wd wp Пошук:

Аляксандр Мікітавіч Уласаў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Уласаў. Аляксандр Мікітавіч Уласаў (16 жніўня 1874, Вілейка, Вілейскі павет, Віленская губерня (цяпер Вілейскі раён, Мінская вобласць, Беларусь) — 11 сакавіка 1941, ст. Марыінск, Новасібірская вобласць, РСФСР (цяпер Кемераўская вобласць, Расія) — беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, выдавец , публіцыст .

Біяграфічны нарыс

Бацька Аляксандра Уласава быў паштовым работнікам, які валодаў ладным кавалкам зямлі пад Радашковічамі[1].

Аляксандр Уласаў вучыўся ў духоўнай семінарыі і рэальным вучылішчы ў Пінску, рэальных вучылішчах у Мінску, Лібаве. У 1896—1906 гадах навучаўся на механічным аддзяленні Рыжскага політэхнічнага інстытута, курс не скончыў, ў студзені 1906 выключаны «за невзнос платы»[2]. З верасня 1902 па жнівень 1903 праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў якасці кандуктара Упраўлення інжынераў Варшаўскай крэпасці[3].

Супрацоўнікі рэдакцыі «Нашай Нівы» разам з сям’ёй Менке падчас вандроўкі па ваколіцах Вільні. Злева направа стаяць: Антон Грыневіч, Іван Луцкевіч, Лявон і Вольга Менке, Аляксандр Уласаў, Менке-маці, Кароль Менке-бацька, Юльяна і Люцык (Алойз) Менке. Вясна 1915 г. З фондаў БДАМЛМ

Падчас рэвалюцыі 1905—1907 гг. уключыўся ў грамадска-палітычную барацьбу, арганізоўваў забастоўкі батракоў у Радашковіцкім павеце, шаўцоў, музыкантаў, цырульнікаў у Мінску, прымаў удзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе. Адзін з арганізатараў і актывістаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), член яе ЦК. Распрацоўваў аграрную частку праграмы партыі на II з’езд (1906), удзельнічаў у партыйнай канферэнцыі ў Докшыцах (1907). Рыхтаваў да друку газету «Наша доля», з 8 снежня 1906 да 16 мая 1914 гг. быў рэдактарам-выдаўцом газеты «Наша ніва». Заахвоціў да працы ў рэдакцыі Я. Коласа, Я. Купалу, З. Бядулю, Ядвігіна Ш., вёў перапіску з М. Багдановічам, Я. Карскім, падтрымліваў сувязі з М. Горкім, І. Свянціцкім, М. Федароўскім і інш. За публікацыі супраць самадзяржаўя нераз прыцягваўся да судовай адказнасці, у 1909 асуджаны на 4 месяцы зняволення. Адзін з заснавальнікаў беларускага выдавецкага таварыства «Наша хата» ў Вільні. Удзельнічаў у друкаванні беларускіх календароў, зборнікаў «Нашай нівы», кніг Я. Коласа, М. Багдановіча, Ядвігіна Ш., Э. Ажэшкі і інш. У 1912 у Вільні наладзіў выданне сельскагаспадарчага часопіса «Саха», у 1914 у Мінску — краязнаўчага часопіса для беларускай моладзі «Лучынка». Займаўся правядзеннем у Вільні 1-й Краёвай выстаўкі дробнага промыслу і народнага мастацтва (1913), выстаўкі старажытнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Вільня—Менск» (1918). У 19141917 служыў у царскай арміі. Дэлегат з’езда воінаў-беларусаў Заходняга фронту ў кастрычніку 1917, Усебеларускага з’езда 1917. Як прадстаўнік правага крыла БСГ у лютым 1918 увайшоў у выканаўчы камітэт палітычнага аб’яднання «Менскае беларускае прадстаўніцтва».

