wd wp Пошук:

Крупскі раён

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Крупскі. Кру́пскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным усходзе Мінскай вобласці. Цэнтр — горад Крупкі. Мяжуе з Барысаўскім і Бярэзінскім раёнамі Мінскай вобласці, Лепельскім, Чашніцкім і Талачынскім раёнамі Віцебскай вобласці, Круглянскім і Бялыніцкім раёнамі Магілёўскай вобласці. Гарадскія пасёлкі: Бобр і Халопенічы.

Геаграфія

Раён размешчаны пераважна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, паўночна-ўсходняя частка — Аршанскага ўзвышша. Пераважаюць вышыні 160—180 м, максімальная — 225 м (на паўночны захад ад вёскі Хацюхова).

Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня -7,4 °С, ліпеня 17,9 °С. Сярэднегадавая колькасць ападкаў складае 685 мм. Вегетацыйны перыяд — 187 дзён.

На тэрыторыі раёна цякуць 25 рэчак і 27 ручаёў. Асноўная рака — Бобр з прытокамі Нача, Еленка, Можа і інш. належыць да басейну Бярэзіны. Рака Брусята.

Найвялікшае возера — Сялява, яго абалону складае ландшафтавы заказнік дзяржаўнага значэння Сялява (раней Прокшыцкія балоты). Іншыя буйныя азёры — Худавец і Абіда.

Лясы займаюць 42 % плошчы раёна (хваёвыя, яловыя, бярозавыя), балоты 3,1%. Ландшафтавы заказнік дзяржаўнага значэння — Сялява.

Гісторыя

Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Барысаўскай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Крупкі. 20 жніўня 1924 года падзелены на 11 сельсаветаў: Бобрскі, Выдрыцкі, Жаберыцкі (Малажаберыцкі), Ігрушкаўскі (Ігрушацкі, Ігрушаўскі), Крупскі, Нацкі, Сакаловіцкі, Стараслабодскі, Ухвальскі, Шынкоўскі, Шэйкаўскі (Шэйскі). З 9 чэрвеня 1927 года раён у складзе Менскай акругі, з 18 чэрвеня 1927 года — Аршанскай акругі. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны Абчугскі, Вялікахальнявіцкі (Хальнявіцкі), Дубоўскі, Заборскі, Смародзінскі (Смардзянскі) сельсаветы скасаванага Чарэйскага раёна і Грыцкавіцкі, Траянаўскі, Узнацкі, Халопеніцкі, Хацюхоўскі сельсаветы скасаванага Халопеніцкага раёна. 12 лютага 1935 года Вялікахальнявіцкі (Хальнявіцкі), Грыцкавіцкі, Дубоўскі, Заборскі, Траянаўскі, Узнацкі, Халопеніцкі і Хацюхоўскі сельсаветы перададзены зноў утворанаму Халопеніцкаму раёну. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Мінскай вобласці. 27 верасня 1938 года Крупкі атрымалі статус гарадскога пасёлка. 17 лютага 1941 года вёска Бобр аднесена да катэгорыі гарадскіх пасёлкаў. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Сакаловіцкі, Смародзінскі і Шынкоўскі сельсаветы. 20 студзеня 1960 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Халопенічы і Вялікахальнявіцкі, Заборскі, Халопеніцкі, Хацюхоўскі сельсаветы скасаванага Халопеніцкага раёна. 5 мая 1962 года Заборскі сельсавет перайменаваны ў Акцябрскі, Шэйкаўскі сельсавет скасаваны. 4 студзеня 1964 года Стараслабодскі сельсавет перайменаваны ў Дзянісавіцкі, 1 кастрычніка 1973 года Вялікахальнявіцкі сельсавет — у Янаўшчынскі. 31 сакавіка 1977 года скасаваны Бобрскі сельсавет. 13 верасня 1982 года Жаберыцкі сельсавет перайменаваны ў Дакудаўскі. 22 красавіка 1991 года скасаваны Халпеніцкі сельсавет. 7 мая 1991 года гарадскі пасёлак Крупкі атрымаў статус горада раённага падпарадкавання. 20 кастрычніка 1995 года горад Крупкі і Крупскі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 30 кастрычніка 2009 года Халопеніцкі пассавет рэарганізаваны ў Халопеніцкі сельсавет, скасаваны Выдрыцкі, Дакудаўскі, Дзянісавіцкі і Янаўшчынскі сельсаветы[4]. 16 снежня 2009 года Бобрскі пассавет рэарганізаваны ў Бобрскі сельсавет[5]. 28 мая 2013 года скасаваны Абчугскі і Нацкі сельсаветы[6].

Эканоміка

Прамысловы патэнцыял раёна прадстаўлены 3-ма прадпрыемствамі: ТАА «Амкадор-Можа», ААТ «Крупскі льнокамбінат», ААТ «Туршоўка».

Транспарт

Раён перасякаюць чыгунка і рэспубліканская аўтамагістраль Мінск — Масква М1, а таксама рэспубліканская дарога Чашнікі — Бобр — Бабруйск Р62.

Культура

Працуюць 22 клубныя ўстановы: Крупскі раённы цэнтр культуры, 3 гарпасялковыя дамы культуры, 3 сельскія дамы культуры, 13 сельскіх клубаў-бібліятэк, Ухвальскі Цэнтр культуры і вольнага часу і раённы дом рамёстваў, 12 бібліятэчных устаноў: цэнтральная бібліятэка, 2 гарпасялковай бібліятэкі, 1 дзіцячая бібліятэка, 3 сельскія бібліятэкі, 5 сельскіх бібліятэк-клубаў; дзяржаўная ўстанова культуры «Крупскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей» з мастацкай галерэяй.

Вядомыя асобы

Славутасці

Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Крупскага раёна Зноскі

  1. 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
  2. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  3. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  4. Решение Минского областного Совета депутатов от 30 октября 2009 г. № 219 Об изменении административно-территориального устройства Минской области Архівавана 28 чэрвеня 2021.
  5. Решение Минского областного Совета депутатов от 16 декабря 2009 г. № 231 Об изменении административно-территориального устройства Минской области Архівавана 10 кастрычніка 2021.
  6. Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области Архівавана 31 сакавіка 2016.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Крупскі раён
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Раёны, утвораныя ў 1924 годзе