wd wp Пошук:

Змаганне

«Змага́нне» ― беларуская дэпутацкая фракцыя польскага сойма ў 1928—1930 гадах.

Гісторыя стварэння

Плакат «Змагання»

Створана ЦК КПЗБ у снежні 1927 года як выбарчы рабоча–сялянскі камітэт па падрыхтоўцы выбараў у польскі сойм.

У выніку выбараў 4 сакавіка 1928 года у сойм былі абраны 5 беларускіх дэпутатаў: І. С. Дварчанін, І. Е. Гаўрылік, Ф. І. Валынец, І. М. Грэцкі, А. Стагановіч (у лютым 1929 яго замяніў П. С. Крынчык). Яны заснавалі ў сойме беларускі рабоча–сялянскі пасольскі клуб «Змаганне», які супрацоўнічаў з камуністычнай фракцыяй сойма і фактычна стала фракцыяй КПЗБ. Узначальваў клуб І. Е. Гаўрылік, але на самой справе працай клуба кіраваў упаўнаважаны ЦК КПЗБ Г. М. Муха-Мухновскі[1].

Дзейнасць «Змагання»

Стварыўшы вясной 1929 года амаль ва ўсіх паветах свае мясцовыя сакратарыяты, «Змаганне» стала ўплывовай палітычнай арганізацыяй у Заходняй Беларусі, высоўваючы тыя ж патрабаванні, што і яе папярэдніца ― Беларуская сялянска-работніцкая грамада, забароненая ў 1927 годзе[2].

Дэпутаты «Змагання», выступаючы ў сойме, крытыкавалі ўнутраную і знешнюю палітыку польскага урада, патрабавалі вызвалення палітычных зняволеных, самавызначэння Заходняй Беларусі. Яны патрабавалі перадачы сялянам зямлі без выкупу, для рабочых 8-гадзіннага працоўнага дня, навучання на беларускай мове.

«Змаганне» праводзіла мітынгі і дэманстрацыі працоўных, выпускала газеты нацыянальна-вызвольнага характару — «Змаганьня», «Свiтанне», «На варце», «Голас працы» і інш. У газетах публікаваліся інфармацыя пра жыццё у БССР, публіцыстычныя і навукова-папулярныя нарысы[3].

Пасля роспуску Ю. Пілсудскім сойма, 30 жніўня 1930 года польскія улады арыштавалі дэпутатаў сойма і мясцовых кіраўнікоў «Змагання», ліквідавалі ўсе 50 сакратарыятаў. Па прыгавору суда (Вільня, 1931) Валынец, Гаўрылік, Дварчанін і Крынчык прысуджаныя да 8 гадоў турмы кожны[4].

У кастрычніку 1930 года ў Вільні быў арганізаваны Цэнтральны сялянска–работніцкі выбарчы камітэт «Змаганне», старшыней якога стаў Б. Тарашкевіч, сакратаром І. Грэцкі, а казначэем М. Верамей. Мэтай камітэта была арганізацыя выбарчай кампаніі 1930 года ў польскі парламент ад «левых» партый Заходняй Беларусі. Польскія ўлады жорстка ціснулі ўзніклую выбарчую структуру, у выніку чаго яе дзейнасць была зведзена да мінімума.

Зноскі

  1. Хаўратовіч І. Змаганне // Энціклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 3. — Мн.: БелЭн, 1996. — С. 450.
  2. Maecki H. Dziaktlnosc Biatoniskiego Klubu Poselskiego «Zmahannie» na Bialostocczyznie w latach 1929—1930 // Powstanie i dzialaînosc Biatoniskiej Wkis’ciarfsko ― Robotniczej Hromády na Bialostocczyznie; Pod red. M. Nasowicza. ― Bialystok: Wydzial propagandy KW PZPR w Biafymstoku, 1973
  3. Данiловiч В. В. Друк арганiзацыi «Змагання» // Пытаннi гiсторыi Беларусі. 36. наук. арт. / Бел. дзярж. пед. ун-т iмя Максiма Танка; Пад агуль. рэд. А. М. Лютага. — Мн., 1998. — С. 80-85.
  4. Данiловiч В. В. Абвастрэнне пaлiтычнaгa становiшча ў Польшча. Лiквiдацыя арганiзацыi «Змагання» // Beсцi Беларускага дзяржаунага педагагiчнага ун-та. — 1998. — № 4. ― С. 86-90.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Палітычныя арганізацыі беларускай гісторыі
Катэгорыя·Арганізацыі беларусаў Польшчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Арганізацыі Заходняй Беларусі