До́ўгі Брод, Даўгабро́дскае прадмесце — гістарычны раён Мінска, размешчаны ў заходняй частцы горада, на поўдзень ад Вайсковых могілак на старадаўнім Магілёўскім гасцінцы.
На паўднёвым захадзе ад Доўгага Броду размяшчаецца Стромкі (Круты) Бераг, на паўночным захадзе — Залатая Горка, на ўсходзе — Малая Сляпянка, на паўночным ўсходзе — Маляўшчына, на поўдні — Архірэйская Слабодка[1][2].
Назва прадмесця паходзіць ад броду праз рэчку Слепню, што існаваў на старажытным Магілёўскім шляху. У XVIII—XIX стст. у Магілёў пачалі вандраваць па Ігуменскім гасцінцы, а стары шлях выкарыстоўваўся для праезду ў навакольныя вёскі і сядзібы. Пасля ўзнікнення ў пачатку XX ст. урочышча Доўгі Брод (цяпер рог вуліц Батанічнай і Казлова) людзі пачалі сяліцца ўздоўж старой Магілёўскай дарогі. Гэтак утварылася прадмесце і Даўгабродская вуліца[3].
У пачатку XX ст. Доўгі Брод уваходзіў у трэцюю паліцэйскую частку горада. Праз прадмесце праходзілі Даўгабродская (цяпер Казлова, частка вуліцы захавала гістарычную назву), 2-я Даўгабродская (часткова Чапаева), Мар’еўская (захавалася часткова), Берасцянская (захавалася часткова), Залатагорская (Чырвоназоркавая), Высокая (часткова Платонава), Цвёрдая (не захавалася) вуліцы[1][4][5].
У цяперашні час пра колішняе прадмесце нагадвае Даўгабродская вуліца (у 1967 годзе перайменаваная ў гонар Казлова, аднак у 1987 — паўднёвай частцы вуліцы была вернутая гістарычная назва).