wd wp Пошук:

Залатая Горка

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — сімвал Залатагорскага прадмесця

Залата́я Го́рка, Залатаго́рскае прадмесце — гістарычны раён Мінска, размешчаны ў заходняй частцы горада, на ўсход ад Гарадскога сада і Захар’еўскага моста, вакол Залатагорскіх каталіцкіх могілак.

На захадзе ад Залатой Горкі размяшчаецца цэнтральны раён Новае Места, на паўночным захадзе — Траецкае прадмесце, на паўночным усходзе — Камароўка, на ўсходзе — Вялікая Сляпянка, на паўднёвым усходзе — Доўгі Брод, на поўдні — Стромкі (Круты) Бераг[1][2].

Гісторыя

Залатая Горка (у верхнім правым куце) з боку Валокаў Полацкіх. Чэслаў Манюшка, 1840 г.

У пачатку XIX стагоддзя непадалёку ад вёскі Камароўка знаходзіўся самы вялікі ўзгорак у акрузе — Залатая Горка. Існуе некалькі версій паходжання гэтай назвы. Паводле адной з іх, такую назву горка атрымала ад залацістага восеньскага лісця мясцовага кляновага гаю. Другая версія тлумачыць паходжанне назвы тым, што быццам бы ў гэтай мясціне знаходзілі шмат залатых скарбаў. Паводле іншай легенды, назва мясціны звязаная з паданнем пра вялікую горку залатых манет, што былі сабраныя мясцовым ксяндзом у часе лютавання эпідэміі халеры. Грошы, згодна з паданнем, пайшлі на будаўніцтва касцёла ў гонар Святога Роха — абаронцы людзей і жывёлін ад эпідэмічных захворанняў[3][4].

У 1790 годзе ў гэтай частцы горада былі адкрытыя каталіцкія могілкі, пабудаваная драўляная капліца, а ў 1864 годзе быў узведзены мураваны касцёл Святога Роха[5].

Залатая Горка (у верхнім правым куце) з боку Валокаў Полацкіх. Фота 1870-х гг.

Паводле беларускага падарожніка і краязнаўца Паўла Шпілеўскага, у сярэдзіне XIX ст. Залатая Горка (або «Злота Горка») была адметная «ягаднымі палямі і гуляннямі на іх у пэўную пару года»[6].

План прадмесця, 1861 г.

У пачатку XX ст. Залатая Горка ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку горада. Цераз прадмесце праходзілі Захар’еўская (цяпер частка праспекта Незалежнасці), Даўгабродская (Казлова), Белацаркоўная, Красная і Правіянцкая (Захарава), Маляўшчынская (паводле вёскі Маляўшчына), Сляпянская (абедзве не захаваліся), Могілкавая (Смалячкова), Залатагорская (Чырваназоркавая), Шпітальная (Фрунзэ) вуліцы, Залатагорскі і Лагойскі завулкі[1][7][8].

У 1916 годзе ў раёне Залатой Горкі было адкрытае трэцяе па ліку мінскае паштовае аддзяленне.[9]

Старыя адрасы

Сучаснасць

Тапонім Залатая Горка ў Мінску захаваўся. У 1987 годзе такую назву атрымала вуліца, што была пракладзеная пасля Другой сусветнай вайны па колішнім прадмесці, захаваўся і Залатагоркі касцёл Найсвяцейшай Тройцы (касцёл Святога Роха).

Галерэя

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы

Іншае

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
  2. «Формирование территории г. Минска (1800 — 2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 550—551
  3. Гістарычная даведка // УП «Минский Комаровский рынок»
  4. Золотая Горка Архівавана 6 кастрычніка 2008. // Мінск стары і новы
  5. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 225—226
  6. Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому края. Мн., 1992. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 468
  7. Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку ХХ стст.
  8. План губернского города Минска (1898) // Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. [1] асобн. арк. карт.
  9. Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 226
  10. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Гістарычныя раёны Мінска
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Залатая Горка