12 красавіка 1918 г. кааптаваны ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, з ліпеня 1918 быў у яе сакратарыяце. Пасля расколу Рады БНР 13 снежня 1919 увайшоў у прэзідыум Найвышэйшай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

У канцы 1920 вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. За спробу адкрыцця ў Радашковічах беларускай гімназіі быў арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў канцлагер у Стшалкове. На выбарах у лістападзе 1922 абраны ў польскі сейм як беспартыйны. Цесна супрацоўнічаў з Беларускім пасольскім клубам. На парламенцкім узроўні абараняў нацыянальна-культурныя і сацыяльныя інтарэсы заходне-беларускага насельніцтва. Адзін з актывістаў Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. У лютым 1924 уступіў у Польска-беларускае таварыства ў Вільні. Прымаў удзел у рабоце Беларускай сялянска-работніцкай грамады, выступаў у абарону яе кіраўнікоў на судовым працэсе 56-і. Дом Уласава ў в. Мігаўка (цяпер Маладзечанскі раён) выкарыстоўваўся падпольшчыкамі для пераходу польска-савецкай мяжы. Арганізатар і адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. Пад яго апякунствам дзейнічала ў 1922-29 Радашковіцкая беларуская гімназія імя Ф. Скарыны. У 1930-я г. знаходзіўся пад пільным наглядам польскіх уладаў.

У верасні 1939 А. Уласаў вітаў паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Выказваўся за адкрыццё беларускай сярэдняй школы ў Радашковічах. 16 кастрычніка 1939 г. арыштаваны органамі НКУС па абвінавачанні ў «шпіёнска-правакатарскай дзейнасці».

Утрымліваўся ў зняволенні ў вілейскай турме[4]. 29 лістапада 1940 г. Асобай нарадай пры НКУС СССР асуджаны як «сацыяльна-небяспечны элемент» на 5 гадоў зняволення ў папраўча-працоўных лагерах. Высланы ў Сіблаг (Новасібірская вобласць, Расія). Памёр ад «параліча сэрца» (паводле даведкі) на ст. Марыінск (цяпер Кемераўская вобласць; паводле іншых звестак — на этапе ў г. Арол ці Рэспубліцы Марый Эл, Расія). Рэабілітаваны ў 1961.

Асветніцкая дзейнасць, публіцыстыка

Актыўна выступаць у друку Аляксандр Уласаў пачаў у 1908 на старонках газеты «Наша ніва». Садзейнічаў распрацоўцы беларускай літаратурнай мовы. У публікацыях закранаў значныя падзеі грамадска-палітычнага жыцця, выступаў супраць шавіністычнай палітыкі царызму, палемізаваў з праціўнікамі беларускага нацыянальнага адраджэння (арт. «Пакуль беларус спаў векавечным сном…», 1908; «Хаўрусныя балячкі», 1910; «Валасное земства і жыды», «Аб артыкуле пана С. ў „Новом времени“ і аб беларускіх „Саланевічах“, 1911; „Што думае народ аб школах“, „Міністэрская папраўка“, 1912, і інш.). Асвятляў розныя аспекты сацыяльна-эканамічнага жыцця беларускіх зямель (арт. „Аб гарадах“, „Аб ткацтве на Беларусі“, „Караблі для лятання ў паветры“ (аэрастаты)», 1909; «Аб эканамічным палажэнні нашага краю», «Абарот капіталаў у Беларусі», 1910; «Эміграцыя ў Амерыку», «Якая палітыка патрэбна для Беларусі?», 1911; «Дарагоўля харчовых прадуктаў і вываз іх за граніцу», 1912; «Аб дарогах у Беларусі», 1913, і інш.). Выказваў аптымізм наконт перспектыў развіцця гаспадаркі Беларусі. У 1909 г. у Вільні выдадзена яго праца «Аб гаспадарцы на хутары і шнурах». Свае погляды аб прагрэсіўных формах гаспадарання Аляксандр Уласаў адстойваў і на старонках часопіса «Саха», да супрацоўніцтва з рэдакцыяй якога прыцягнуў шырокае кола аграномаў, студэнтаў, гаспадароў-земляробаў. У 1917—1918 у газеце «Вольная Беларусь» пісаў пра развіццё харчовай прамысловасці, апублікаваў эканамічны нарыс «Беларусь. Літва». Надрукаваў у 1918 у газеце «Беларускі шлях» шэраг артыкулаў пра сацыяльн-эканамічнае і культурнае адраджэнне Беларусі, яе дзяржаўную самастойнасць («Я буду чыноўнікам», «Пасля вайны», «Валасная і местачковая палітыка», «Прасвета Беларусі» і інш.), успаміны пра К. Каганца і Г. Татура, у часопісе «Лучынка» — арт. «Вялікі бацька ўкраінцаў» (1914) пра Т. Шаўчэнку. Прымаў удзел у Мінску ў рэдагаванні часопіса «Экономическая жизнь», дзе публікаваў даследаванне з гісторыі аграрнага пытання, аб саматужнай вытворчасці ў Беларусі. Асноўныя яго палажэнні былі выкладзены таксама ў арт. «Хатнія промыслы ў Беларусі». (“Зборнік «Наша ніва», 1920).

У заходне-беларускі перыяд жыцця і дзейнасці (1921-39) у друку, выступленнях у польскім сейме, на сходах Аляксандр Уласаў выказваў занепакоенасць нацыянальным і сацыяльна-эканамічным прыгнечаннем мясцовага насельніцтва. Меў багатую бібліятэку, шмат архіўных матэрыялаў пра «нашаніўскі» перыяд, нацыянальную асвету ў Заходняй Беларусі і інш. У 1930-я г. пісаў успаміны «З майго жыцця» (захаваліся не поўнасцю).

Рукапісная спадчына А. Уласава зберагаецца ў Літаратурным музеі Я. Купалы (Мінск), некаторыя матэрыялы асабістага архіва — у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай АН Беларусі (Мінск), Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы (Вільнюс).

Працы

Зноскі

  1. Ліс, А. Выбранае / Арсень Ліс; [уклад. і камент. аўтара; прадм. М. Казлоўскага]. — Мн.: Беларуская навука, 2014. — 588 с., [4] л. іл., фат. — С. 21. — (Беларускі кнігазбор. Серыя 2, Гісторыка-літаратурныя помнікі). — ISBN 978-985-08-1659-7.
  2. LVVA. 7175.1.1905, № 5231, л. 83.
  3. Асабістая справа: LVVA. 7175.1.614, л. 2
  4. Тайны муроў Вілейскай турмы Архівавана 11 лістапада 2013.//«Рэгіянальная газета»

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (27):
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Выдаўцы паводле алфавіта
Катэгорыя·Краёўцы
Катэгорыя·Члены Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Катэгорыя·Памерлі ў 1941 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся 16 жніўня
Катэгорыя·Выпускнікі Рыжскага політэхнічнага інстытута (Расійская імперыя)
Катэгорыя·Члены Беларускага пасольскага клуба
Катэгорыя·Рэабілітаваныя ў СССР
Катэгорыя·Памерлі ў Новасібірскай вобласці
Катэгорыя·Сенатары Польскай Рэспублікі, 1918—1939
Катэгорыя·Выпускнікі Рыжскага тэхнічнага ўніверсітэта
Катэгорыя·Грамадскія дзеячы Беларусі
Катэгорыя·Памерлі 11 сакавіка
Катэгорыя·Пасмяротна рэабілітаваныя
Катэгорыя·Галоўныя рэдактары газеты «Наша Ніва»
Катэгорыя·Члены Таварыства беларускай школы
Катэгорыя·Публіцысты паводле алфавіта
Катэгорыя·Палітыкі Беларусі
Катэгорыя·Публіцысты Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1874 годзе
Катэгорыя·Выдаўцы Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Члены Беларускай сацыялістычнай грамады
Катэгорыя·Зняволеныя Вілейскай турмы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Вілейцы