wd wp Пошук:

Апіева дарога

Від на Апіеву дарогу

А́піева даро́га (лац.: Via Appia) — самая значная з антычных грамадскіх дарог Рыма. Дарога, пракладзеная ў 312 годзе да н.э. пры цэнзары Апіі Клаўдзіі Цэке, праходзіла з Рыма ў Капую, пазней была праведзена да Брундзізія. Праз яе было наладжана паведамленне Рыма з Грэцыяй, Егіптам і Малой Азіяй.

Уздоўж Апіевай дарогі размешчана мноства помнікаў: грабніцы і вілы рэспубліканскага і імперскага перыяду, хрысціянскія і іўдзейскія катакомбы, сярэднявечныя вежы і ўмацаванні, часцяком пабудаваныя на руінах рымскіх помнікаў, рэнесансныя і барочныя пабудовы.

Гісторыя

Апіева дарога была пабудавана па загаду цэнзара Апія Цэка ў 312 годзе да н.э. у дадатак да пабудаванай у 334 годзе да н.э. Лацінскай дарозе, якая злучала Рым з калоніяй Кальві (лац.: Calvi) каля Капуі.

Рымскі гісторык Ціт Лівій у IX кнізе з «Гісторыі ад заснавання горада» (лац.: «Ab urbe condita») так піша пра гэту падзею:

На гэты год прыпадае і знакамітае цэнзарства Апія Клаўдзія і Гая Плаўція, але Апіеву імя ў памяці нашчадкаў дастаўся шчаслівейшы лёс, таму што ён праклаў дарогу і правёў у горад ваду; здзейсніў ён усё гэта адзін, бо таварыш яго, засаромячыся бессаромнай нядобрасумленнасці, з якой былі складзены сенатарскія спісы, склаў з сябе пасаду[1][2].

Арыгінальны тэкст (лац.)   

Et censura clara eo anno Ap. Claudi et C. Plauti fuit; memoriae tamen felicioris ad posteros nomen Appi, quod uiam muniuit et aquam in urbem duxit; eaque unus perfecit quia ob infamem atque inuidiosam senatus lectionem uerecundia uictus collega magistratu se abdicauerat, Appius iam inde antiquitus insitam pertinaciam familiae gerendo solus censuram obtinuit.

Дыядор піша, што Апій выбрукаваў масіўнымі камянямі вялікую частку (больш 1000 стадый, гэта значыць больш паловы агульнай працягласці дарогі) названай яго імем дарогі ад Рыма да Капуі, адлегласць паміж якімі складае больш 1600 стадый, пры гэтым растраціўшы на будаўніцтва амаль усю дзяржаўную казну[3]. Дыядор паказвае на тое, што ўзвышаныя месцы былі скапаны, яры і ўпадзіны зраўнаваны насыпамі[4]. Апіева дарога была пабудавана ў тры асноўныя фазы:

У 71 годзе да н.э., уздоўж Апіевай дарогі ад Капуі да Рыма, пасля прыгнечання паўстання Спартака, былі раскрыжаваны больш 6 тысяч палонных рабоў.

Значэнне дарогі

Апіева дарога, фантастычна змененая ўяўленнем Піранезі

Апіева дарога мела важнае ваеннае, культурнае і гандлёвае значэнне. Тэадор Момзен адзначаў яе значэнне ў якасці ваеннай магістралі[4]. Так, першы ўчастак дарогі быў спланаваны і пабудаваны ў 312 годзе да н.э., гэта значыць падчас другой самніцкай вайны 326 па 304 гадоў да н.э. У вайне супраць Піра і падчас Македонскіх войн (206—168 да н.э.) Апіева дарога таксама служыла для падтрымкі рымлян[7]. Асабліва важным было тое, што падчас будаўніцтва дарогі Апій правёў канал праз Пантыйскія балоты, які асушыў зямлю і спрасціў адпраўленне караблёў з Лацыя ў Тарацыну. З антычнасці дарога мела найважнейшае значэнне, злучаючы Рым з такімі багатымі рэгіёнамі, як Кампанія, Апулія і пазней для развіцця гандлю з Усходам.

Ужо ў старажытнасці Апіева дарога звалася — «царыца дарог» (лац.: regina viarum): пра гэта піша, напрыклад, рымскі паэт Публій Папіній Стацый (лац.: Publius Papinius Statius) у творы «SILVAE» («Лясы»), кніга II: «Appia longarum teritur regina viarum»[8].

