Ка́менец[2] (афіц. транс.: Kamieniec), ці Камяне́ц[3] — горад у Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Камянецкага раёна, на р. Лясная. За 39 км ад Брэста, за 28 км ад чыгуначнай станцыі Жабінка на лініі Баранавічы — Брэст, на аўтадарозе Брэст — Каменюкі. Насельніцтва 8 401 чал. (2017)[4].
Тапонім «Каменец» утварыўся ад мясцовай мураванай («каменнай») вежы, вакол якой узнікла паселішча[5].
У 1795—1940 горад меў афіцыйную назву Каменец-Літоўскі дзеля адрознення ад украінскага Камянца-Падольскага.
Першы пісьмовы ўспамін пра Каменец змяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1276 (у пэўных крыніцах[6] можна сустрэць больш ранняе памылковае датаванне — 1196), калі князь валынскі Уладзімір Васількавіч заклаў тут мураваную вежу[7]:
...зруби город на пустом мъстъ, нарицаемъм Льстнъ, и нарече имя eму Каменець, зане бысть камена земля. Созда же въ нем столпъ каменъ высотою 17 саженей, подобенъ удивлению всъм зрящим на нъ Іпацьеўскі летапіс |
У 1289 князь дарагічынскі Юрый Львовіч разбурыў горад. У 1366 Каменец далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе знаходзіўся ва ўладанні вялікіх князёў. Неаднаразова (у 1375, 1378 і 1379) горад цярпеў ад нападаў крыжакоў. У 1382—1383 гг. Каменец знаходзіўся пад уладай зяця Кейстута, князя Януша Мазавецкага. У 1409 кароль польскі Ягайла прыняў тут паслоў ад Папы Рымскага Аляксандра V. У гэты час у месце існаваў палац-замак.
Жыхары Каменца бралі актыўны ўдзел у Грунвальдскай бітве (1410). У 1413 горад стаў сталіцай Камянецкага павета Троцкага ваяводства, ён знаходзіўся на гандлёвым шляху з Брэста ў Гродна і з Кракава ў Вільню.
26 чэрвеня 1503 вялікі князь Аляксандр надаў Каменцу Магдэбургскае права[7], а ў 1524[7] Жыгімонт Стары — гарадскі герб: «у срэбным полі чырвоны мур з вежай за ім»[8]. У 1520[7] мясцовасць увайшла ў склад Падляшскага ваяводства, у 1565—1566 згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай — у Берасцейскі павет Берасцейскага ваяводства.
У XVI ст. у Каменцы было 3—4 тыс. жыхароў. У XVII—XVIII стагоддзях тут існаваў замкава-палацавы комплекс, працавала тэкстыльная мануфактура Радзівілаў. У Трынаццацігадовую вайну маскоўскія захопнікі спалілі горад[7]. З прычыны ўчыненых разбурэнняў у 1661 сойм Рэчы Паспалітай вызваліў камянецкіх мяшчан ад усіх падаткаў тэрмінам на 4 гады. У 1673 пры Уваскрасенскай царкве заснавалі манастыр. У 2-й пал. XVII ст. у Каменцы было 13 вуліц[9]. У 1723 тут збудавалі касцёл.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Каменец апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе ўвайшоў у склад Брэсцкага павета Гродзенскай губерні. Жыхары Камянца адразу жа пачалі барацьбу за свае мяшчанскія правы ў новай дзяржаве, для чаго захоўвалі і выкарыстоўвалі арыгіналы прывілеяў манархаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай[10].
У сярэдзіне ХІХ ст. у месце было 597 двароў. У канцы ХІХ ст. дзейнічалі праваслаўная царква, касцёл і яўрэйскі малітоўны дом. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 1186 будынкаў, дзейнічалі лячэбніца і царкоўна-прыходская школа. На 1914 працавала 7 дробных прадпрыемстваў.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Каменец апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Берасцейскім павеце Палескага ваяводства. Станам на 1921 у мястэчку працавалі 3 лесапільні, вінакурня, цэх апрацоўкі аўчын, 2 маслабойні.
У 1939 Каменец увайшоў у БССР, дзе ў 1940 атрымаў афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу і стаў цэнтрам раёна. У Другую сусветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 22 ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У 1962 годзе ў склад Каменца ўключана вёска Замосты, якая знаходзілася ў адміністрацыйным падпарадкаванні Каменецкага пассавета[11].
24 чэрвеня 1983 Каменец зноў атрымаў статус горада.
Прадпрыемствы харчовай прамысловасці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Каменца |
---|
|
Праз Каменец праходзіць аўтамабільная дарога Брэст — Камянюкі, да Брэста — каля 40 км.
У Каменцы працуюць 2 агульнаадукацыйныя школы, гімназія, музычная школа, 2 дашкольныя дзіцячыя ўстановы.
Медыцынскія паслугі аказваюць гарадскія бальніца і паліклініка.
Дзейнічаюць 2 дамы культуры, клуб, кінатэатр, 2 бібліятэкі, філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея — «Камянецкая вежа»[22].
Для правядзення спартыўных мерапрыемстваў у Каменцы маецца стадыён «Колас», прыстасаваны для гульні ў футбол, для правядзення лёгкаатлетычных спаборніцтваў, пляцоўкі для гульні ў баскетбол і валейбол, месца для зімовага катка. Ёсць павільён для настольных гульняў: настольны тэніс, більярд. Пры стадыёне знаходзіцца адміністрацыйна-сацыяльны будынак з прыбіральнямі, апранальнямі, душавымі. Апроч таго, у Каменцы дзейнічае фізкультурна-спартыўны клуб, дзіцячая і маладзёжная спартыўная школа «Пушча», футбольны клуб «Каменец». Штогод праводзіцца каля 50 спартыўных мерапрыемстваў.
У паўднёвай частцы Каменца сфарміраваўся мікрараён, забудаваны 4—5-павярховымі жылымі дамамі. Аўтамагістраль Брэст — Камянюкі падзяляе горад на ўсходнюю і заходнюю часткі. Асновай яго планавальнай структуры з’яўляецца няправільная радыяльная сетка вуліц. Галоўная вуліца — Брэсцкая (дзялянка аўтамабільнай дарогі Брэст — Камянюкі). На ёй склаўся адміністрацыйна-грамадскі цэнтр. Перспектыву вуліцы Брэсцкай замыкае сквер і будынак сярэдняй школы № 1. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова. Прамысловая зона знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы.
Страчаная спадчына: