй (Сувораўскае вучылішча)[18].

Агульны выгляд Траецкага прадмесця. На заднім плане віднеецца маналіт Палаца Рэспублікі

Лаўская набярэжная цягнулася ад Хлусава (цяпер Багдановіча) да Паліцэйскага моста (цяпер Купалы). Вуліца Георгіеўская (захавалася яе частка — вуліца Чычэрына) ішла ад Свіслачы праз Траецкі рынак (цяпер плошча Парыжскай камуны) у бок Камароўкі. Паралельна Георгіеўскай ішла вуліца Плябанская ці Плябанскіх млыноў (цяпер Куйбышава), назва якой паходзіць ад вадзяных млыноў Траецкай златагорскай плябані, якія знаходзіліся непадалёк . У 1866 годзе яна пераназвана ў Шырокую. Белацаркоўная вуліца (цяпер не існуе; пралягала ад Тэатра оперы і балета да плошчы Перамогі) супадала са старымі дарогамі на Магілёў і Барысаў. Назва яе паходзіць ад «Белай царквы», як звалі гараджане царкву каля жаночага духоўнага вучылішча (цяпер штаб Міністэрствы абароны Рэспублікі Беларусь)[18].

На 1930-1960-я гады прыпадае знішчэнне некаторых аб’ектаў на тэрыторыі прадмесця. Да іх адносяцца: каталіцкія могілкі XVI—XVIII стагоддзяў (цяпер сквер перад оперным тэатрам); тэрыторыя Узнясенскага манастыра XIII (?) — XVI стагоддзяў («Штаб Акругі») і іншыя. Частка вуліц, якія захаваліся пасля перапланоўкі пачатку XIX стагоддзя на ўскраінах Траецкага прадмесця, была знішчана ўжо пазней — у 1980-я гады. Да іх адносіцца, напрыклад, старадаўняя вуліца, якая праходзіла ўздоўж Свіслачы, — яна пачыналася каля сучаснага будынка Сувораўскага вучылішча, а заканчвалася каля сучаснай гасцініцы «Беларусь»[13]. У гэты ж час была праведзена рэстаўрацыя заходняй часткі прадмесця, якая ўяўляла сабой першае ў Беларусі комплекснае аднаўленне гістарычнай забудовы. Аднак рэстаўратарам не атрымалася пазбегнуць некаторых адмоўных момантаў. Напрыклад, была знішчана частка забудовы XVII стагоддзя ўздоўж Камунальнай набярэжнай[19].

Храналогія падзей

Траецкі манастыр базыліянак на малюнку 1800 года
Траецкі манастыр. Сучасны выгляд
Траецкі манастыр, фасад будынка
Духоўная семінарыя, дарэвалюцыйная паштоўка
Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь
Траецкае прадмесце 1 верасня 1941 года
Банкнота з выявай прадмесця

Сучаснасць

Панарама Траецкага прадмесця і Высокага рынкаПанарама Траецкага прадмесця і Высокага рынка

14 ліпеня 2004 года ўказам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 330 «Пра развіццё гістарычнага цэнтра г. Мінска» былі зацверджаны межы тэрыторыі гістарычнага цэнтра, а таксама канцэпцыя яго рэканструкцыі, развіцця і функцыянальнага выкарыстання аб’ектаў нерухомай маёмасці і тэрыторыі. У ахоўную зону была ўключана заходняя частка Траецкага прадмесця разам з тэрыторыяй 2-ой гарадской бальніцы[42]. Галоўным элементам ахоўнай зоны з’яўляецца квартал прамавугольнай формы, размешчаны паміж вуліцамі Максіма Багдановіча, архітэктара Заборскага, Старавіленскай і Траецкай набярэжнай. Ён быў узведзены па рэгулярнаму плану Мінска 1817 года. Кожны будынак гэтага квартала мае ўласную гісторыка-архітэктурную каштоўнасць, а разам яны ўтвараюць суцэльны комплекс Старога горада[29]. Адрэстаўраваная заходняя частка прадмесця ўяўляе сабой своеасаблівы музей пад голым небам, у якім адноўлены стыль і пэўныя ўзоры гарадской каменнай забудовы XIX стагоддзя. У старых будынках размяшчаюцца музеі, магазіны і кафэ.

У адпаведнасці з праектам развіцця гістарычнага цэнтра мінскага праектнага інстытута «Мінскпраект», у найбліжэйшай будучыні плануецца рэканструкцыя комплексу былога Траецкага манастыра базыліянак пад цэнтр дзелавых кантактаў і дзелавога турызму. Гэты цэнтр будзе злучаны пешым памостам з адрэстаўраванай у 1982—1985 гадах заходняй часткай прадмесця[43].

Дом Вігдорчыка
Дом Пінсуховіча
«Кітаеўская» сінагога (цяпер «Дом прыроды»)
Будынак фабрыкі Цытвера
Сувораўскае вучылішча
Трэці Дом саветаў
Тэатр оперы і балета пасля рэканструкцыі
Музей Максіма Багдановіча

Помнікі архітэктуры

14 мая 2007 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову «Пра статус гісторыка-культурных каштоўнасцей», паводле якога забудова, планіроўка, ландшафт і культурны пласт гістарычнага цэнтра Мінска атрымалі адпаведны ахоўны статус[36]. Адбор тых ці іншых пэўных аб’ектаў ажыцяўляўся па рашэнні Беларускага рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры[36]. Важкая частка помнікаў культуры Мінска знаходзіцца менавіта на тэрыторыі Траецкага прадмесця. Так, ахоўны статус мае комплекс з 24 будынкаў пачатку XIX—XX стагоддзяў, размешчаны ў трапецападобным квартале, утвораным вуліцамі Багдановіча, Старавіленскай, Старажоўскай і Траецкай набярэжнай[44]. Некаторыя з гэтых будынкаў збудаваны на аснове больш ранніх камяніц[19]. Сярод гэтага комплексу найбольш вядомыя так званы дом Вігдорчыка па Траецкай набярэжнай 6, у якім у 1890—1891 гадах здымаў кватэру Дамінік Луцэвіч — бацька класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы[45], дом Пінсуховіча па Старажоўскай 5 (некалі здаваўся пад казармы 9-й і 10-й роты Серпухаўскага палка)[45], пабудаваная ў 1874 годзе «Кітаеўская» сінагога (Багдановіча, 9а), у якой цяпер размяшчаецца «Дом прыроды». У будынку па адрасе вуліца Багдановіча, 15 (ранняе Аляксандраўская, 11) знаходзілася абутковая фабрыка Цытвера[46]. Вытворчасць адкрылася ў 1871 годзе як шавецкая майстэрня. Вядома, што ў 1913 годзе на фабрыцы было занята 40 працоўных, меўся рухавік. У тым жа годзе было выраблена абутку на 55 тысяч рублёў[47].

На вуглу Аляксандраўскай вуліцы і Аляксандраўскай набярэжнай размяшчаўся дом Ушакова (цяпер магазін «Шкло, фарфор» па Багдановіча, 1). У 1886 годзе ў гэтым доме на кватэры правізара Паўлоўскага быў праведзены сход народнікаў, на якім было вырашана актывізаваць дзейнасць і пачаць выдаваць часопіс «Сацыялістычны будынак»[19][47]. Па невядомых прычынах у спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей будынак адсутнічае.

Асобнае месца займае комплекс будынкаў 2-й гарадской клінічнай бальніцы (вуліца Багдановіча, 2), які з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці маюць чатыры будынкі: корпус былога Траецкага манастыра базыліянак, пабудаваны ў 1799—1800 гадах; дом інвалідаў, багадзельня і гаспадарчая пабудова (усе тры будынкі збудаваны ў 1840—1847 гадах). Губернская земская бальніца была адкрыта ў 1799 годзе[42]. Да 1903 года знаходзілася ў распараджэнні Загада грамадскай апекі. Падчас пажару 1809 года вялікая частка драўляных пабудоў манастыра выгарэла. Захаваныя будынкі пасля ліквідацыі уніі ў 1839 годзе былі перададзены бальніцы. Перабудова манастырскіх будынкаў пад патрэбы бальніцы, якая завяршылася да 1850 года, была ажыццёўлена па праекце губернскага архітэктара Казіміра Хрышчановіча. У будынку Траецкага манастыра базыліянак размяшчалася тэрапеўтычнае аддзяленне, разлічанае на 70 коек. Псіхіятрычнае аддзяленне займала асобны двухпавярховы корпус. Пасля таго, як у 1910 годзе багадзельня была пераведзена ў Барысаў, будынак быў перададзены псіхіятрычнаму аддзяленню, за кошт чаго яно было пашырана з 40 да 180 месцаў. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў бальніцы працаваў урачом інспектар мінскай медыцынскай управы Даніла Восіпавіч Спасовіч, які, па словах Шпілеўскага, карыстаўся «павагай і любоўю ўсяго Мінскага края»[17][42].

У спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей занесены таксама некалькі будынкаў, якія цяпер адносяцца да Сувораўскага ваеннага вучылішча (вуліца Багдановіча, 29). Галоўны корпус вучылішча (корпус 2/3) быў пабудаваны на сродкі Таварыствы дабрадзейства па праекце архітэктара Міхаіла Чахоўскага ў 1811 годзе як галоўная частка комплексу кляштара марыявітак і шпіталя[32]. Будынак служыў у якасці касцёла да 1854 года, калі кляштар быў скасаваны, а яго карпусы перададзены праваслаўнай духоўнай семінарыі, заснаванай у 1793 годзе ў Слуцку. У будынку таксама размяшчаліся рэдакцыі епархіяльнай газеты «Минские губернские новости» («Мінскія губернскія навіны» (выдавалася з 1869 па 1920 год)) і часопіса рэлігійнага таварыства «Православный братчик» («Праваслаўны братчык» (у 1910—1911 гадах выйшла сем нумароў)). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі семінарыю зачынілі. У 1921 годзе ў яе карпусах размясціліся Мінскія пяхотныя курсы, якія ў 1924 годзе трансфарміраваліся ў Аб’яднаную беларускую школу. Выкладанне ў гэтай сярэдняй навучальнай установе вялося на беларускай мове[32]. Да вайны ў будынку таксама знаходзілася рэдакцыя газеты «Чырвонаармейская праўда». Падчас акупацыі немцы наладзілі на старым абсталяванні выданне газеты «Прарыў»[24]. У 1952 годзе пад кіраўніцтвам архітэктара Георгія Заборскага была пачата рэканструкцыя былога комплексу манастыра, у якім планавалася адкрыць Сувораўскае ваеннае вучылішча. Падчас рэканструкцыі, завершанай у 1955 годзе, да галоўнага было дабудавана два паверхі, а таксама збудаваны два новых корпуса[32]. Абодва новыя будынкі — карпусы 2/1 і 2/7 (спартыўная зала) — таксама з’яўляюцца помнікамі архітэктуры і занесены ў спіс ахоўных аб’ектаў.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Боровой Р. В. Минские древности. «Cтарый город» средневекового Минска по письменным источникам. // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 15. 2000 г.
  2. Баравы Р. В. Дзе быў стары горад // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1. С. 543
  3. «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006.— 696 с. ISBN 985-11-0344-6. C. 196—197
  4. «Формирование территории г. Минска (1800—2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006.— 696 с. ISBN 985-11-0344-6. C. 550—551
  5. Траецкае прадмесце Архівавана 16 сакавіка 2010.. Афіцыйны турыстычны партал Мінска.  (Праверана 14 снежня 2010)
  6. 1 2 3 4 5 Ярмоленка, 2008
  7. 1 2 3 Памяць, 2001, с. 553.
  8. (бел.)  Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мн.: БелЭн, 2006. — С. 223.
  9. 1 2 (бел.)  Кулагін А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. — С. 269.
  10. (бел.)  Баравы Р. В. Гістарычная тапаграфія горада // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4 кн. — Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 541.
  11. 1 2 (бел.)  Пазняк 3. С. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Мн.: Народная асвета, 1985.
  12. Боровой, 2000
  13. 1 2 3 4 5 6 7 Боровой Р., 1997
  14. 1 2 3 4 Памяць, 2001
  15. (бел.)  Лакотка А. І. Сілуэты старога Мінска. Нарысы драўлянай архітэктуры. — Мн.: Полымя, 1991. — С. 31.
  16. (бел.)  Беларусы: У 8 т. — Т. 2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. — С. 72.
  17. 1 2 3 4 Шпилевский, 1992
  18. 1 2 3 (бел.)  Сацукевіч I. Тапанімія вуліц і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ века // Беларускі калегіюм, 4 чэрвеня 2008.
