Валоба, Волаба — возера ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Дрыса, за 34 км на ўсход ад гарадскога пасёлка Расоны, каля вёскі Азёрная на тэрыторыі ландшафтнага заказніка Сіньша. Плошча паверхні 3,32 км². Найбольшая глыбіня 9,9 м. Даўжыня 4,62 км. Найбольшая шырыня 1,4 км. Даўжыня берагавой лініі 17,1 км. Аб’ём вады 17,2 млн. м³. Плошча вадазбору 51,1 км².
Катлавіна складанай формы, з мноствам заліваў, ляжыць сярод маляўнічных азёр, аб’яднаных пратокамі з ракой Дрыса. Схілы катлавіны вышынёй 9—15 м (на паўднёвым захадзе і поўдні 5—7 м), пад лесам, на захадзе разараныя. Берагі пясчаныя, на ўсходзе зліваюцца са схіламі. Ёсць 9 астравоў агульнай плошчай 7 га. Прыбярэжная зона да глыбіні 3—4 м (у заходняй частцы да 5—7 м) пясчаная. Зарастае ўздоўж берагоў, шырыня паласы расліннасці да 30 м. Упадае рака Студзёніца, ручай з возера Опціна[1]. Злучана шырокай і глыбокай пратокай з возерам Сіньша.
У возеры водзяцца шчупак, плотка, лешч, гусцяра, краснапёрка, акунь, мянтуз, лінь і іншыя віды рыб.