Неўзабаве рымляне сталі будаваць уздоўж дарогі манументальныя грабніцы і пышныя помнікі, убранне якіх стала справай прэстыжу. Так, ужо праз 20 гадоў пасля адкрыцця руху па Апіевай дарозе прадстаўнікі рымскага роду Сцыпіёнаў пабудавалі скляпы для пахавання членаў сям’і[9].

Роля дарогі захоўвалася таксама ў візантыйскі перыяд, як паведамленне Рыма з Новым Рымам, Канстанцінопалем. Пры імператарах Дыяклетыяне, Максенцыі, Канстанціне, Валентыніяне некаторыя ўчасткі Апіевай дарогі былі адноўлены і абноўлены[3].

Яны так шчыльна былі прыладжаны адзін да аднаго і як бы зліты, што для тых, хто глядзяць на іх здаваліся не прыкладзенымі адзін да аднаго, але зрослымі паміж сабою. І нягледзячы на тое, што на працягу гэтак доўгага часу па ёй штодня праязджала шмат калёс і праходзіла ўсякага роду жывёл, іх парадак і ўзгодненасць не былі парушаны, ніводны з камянёў не быў папсаваны і не стаў меншым, тым больш не страціў нічога са свайго бляску[10].

Яшчэ ў 536 годзе візантыйскі гістарыёграф Пракоп, захоплены яе структурай і старажытнасцю, з захапленнем апісваў дарогу[3][11]. Кароль остготаў Тэадорых Вялікі загадаў напачатку VI стагоддзі правесці рамонтныя працы на дарозе[3] і затым выкарыстоўваў яе для наступу войскаў на Рым у 536 годзе.

У Сярэднявеччы значэнне дарогі ў якасці гандлёвага і транспартнага маршруту пачало змяншацца, яна выкарыстоўвалася паломнікамі, якія вандравалі да катакомбаў, базілікі святога Себасцьяна, падарожнічаючы далей да порта Брундзізій, каб затым адправіцца да Святой зямлі. У катакомбах на Апіевай дарозе былі пахаваны шматлікія хрысціянскія святыя і мучанікі, напрыклад, святы Себасцьян, Папа Рымскі Калікст. Захаваліся даведнікі (лац.: Epitome de locis sanctorum, 638—642 года) для паломнікаў, у якіх азначаны шлях да святынь на Апіевай дарозе[12].

У IX—X стагоддзях Ватыкану належалі буйныя зямельныя ўгоддзі ўздоўж дарогі, аднак, помнікі паступова падупадалі пад уздзеяннем пагодных умоў і рук чалавека: на дарозе праходзіў збор будаўнічага матэрыялу — каменных блокаў, першым чынам траверціну — для будаўніцтва новых будынкаў. У XI стагоддзі царква пачала перадаваць уладанні ў рукі сем’яў рымскіх баронаў і графаў[13]. Так, графы Тускуланскія ператварылі грабніцу Цэцыліі Метэлы ў частку крэпасці. У 1300 годзе Баніфацый VIII Каэтані аддаў гэту крэпасць сваёй сям’і, прадстаўнікі якой увялі высокія дарожныя падаткі на тавары і падарожнікаў, так што стаў выкарыстоўвацца іншы маршрут у Рым: праз Новую Апіеву дарогу (італ.: Appia Nuova) і браму Сан-Джавані[14].

У канцы XVI стагоддзя Рыгор XIII загадаў пакласці пакрыццё на Appia Nuova, тым самым выцесніўшы старую Апіеву дарогу, якая стала звычайнай прыгараднай дарогай. У канцы XVII стагоддзі Інакенцій XII пабудаваў дарогу, якая злучала дзве Апіевы дарогі: Appia Pignatelli. Астатнія помнікі працягвалі падвяргацца далейшаму дэмантажу. Да канца XVIII стагоддзя Апіева дарога заставалася недаступнай для праезду. Цікавасць да раскопак на дарозе прыйшла з «модай» паляваць на рэшткі святых і мучанікаў і пастаўляць артэфакты ў музеі і калекцыі па ўсёй Еўропе. На частцы Апіевай дарогі ў XIX стагоддзі, калі яе расчышчалі па загадзе Папы Пія VI, археолагамі праводзіліся раскопкі.

Маршрут дарогі

Рым

Арыцыя

Тарацына (88 км.)

Фундзі

Формія (142 км.)

Мінтурна

Сінуэса

Капуя (195 км.)

Беневент

Венузія

Тарэнт

Урыя

Брундзізій (540 км.)

Via Appia пачыналася ля Капенскай брамы (лац.: Porta Capena) Сервіевай сцяны, менавіта з гэтага месца пачынаўся адлік мільных камянёў. Пасля будаўніцтва Аўрэліянавай сцяны частка Апіевай дарогі апынулася ў межах горада. Далей дарога праходзіла да рымскай брамы святога Себасцьяна (лац.: Porta San Sebastiano, раней Porta Appia) Аўрэліянавай сцены, 90 км прамой дарогі да Тарацыны, агінаючы з поўдня гару Альбана, перасякала Пантыйскія балоты. Апошнія 28 кіламетраў ішлі паралельна дрэнажным каналам, што дазваляла працягваць альтэрнатыўны маршрут на лодцы, возе ці на каню[5].

Маршрут дарогі праходзіў праз наступныя гарады: Арыцыя (лац.: Aricia), Апіеў форум (лац.: Forum Appii), Тарацына (лац.: Tarracina), затым праз Фундзі (лац.: Fundi), Формія (лац.: Formiae), Мінтурна (лац.: Minturnae), Сінуэса (лац.: Sinuessa), Казілін (лац.: Casilinum, (сучасная Капуя), (старажытная) Капуя (лац.: Capua, сёння Санта Марыя Капуа Ветэрэ, італ.: Santa Maria Capua Vetere). Другі ўчастак, пракладзены пазней, ішоў ад Капуі праз Беневент (лац.: Beneventum), Венузію (лац.: Venusia), якая стала рымскай калоніяй, з канчатковай паразай Тарэнта (лац.: Tarentum), і Тарэнт, з паразай месапаў, Урыя (лац.: Uria) і да Брундзізія (лац.: Brundisium) у Апуліі.

Імператар Траян загадаў пракласці карацейшую дарогу (Траянава дарога, Via Appia Traiana) ад Беневента да Брундзізія праз Барыум, якая скараціла час у дарозе да 13-14 дзён (вандраванне па Апіевай дарозе доўжылася да 15 дзён)[15].

Апіева дарога мела адгалінаванні, якія злучалі яе з іншымі вялікімі дарогамі, такімі, як via Domitiana (перасякаліся ў горада Сінуэса, далей ішла на поўдзень да Неапаля), via Setina, яка злучала Апіеву дарогу і горад Сетыя (лац.: Setia); Кампанская дарога з Капуі ў Кума (лац.: Cumae); via Aquillia, яка пачыналася ў Капуі ў Салерна (лац.: Salernum); via Minucia аб’ядноўвала Via Valeria і via Aquillia і перасякала Апіеву дарогу і Лацінскую дарогу.

У рысе горада Рыма дарога сёння завецца Старой Апіевай дарогай (італ.: Via Appia Antica), для адрознення ад Новай Апіевай дарогі (італ.: Via Appia Nuova), пабудаванай у 1780-х гадах паміж Рымам і возерам Альбана, і Віа Апія Піньятэлі лац.: Via Appia Pignatelli, пабудаванай каля 1700 года пры Папе Інакенціі XII для злучэння старой і новай Апіевых дарог.

Будова дарогі

Выдаткі на будаўніцтва і ўтрыманне дарог складалі велізарныя сумы. Так, надпіс на таблічцы, выяўленай на Апіевай дарозе, сведчыць пра правядзенне прац пры імператары Адрыяне: частку выдаткаў аплаціў імператар, іншую частку — жыхары прылеглых паселішчаў. Па падліках вучоных, выдаткі на мілю склалі ў сярэднім каля 109 тысяч сестэрцыяў[5] (для параўнання: хлеб у 75 годзе да н.э. каштаваў ад дзвюх да трох сестэрцыяў, а ў I стагоддзі н.э. 600 сестэрцыяў за рабыню лічыліся таннай платай)[16].

Падмурак дарогі быў выбрукаваны часанымі камянямі (з шэрага вулканічнага базальту — італ.: selce, лац.: silex), якія ўкладвалі на пласт галькі і цэменту (гл. асноўны артыкул Рымскія дарогі). Шырыня (да 4 метраў) дазваляла раз’ехацца двум конным экіпажам, па баках дарогі ішлі падобныя на тратуар узвышэння і глыбокія канавы для сцёку дажджавой вады.

Адна з калон, якія пазначалі канец дарогі ў Брындзізі

Аднак, у адным з лістоў брату Цыцэрон паведамляе пра тое, што падчас паводак дарогу блізка ад храма Марса залівала вадой, а ў іншым папярэджвае аб небяспецы замерзнуць «у нізінах Апіевай дарогі»[4].

На вызначанай адлегласці адзін ад аднаго знаходзіліся дарожныя станцыі, якія служылі месцам адпачынку для падарожнікаў. Адну з іх — «Тры харчэўні» (лац.: Tres Tabernae), размешчаную ў 45 кіламетрах ад Рыма, неаднаразова згадвае Цыцэрон у лістах і ў іншых сваіх творах[4]. Гэта ж станцыя, названая ў сінадальным перакладзе «Тры гасцініцы», згадваецца ў Дзеяннях святых апосталаў (Дзеян. 28:15).

Праз кожную рымскую мілю (1478 метраў) стаяў мільны слуп (лац.: colonna miliaria), які пазначаў адлегласць і з указаннем імя імператара, які кіраваў на той момант. Слуп першай мілі Апіевай дарогі цяпер заменены на копію, астатнія слупы не захаваліся. Кожныя 10 міль былі абсталяваны месцамі для адпачынку. Дзве мармуровыя калоны ў Брундзізіі, збудаваныя ў II стагоддзі, пазначалі канец дарогі. Цяпер у порце горада знаходзіцца толькі адна з іх (19 метраў у вышыню), упрыгожаная выявамі Юпітэра, Нептуна, Марса і васьмі трытонаў, другая была перанесена ў 1666 годзе ў горад Лечэ і выкарыстоўвалася як чумны слуп.

Помнікі ўздоўж дарогі

Агульная характарыстыка

Законы Дванаццаці табліц[17]

«Hominem mortuum in urbe ne sepelito neve urito» — «Няхай мерцвяка не хаваюць і не спальваюць у горадзе».

Табліца X, 450 да н.э.

Рымскі закон забараняў пахаванні ў межах горада, таму для пахаванняў рымляне выкарыстоўвалі буйныя дарогі, які вядуць з Рыма. Большасць помнікаў на Апіевай дарозе была збудавана ў II стагоддзі пасля таго, як замест рымскай традыцыі спальвання целаў памерлых (перш на Апіевай дарозе з’яўляліся калумбарыі з урнамі), заможныя грамадзяне пачалі хаваць целы ў зямлі[14]. Так, некалькі кіламетраў Апіевай дарогі выкарыстоўваліся для пабудовы грабніц і помнікаў (асабліва на адрэзку Рым — Беневент), што давала магчымасць жыхарам Рыма паказаць сваё багацце і становішча ў грамадстве. Кошт на ўчасткі зямлі напачатку грамадскіх дарог (лац.: viae publicae), якая злучала паміж сабой найбольш буйныя гарады, была высокая, некаторыя наогул не прызначаліся для продажу, таму чым бліжэй пахаванне знаходзілася да гарадской брамы, тым больш паважаны быў гаспадар участку[18]. Сенат спрабаваў спыніць залішняе ўпрыгожванне пахаванняў, аднак закон не змог супрацьстаяць традыцыям рымлян[18]. Да грабніц адносіліся нішы для ўрнаў з прахам (са II стагоддзі часцей саркафагі[18]), каменныя лавы і крэслы, сцены былі абтынкованы і распісаны.

Сярод відаў пахаванняў, якія сустракаюцца на Апіевай дарозе, вылучаюцца наступныя:

На Апіевай дарозе таксама ўзводзіліся загарадныя вілы рымскай арыстакратыі, напрыклад, віла Квінціліяў, віла імператара Максенцыя, філосафа Сенекі, праціўніка Цыцэрона Клодзія Пульхра і іншых знатных жыхароў.

Пабудовы I—VI мілі

Участак дарогі, размешчаны за Сервіевай сцяной, пачынаўся ля Капенскай брамы і да будаўніцтва Аўрэліянавай сцяны ў III стагоддзі знаходзіўся па-за межамі горада[14].

I міля

Порта Апія Рэканструяваны мільны слуп, які пазначаў першую мілю ад Капенскай брамы Грабніца Прысцылы Царква Домінэ-Кво-Вадзіс

II міля

Калона Пія IX Грабніца Ромула і Цырк Макцэнцыя Грабніца Цэцыліі Метэлы і крэпасць Каэтані Сант-Нікола-а-Капа-дзі-Бовэ

III міля

IV міля

Грабніца сыноў Секста Пампея Грабніца Іларыя Фуска Грабніца Рабірыяў

V міля

Грабніца ў выглядзе піраміды Грабніца Курыяцыяў Віла Квінтыліяў Casal Rotondo

VI міля

На гэтым адрэзку дарогі мноства асобных фрагментаў ляжаць у траве.

Ад VI мілі да Брындзізі

У каля 16,5 км ад Капенскай брамы, у канцы дзявятай мілі, размяшчалася першая паштовая станцыя, на якой змянялі канёў лац.: Mutatio ad nonum. У 300 метрах ад гэтага месца сканчаецца тэрыторыя горада Рыма. За чыгуначным пераездам Рым-Тэрачына старая Апіева дарога злучаецца з новай у мястэчка Фраток’ё (італ.: Frattocchie). У сучаснай Тэрачыне знаходзяцца руіны храма Юпітэра Анксура (лац.: Jupiter Anxur, Anxur — так звалі вольскі гэта паселішча), які датуецца I стагоддзем да н.э. Тут жа імператар Траян загадаў знесці частку скалы, каб скараціць час у шляху. У Форміі размешчана грабніца Цыцэрона.

Сучасны стан

Археалагічны парк

Ідэя буйнога археалагічнага парку ў раёне паміж калонай Траяна і Castelli Romani узнікла падчас Напалеонаўскіх войн. Аднаўленчыя працы на дарозе распачаў Папа Пій VII у канцы XVIII стагоддзя, а завяршыў Папа Пій IX у 1852 годзе, у іх бралі ўдзел вядучыя археолагі, вучоныя, інжынеры, мастакі. Напрыклад, пахаванні на IV мілі былі перабудаваны Антоніа Кановай, а ад IV мілі да мястэчка Фраток’е — Луіджы Канінай (лац.: Luigi Canina). У 1931 годзе via Appia Antica была ўключана ў гарадскі план як «буйны парк».

Пасля Другой сусветнай вайны ўзнікаюць планы па забудове дарогі жылымі дамамі, а таксама праект раскошнага жылога раёна на месцы вілы Квінтыліяў[13].

Рымская кальцавая аўтадарога (італ.: Grande Raccordo Anulare) перасекла старую Апіеву дарогу на сёмай мілі, нанесеная пры гэтым шкода была ліквідаваны толькі нядаўна.

У 1955 годзе Папа Пій XII асвяціў першы камень Алімпійскага стадыёна, які павінен быў быць пабудаваны над катакомбамі Св. Каліста, але праект быў спынены дзякуючы грамадскаму рэзанансу. Нароўні з буйнымі праектамі на дарозе ўвесь час ішла рэалізацыя прыватных несанкцыянаваных праектаў, будаваліся дамы, адбываўся захоп зямлі і будынкаў для стварэння некантралюемай прамысловай дзейнасці. Невялікая група архітэктараў, горадабудаўнікоў і журналістаў выступіла супраць дзейнасці ўлад па забудове Апіевай дарогі. У канцы 1960 года дзяржава абмежавала паркавую зону на некалькі метраў у кожны бок ад дарогі. У 1979 годзе мэр Арган разгледзіў прапанову стварыць шырокі археалагічны парк у цэнтры Рыма, і толькі ў 1988 годзе было ўхвалена заснаванне рэгіянальнага парку via Appia Antica.

Музеі ўздоўж дарогі

Рух па Апіевай дарозе

Уся тэрыторыя рэгіянальнага парку Апіева дарога зачынена для руху па выхадных днях і святам з сакавіка 1997 года[13]. Сёння Апіева дарога — гэта дзяржаўная дарога — італ.: Strada Statale 7 Via Appia, часткова асфальтавана, аднак захаваліся буйныя ўчасткі дарогі з антычным пакрыццём, месцамі з глыбокімі каляінамі, выбітымі коламі вазоў і калясніц.

Спартыўнае значэнне

У XX і XXI стагоддзях Апіева дарога стала папулярным месцам правядзення розных спартыўных спаборніцтваў. Падчас Алімпійскіх гульняў 1960 года ў Рыме тут праходзілі спаборніцтвы лёгкаатлетаў-марафонцаў[20][21].

У культуры

Партрэт Гётэ працы Тышбейн, 1787
Джон Лінтан Чэпмен. Апіева дарога. 1867 год.

У жывапісе

У літаратуры

Зноскі

  1. Titus Livius. Ab Urbe Condita, Liber IX(лац.)  (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 20 жніўня 2011. Праверана 19 января 2000. (лац.)
  2. Тит Ливий. История Рима от основания города (книга IX)(нявызн.)  (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 лістапада 2013. Праверана 19 студзеня 2000.
  3. 1 2 3 4 Potter, Thimoty W. Das römische Italien. — Stuttgart: Reclam, 1992. — ISBN 3-15-010375-4.
  4. 1 2 3 4 5 Л.П.Кучеренко. VIA ET AQUA APPIA (к оценке строительной деятельности Аппия Клавдия Цека) (нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 23 декабря 2008.
  5. 1 2 3 4 5 Heinz, Werner der Antike. Unterwegs im Römischen Reich. — Stuttgart: Theiss, 2003. — ISBN 3-8062-1670-3
  6. В. Зиберт в книге «Über Appius Claudius Caecus, mit besonderer Berücksichtigung seiner Censur und der des Fabius und Decius»
  7. Heinrich Speich. Via Appia Regina Viarum. Die Via Appia als Königin der Strassen.(ням.) . Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 20 декабря 2008.
  8. PVBLIVS PAPINIVS STATIVS. SILVAE II(лац.)  (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 кастрычніка 2011. Праверана 19 января 2000.
  9. Municipio Roma IX, Caffarella, Appia Antica e Tangenziale Est(італ.)  (недаступная спасылка). Славутасці Апіевай дарогі. Архівавана з першакрыніцы 17 красавіка 2001. Праверана 18 студзеня 2009.
  10. Пракоп Кесарыйскі. Вайна з готамі 5, 14 (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 21 студзеня 2000.
  11. Пракоп Кесарыйскі. Вайна з готамі 5, 14.
  12. Matilda Webb. The Churches and Catacombs of Early Christian Rome(англ.) . Праверана 22 января 2009.
  13. 1 2 3 4 5 6 7 Сайт парку «Апіева дарога»(італ.) . Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 13 студзеня 2009.
  14. 1 2 3 4 5 6 Henze, Anton Kunstführer Rom. — Stuttgart: Reclam, 1994. — ISBN 3-15-010402-5
  15. Via Appia “Regina Viarum” (нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 18 кастрычніка 2011. Праверана 19 студзеня 2009.
  16. 1 2 3 Сергеенко, М. Е.. Жизнь Древнего Рима (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 20 снежня 2008.
  17. под ред. проф. С.Л. Утченко. ЗАКОНЫ XII ТАБЛИЦ (нявызн.) (недаступная спасылка). “Хрестоматии по истории древнего Рима”. Архівавана з першакрыніцы 7 кастрычніка 2011. Праверана 23 декабря 2008.
  18. 1 2 3 4 Poeschel, Sabine Rom. Kunst und Geschichte von der Antike bis zur Gegenwart. — Munchen: Artemis, 1990. — ISBN 3-7608-0789-5
  19. Pleticha, Heinrich. Wanderer, kommst du nach Rom. — Freiburg: Herder, 1986. — ISBN 3-451-20615-3.
  20. «Усе дарогі вядуць у Рым» olympic.ru(недаступная спасылка) спасылка праверана 25 студзеня 2009
  21. Enciclopaedia Britannica. 1960 Summer Olympic Games спасылка праверана 25 студзеня 2009
  22. Goethe in Campagna(ням.) . Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 20 декабря 2008.
  23. Прагляд карціны Іванова (нявызн.). Праверана 20 снежня 2008.
  24. John Linton Chapman. The Brooklyn Museum, Collections: American Art (нявызн.). The Appian Way. Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 20 снежня 2008.
  25. Гёте, И.В.. «Путешествие в Италию» (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 20 снежня 2008.

Гл. таксама

Спасылкі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Рымскія дарогі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Добрыя артыкулы па гісторыі
Катэгорыя·Славутасці Рыма
Катэгорыя·Вікіпедыя·Добрыя артыкулы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Дарогі Італіі