wd wp Пошук:

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы. У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Касцёл Святога Роха. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы (таксама вядомы як Касцёл Святога Роха) — рымска-каталіцкі храм на Залатой Горцы ў Мінску.

Адміністрацыйна адносіцца да Залатагорскага дэканата Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі[1]. Помнік архітэктуры рэтраспэктыўна-гатычнага стылю. Уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (код 712Г000193)[2]. Адрас — пр. Незалежнасці, 44А.

Гісторыя

Каталіцкая парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Мінску была заснавана ў XIV стагоддзі каралём Ягайла. Гэта самая старая каталіцкая абшчына ў горадзе, пра якую захаваліся дакументальныя звесткі[1]. На ахвяраванні караля быў пабудаваны драўляны храм на Троіцкай Гары, аднак у 1409 храм згарэў дашчэнту. Ізноў адбудаваны драўляны храм таксама загінуў у полымі пажару ў 1809 годзе. Існавалі планы яго аднаўлення, але з-за недахопу сродкаў яны не былі рэалізаваныя. У 1832 парафіяльным храмам стала драўляная капліца Святога Роха на Залатагорскіх каталіцкіх могілках, пабудаваная ў 1796 годзе.

У 1842 годзе капліца была адрамантавана і перароблена ў касцёл. Аднак ужо ў 1850 годзе было прызнана, што немэтазгодна падтрымліваць рамонтамі драўляны касцёл, лепш пабудаваць новы мураваны.

Праект быў прадстаўлены імператару і зацверджаны ім 6 ліпеня 1861 г. Аўтар праекта — акадэмік Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў М. Сівіцкі (кіраваў будаўніцтвам ксёндз Ф. Гарбачэўскі). Храм у неагатычным стылі ўзводзіўся на сродкі, атрыманыя ад збору ахвяраванняў, прычым іх збіралі не толькі каталікі, але і прадстаўнікі іншых канфесій і рэлігій у знак падзякі святому Роху, які, як лічылася, выратаваў горад ад эпідэміі халеры[1].

Эдвард Гараздоўскі. Інтэр’ер храма. 1868

Будаўніцтва касцёла было завершана ў канцы кастрычніка 1864 г. 1 лістапада 1864 г. касцёл быў асвячоны пад назвай Успення Прасвятой Дзевы Марыі і Св. Роха. Аднак захавалася і працягвала выкарыстоўвацца і гістарычная назва царквы Найсвяцейшай Тройцы. У правым алтары храма знаходзілася статуя святога Роха, перанесеная з старой капліцы. Статуя была акружаная шырокім шанаваннем, на свята св. Роха 16 жніўня на Залатой Горцы збіраліся тысячы паломнікаў[3].

Нягледзечы на тое, што Троіцкі касцёл быў новазбудаваны, у 1867 г. ужо патрабаваліся рамонтныя работы. Так, у рапарце мінскага дэкана паведамлялася, што на касцёле пашкоджаны дах, карнізы, сцены, асабліва пры падмурках, «что свидетельствует об использовании материалов нижайшего достоинства, и вообще, прочность была упущена из виду».

З дакументальных крыніц вядома, што ў 19001901 гг. у Залатагорскім касцёле быў устаноўлены паўстажковы арган на дзве клавіятуры з педалямі на 18 галасоў і 7 рэгістраў.

Касцёл на паштоўцы пачатка XX стагоддзя
Касцёл і тэрыторыя могілак, 2019 год

На працягу 19021905 гг. у касцёле адбываюцца некаторыя рамонтныя работы. Была адрамантавана званіца, уваход, сакрыстыі, заменены аконныя рамы, рэстаўрыраваны некаторыя абразы, пазалочаны і пасярэбраны алтары, жырандоль і інш. У 1905 г. арган перароблены на вінклевую сістэму.

У сувязі з павелічэннем прыхода да 9000 чал., у 1903 г. прыхаджане хадайнічаюць аб дазволе на пашырэнне існуючага касцёла. У 1904 г. варшаўскі архітэктар Дзяконскі выканаў праект на пашырэнне Залатагорскага касцёла, запраектаваўшы крыжападобную ў плане прыбудову да правай фасаднай сцяны. Але касцельны камітэт адхіліў гэты і наступны, выкананы інжынерам Шабуневічам, праекты.

Апошняе дарэвалюцыйны апісанне касцёла датуецца 1908 годам: «Касцёл каменны, гатычнай архітэктуры, з 12 вокнамі, быў накрыты жалезам, у даўжыню 12,5 сажні, у шырыню 4 і 2/3 сажні, у вышыню каля 5 сажняў». Будынак меў таксама двухпавярховую вежу, у якой размяшчаліся званы — «Леанард», «Стэфан» і «Браніслава». Над алтаром знаходзілася старажытная ікона Божай Маці з дзіцем, побач — выява Найсвяцейшай Тройцы. Бакавыя алтары насілі імёны святога Роха і святога Антонія. У першым з іх размяшчалася драўляная скульптура святога Роха, якая лічылася цудатворнай. Ля ўваходу знаходзілася агароджа з брамай, выкананымі ў 1896 годзе. Непадалёк ад касцёла мелася некалькі драўляных будынкаў: дом лясніка, багадзельня, дроўны двор.

У 1922 годзе з касцёла былі рэквізаваны ўсе каштоўнасці і богаслужэбная начынне. У 1930-я храм быў зачынены, тады ж знікла і шанаваная статуя св. Роха[3].

У чэрвені 1941 года Залатагорскі касцёл моцна пацярпеў ад баявых дзеянняў. У час Вялікай Айчыннай вайны згарэў дах. Набажэнствы аднавіліся на кароткі час падчас фашысцкай акупацыі Мінска, але адразу пасля заканчэння вайны будынак быў прыстасаваны пад кнігасховішча Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

У пасляваенныя гады могілкі вакол будынка храма былі знішчаны, а вакол пабудаваны жылыя дамы, пасля чаго былы храм апынуўся ўнутры квартала.

У 1976 г. у Спецыяльных праектна-рэстаўрацыйных майстэрнях МК БССР пачаліся праектныя работы па рэстаўрацыі Залатагорскага касцёла. Пасля рэстаўрацыі 19831984 гг. будынак касцёла прыстасаваны пад залу камернай музыкі Белдзяржфілармоніі (аўтар праекта А. І. Малахоўскі). У цэнтры алтара ўстаноўлены арган чэхаславацкай вытворчасці, а вокны ўпрыгожаны вітражамі.

З 1991 г. у храме ў вольны ад канцэртаў час вяліся богаслужэнні. У 1998 статуя св. Роха, выкананая з металу скульптарам Валяр’янам Янушкевічам, была размешчана ў правым алтары на тым жа месцы, дзе размяшчалася гістарычная, якая знікла. У 2006 годзе зала камернай музыкі быў зачынены, а будынак быў цалкам вернуты рымска-каталіцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха). Першым пробашчам адроджанай парафіі святога Роха быў прызначаны Міхаіл Сапель.

У савецкія часы, калі помнік рамантавалі для абсталявання тут філарманічнай залы, быў няправільна сканструяваны дах. З 2013 года на сценах святыні бачна павуцінку расколаў. Памылкі мінулага парафія спрабавала выправіць, грошы на замену даху ахвяравалі вернікі і спонсары, але на аднаўленне сцен сродкаў не хапіла. Таму парафія ў 2018 годзе вырашыла шукаць матэрыяльную дапамогу праз краўдфандынгавую платформу.[4]

Архітэктура

Фасад касцёла

Касцёл — помнік архітэктуры рэтраспектыўна-гатычнага стылю. Аднанефавы, аднавежавы, прамавугольны ў плане, з пяціграннай апсідай. Мае сіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершаны двух’яруснай прамавугольнай у плане вежай пад чатырохсхільным шатром. Абапал франтона — дэкаратыўныя вежачкi. Фасады будынка расчлянёны стылізаванымі трохступеньчатымі контрфорсамі, члянёны стральчатымі нішамі з аконнымі праёмамі. Па перыметры сцены завершаны развітым карнізам. Уваход вырашаны ў выглядзе высокага спічастага партала.

Інтэр’ер пабудовы мае сіметрычную кампазіцыю. Цэнтральны неф і апсіда перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. У нартэксе — крыжовае скляпенне. Унутраная паверхня сцен дэкарыравана пілястрамі, завершанымі карнізамі. Вокны дэкарыраваны арнаментальным вітражом.

Пробашчы

Пробашчамі касцёла на Траецкай Гары, а затым капліцы і касцёла на Залатой Горцы былі[5][6]:

Пасля аднаўлення набажэнстваў у касцёле ў 1991 годзе, пробашчамі парафіі былі:

Пахаваныя ў касцёле

Касцёл у культуры

Касцёл св. Роха ўзгадваецца ў рамане Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Паводле тэксту рамана ў жніўні 1855 года персанаж Кастуся Каліноўскага пісаў у лісце Алесю Загорскаму наступнае:

" Вось я і еду. У Мінску зрабіў прыпынак на чатыры дні і адсюль пішу. Горад вялікі і даволі-такі гразны. Толькі вельмі ўпадабаў Залатую Горку з капліцай старога Роха. Дрэвы вакол, і так прыгожа блішчыць наводдаль Свіслач, і дамы за ёй і цэрквы. Добра сядзець і марыць[10]. "

Зноскі

  1. 1 2 3 Інтэрнэт-партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі
  2. Збор помнікаў гісторыі і культуры. Мінск. Стр. 143
  3. 1 2 Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Св. Роха)
  4. tvr.by
  5. Залатая Горка, 2022, с. 39
  6. Залатая Горка, 2022, с. 69-71
  7. Адышоў у вечнасць ксёндз Міхал Сапель (+праграма развітання і пахавання)
  8. Біскуп Юрый Касабуцкі
  9. В Минске перезахоронили прах меценатки Магдалены Радзивилл(недаступная спасылка)
  10. Уладзімір Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім. Кніга першая. Выйсце крыніц // Збор твораў у васьмі тамах. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — Т. 4. — С. 304. — 399, [4] л. іл. с. — 60 000 экз. — ISBN 5-340-00095-8.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
1864 год у Мінску
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Касцёлы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Залатая Горка
Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Касцёлы Мінска
З’явіліся ў 1864 годзе
Канцэртныя залы Беларусі
Збудаванні Беларусі ў неагатычным стылі