wd wp Пошук:

Наша доля

«Наша доля» (поўная назва: «Наша Доля. Першая белоруская газэта для вёсковаго і местоваго рабочаго народу. Выходзіць раз у тыдзень рускімі і польскімі літэрамі») — штотыднёвая легальная газета рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, першая легальная газета ў беларускай мове. Выдавалася ў Вільні ў перыяд 1(14) верасня — 1(14) снежня 1906. Разам выйшла 6 нумароў, з іх 4 былі канфіскаваны, 7-ы быў знішчаны яшчэ ў наборы. Палова тыражу друкавалася кірыліцай, палова — лацінкай. Разавы тыраж 1-га нумару склаў 10 тыс. асобнікаў.

Дом Янушэўскага па адрасе Віленская вуліца, 21 у Вільні, у якім размяшчалася рэдакцыя газэты «Наша Доля».

Пачатковы склад рэдакцыі гэтай газеты быў невялікі — Антон Луцкевіч падае ў складзе рэдакцыі Ф. Умястоўскага як тэхнічнага рэдактара, А. Пашкевіч (Цётка) і братоў Луцкевічаў[1]. А. Бергман лічыць, што, апроч згаданых асобаў, у рэдакцыю ўваходзіў віленскі мяшчанін І. Тукеркес, а Умястоўскі быў кіраўніком літаратурнага аддзела[2] — гэты факт згадвае і сам А. Луцкевіч[3]. Ю. Туронак, некрытычна паставіўшыся да ўспамінаў Ф. Умястоўскага[4], вылучыў думку, што ініцыятыва ўтварэння газеты належыць менавіта Ф. Умястоўскаму і І. Тукеркесу, а браты Луцкевічы пазней «імкнуліся пераняць кіраўніцтва газетай»[5]. Але параўнанне ступені заангажаванасці Луцкевічаў і Тукеркеса з Умястоўскім у беларускім руху, а таксама думка іншых даследчыкаў[6] не пацвярджаюць гэтай гіпотэзы.

Праграма, паводле якой выходзіла газета, уключала ў сябе наступныя рубрыкі: «1) Дзеянні ўрада; 2) Палітычны агляд; 3) Жыццё вёскі; 4) Жыццё горада; 5) Фельетон; 6) Найноўшыя творы беларускай літаратуры; 7) Што чуваць на Белай Русі; 8) З Літвы; 9) Па Расіі; 10) Карэспандэнцыі; 11) З-за мяжы; 12) Што трэба і чаго не трэба чытаць; 13) Літаратурны дадатак; 14) Новыя кнігі; 15) З мінулага Беларусі; 16) Паштовая скрыня; 17) Сельская гаспадарка; 18) Практычная медыцына; 19) Прыкладная механіка; 20) Сумесь; 21) Абвесткі. Подпісная плата за часопіс устанавліваецца 3 рублі на год з дастаўкай і перасылкай, цана асобнага нумару 5 кап. Друкавацца выданне будзе рускімі і лацінскімі шрыфтамі ў друкарні Навіцкага»[7].

У праграмным артыкуле «Да чытачоў» газета выступіла за ўдзел у рэвалюцыйным руху, сацыяльную і нацыянальную свабоду, развіццё класавай самасвядомасці рабочых і сялян, асвету на роднай мове. Друкавала вострапубліцыстычныя і агітацыйныя артыкулы («Што будзе?», «Даход расійскага цара», «Пагром», «Як мужыку палепшыць сваё жыццё» і інш.), у якіх выкрывала антынародную палітыку царызму. Інфармавала пра рэвалюцыйныя падзеі ў краіне, цяжкае становішча сялянства. Гэтымі тэмамі і ідэяй прасякнугы надрукаваныя ў газеце творы Цёткі (верш «Наш палетак» і апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі»), Я. Коласа (вершы «Наш родны край» — 1 верасня 1906, першае выступленне паэта ў друку, «Беларусам», «Асенні вечар», апавяданне «Слабода») і інш. Змясціла апавяданне Ядвігіна Ш. «Суд». Пераважала інфармацыя сацыяльнай скіраванасці, і ў гэтым яна была нібы ідэалагічным рупарам БСГ узору рэвалюцыі 1905—1907 гг.[8]

Выйшла 6 нумароў. На газету неаднаразова накладваўся арьшт, а рэдактар прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Ужо на 1-ы нумар выдання загадам віленскага генерал-губернатара быў накладзены арышт[9], але ён меў «прафілактычны» характар, бо віленская судовая палата яго неўзабаве адмяніла[10]. За змест 3-га, 4-га нумароў пастановаю Віленскай судовай палаты (11 студзеня 1907) выданне было забаронена назаўсёды, афіцыйны рэдактар-выдавец Туркенес быў засуджаны на 1 год крэпасці.

Паводле вызначэння А. Луцкевіча, «Наша доля» была, «як бы апошні водгук мінулай рэвалюцыі і паводле свайго зместу і паводле фразеалогіі нагадвала фразеалогію рэвалюцыйных лісткоў 1905 г.»[11], і менавіта таму не мела легальнай будучыні.

Літаратура

Зноскі

  1. Собственноручные показания А. И. Луцкевича // Луцкевіч, А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы / Антон Луцкевіч; [Уклад., прадм., камент., анатав. індэкс імёнаў А. Сідарэвіча]. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2003. — 287 с. — С. 184. — ISBN 985-6730-09-0.
  2. Bergmanowa, A. Białoruski tygodnik «Nasza Niwa» (10.XI.1906—7.VIII.1915) // Kwartalnik Historyczny. — 1972. — № 79. — S. 569.
  3. Луцкевіч, А. Да гісторыі беларускага руху… — С. 132.
  4. Дзядзька Пранук [Францішак Умястоўскі]. Аб «Нашай Долі» // Беларускія ведамасьці. — 1921. — № . — 26 верасня. — С. 2—3.
  5. Туронак, Ю. Па плёнах пазнаеце іх // Ніва. — 1981. — № . — 21 чэрвеня. — С. 4.
  6. Каваль, А. Яшчэ аб Іване Луцкевічу (у адказ апаненту) // Ніва. — 1981. — № . — 15 лістапада. — С. 2.
  7. Александровіч, С. Гісторыя і сучаснасць: Літаратурна-крытычныя артыкулы. — Мн.: Беларусь, 1968. — 255 с. — С. 213.
  8. Да чытацелёў // Наша Доля. — 1906. — № . — 1 верасьня. — С. 1.
  9. Александровіч, С. Гісторыя і сучаснасць… — С. 217.
  10. Там жа. — С. 217.
  11. Собственноручные показания А. И. Луцкевича… — С. 183—184.
Тэмы гэтай старонкі (9):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Газеты на беларускай мове
Вікіпедыя:Газеты без геаграфічных каардынат
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
З’явіліся ў 1906 годзе
Друкаваныя выданні, якія ўзніклі ў 1906 годзе
Друкаваныя выданні, закрытыя ў 1906 годзе
Газеты паводле алфавіта
Вікіпедыя:Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі