Дзяні́савіцкі сельсаве́т — былая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Крупскага раёна Мінскай вобласці Беларусі. Цэнтр — вёска Новыя Дзянісавічы.
Утвораны 20 жніўня 1924 года як Стараслабодскі сельсавет у складзе Крупскага раёна Барысаўскай акругі БССР. Цэнтр — вёска Старая Слабада. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Менскай акругі, з 18 чэрвеня 1927 года — у складзе Аршанскай акругі. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Крупскім раёне БССР, з 20 лютага 1938 года — Мінскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Шынкоўскага сельсавета[1]. 4 студзеня 1964 года ў склад Ухвальскага сельсавета пералічаны 15 населеных пунктаў (Бярозка, Красны Пахар, Мажаны, Матошка, Машчаніца, Новая Ніва, Новая Слабада, Новы Шлях, Новыя Пышачы, Свірыдаўка, Селішча, Сомры, Старая Слабада, Старыя Пышачы і Трудавік), наўзамен у склад сельсавета з Ухвальскага сельсавета пералічаны 6 населеных пунктаў (Вялікі Вязок, Дзянісавічы, Захараўка, Малы Вязок, Новы Сакол і Стары Сакол), цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Дзянісавічы, сельсавет перайменаваны ў Дзянісавіцкі[2]. 31 ліпеня 1972 года ў склад Ухвальскага сельсавета перададзена вёска Захараўка[3]. 30 кастрычніка 2009 года сельсавет скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Ухвальскага сельсавета[4].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года складала 484 чалавекі[5], з іх 94,2 % — беларусы, 3,1 % — рускія, 1,0 % — украінцы[6].
На момант скасавання ў склад сельсавета ўваходзілі 11 населеных пунктаў: вёскі Вялікі Вязок, Дубавое, Забалоцце, Малы Вязок, Новы Сакол, Новыя Дзянісавічы, Папарнае, Стары Сакол, Старыя Дзянісавічы, Шынкі і Яджар.