  19. 1 2 3 Троицкое предместье Архівавана 29 сакавіка 2009. // Сайт «Минск старый и новый».  (Праверана 14 снежня 2010).
  20. Боровой, 2000, с. 543.
  21. 1 2 (бел.)  Дзянісаў У. М. На Траецкай гары // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 337.
  22. (бел.)  Мінск. Стары і новы / Аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мн.: Харвест, 2007. — С. 54.
  23. 1 2 (бел.)  Дзянісаў У. М. Першы касцёл // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. — С. 310.
  24. 1 2 Сувораўскае ваеннае вучылішча Архівавана 13 верасня 2011.. // Сайт «Мінск стары і новы».  (Праверана 14 снежня 2010).
  25. (бел.)  Ігумен Нікан (Лысенка). Духоўная семінарыя // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 2-я. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — С. 456.
  26. (бел.)  Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. — С. 188.
  27. Мінск. Стары і новы, 2007, с. 59.
  28. (бел.)  Яцкевіч З. Л. Невядомая уніяцкая царква // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 339.
  29. 1 2 3 4 Мінск. Старыя і новыя, 2007
  30. Шыбека, 1994
  31. Шыбека, 1994, с. 114.
  32. 1 2 3 4 Будынак, 2007
  33. Куркоў, 2007, с. 11.
  34. (бел.)  III Дом Саветаў // Сайт «МЕНСК.BY».  (Праверана 14 снежня 2010).
  35. (бел.)  3-і Дом Саветаў, вул. М. Горкага, 23 // Мінск. Стары і новы / Аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мн.: Харвест, 2007. — С. 57.
  36. 1 2 3 4 Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей». — С. 49-51.  (Праверана 14 снежня 2010).
  37. Валажынскі, 2007
  38. Мінск. Стары і новы, 2007, с. 60.
  39. Выведзеныя з абароту банкноты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. 5 000 рублёў (нявызн.) (недаступная спасылка). Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 12 студзеня 2012. Праверана 14 декабря 2010.
  40. У мінскіх сувораўцаў з’явіўся свой храм(недаступная спасылка) // Мінскія духоўныя школы.
  41. (бел.)  У Менску з’явіліся скверы «Траецкая гара», «Старосцінская слабада» ды Лютэранскі Архівавана 3 чэрвеня 2009. // Наша Ніва, 14 мая 2009.
  42. 1 2 3 Другая гарадская клінічная бальніца (нявызн.) (недаступная спасылка). Мінск стары і новы. Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2011. Праверана 14 снежня 2010.
  43. Бубноўскі Д. Гістарычны шанец гістарычнага цэнтра Мінска(недаступная спасылка) // Архітэктура і будаўніцтва. — № 2, 2005.
  44. Да іх адносяцца будынкі па адрасах: вул. Багдановіча, 3, 7, 7а, 9, 9а, 11, 13, 15, 17, 17а, 19, 21; Траецкая набярэжная, 4, 6, 8; вул. Старавіленская, 2, 4, 6, 8, 12, 14, 16; вул. Старажоўская, 3, 5.
  45. 1 2 Мінск // Сайт «Глобус Беларусі». — С. 2.  (Праверана 14 снежня 2010).
  46. Мінск (нявызн.) (недаступная спасылка). Глобус Беларусі. Архівавана з першакрыніцы 23 снежня 2021. Праверана 14 снежня 2010.
  47. 1 2 Вуліца Максіма Багдановіча (нявызн.) (недаступная спасылка). Мінск стары і новы. Архівавана з першакрыніцы 14 верасня 2011. Праверана 14 снежня 2010.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
XII стагоддзе ў Мінску
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Траецкае прадмесце
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
З’явіліся ў XII стагоддзі
Гістарычныя раёны Мінска
Славутасці Мінска
Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы