Я́нкавіцкі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Расонскага раёна Віцебскай вобласці Беларусі. Цэнтр — вёска Янкавічы.
Утвораны 20 жніўня 1924 года як Сяляўшчынскі сельсавет у складзе Расонскага раёна Полацкай акругі БССР. Цэнтр — вёска Сяляўшчына. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Расонскім раёне БССР, з 21 чэрвеня 1935 года — Полацкай акругі, з 20 лютага 1938 года — Віцебскай вобласці, з 20 верасня 1944 года — Полацкай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — Віцебскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Руднянскага сельсавета[1]. 23 лістапада 1959 года ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Расонскага пассавета перададзена вёска Залюбежжа, у склад Клясціцкага сельсавета — вёскі Замошша і Канцавыя[2]. З 25 снежня 1962 года сельсавет у складзе Полацкага раёна. 27 снежня 1962 года ў склад сельсавета ўключана вёска Замошша Клясціцкага сельсавета, якая была перададзена ў склад Полацкага раёна падчас скасавання Расонскага раёна[3]. З 6 студзеня 1965 года ў складзе адноўленага Расонскага раёна. 14 ліпеня 1967 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Янкавічы, сельсавет перайменаваны ў Янкавіцкі[4]. 7 сакавіка 1978 года ў склад сельсавета з адміністрацыйнага падпарадкавання Расонскага пассавета перададзена вёска Залюбежжа[5]
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 946 чалавек[6], з іх 91,5 % — беларусы, 7,5 % — рускія, 0,5 % — украінцы[7].